<?xml version="1.0" encoding="utf-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>child_tale</genre><author><first-name>Уладзімір</first-name><middle-name>Сямёнавіч</middle-name><last-name>Караткевіч</last-name></author><book-title>Вясна ўвосень</book-title><annotation><p>У гэтую складанку казак Уладзіміра Караткевіча ўвайшлі казкі "<emphasis>Чортаў скарб</emphasis>", "<emphasis>Кацёл з каменьчыкамі</emphasis>", "<emphasis>Вясна ўвосень</emphasis>", "<emphasis>Вужыная каралева</emphasis>", "<emphasis>Надзвычайная котка</emphasis>" і іншыя.</p></annotation><date/><lang>be</lang><src-lang>be</src-lang></title-info><document-info><author><nickname>Bartimeyse</nickname></author><program-used>ABBYY FineReader 11, FictionBook Editor Release 2.6, fb2cut 2.5.4, fb2cut 2.6.2</program-used><date value="2013-01-12">130024807535100000</date><src-ocr>ABBYY FineReader 11</src-ocr><id>{A90E8FB6-B9B3-4F9A-A0E7-017679C4C127}</id><version>2</version></document-info><publish-info><book-name>Вясна ўвосень </book-name><publisher>Юнацтва</publisher><city>Мінск</city><year>2000</year></publish-info></description><body><title><p>Уладзімір Караткевіч</p><p>Вясна ўвосень</p></title><section><subtitle><strong>Казкі</strong></subtitle></section><section><title><p>Чортаў скарб</p></title><empty-line/><p>У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азерамі ды цемнымі пушчамі... Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывем, стаяла, а можа, і цяпер стаіць адна хата</p><p>А жыў у гэтай хаце селянін па імені Янка. Здаровы, як зубр, добры і не дужа мудры. Было ў яго пяцьдзесят сыноў, сорак валоў і кошка. Ну, можа, не пяцьдзесят сыноў, а тры, не сорак валоў, а два. Але кошка была, гэта ўжо можаце мне паверыць. Пярэстая. З чатырма лапамі. З адным хвастом.</p><p>Араў Янка зямлю, пасвіў каровы і хмары. І жыў бы зусім добра, каб не звалілася на яго бяда.</p><p>Было гэта даўно. Так даўно, што на Беларусі тады яшчэ вадзіліся чэрці. І ў кожнага з тых чарцей было сваe месца працы.</p><p>Адзін жыў у вадзе, пасвіў шчупакоў, лінeў ды акутеў. Быў зялeны і калматы, вельмі падобны на купу твані. Звалі яго Вадзянік.</p><p>Другі жыў у лесе, пасвіў аленяў і быў падобны на аброслы мохам пень. Калі сустрэнеш, то і не адрозніш. Звалі яго Лесавік.</p><p>Але быў і трэці, што жыў па хатах і пасвіў цвыркуноў. Гэты быў самы шкодны. Рожкі ў яго былі, як у козкі, зубкі, як часначок, хвосцік, як памялцо.</p><p>І аблюбаваў гэты чорт Янкаву хату. І не тое, каб са злосці шкодзіў, а проста быў свавольнік. Толькі ад тых свавольстваў Янку аж плакаць хацелася. Дзіва што! Ты ж таксама не ад злосці сваволіш? Ну вось, а бацькі часам плачуць. Кепска!</p><p>Не стала ў хаце ад чорта спакою. Пазаплятае коням грывы так, што пасля не расчэшаш, а думаюць на сыноў. Вяршкі з малака зліжа, а думаюць на бедную кошку. Часам узімку так завые ў коміне, што ў людзей мароз па скуры і страшна на двор выходзіць. Ці забярэцца ў комін, з'едзе па ім і насыпле ў капусту сажы.</p><p>А то раніцай вынуць з печы пірог і здзівяцца: на пірагу невялічкі адбітак. Гэта чорт на гарачае цеста адпачываць садзіўся. Грэўся з марозу.</p><p>Зусім не стала жыцця. Янка ішоў начаваць, нават у холад, на сена ў адрыну. Ледзь бедных дзяцей не памарозіў. І вырашыў урэшце, праз гэтыя чортавы выбрыкі, забіць хату дошкамі і падавацца з дзецьмі, коньмі, валамі і кошкай некуды за свет. Кінуўшы сваю радзіму, ^мным пушчы, светлыя рэкі ды чыстыя воды. І стала б на Беларусі меней яшчэ адной сялянскай хатай, каб не пачуліся аднойчы вечарам на дарозе цяжкія крокі.</p><poem><stanza><v>Тупу-тупу-тупу,</v><v>Нясе Мішка ступу.</v><v>У ступе ўперамешку </v><v>Цукар і арэшкі,</v><v>Разынкі й цукеркі </v><v>У залатой паперцы.</v><v>Па шляхах, палетках </v><v>Нясе Мішка дзеткам </v><v>Салодкую ступу.</v><v>Тупу-тупу-тупу...</v></stanza></poem><p>Ішоў павадыр з мядзведзем. Хадзілі яны ад сяла да сяла.</p><p>Павадыр песні спяваў і іграў на цымбалах. А мядзведзь паказваў, як бабы ваду носяць ды як дзеці гарох крадуць. І гэтым яны з мядзведзем карміліся.</p><p>- Здароў, Янка. Ці не пусціш нас з Мішкам пераначаваць? - спытаў</p><p>павадыр.</p><p>- Мне што? Начуйце, адказаў Янка. - Толькі ж я сам на сене сплю.</p><p>- А што такое?</p><p>- Ды чорт у мяне ў хаце завеўся. Так сваволіць, што ратунку няма. Верыш, на пірагах адпачывае. У коміне вые. І часам, у цемныя ночы, нешта ў падпеччы, як жар, гарыць. Страшна.</p><p>- Гэ-э, сказаў павадыр. Не ўсе ж такія неразумныя, як твайго бацькі дзеці. Каб гэта павадыр, ды яшчэ з мядзведзем, нейкага там чорта спалохаўся?! Не бывала яшчэ такога на свеце.</p><p>- То ідзі. Капусты пад'еш. Там яшчэ гаршчок з паранай рэпай есць, дык, калі нічога за ноч не здарыцца, то раніцай падсілкуешся. А я на сена. Як сцямнее, я ў хату ісці баюся.</p><p>Ну вось, пасeрбаў павадыр капусты, пакарміў Мішку ды заваліўся дрыхнуць на лаве. А мядзведзь прымасціўся ля печы і таксама засоп на ўсе насавыя загорткі.</p><p>Гэта было так даўно, што тады яшчэ на Беларусі нават бульбы не вадзілася. Сказаць каму - не павераць. Замест бульбы парылі рэпу ці бручку. І вось спіць павадыр і сніць, як eн заўтра смачна будзе рэпай снедаць.</p><p>Толькі глухая ноч запала - чорт тут як тут. Скаціўся комінам, узняўшы цэлую хмару сажы, і пачаў у печы, злодзей такі, шнарыць і мацаць. Як кажуць, ты за парог, а ён за пірог. Узняў накрыўку. Павеяла сытым духам.</p><p>"Ага, рэпа. Вось гэта якраз тое, што мне трэба. Я люблю рэпу”.</p><p>Але ж у печы цемна, як... у печы. То чорт адсунуў засланку, вывалак гаршчок на прыпечак, сеў, звесіўшы ногі, i пачаў ласавацца салодкай паранай рэпай, а лушпайкі ўніз кідаць.</p><p>"Нічога, гаспадыня заўтра падмяце. Трэба ж, каб і ёй работа была".</p><p>Упала адна лушпіна мядзведзю на нос, і той прачнуўся. Злізнуў з носа - салодка. І пачаў Мішка ў цемры нюхаць, знаходзіць лушпінне ды чмякаць.</p><p>Чорт пачуў, што нехта ўнізе чмякае ды ліжа А ен жа ведаў, што ў хаце нікога, акрамя кошкі, няма. І вось нейкая там кошка чмякае ды сапе і не дае яму, чорту, чужой рэпы спакойна пад'есці.</p><p>Развярнуўся ен ды і піхнуў кошку нагой.</p><p>- Апсік! Апсік, гадасць такая!</p><p>Ну вось. А мядзведзь гэта табе не кошка. І я табе даваць мядзведзю выспятка ніколі не раю.</p><p>Пакрыўдзіўся Мішка. Згроб чорта ў ахапак, сцягнуў з прыпечка і давай яго мяць, давай яго прасаваць, давай яго лапамі валтузіць ды калашмаціць, давай абходжваць, лупцаваць, малаціць ды дубасіць, давай яго за рогі круціць, як сідараву казу, ды дзерці смяротным боем.</p><p>Ледзь вырваўся чорт з мядзведжых абдымкаў. Узляцеў на прыпечак. Сяк-так выкараскаўся праз комін. Скаціўся са страхі ды і чкурнуў далей ад хаты. У пушчу, як ашалелы.</p><p>А мядзведзь, задаўшы чорту чосу, зноў заснуў як пшаніцу прадаўшы.</p><p>Раніцою ўсе ўсталі і падумалі, што гэта мядзведзь рэпу еў. Здзівіліся, што не пабаяўся лезці ў гарачую печ, і ўзрадаваліся, што з'еў зусім мала. Што ж, мядзведзь не першы і не апошні ў свеце адказваў за чужыя грахі.</p><p>Пасля ўсе даелі тое, што заставалася ў гаршку. Мядзведзь нават яшчэ паскакаў дзецям. І пайшлі яны з павадыром зноў, ад мястэчка да мястэчка, ад сяла да сяла. Пад сонцам і дажджом.</p><poem><stanza><v>Тупу-тупу-тупу,</v><v>Нясе Мішка ступу...</v></stanza></poem><p>Але з таго часу чортава гарэзаванне як нажом адрэзала. Коні здаровыя, сажы ў капусце няма, на пірагах ніхто не адпачывае. У коміне, праўда, нехта часам вые і з падпечка часта нешта свеціць, але гэта ўжо цярпець можна. Раздумаў Янка кідаць сваю хату.</p><p>Толькі на гэтым гісторыя не скончылася, не думайце. Неяк пад восень араў Янка свой клін пад азіміну. Мокры, касы дождж, нізкія чорныя</p><p>хмары. Аж бачыць, з-пад хмар, з самага акаёму нехта ідзе да яго па раллі. Прыглядзеўся - ага, стары знаeмы, чорт.</p><p>Ідзе ўвесь мокры, як цуцык пад злевай. На кожным капыце па пуду гліны наліпла. Пад носам ад прастуды вісіць вялізная кропля. А насоўкі ж ён не мае. Як часам, калі дома забудзеш. А капытом не дужа высмаркаешся. Ідзе такі няшчасны, такі жаласны і ўбогі, што Янка яго пашкадаваў:</p><p>- Ты куды гэта?</p><p>- А так, сказаў чорт. - У свет.</p><p>Памаўчалі. Пасля чорт пытае:</p><p>- А скажы ты мне, ці ўсe яшчэ ў цябе тая кошка?</p><p>Янка быў чалавек не дужа мудры ды і не ведаў, пра якую кошку</p><p>размова:</p><p>- Анягож, кажа. - Ясна, што ў мяне. Ды яшчэ і шасцера кацянят прынесла.</p><p>- І ўсе ў матку?</p><p>- Ага. Усе пярэстыя, з чатырма лапамі, з адным хвастом.</p><p>- З лапамі, з лапамі, сказаў чорт. - Даліся мне тыя лапы.</p><p>- Дальбог, аж шасцера!</p><p>- Ну, то я, мабыць, ніколі да цябе не прыйду, уздыхнуў чорт. - А трэба было б. Дужа трэба.</p><p>- Гэта чаму?</p><p>- Ат! Закапаў я ў цябе ў падпеччы казан з золатам. Скарб. І трэба было б выкапаць, але як тваю кошку ўспомню - бр-р-р! - ну яго. Хай прападае.</p><p>- Ты, як зусім змерзнеш, прыходзь. Глядзіш, рэпу зварыш, дзяцей пакалышаш.</p><p>- Н-не. Кошкі баюся. А рэпы гэтай я цяпер да самай смерці ў вочы бачыць не магу.</p><p>Ды і пайшоў сабе полем, пад дождж, ледзь цягнучы пудовыя ногі. Такі гаротны небарака.</p><p>А Янка даараў клін i пайшоў дахаты. I толькі там успомніў, што нештачка ў падпечку свяціла, i чорт пра нейкі скарб казаў.</p><p>Пачалі капаць ў падпеччы і - на табе - выкапалі вялізны закураны казан з золатам і чырвонцамі. Нібы жар, разлілося святло па хаце.</p><p>Так ужо свяціла, так паліла, так пякло, што ўсе аж распранацца</p><p>пачалі.</p><p>Чорт пасля таго ў моцныя маразы ўсё ж прыходзіў. Толькі прасіў кошку ў камору выкідаць. Капусту Янку варыў і дзяцей калыхаў. З таго часу і пайшла прыказка, што "шчасліваму і чорт дзяцей калыша".</p><p>А на той чортаў скарб паставіў Янка сабе i ўсяму наваколлю новыя хаты, свірны, адрыны, новыя стайні. Сады пасадзiў, млын паставіў.</p><p>Ва ўсіх сялян па сорак сыноў ды дачок, па сорак коней ды валоў. І ўсе хаты як звон. І ў кожнай хаце на акне, на сонейку, кошык. А ў кожным кошыку кошка. І ў кожнай кошкі па шасцёра кацянят. Во шчасце дык шчасце!</p><p>І таму, калі ты жывеш шчасна і радасна, ніколі не дражні мядзведзя ў звярынцы і не кідай у кошку не тое што камянём, а нават мяккай грудкай зямлі. Бо гэта ж яны зрабілі калісьці так, што табе добра. Ды і наогул ні ў кога нічым не кідай і нікога не дражні.</p><p>Тады ўсім будзе хораша на гэтай прыгожай зямлі, што ляжыць крышку бліжэй Сонца i крышку далей ад Месяца. Людзі будуць працаваць, кошкі будуць вуркатаць, а мядзведзі насіць табе i ўсім іншым дзецям салодкія ступы...</p><poem><stanza><v>...Тупу-тупу-тупу.</v></stanza></poem><empty-line/></section><section><title><p>Кацёл з каменьчыкамі</p></title><empty-line/><p>Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна - той і проста на падлозе.</p><p>І ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу з табой даўніну.</p><p>Ці бачылі вы паўночныя нашы ўзгоркі? Яны не дужа высокія, але ўсё ж верас на іх на некалькі дзён раней робіцца сівы. Ад падмарозкаў.</p><p>І сівыя робяцца старадаўнія валуны, камяніскі, камні, каменьчыкі. А пасля пачынаюць пакрывацца шкляным, ружовым на ўсходзе лядком - заберагам, шматлікія нашы з табой азёры. А выкапаную бульбу даўно ўжо звезлі ў хаты і свірны, звалілі ў капцы.</p><p>Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне яшчэ не было тады бульбы.</p><p>Стаялі тады на беразе маленькага чыстага возера - існае вочка зямлі - дзве хаты. У адной, багатай ды ганарлівай, жыў мужык Ігнат. Нядобры ён быў чалавек, жонку замарыў работай, дзеці ад хатняга рабства ў свет пайшлі. А гаспадар усё не ўтаймоўваецца, усё пад сябе грабе. Усё наваколле прыдушыў, глытай.</p><p>- Забыўся, што ў труны кішэняў няма, - горка пажартавала добрая Мар’я, бліжэйшая суседка. Бо яе хата бліжэй за ўсіх стаяла. Хата яшчэ з дзядоў, моцная, але зусім недагледжаная. Бо гаспадара ўзялі на вайну і засталася жанчына адна з маленькімі дзецьмі. Аж пяцёра, і кожнае на пстрычку ніжэй за другое. І кожнае ўвесь час галоднае.</p><p>Пакуль бацька быў, сяк-так перабіваліся, а тут...</p><p>Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб’еўся, а другі - бо галодны. А дзеці - дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці. За іншае, можа, і даруюць. За гэтае - не.</p><p>...Позняя, халодная была вясна. Такое самае лета. А восень яшчэ горай. Завылі вятры, уздзьмуліся рэкі, пашалелі азёры. Сатлелі травы на паплавах. Ад бацькі чуткі няма. Прыйшла чарга Мар’і ісці па дапамогу да суседа. А той сядзіць, далоні пад азадак паклаў ды пыхкае, як вожык. Нажэрся свіння свіннёю.</p><p>- Ну што?</p><p>- Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной</p><p>адраблю.</p><p>- Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам.</p><p>Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон.</p><p>Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма.</p><p>Да іншых суседзяў бегчы? Памаглі б, але і там тое самае. А дзецям што? Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам -прыніжэннем. Калі зразумеюць - пашкадуюць. А тут плачуць толькі на розныя галасы: “Сільна і слёзна”, як у старых кнігах пісалі:</p><p>- Матухна!</p><p>- Зязюленька!</p><p>- Пакармі нас!</p><p>- Хлебца дай!</p><p>- Аклаец !</p><p>Што рабіць беднай Мар’і. Вырашыла яна дзяцей падмануць.</p><p>- Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас</p><p>карміць.</p><p>Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.</p><p>Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка -наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.</p><p>Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя:</p><p>- Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.</p><p>- Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.</p><p>- А што ж у катле варыш?</p><p>- Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла.</p><p>- Гэт-та што такое?</p><p>- Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.</p><p>- Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!</p><p>- Не даў.</p><p>- Д-добра, - сказаў незнаёмы. - Бяры кацёл. Пайшлі.</p><p>Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?</p><p>А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.</p><p>“Але тут, - думае, - здужаю”.</p><p>Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.</p><p>- Што ж ты, - паскардзілася Мар’я. - Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.</p><p>- Маўчы, - сказаў той. - Глядзі, што будзе.</p><p>- Так ёй, - сказаў Ігнат. - Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.</p><p>А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў. Россып. Дзецца</p><p>няма дзе.</p><p>Мар’я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.</p><p>— Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.</p><p>Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.</p><p>- Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы. - Пастаў варыць</p><p>дзецям.</p><p>У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі.</p><p>- Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.</p><p>І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.</p><p>Пачакалі яны крыху - з’явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.</p><p>— Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы.</p><p>Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.</p><p>- Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні.</p><p>А кусцікі ўжо амаль кусты.</p><p>І вось ужо на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.</p><p>— Вось цяпер можаш яе памацаць на выбар, - сказаў незнаёмы. - Гэта як дзеці галодныя.</p><p>І выняў два камяні з-пад куста.</p><p>Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.</p><p>- Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, - сказаў незнаёмы. - І з суседзямі падзяліся.</p><p>- Ясна, - сказала Мар’я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух. - З суседзямі найперш.</p><p>- Мне! Мне! - кінуўся Ігнат. - Мне перш за ўсё! Мне! Я іх кармлю-паю!</p><p>- І на работу наймаеш? - спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці. - І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?</p><p>- Мне! Мне! Наймаю, кармлю.</p><p>- Добра, - сказаў незнаёмы. - Набяры мне кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.</p><p>Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.</p><p>- Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.</p><p>- Слёзы, - сказаў незнаёмы. - Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў - такі і плод.</p><p>- Мне! Мне! У мяне і камні.</p><p>- Глядзі-і, - сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.</p><p>- Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям?</p><p>- А што? Галадранцы. Самога з’ядуць, як мяккі будзеш.</p><p>Незнаёмы махнуў рукой.</p><p>Камні пачалі расці. Усе трох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі -камні - камяні - камяніскі. Усё поле закрылі - Ігнат аж падскокваў.</p><p>— Ну чакайце, за такімі вы яшчэ й да мяне ўсе прыбяжыце.</p><p>Прыйдзеце, любенькія, як прыпрэ.</p><p>Паглядзеў на яго незнаёмы, плюнуў.</p><p>- Ну вось, маеш, - сказаў.</p><p>- А чаму яны не зарываюцца?</p><p>- А таму, што вечна ім заставацца на вачах у людзей, як кожнаму скнарству, як кожнай жорсткасці, як кожнай нелюбові да людзей, як кожнай Несправядлівасці.</p><p>І пайшоў з жанчынай да яе хаты.</p><p>Кінуўся шчаслівы гаспадар да поля - не поле, а суцэльная каменная крушня. Валуны велічынёю з хату. На тысячу год наперад з зямлі вылезлі.</p><p>Пакуль дзеці, незнаёмы і жанчына елі ў хаце “камяні” - усё наваколле чула з-за каменнага мура дзікі віск і выццё. Выў і рыкаў Ігнат.</p><p>А пасля незнаёмы ўстаў.</p><p>- Пайду, - сказаў ён, закінуўшы за плечы торбу.</p><p>- Чым мне табе аддзячыць?</p><p>- Нічым. Дабрынёю да людзей. Ды гэтага дабра ў цябе заўжды хапала.</p><p>- Пайду пагляджу, як сусед. Звар’яцеў, пэўна.</p><p>- Нічога. Я ж кажу... дабра ў нас хапала. Залішне.</p><p>І пайшоў у свет, абапіраючыся на кій. Пад касыя асеннія хмары. Насустрач пералётам, што, калючыя, каціліся яму пад ногі. Ужо зводдаль азірнуўся -Мар’я і дзеці глядзелі яму ўслед, маленькія на чорнай раллі.</p><p>- Гэй! А імя ёй будзе - Бульба! - крыкнуў ім незнаёмы.</p><p>І так з’явілася на Беларусі Бульба.</p><empty-line/></section><section><title><p>Верабей, сава і птушыны суд</p></title><empty-line/><p>Ну вось, давай мы з табой сядзем ды паслухаем, што было калісь. Гэта расказаў мне дзед. А майму дзеду - ягоны дзед. А таму дзеду - яшчэ ягоны дзед. А дзеду нашага дзеда расказалі іншыя разумныя людзі. Так што ўсё гэта праўда.</p><p>У тыя даўнія часы птушкі жылі такой самай дзяржавай, як і людзі. Ад дзяржавы той засталася толькі памяць, бо нішто не вечнае на свеце. Але некалі яна была. Былі там свае птушыныя аркестры, свае школы, свае птушыныя суды. А цяпер, сёння, усё птаства толькі слаба-слаба помніць пра тыя часы.</p><p>І жыў у той дзяржаве такі сабе шэры верабей. Як і цяпер, шукаў зернейкі, цвыркаў летам і мерзнуў зімою. І быў такі самы нахабны, як зараз. Толькі што ў тыя часы ён не скакаў адразу абедзвюма ножкамі, а хадзіў, як людзі. Адной лапкай -другой лапкай. Левай - правай. Левай - правай. Раз - два. Раз - два.</p><p>Хадзіў сабе і спяваў:</p><poem><stanza><v>Я - вясёлы верабей,</v><v>Я - арол-верабей,</v><v>Вельмі смелы верабей,</v><v>Верабей,</v><v>Верабей,</v><v>Вера-</v><v>Вера-</v><v>бей!</v></stanza></poem><p>Вельмі добры верабей!</p><p>І трэба ж было так здарыцца, што гэты верабей правініўся. І правіна тая была - глупства Але і зараз некаторыя птушкі за яе плоцяцца</p><p>Проста была вясна. Цёпла. Зелена. Паветра салодкае. І вырашыў верабей не ляцець дадому на крылах, як ашалелы, а прайсціся, пагуляць. І нанесла тут на яго слаўную сямейку. Сітавак. Тых, што хвастамі трасуць. Ідуць перад ім па алеі і хвастамі махаюць. Ну, тата і мама-сітаўкі не так махалі. Затое маладая сітаўка трэсла хвастом за траіх. А які прыстойны верабей гэта вытрымае?! Спытайце ў кожнага вераб’я. Ніякі.</p><p>Вось і наш верабей не вытрымаў. Размахнуўся крыльцам і ляпнуў сітаўку па хвасце. Пагарачыўся.</p><p>Сітаўкі шкодныя былі. Ім падставіць другому ножку было, як табе яблык з’есці. Пайшла скарга арлу. Слова за слова - сабраўся птушыны суд. Вадзяны бугай -суддзя, удод - пракурор, шчыгол - адвакат, чыжык і чачотка - прысяжныя. Кепскі быў выбар, бо чыжык хацеў з чачоткаю ажаніцца і думаў таму пра ўсё, як яна.</p><poem><stanza><v>Шчыгол яму раду радзіў,</v><v>Нелукаву, просту:</v><v>“Бяры сабе чачотачку.</v><v>Яна твайго росту”.</v></stanza></poem><p>А чачотка была ўсёй душой за сітаўку, бо і тая і другая былі аднаго поля ягады.</p><p>І вырашыў птушыны суд, што трэба злавіць вераб’я і за гэткае ягонае свавольства прыкладна пакараць.</p><p>Спалохаўся верабей і ўцёк. А ўсё птаства - за ім. Як хмараю, неба закрылі.</p><p>Бачыць верабей, што не ўцячэш. Угледзеў дупло і шмыгнуў у яго. Сядзіць, нібы ў крэпасці.</p><p>Пачалі птушкі ў дупло лезці.</p><p>Але верабей быў хітры. Выбраў такое дупло, што дзверы былі якраз на яго зроблены. Ні большыя, ні меншыя. Малая птушка палезе, то ён з ёю лёгка справіцца і выкіне. А большая аніяк не пралезе. Хіба што адну дзюбу прасуне.</p><p>Валтузіліся-валтузіліся птушкі. Бачаць, сілаю вераб’я ў ягоным замку не возьмеш. Значыць, трэба браць крэпасць зморам.</p><p>Паселі вакол і чакаюць. Захоча верабей есці і піць - сам вылезе.</p><p>Чакалі-чакалі. Аж тут пачала падаць на зямлю ноч. Захад гасне. У лесе ўсё шэрае робіцца. Пасля цямнее. А пгушкам уначы належыць спаць. У цёплым гняздзе, як табе ў цёплым ложку. Галаву пад крыло, як ты ў падушку. Ды і свішчы сабе дзюбай, як ты носам.</p><p>Вочы ў птушак зліпаюцца. Пазяхаюць птушкі. Але як пойдзеш спаць, то верабей уцячэ.</p><p>- Трэба вартавога паставіць, - дадумаўся ўрэшце коршак.</p><p>- Каго? - працывікала сінічка.</p><p>- Хто ўначы не спіць. Хто ўначы не спіць, - заліўся шчыгол.</p><p>- Ляляка. Ляляка. Казадоя. Казадоя, - зашчабяталі ўсе.</p><p>- Н-ну-у, н-ну-у, - прагудзеў вадзяны бугай. - Ма-лы, малы! Са-ву! Са-ву!</p><p>І тут усе вырашылі, што лепей за саву нікога не знойдзеш. Уначы не спіць - раз. Ноччу лепей, чым днём, бачыць - два.</p><p>А сава ў той час была зусім без пер’яў. Голая, як абскубеная курка. Жоўтая. Худая. Выгляд сараматны і гнюсны. Кепска ёй было жыць. Удзень горача, а ўначы холадна.</p><p>І таму сава абурылася.</p><p>- Не буду я вартаваць, - сказала сава. - Мала што я ўначы не сплю і добра бачу. Усе птушкі ў пер’ях, ды яшчэ ў цёплым спаць будуць. А я, арата, адна сярод усіх, голая, як палец, ды яшчэ і вартуй. Холадна. Не буду.</p><p>- Ну паслужы адзін раз грамадзе, - сказаў удод.</p><p>- Не буду я дбаць пра грамаду, - забубніла сава. - Яна пра мяне не дбае.</p><p>- Дык што ж рабіць? - спытаў коршак.</p><p>- А вось што, - сказала сава. - Калі хочаце, каб я ў вартаўніках хадзіла, то пашыйце мне кажух.</p><p>- Як? - спытаў шчыгол. - Што ж нам, авечак ісці лупіць?</p><p>- Птушыны кажух. Скіньцеся кожны па перку і аддайце мне.</p><p>Узрадаваліся птушкі. Адно перка - глупства. З аднаго перка не</p><p>абяднееш і не ўзбагацееш. Аддай яго ды ідзі спаць.</p><p>Скінуліся па адным пяры і зрабілі саве дзівоснае футра. А паколькі ў кожнай птушкі свой колер, то і апярэнне ў савы з таго часу рознакаляровае. Ёсць пер’і жоўтыя, ёсць бурыя, ёсць рыжыя і шэрыя, белыя і чорныя.</p><p>Разляцелася птаства спаць. Села сава перад дуплом. Вартуе. Не спіць. Глядзіць на ўсе вочы. А ў лесе хораша. Месяц вялізны. Усё, нібы ўдзень, відаць.</p><p>Выгляне верабей з дупла - сядзіць сава, брыда гэткая. Гараць савіныя вочы, яе дзве залатыя поўні. Яму ўжо і есці хочацца, вераб’ю. Высуне галаву -пільнуе сава, гнюснасць такая. Аж плача верабей.</p><p>Тым часам днець пачало. А совы ўдзень нічога не бачаць, спяць. Пачала сава кляваць дзюбай. Пачалі ў яе вочы зліпацца. Нібы хто іх мёдам намазаў.</p><p>А птушкі заспалі. Такая ў лесе раса халодная. Так цёпла ў гнязде. Ну, яшчэ хвіліну паспім. Ну, яшчэ другую.</p><p>Выглянуў верабей - спіць сава. Дзень на дварэ, ды яшчэ з непрывычкі размарыла яе ў цёплым кажусе. Верабей чакаць не стаў. Выбраўся з дупла і давай лататы.</p><p>Толькі праз гадзіну дабудзіліся птушкі савы. Глянулі ў дупло, а вераб’ём там даўно і не пахне.</p><p>- Ах ён, нахаба! Ах ён, бусурман, бессаромныя вочы! Ну і ты, сава, добрая! Не падпільнавала, так? А нашто ж тады мы па перку скідаліся?!</p><p>- А вы чаго праспалі? - спытала сава.</p><p>- Добра, яшчэ пагаворым, - закрычалі птушкі. - У пагоню! Хапаць</p><p>вераб’я!</p><p>Ганяліся яны за вераб’ём цэлы год і неяк усё ж злавілі. Хацелі спачатку пакараць яго тым, што звязаць яму крылы. Але потым раздумалі. Прападзе верабей. І калі чалавечы суд павінен трымацца за чалавечнасць, то птушыны павінен трымацца за птушынасць. Таму звязалі вераб’ю не крылы, а ногі.</p><p>І стаў з таго часу верабей скакаць адразу дзвюма ножкамі.</p><p>А саве ўсе птушкі і да гэтага часу аніяк не могуць дараваць, што яна праспала. Надта ўжо сваіх пер’яў шкада.</p><p>І вось варта саве раніцай не дабрацца да дупла і заснуць недзе пад ялінай ці кустом, - тут усе птушкі навальваюцца на яе цэлай хмарай, скубуць ды крычаць:</p><p>- Аддай маё пер’е! Ад-дай маё пер-р-р’е!</p><p>Не верыш - спытай у старых людзей, у паляўнічых, якія гэта на свае вочы шмат разоў бачылі.</p><p>І хаця сава і суцяшае сябе, што арол ды сокал яе не чапаюць, а скубуць яе, бязвінную, адны вароны, сарокі ды пахучыя ўдоды - дрэннае гэта, па-мойму, суцяшэнне.</p><p>Дробязь тая - самае гэта нікуды не вартае на свеце. Лепей ужо з арлом схапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і не скублі.</p><p>...Адзін толькі верабей, нават і цяпер, жыве сабе і не шманае. Ну, ногі скруцілі. Падумаеш, бяда вялікая. Скача сабе на абедзвюх адразу ды заліваецца:</p><poem><stanza><v>Я - вясёлы верабей,</v><v>Я - арол-верабей,</v><v>Вельмі смелы верабей,</v><v>Верабей,</v><v>Верабей,</v><v>Вера-</v><v>Вера-</v><v>бей!</v></stanza></poem><empty-line/></section><section><title><p>Жабкі і чарапаха</p></title><empty-line/><p>На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам - вось яны і спявалі.</p><p>І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.</p><p>- Жабкі, жабкі, дзень добры.</p><p>- А ты што за цуда-юда? - спыталі жабкі.</p><p>- Я Чарапаха.</p><p>- Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе</p><p>быць.</p><p>- Ды ёсць жа я, - сумна сказала Чарапаха. - І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.</p><p>- Можам, - сказалі ўлешчаныя жабкі.</p><p>Ку-ма, кума Бор-ршчык вар-рыла.</p><p>- Выдатна, - сказала Чарапаха. - Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў</p><p>свой хор.</p><p>- А ты спяваць умееш?</p><p>- Не. Я слухаць люблю.</p><p>- Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.</p><p>- І яна не ўмее, - сумна сказала Чарапаха. - Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.</p><p>- Дык нашто ты нам тады? - спыталі жабкі.</p><p>- А слухаць вас хто будзе? Хваліць?</p><p>- Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць</p><p>- Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, - сказала добрая і разумная Чарапаха.</p><p>- Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? - спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.</p><p>- Плаваць умею. Ныраць.</p><p>- Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?</p><p>- Не, - уздыхнула Чарапаха.</p><p>- Нічога ты не ўмееш... А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.</p><p>- Я замест яе яйкі нясу, - сказала Чарапаха. - Вялікія.</p><p>- Ф-фу, - сказала Галоўная, - яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.</p><p>І Чарапаха зарыпела:</p><p>Свеціць месячык з гары На шчытах у чарапах</p><p>На глыбокія віры. Сіняе святло гарыць.</p><p>- Словы нішто сабе, - сказалі жабы, - але ж голас? Бр-р-р!</p><p>- Дык я б вам - словы, а вы б - спявалі.</p><p>- Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:</p><p>Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?</p><p>Борш, бор-ршч, бур-ракі.</p><p>- Добрыя словы, - сказала Чарапаха, - але галасы ў вас лепшыя.</p><p>- І што гэта за “шчыты ў чарапах”? - спытала Галоўная Жаба.</p><p>- А вось тое, што на мне.</p><p>- Гэта карычневае? - усхваляваліся жабы. - Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.</p><p>- Жывыя, - сказала Чарапаха, - усе прыгожыя.</p><p>- А чаму гэта брыда завецца шчытом? - спытала Маладзенькая Жабка.</p><p>- Яна цвёрдая.</p><p>- Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.</p><p>Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра</p><p>лапкай.</p><p>- Вой! Яна ж як жалезная!</p><p>- Ну і што? - сказала Чарапаха.</p><p>- Цвёрдая!.. Голасу не мае!</p><p>- Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.</p><p>Але жабы ўжо разышліся:</p><p>- Жалезная жаба, - зарагатала самая насмешлівая.</p><p>- А мы мяккія жабкі. Зялёныя.</p><p>- Жалезная! Гы-гы-гы!</p><p>Чарапаха пачала крьіўдаваць:</p><p>- Кожная жывёла - розная. А я - карысная.</p><p>- І мы кар-рысныя... А ў цябе голасу няма... Кар-рычневая...</p><p>- Жаба ў танку, - пажартавала насмешніца.</p><p>Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай:</p><p>Бур-ракоў не было -Бр-ручкі навар-рыла.</p><p>.Ну і што? І ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.</p><p>І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот - на чатырох. І няхай сабе.</p><p>Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе.</p><empty-line/></section><section><title><p>Вясна ўвосень</p></title><empty-line/><p>Маленькі Янка цяжка захварэў. Ляжыць увесь чырвоны, нічога не бачыць і не чуе. Нават Аленкі не пазнае. І не ведае яна, чаго дактары ў доме. Чаго мама плача, калі думае, што ніхто не бачыць яе?</p><p>А Янку здаецца: шуміць цёмнае мора пад хмарамі. Ад берага адплываюць чорныя караблі, і завозяць яны некуды ў свет усе ягоныя цацкі. Вось салдацікаў павезлі. Ну хай салдацікаў. А нашто яны Мішку забіраюць? Заўтра дзень нараджэння, а Янка з ім нават не пагуляў.</p><p>Апошняга павезлі мардастага шчанюка. Той вішчыць - цёмна ў моры.</p><p>- Можа, ты хочаш чаго, сынок? - спыталася мама.</p><p>- Сонейка, - сказаў Янка. Нават вачэй не расплюшчыў.</p><p>Якое там сонейка! Восень. Льюць шэрыя дажджы. На клёнах дурное лісце. Дурное, бо даўно яму трэба ўпасці.</p><p>Ніхто не глядзіць на Аленку. Узяла яна плашчык ды выйшла з хаты ў сад. Сонейка шукаць, браціка ратаваць.</p><p>У дварэ вецер моршчыць лужыны. Усе птушкі, усе мушкі, усе звяркі пахаваліся. Хто дрыжыць, хто дзесьці сон бачыць.</p><p>- Сонейка-Сонейка, выйдзі, - папрасіла Аленка. - Цябе брацік кліча.</p><p>- Сплю, - сказала Сонейка з-за хмар. - Мяне кожны ранак птушкі будзяць. А цяпер іх няма. Хто на поўдзень паляцеў, хто ў дупло схаваўся. Нікога я ўжо да вясны не сагрэю.</p><p>- Птушкі, звяркі, мушкі, разбудзіце Сонейка!</p><p>- Спім. Холадна, - адказалі жабкі з дна ракі, грыбы - з-пад зямлі, вавёркі -</p><p>з дуплаў.</p><p>- Разбудзіце Сонейка, - папрасіла Аленка. - Брацік Сонейка хоча.</p><p>- І я хачу, - сказаў з хмызоў Вожык. - Ды што я магу зрабіць?</p><p>- Брацікаў шчанюк плача, - сказала дзяўчынка.</p><p>- І я плачу, - сказаў мокры Верабей на галінцы. - Мне холадна. А тут яшчэ вунь Чорны Кот да мяне падбіраецца.</p><p>- Голасу няма, каб Сонейка будзіць, - сказаў Шчыгол.</p><p>- Памажыце браціку, - заплакала Аленка. - Ён вас ніколі не крыўдзіў.</p><p>- Не кры-ыўдзіў... - ірэбліва сказаў Чорны Кот. - Ён мяне аднойчы за хвост</p><p>таргануў.</p><p>І тут абурыўся Верабей:</p><p>- А хто мяне за хвост скубануў? Не ты?..</p><p>- Падумаеш, бяда, за хвост яго аднойчы хлопчык таргануў.</p><p>- Ён, мабыць, болей не будзе, - сказаў Вожык.</p><p>- І праўда, ніколі ён нас не крыўдзіў, - сказаў Шчыгол.</p><p>- Ён і мне ўзімку сала за акно вешаў, - ціўкнула Сінічка - салатная грудка.</p><p>- А нам семак сыпаў, - адгукнуліся шчыглы. Вядома, дзе адзін шчыгол, там</p><p>і дзесяць.</p><p>- Не будзем часу марнаваць, - сказаў Заяц з лесу. - Як нам ні холадна, а трэба памагчы чалавеку.</p><p>Упаў на зямлю адзін сонечны прамень. Гэта Сонейка зацікавілася: што там за вясенні канцэрт?</p><p>І пайшло. Вылезлі з твані і выплылі з вады вясёлыя жабяняткі. Нясмела крумкнулі. Сонейка і на іх зірнула.</p><p>- Сонейка-Сонейка, - папрасіла Аленка, - глянь на браціка ў акенца. Сонейку што, яно і туды зірнула. Заблішчалі шыбы.</p><p>Апенькі вылезлі з пня - зірнуць. Слімак высунуў з хаткі рагатую галаву. А Сонейка заззяла ўжо ў лужыне. І апошняя чапля, і бусел, перад тым як ляцець у Афрыку, лавілі на дне лужыны чырвонае Сонейка.</p><p>І пайшло па доме шэсце. Вожык нёс на іголках залатое кляновае лісце. Снегіры неслі ў дзюбах пукі празрыстай чырвонай каліны. Грыбы на палянцы высыпалі ў кола. Гулялі ў пацягушкі-разрывушкі. Чорны Кот стаў танцаваць на задніх лапах. Ён быў на гэта вялікі мастак, бо быў вучоны.</p><p>А на ўсё гэта глядзеў з хмызнякоў алень. А ў яго на рагах сядзелі птушкі і таксама глядзелі.</p><p>Разгаралася Сонейка І спяшаліся з падарункамі да Янкі госці. Хто прынёс моркву? Заяц. Хто вясёлыя бурбалкі? Рыбкі. Прынесла вавёрка арэхаў горку. А клюшню прынёс рак... Вось так.</p><p>І сталі ўсе яны разам з Сонейкам глядзець у акно.</p><p>- Жыў-жыў! - крыкнуў узрадаваны Верабей.</p><p>І тады Аленка пакланілася ім. Заплакала. З радасці.</p><p>Сказалі зайцы: мы вас бегаць навучым. Рыбы: плаваць навучым. Бабры: ныраць навучым. Грыбы: расці навучым... Вось так.</p><p>І ўсе, разам з Сонейкам, сказалі: разумнымі быць навучым. За дабрыню да</p><p>ўсіх.</p><p>Зайшла Аленка ў хату.</p><p>- Не грукай дзвярамі, - сказала мама. - Янка заснуў. І Сонейка, бачыш, выглянула. Цяпер усё-ўсё будзе добра.</p><p>Аленка сама ведала, што ўсё цяпер будзе добра. І няхай зноў зойдзе Сонейка, зноў змоўкнуць птушкі, зацярушаць дажджы, затрашчаць маразы. Няхай. Да самай вясны яна не дасць прапасці тым, хто дапамог браціку.</p><p>А Янка-брацік спаў. І плылі да яго пад Сонейкам, вярталіся светлыя караблі. Везлі назад цацкі. Везлі вясёлага Мішку, з якім ён будзе гуляць у дзень нараджэння. І ведалі ўсе, што яшчэ сто дзён нараджэння будзе ў хлопчыка ў жыцці. І радасна вішчаў мардасценькі шчанюк, якога спусцілі з карабля. Пусцілі ў пакой.</p><p>І Аленка ведала, што нікому ніколі, нават калі будзе сівой бабуляй, яна не раскажа, хто ў той асенні дзень вярнуў на хвіліну Вясну і Сонейка.</p><empty-line/></section><section><title><p>Вужыная каралева</p></title><empty-line/><p>Ці далёка ці блізка, ці нядаўна ці даўно, на той самай зямлі, на якой мы жывема, дагэтуль жылі нашы дзяды - было ўсё гэта.</p><p>Стаяла на беразе хата старога Яся, стаяла з краю пачынка. А Ясь жыў тут даўно, пасівелі яго валасы, як грушавы квет, і жонка яго ўжо ў зямлю расці пачынала. Вырасцілі яны двух сыноў і дужа дачку хацелі мець, а яе не было. Тужылі яны, тужылі, ды тугою справе не паможаш.</p><p>Толькі раз неяк пайшла старая Ясіха да блакітнага возера, сядзела на яго беразе ды ненарокам і заснула. Сніць яна, быццам звесіўся з галін дрэва вуж з залатою каронаю на галаве, трымае ў роце блакітную кветку і кажа:</p><p>- Бяры, маці, кветку. Толькі глядзі: спарадзіш дачку - аддай яе мне ў</p><p>жонкі.</p><p>І быццам бы кажа яна яму:</p><p>- Дзякую за падарунак-кветку, вуж-залатая галава. Толькі як жа ж без дачкі рашаць. Хай сама рашае...</p><p>Прачнулася - у руцэ сіняя кветка заціснута. Мусіць, са сну адарвала. Ці праўду казаў вуж, ці няпраўду, а не паспеў Ясь збіць і пары поршняў з самай тонкай скуры, як нарадзілася ў іх дачка і празвалі яны яе Ялінаю.</p><p>Ляцелі гады над лесавою хаткаю, як белыя лебедзі, праходзілі сівыя дні зімы і чырвоныя летнія дні. Расла дзяўчынка крыніцы ёй ваду давалі, завірухі румянілі, сонейка сагравала.</p><p>Расла і выраўнялася ў красуню, якой у нашых лясах не знайсці, не адшукаць. Статная, як яліна, вочы, як бездань блакітная, валасы залатыя, вусны чырвоныя. Біліся за яе ўжо хлопцы, не шкадуючы сябе. Красуняю была Яліна.</p><p>Дзень летні пячэ, смуга над зямлёю калыхаецца. Пайшла Яліна з сяброўкамі да Сіняга возера купацца. А і там усё спіць, нават стракозы селі на чарацінах і скрыдлышкі склалі. Гарачыня!</p><p>Скупаліся сяброўкі, клічуць яе за сабою, а яна замарудзілася. Тыя ўжо і на адхіл узышлі, калі выбралася яна з вады і кінулася да вопраткі. Аж бачыць: ляжыць у яе андараку вуж і галаву адтуль выставіў:</p><p>- Аддай мне, вуж, мой андарак.</p><p>- Не, не аддам. Прымі ў нядзелю маіх сватоў - тады аддам.</p><p>Няма чаго рабіць, давялося паабяцаць.</p><p>- Пакляніся, Ялінка</p><p>- Ну добра-добра. Клянуся.</p><p>- Добра ж.</p><p>І праваліўся вуж некуды, быццам і не было, а дзяўчына засмяялася і пабегла дадому. А да хаты падыходзіла ўжо невясёлай. Трасца яго ведае, магчыма, і сапраўды сватоў зашле.</p><p>Нядзеля надыходзіць - прыбягае з двара брат у страшэннай трывозе. Глянулі - шляху пад вужамі не бачна. Наперадзе вужынага войска паўзе вуж з сінім вянком на галаве ды яшчэ й папярок тулава нечым белым перацягнуты, быццам сват ручніком. Падняўся ён на хвасце і сказаў, б’ючы чалом:</p><p>- Дзень добры, бацькі. У вас тавар, у нас гандляр...</p><p>Паплакалі бацькі, ды рабіць нечага. Тое, што маці кветку ад яго, вужа, узяла - гэта яшчэ б паўбяды, ды дрэнна тое, што сама дачка вужынаму каралю абяцала і клятву давала. А клятвы трымацца трэба, хоць лопні, а зрабі.</p><p>Сабралі яны дзяўчыну плачучы, быццам у труну клалі зажыва. І толькі спыталася маці ў вужа-свата, калі ж яна ў госцейкі прыйдзе, ды той толькі чорнай галоўкаю кіўнуў. Два браты ўзяліся было за сякеры, калі вужы іхнюю сястру вялі, ды як пабачылі, што тых шмат - паступіліся. Плача Яліна.</p><p>Вось ужо і хата яе за бугром схавалася, вось апошні раз буслава гняздо на грушы відаць. Бывай, родная хата!</p><p>Плача Яліна-красуня, гарачымі слязамі заліваецца: “Аддалі мяне, прапілі мяне, збылі ў край далёкі. А там і сонца не ззяе, там і людзі злыя, усё сякерамі б’юцца. І па буднях там дождж, дождж, дождж, і па святах там дождж, дождж, дождж”.</p><p>Падплыў да берага дубовы човен, аплецены белаю лілеяю, і павезлі яе цераз раку, цераз межытокі дрыгвяныя, дзе толькі аднаму вузкаму палескаму чоўну плысці. К заходу сонца прыплыў човен на далёкую выспу. Уся яна пушчаю дрымучай абрасла, хмелем перавілася, павуціннем пераблыталася. І пасяродку гэтага царства мёртвага, бязлюддзя суворага стаіць палац закінуты з дзевяццю вежамі, а вакол яго па ставу нячутна плаваюць чорныя лебедзі. І ўсё як быццам сон здушыў: ціха, як на могілках.</p><p>Ходзіць Яліна па багатых пакоях - закінуты палац. Нават вужы знадворку</p><p>засталіся.</p><p>А ўжо і ноч бліжэй, пачалі ў вежах кажаны лятаць, калышучы павуцінне. Ціха-ціха, ноч на балоты сядае, зоры запальвае, увесь свет ад верху да нізу зорамі гарыць.</p><p>У замку святла няма і вакол хоць бы дзе людскі, цёплы, пяшчотны аранжавы агеньчык бліснуў, толькі бегаюць па куп’і сінія балотныя агні.</p><p>І раптам ззаду чалавечы голас загучэў, ды такі мяккі, малады, прыгожы.</p><p>- Чакай, не павяртайся, Яліна гожая, спудзішся ты нават выгляду майго, мая любая. Што ж казаць табе, чым прывеціць цябе, дрэўца маё маёвае? Звыкла ты жыці на цёплай зямлі, дзе сонца свеціць, дзе кветкі квітнеюць міласныя - не прыйдзецца табе даспадобы мой замак балотны. Цемра ў ім, багна на яго дыхае, сонца сюды не зазірае. Ах як цяжка жыці сярод камянёў балотных. Пашкадуй жа ты мяне, караля вужынага, пашкадуй маё прапашчае жыццё, пакахай мяне, гада падкалодн ага.</p><p>Адказала Яліна:</p><p>- Чую цябе, кароль вужоў, халоднае тваё жыццё ў шэрых камянях, шкадую я цябе. Аддалі мяне табе бацькі мае, таму буду я вернаю жонкай: не здраджу, не прадам ворагу, вернай буду да сканчэння дзён, але не прасі ты кахання майго, бо не маю яго я...</p><p>Вось і гады прайшлі, шмат разоў адляталі і зноў прыляталі на замкавыя ставы чорныя дзікія лебедзі. Жыве Яліна - вужыная каралева ў палацы ўжо не адна. Разам з ёю сустракаюць зімы з завірухамі белымі, вёсны з квітненнем балотных траў і восені, якія забіваюць на багнішчах балесную вольху, дзеці: сыны - Дуб ды Ясень і дочкі - Бяроза ды Асінка. Старэйшы, Дуб, моцны быў, каржакаваты, моц сваю пытаць любіў. Бярозка была пяшчотная, і з вачэй быццам святлом ззяла. У яе ж і Ясенька пайшоў, прыгожы, страмкі, светлы. Ды й Асінка была прыгожая: ломкая гэткая, пужлівая, тоненькая.</p><p>Але ўсё ж такі сумна Яліне. Мужа яна так і не бачыць удзень, бо ён не жадае, каб яна выгляду яго вужынага баялася. Ды й роднай хаты не відаць столькі год - таксама не жартачкі. Пачала яна мужа прасіць, каб той адпусціў яе з бацькамі пабачыцца. Паслухаў ён яе і кажа ціха:</p><p>- Што ж, з’ездзі, калі жадаеш. Сумна мне будзе. Адпускаю я цябе на тры дні і тры ночы, а потым, калі спознішся - будзе мне кепска. Буду я жыць гэты час у рацэ, калі вернешся - адламі ад крывой вольхі галінку і кінь яе ў струмень - я выпаўзу. Толькі дзеткам пра гэта накажы не казаць нікому. Яны ў палацы застануцца. І вось яшчэ што: кожны ранак прыходзь да межытокі і кажы такое:</p><p>Калі жывы ты, калі чуеш ты,</p><p>Як заву цябе, змарнелая, -Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,</p><p>Закруціся, пена белая.</p><p>Калі ж вочы твае мілыя Не глядзяць на свет, яскравыя,</p><p>Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,</p><p>Пена алая, крывавая.</p><p>Паехала Яліна дадому ў дубовым чоўне, абвітым белаю лілеяю. Вось хутка-хутка родная хата, вось выглянула ўжо яна з-за бугра, вось і бацька з маткаю стаяць на парозе і глядзяць на яе.</p><p>Гэткае шчасце! Добра пасля цёмнага вужынага каралеўства ў родным краі, дзе кожную сцежку сгаптаў ты па расе босы. Толькі-толькі распытала маці Яліну аб яе жыцці, як раптам кажа ёй старэйшы брат:</p><p>- Ну, досыць. Жыві з намі. Сама ж прызналася, што ніколі яму слова “каханы” не сказала.</p><p>- Не, не магу, дзяцей там пакінула я.</p><p>- Дзеці! Ці ж гэта дзеці, гэтыя нехрысці. Нашто табе дзеля іх жыці там, дзе й сонца не бывае.</p><p>- Мо таму й жыву, што сонца там няма, бо калі б добра там было - пайшла б адтуль прэч.</p><p>Ранак настаў, пайшла Яліна да межытокі. Усё як трэба, маці і дзеткі жывыя: паявілася, закруцілася белая пена з вадзяной глыбы. Вярнулася дадому, а братоў няма, недзе на сенажаць пашкандыбалі. Толькі не ведала Яліна, што зусім не на сенажаць паехалі яны, а на тую самую выспу, дзе яна жыла. Яліна ж ім, дрэннага не прадчуваючы, аб гэтым апавяла. І тыя парашылі, што, калі заб’юць яны вужа, вернецца іх сястра ў родны дом.</p><p>Адшукалі яны выспу з закінутым палацам, выцягнулі з ладдзі мячы і пакрочылі тудой. І яшчэ болей жахнуліся, калі ўбачылі шэрыя муры з вузкімі вокнамі, павуцінне і кажаноў пад зводамі. І тут жа ўбачылі чатырох дзяцей, але, колькі не шукалі - не здолелі знайсці вужынага караля. Падступіліся да дзяцей:</p><p>- Кажыце, шчанюкі, дзе ваш бацька?</p><p>Тыя нічога не сказалі, толькі Дубок плюнуў на падлогу і адвярнуўся. Скруцілі браты дзяцей па руках і нагах, распалілі вогнішча і пачалі іх біць і менчыць, каб дапытацца, чаго жадалі. Шмат часу сціналі Дубка, а ён маўчыць, сціснуў вусны, як дарослы, і толькі як падгрэблі да яго ног жар - вылаяўся і змоўк зусім. А ні стогну, а ні крыку. Пакінулі яго браты, узяліся за Бярозку. У той вялікія вочы абурэннем наліліся, слёзы на іх варам ускіпелі. Плюнула яна ім у вочы. За Ясеньку ўзяліся, падралі на ім вопратку, катавалі цела белае, а Ясень смяецца ім у вочы, песні пачаў спяваць, здзеквацца пачаў да таго, што ў братоў вочы крывёю наліліся:</p><p>- У, змяіныя вырадкі.</p><p>Адказаў Ясень:</p><p>- Чаго лічыць, хто ад каго нарадзіўся. У нас бацька змей, а справы чалавечыя, а ў вас бацькі людзі, а ўчынкі вашыя, як у змяі.</p><p>Схапілі браты малодшанькую, Асінку. А тая, як пабачыла гэта, -затрымцела і заплакала.</p><p>- Кажы, дзе бацька, бо мы зараз братоў тваіх заб’ем і сястру заб’ем.</p><p>Заплакала Асінка і ўсё распавяла. Браты кінулі ўсё і пабеглі да крывой</p><p>вольхі. Дно там чыстае, пясчанае. Выманілі яны караля вужоў на бераг, пасеклі яго мячамі і кінулі ў ваду, а потым паехалі дахаты. Ранак трэцяга дня падходзіць. Кліча Яліна на беразе ля межытокі мужа:</p><p>Калі жывы ты, калі чуеш ты,</p><p>Як заву цябе, змарнелая, -Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,</p><p>Закруціся, пена белая.</p><p>Калі ж вочы твае мілыя Не глядзяць на свет, яскравыя,</p><p>Пырсні, пырсні з вадзяных глыбінь,</p><p>Пена алая, крывавая.</p><p>Ціха ўсё на паверхні. Збіралася ўжо дадому ісці, як раптам гайданулася вада, і выплыў на паверхню, разгарнуўшыся, як дзіўная кветка, алы згустак крыві. І потым распырскалася, закіпела ў глыбіні крывавая чырвоная пена.</p><p>Кінулася Яліна ў хату, схапіла вёслы, а ўжо матка зразумела, у чым справа: стала сярод хаты на каленях, не пушчае:</p><p>- Не хадзі да вужа, Ялінка, вужа клятага, вужа слізкага, нялюбага.</p><p>- Аслабані, маці. Гэта я думала так, што не кахаю яго. Але чаго ж сэрца маё так баліць.</p><p>- А за што табе яго кахаць?</p><p>- За тое, што святла не бачыў ён, за тое, што не кахала я яго калісь. Пашкадуй мяне, адпусці.</p><p>Сумна паглядзела на яе маці і адпусціла. Бяжыць бегма Ялінка да ладдзі, кроў з ног на вострых камянях пакідае. Бясконцыя сілы ў ёй уваскрасаюць, човен не па вадзе плыве - па паветры ляціць. Плывуць стараною абшары балот, а сэрца на кавалкі рвецца.</p><p>- Муж мой! Дзеці мае!</p><p>Вось і замак, бяжыць яна да яго. Бачыць, ляжыць мёртвы вуж.</p><p>І чуе яна дзіўны голас:</p><p>- Не кахала ты яго, не кахала.</p><p>Крыкнула ў той час вужыная каралева:</p><p>- Хлусіш ты! Кахала я яго болей за ўсё, ды не разумела.</p><p>Не разумела ў каханні ды шчасці, затое зараз сэрца маё ў трох агнях гартаванае. Спазнілася я, спазнілася. Падай мне з вады галасочак, кароль вужыны. Ціха ўсё, памёр ты. Хто ці заплача над табою, калі не я. Каханы мой.</p><p>Каханы мой!</p><p>І бачыць: расплылася каламутная вада, некуды збеглі крывавыя струмені і стаў бачны чысты вір з белым пяском, а па дне яго пад крыштальнай вадой ляжыць цудоўнай прыгажосці юнак у блакітным адзенні з срэбрам, з залатою каронаю на галаве залатой.</p><p>І чуе Яліна голас мужа:</p><p>- Вось і скончылася ўсё на свеце белым. Зачараваў мяне, прынца гэтага замка, злы чараўнік, і тады толькі мог я зноў ператварыцца ў чалавека, калі самым моцным каханнем пакахае мяне, халоднага вужа, самая лепшая з красунь чалавечага роду. Спазнілася гэтае каханне, няма ўжо паратунку, але сонцу кажу я “дзякуй” за тое, што здолеў абудзіць яго, гэткае каханне, хоць перад смерцю, хоць на гадзіну, на міг адзіны. На ўсё халоднае жыццё гэтага хопіць. Дзякуй табе, і за смерць маю таксама дзякуй.</p><p>І зноў усё змоўкла, толькі пры апошніх словах яго пырснуў у чорную прорву балот першы за шматлікія гады сонечны прамень, яскравы і чысты. Дзеці выбеглі з замка, цягнуць да яго, да сонца рукі. І раптам прамень зноў згас.</p><p>Зразумела ўсё Яліна, падняла дагары рукі і крыкнула дзецям:</p><p>- Дык станьце ж вы тым, кім у жыцці былі. Хто моцны быў - той хай такім і будзе, слабы - хай так і застанецца слабым. І я з вамі разам, як маці, стану.</p><p>Плача Яліна над мёртвым прынцам, варушыць вецер яе валасы, раскідвае ўшыр, і - о, цуд! - становяцца зялёнымі залатыя яе касмылькі, стала моршчыцца вопратка, драўлянець рукі. Заспявалі трывожна пад ветрам яе валасы, зазвінелі, як жаночы плач. І вось ужо на месцы Яліны высокая яліна стаіць, зялёная, стромкая, плачуць яе галіны пад ветрам.</p><p>Апошнім позіркам глядзіць яна на дзяцей, а тыя ўжо таксама зніклі. На месцы старэйшага сына стаіць каржакаваты, магутны дуб - не гнецца, не ламаецца, глядзіць у вочы навальніцам; на месцы дачкі старэйшай - бяроза расце, усю яе сонцам прасвечвае, грае на ёй кожны лісток радасцю да жыцця, а кожная галіна -цвёрдасцю. Воддаль ад іх стаіць асінка, слабае дрэўца - націснуў - яно й захрупцела.</p><p>Пранеслася над імі навальніца, зноў упаў сонечны прамень на балоты, і заквітнелі яны пад цёплым подыхам яго.</p><p>Чуеш, хлопча, як за вокнамі гудуць дрэвы?..</p><p>А на краі балота стаіць усімі клятая асіна. Ніякае дрэва не плача так, калі апынецца ў печы. Шчэ далёка дні восені і халады, а яна ўжо ўся чырванее, загадзя перад усім схіляецца А калі ўжо загадзя схіляецца - значыцца, поскудзь - дрэва.</p><p>Стаіць яна, здаецца, і ветру няма, а яна дрыжма дрыжыць усім лісцем, жаліцца. На локаць падымецца ад зямлі - дрыжыць, вырастае - дрыжыць і памрэ -дрыжэць будзе.</p><p>А ты падумаў, чаму гэта так? Іншыя людзі вось не разумеюць, а ты цяпер ведаеш. Гэткія вось справы.</p><empty-line/></section><section><title><p>Аўтух-дамоўнік</p></title><empty-line/><p>У старога Васіля жыў за печкаю дамоўнік, які быў падобны на маленькага чалавечка. Нішто сабе, ціхмяны быў, падлоты вялікай не рабіў.</p><p>Удзень ён ціха спаў на ложку з попелу, а ўначы пачынаў сваю нячутную тупатню па хаце і піў з сподачка малако, як вожык. Аўтухом клікалі гэтага дамоўніка. Спаў ён таксама ўсю зіму, і толькі калі пачынала страляць печка, рассыпаючы вакол залатыя іскрачкі і глытаючы ротам чурак за чураком, выпаўзаў адтуль і сядаў насупраць, саграваючы скалелыя пальцы. Гаспадыні замінае, тая яго і штурхне іншы раз, але ўзімку ён ставаў вялым і не крыўдзіўся. Затое ўлетку нават і ўдзень шпацыраваў, спаў мала, і ўжо тады не было ад яго спакою нікому. Забярэцца на стайню, выцягне стуль Варанога і гарцуе на ім да світанку. Ранкам конь увесь у мыле, дрыжыць як асінавы ліст. А Аўтух забраўся ў пуню на сена, сапе носам - і чхаў на ўсё. Стары Васіль таму сыну, што на стайні начаваў, аплявух надае: чаму не даглядаў. Вось сын і раззлаваўся на Аўтуха, вырашыўшы яму як-небудзь адплаціць.</p><p>Аднойчы бачыць: сядзіць Аўтух на верхняй перакладзіне лесвіцы, якую да плота паставілі, шчыпле з бузіны чырвоныя гроны і ўплятае са смакам, напіхвае за абедзве шчакі.</p><p>Старэйшы сын падкраўся ззаду і адпіхнуў лесвіцу ад яго. Тая ў паветры зрабіла паўкруг. Аўтух наверсе вісіць, верашчыць, нагамі дрыгае: вельмі спудзіўся.</p><p>М-м-мяк-к!</p><p>Ляснуўся аб зямлю, лесвіцай яго зверху прыціснула, варочаецца і крэкча.</p><p>А справа была за камяніцаю, вакол дурнап’ян, крапіва проста гаем расце, злосная, як сабака. А Аўтух жа голы, варочаўся, круціўся, неяк выпаўз - і бегчы, не памятаючы сябе. Бег, бег і знянацку ўскочыў у дзежку з гнаёваю жыжаю для гароду. Выдрапаўся стуль увесь зялёны з галавы да ног. Старэйшы сын за плотам - ну рагатаць. Да таго часу рагатаў, пакуль Аўтух усяго не зразумеў...</p><p>Вось увечары гаспадыня прыйшла і калі ўвайшла ў пакой - там ляжаў Аўтух на белых узгалоўях.</p><p>Ляжыць, з боку на бок перакочваецца з насалодаю. Як вылез з дзежкі, дык і пайшоў лёг.</p><p>Адпомсціў!</p><empty-line/></section><section><title><p>Казка пра Пятра-разбойніка</p></title><empty-line/><p>Валэндаецца па зямлі пракляты Пётр-разбойнік. Твар у яго чарнейшы за зямлю, не можа ён вачыма людзям у вочы глядзець.</p><p>Шмат часу хадзіў ён на жыр і людзей рэзаў. Пакуль паноў забіваў - усё яму даравалася, а калі ўзяўся за простых - напала на яго чорная хвароба: твар зрабіўся такім, што сітам не накрыеш, каўтун галаву пакрыў, абляпілі цела скуллі, уцякаюць ад яго людзі, баючыся заразы.</p><p>Рэжа ён дзень і ноч без просыпу, ды сумлення ні ў якой крыві не затопіш. Забівае ён дзядоў, немаўлят за ногі вешае, толькі пачаў адчуваць кожны раз, што лепш бы ў сябе нож уватхнуць, чымсьці ў другога.</p><p>Ішоў ён аднойчы ўноч некуды і стаў на раскрыжаванні шляхоў страшна яму зрабілася. Насупраць, над шляхам, працягнулася галінаю сухое дрэва, а на ім пугач сядзіць і вогненнымі вачыма глядзіць.</p><p>І зразумеў Пётр-разбойнік - няма яму даравання ад простых людзей, няма і не будзе ніколі.</p><p>- Скажы, зямля, - пытаецца Пётр-разбойнік, - як мне ў цябе дараванне заслужыць?</p><p>Цяжка ўздыхнула зямля:</p><p>- Не, Пётр-разбойнік, не будзе табе даравання. Толькі што... вунь ля разбуранага млына ляжаць на зямлі трохпудовыя жорны. Уздзень іх сабе на шыю і пакуль не сатрэш іх уласнаю шыяю на порах, пакуль не луснуць яны і не разваляцца на тваіх рамёнах - не быць табе дараванаму.</p><p>Цяжка ўздыхнуў Пётр-разбойнік, нахіліўся, ускінуў на шыю жорны і пайшоў. І што ён толькі з той пары не рабіў: і зямлю розным бедакам араў, і лясы карчаваў, і паміраючых ратаваў, і гарады будаваў - ні крышачкі не сцёрліся жорны. Няма даравання таму, хто кроў сялян піў, вісіць яна цяжарам вялікім на ім да сканчэння веку.</p><p>Зноў прывалокся Пётр-разбойнік пад сухое дрэва, згубіўшы ўсялякую надзею на выратаванне. Плакаў там тыдзень - маўчыць зямля. Пустэча. Прайшлі гады, а наперадзе тая ж цемра. Няма даравання!</p><p>Толькі падняўся ён, аж раптам, бачыць, сядзіць нейкі чалавек і на магілу мацеры плюе і зямлю родную лае.</p><p>- Гэ-эх, - зітхнуў Пётр-разбойнік, - ну й падла. Забіваў я шмат людзей, дык няўжо яшчэ за гэткую гніду мне на душы граху пабольшыцца. Дай яму напрач сальнік выпушчу, бо, дзякаваць чорту, нож заўсёды пры мне.</p><p>Падышоў ззаду да таго, хто на матчыну магілу пляваў і зямлю родную лаяў, ды й пярэснуў яго навотліў нажом. І толькі ён зрабіў гэта, як раптам паліў цёплы дождж і змыў з яго каўтун і балячкі.</p><p>Навальніца пачалася, сіняй стралою бліскаўка палахнула, і за громам не пачуў Пётр-разбойнік, як з гулам луснуў камень і жорны на яго рамёнах распаліся на дзве паловы і рассыпаліся ў порах.</p><p>І ўпаў тут Пётр-разбойнік на зямлю і заплакаў, бо лепей за ўсё - не быць адшчапенцам мацеры-зямлі і калі трэба - пусціць за яе ў ход нож. І плакаў Пётр-разбойнік, а вакол пасля дажджу блішчэлі лісты і звонка падалі на зямлю празрыстыя кроплі, быццам уся зямля плакала ад шчасця разам з ім.</p><empty-line/></section><section><title><p>Надзвычаная котка</p></title><empty-line/><p>У беднага мужыка завяліся ў хаце чэрці. Удзень яшчэ так-сяк, а ноччу ў коміне як справяць вяселле — проста хоць святых вынось.</p><p>Лёталі туды й сюды, стукаліся ілбамі, ад гэтага ў іх з вачэй іскры сыпаліся, і таму ўжо тры разы ў коміне сажа палала — ледзь хату выратоўвалі.</p><p>Ледзь золак, палезе баба ў печ і адразу пачынае раўсці. У гаршку — сажа, на пірагу — сляды і адбітак невялічкага азадка гэта чорт адпачываць на гарачае цеста садзіўся.</p><p>Па начах пачынаюць дурэць у трысцяні — гаспадар думае, што гэта тхор да курэй падбіраецца. Выйдзе за дзверы, а яны яму з гарышча прама за каўнер ахапак балотнага сена з асакою — штоўх!</p><p>Асабліва адзін быў шкадлівы. Сам тоненькі, лёгка яго пераб'еш, а такая падла. Вазьме ў коткі капянят і пакдадзе іх у скрыню з мукою - хоць смейся, хоць плач. Цярпеў, цярпеў мужык, а потым пачаў з жонкай і дробнымі дзеткамі ў пуню хадзіць спаць. Мароз па спіне паўзе, калі пра зіму згадае.</p><p>Вось аднсйчы вечарам стаіць ён на ганку. Сонца сядае, а над вёскаю хмара, і легкі дожджык накропвае. Бачыць: ідуць па дарозе двое. Адзін чалавек як чалавек, а другі каратканогі, пыса ў яго клінам высоўваецца. А сам у цяжкай шубе. А трасца аго матары, каб у такі летны вечар шубу апранаць. Мо цыган гэта.</p><p>Падыходзяць абодва бліжэй, і бачыць гаспадар, што памыліўся, бо зусім гэта не чалавек, а мвдзьведзь і з ім павадыр, які яго на лазцугу вцдзе.</p><p>— Дзень добры!</p><p>— Здароў!</p><p>— Пусці, добры чалавек, у хату пераначаваць. Прыладзіўся б і пад кушчом, ды, бачыш,— дождж.</p><p>— Па мне што,—кажа гасладар,— заходзь. Толькі ў хаце нячыста, чэрці там завяліся.</p><p>— Гэта што,— смяецца павадыр,—яны хоць і рагалі, ды ўсе не праезджыя маскалі — жонку не забяруць. Да таго ж у іншых жонку на чорт забраць пабаіцца.</p><p>Добра, калі так. Пайшоў мужык у пуню, а павадыр з мвдзведэем прымасціліся ў хаце. Лёг павадыр на лаву, шапку ў галаву, адзін бок падаслаў, другім накрыўся — вось і пасцель гатова.</p><p>А мядзведзя паклаў спаць ля печкі, бо той цеплыню любіў, як стары дзед. Заснулі.</p><p>Ноччу чорт, як вядзецца, скочыіў з ліпы на дах, з даха на комін залез і, падняўшы цэлую хмару сажы, з'ехаў па ім у пячурку. Агледзеўся—няма нічога ў печы, толькі адзін гаршчок стаць, з яго смачны пах ідзе. Адставіў ў загнетку, выцягнуў гаршчок на под, запаліў смярдзючую люльку ў добры кулак, адчыніў крышкў. Паваліў стуль сытны пах, залахла рэпай.</p><p>— Ага,—думае чорц—рэпа. Гэта я люблю. Сядзіць і ўмінае рэпу, а лушпаі кідае ў пакой, наніз. Мядзведзь таксама пах рэпы пачуў і пачаў лушпаі з моста падбіраць і есці. Ласае жывёла. Сапе, чаўкае, лапамі па падлозе водзіць. Чорту гэта апрыкрыла узяу ён качарэжку і глядзіць. У цемры добра не разгледзеў: яно й ёсць - думае - котка праклятая. I качаргой яе:</p><p>— А псік!</p><p>Зароў мядзведзь, схапіў чорта, сцягнуў за нагу на падлогу і давай яго мяць, ланцугом пярэсціць.</p><p>Чорт лямантаваць, чорт выкручвацца, толькі ж у мядзведзя лапы не з ваты зроблены: чорт нават асіп.</p><p>— Гаспадар — моліцца,— гаспадар! Ратуй! Аднімі! Гвалт! Павадыр спіць, быццам сляпога каня ў цыгана старгаваў, але ўрэшче ўчуў і мядзведзя — за хвост: цыц!</p><p>Чорт неяк выдраўся, люлькі з шапкаю пакінуў — і драла.</p><p>3 таго часу гаспадар з гаспадыняю сталі жыць ціха Ніхто не перашкаджае, не вые ў коміне, кацянят ад коткі (а яна іх адразу чацвярых у кошык спарадзіла) ніхто ў муку не кладзе.</p><p>Вось аднойчы арэ гаспадар і бачыць: ідзе нехта да яго цераз поле, такі сумны, нос кручком, на тонкіх, як лучыны, нагах, поўсць мокрая касмылямі звісае. А гэта той самы чорт цягнецца Скінуў шапку, вітаецца гжэчна</p><p>— Дзень добры, гаспадар.</p><p>— Дзень добры,— кажа мужык і, не спыняючыся, ідзе за канём. Толькі чуе, торгае яго чорт за паху:</p><p>— Мужык, а, мужыік...</p><p>— Чаго цябе?</p><p>— Ці ў цябе яшчэ тая котка, ці няма?</p><p>— А дзе ж ёй быць. У мяне, ды яшчэ чацвярых кацянят прывяла Усе як адзін падобны н а маці.</p><p>— Ну дык я да цябе болей ніколі не пайду, баюся, хоць мне й дужа трэба было паглядзець, ці цэлыя ірошы, бо там у цябе, пад печчу, у зямлі цэлая скрыня золата стаіць.</p><p>I пайшсў цераз поле як на хадулях. Сумны такі дыбае. А гаспадар даарау поле і -дадому. Раскапалі пад печчу зямлю і сапраўдыі скрыню золата знайшлі. Ну і гулянка ж была. На што ўжо я, а таксама выпіў. Але ж вы нікому гэтага не кажыце. Сорам!</p><empty-line/></section><section><title><p>Мужык і дзіва аднавокае</p></title><empty-line/><p>П’яны мужык дыбаў з радзін у сястры. Ідзе, хістаецца, дарога ў яго вачах знікае, яліны ўпрысядкі скачуць. А яму гора мала: спявае песні. Толькі чуе раптам:</p><p>- Пачакай жа, мужык!</p><p>Аглядзеўся - што за трасца з хваробай. Анікога. Ледзь пайшоў далей - зноў</p><p>- Ды пачакай жа ты!</p><p>Глянуў - і бачыць: сядзіць на двух ялінах дзіва аднавокае, гайдаецца на верхавінах, як на сенніку. Скокнула дзіва на зямлю і пачало перад мужыком расці. У таго й хмель знік:</p><p>- А што, мужык, калі б мне дзеля развагі з’есці цябе?</p><p>Мужык трохі падумаў і кажа</p><p>- Развага, вядома, добра, толькі давай я лепш табе раней нешта пакажу.</p><p>- Ану, - кажа дзіва.</p><p>Мужык выцягнуў крэсіва, выбіў на “грыб” цяпло, сціснуў яго зубамі, агнём унутр і пачаў дзьмухаць. За зубамі ў яго трут цепліцца, зубы сталі ружовымі наскрозь, і з роту дым заклубіўся.</p><p>- Бач ты, - кажа дзіва аднавокае, - відаць, што ты чалавек разумны. Толькі ўсё адно я цябе з’ем.</p><p>Мужык засумаваў жыватом, але няма чаго рабіць - сарвалася справа.</p><p>- А дзе ты мяне есці думаеш? - пытае. - Я б лепей ля хаты жадаў быць з’едзеным. Тут недалёка, вярсты чатыры.</p><p>- Пайшлі, - кажа дзіва, - усё адно ўвесь азадак мохам аброс.</p><p>- Так ісці нецікава, - кажа мужык, - давай лепей адзін на другім па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю і датуль будзеш ехаць, пакуль усіх спеваў, якія ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, і ты мне будзеш везці, пакуль я ўсіх сваіх не прапяю.</p><p>- Добра, - кажа дзіва, - я першы палезу.</p><p>І з гэтым - скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккі. Вось мярзота!</p><p>Пачало дзіва аднавокае спяваць, але ж калі патрэбна нешта прыпомніць -яно не прыйдзе ў галаву. Так і тут, не йдуць песні на язык. Няма чаго рабіць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькі ўскочыў дзіву на горб, так і запеў усім вядомую песню “У папа быў сабака”.</p><p>Ехалі, ехалі, дзіва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.</p><p>- Ого, - адпавядае мужык, - калі б ты ў маё становішча патрапіла - і не тое б заспяваў.</p><p>Агеньчыкі вёскі заміргалі. Як жа ж гэта ад дзівы аднавокага пазбыцца, -думае мужык.</p><p>- Хопіць, прыехалі, - кажа дзіва, - абдурыў ты мяне, мужык.</p><p>- Гм, - кажа той, - а ты, дзіва, чараваць можаш?</p><p>- Эге.</p><p>- Ну дык давай мы з табой вып’ем.</p><p>Дзіва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калі ўстала - там бутэлька гарэлкі ляжала і розная страва Выпілі ўдвох, мужык і кажа:</p><p>- Залезці туды зможаш?</p><p>Дзіва падскочыла - і туды “шчупачком”.</p><p>А мужык коркам бутэльку запхнуў і кажа: “Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла”.</p><p>І пайшоў да вёскі, а дзіва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкі выпускае, як хрушч з сернічковай скрынкі. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчыніць корак і запіхне назад лапку. А дзіва лямантуе:</p><p>- Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.</p><p>І пачало сыпацца стуль кавалачкамі. Мужык давай гэтыя кавалкі лавіць і зноў на месца піхаць. А сам мармыча:</p><p>- Вось дзіва! Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.</p><p>А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкі і крычыць ёй:</p><p>- Хрысцінка, твой мужык па вуліцы йдзе п’яны-расп’яны і на чарцей</p><p>палюе.</p><p>Выглянула тая, і сапраўды бачыць такое: стаіць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п’яны, вочы без усякага сэнсу.</p><p>Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловіць і запіхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:</p><p>- Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.</p><empty-line/></section><section><title><p>Рыбін цар</p></title><empty-line/><p>Глыбока на дне возера ляжыць рыбін цар. Ніхто яго не бачыў з людзей, а таму й не ведае: рыба ён ці яшчэ хто. Ляжыць ён на дне, раслінамі вадзянымі, як коўдрай, абгарнуўся і носам сапе. А на паверхню ад яго сапа бурбалкі выскакваюць.</p><p>Вясною людзі спусцяцца на ваду, затрубяць - хлыне каламутная вада патокам. Прачнецца рыбін цар на дне ракі і пачне расчэсваць зялёную барадзішчу. Зашавеляцца водараслі зялёныя, заскачуць па іх срэбныя маляты - старому і гожа!</p><p>Часам сонца прыпячэ - і тады яшчэ тлум цару выпаўзаюць русалкі грэцца ў затоку, а зноў у ваду патрапіць не здольны. Вядома, дзеці! Плавае ён ля берагоў цалюткі дзень і за ногі іх стуль валочыць. Дасць пару разоў шасціпалай ручышчай па мяккаму месцу, а потым, каб непатрэбнага рову не было, пачастуе рачым вокам, альбо скрыдлышкам мухі.</p><p>Потым лета настае, і рыбін цар, каб людзей не пудзіць, яшчэ глыбачэй у ваду заточваецца. Ляжа ў віры і ляжыць.</p><p>Улетку русалкі на зямлю выходзяць і лезуць на дрэвы, каб грэцца на месячным святле. Сумна без іх дзеду, падплывае да млына, высуне галаву з вады, і разбягуцца па ёй, цёплай, як сырадой, колы. Глядзіць ён з віра, чырвоная яго морда вачыма лыпае, шавеляцца вусы. Млын пад месяцам сінім святлом адлівае, ціхі смех з садкоў нясецца. Ані ветрыку, ані гучнага шуму.</p><p>Шмат летам працы рыбінаму цару: павінуючыся яго загадам, пераплывае рыба з аднаго возера ў другое, з гэтай ракі - у іншую. Харчуецца. Усім трэба харч і месца для ікрамёту. Але любіць рыбін цар і дурэць: то жабу ўцісне ў нерат замест рыбы - весяліся, рыбак, то туды ж сікоў напіхае. А то кароў, якія, бызнуўшы, стаяць у вадзе, выдаіць да апошняй кроплі. Але ўсё гэта не ад злосці. Наадварот, калі галадэча - выкіне ён на бераг груды рыбы, як гэта ў Нарачы калісь здарылася...</p><p>Восень ціха крочыць. Ляжыць рыбін цар у віры, а дождж барабаніць па вадзе, як па даху. Прытульна, цёпла. Засынаюць азёры. Зрэдку праплыве лебедзь і пакіне за сабою дарожку святла Праз яе бачна шэрае, плакучае неба. Вось і апошні жораў пратрубіў над рэкамі, і тады пачынае цар сваіх рыб у віры зганяць, тванню накрываць. Цёпла ім, добра! А потым пачынае ў апошні раз абыходзіць свае масткі. Ідзе пад вадою: шэрая вада, расліны вадзяныя холад пасцінаў, рыб няма, ракі ў сваіх пячорах зазімавалі. Высуне “надворак” галаву: касабочыцца над грэбляю шэрая павільгатнеўшая млынарня, ляжаць сярод абшараў зялёныя рэдкія чатырохкутнікі, грукоча дзесь малацілка.</p><p>Усё схавалі скнары-людзі, сцягнулі ў пуні і клуні, абдзёрлі чыста палі і сады. Нясуцца па нізкім небе шэрыя хмары. Глядзіць рыбін цар на сонныя абшары, а з нябёсаў шэры дождж льецца.</p><p>- Бр-р-р, гэтак і змякнуць можна, - і ныр зноў на дно.</p><p>Ляжыць у віры і сумуе. Памерлі палі, памерла рака!</p><p>А на яго падаюць бурыя лісты, твань зацягвае.</p><p>Добрай зімы!</p><empty-line/></section><section><title><p>Пан тванны, шляхціч багняны</p></title><empty-line/><p>Балота! Качкарнік пакрыты рудай сухой травою, а паміж ім чарнее масляністая вада. Крапае дробны, дужа цёплы дожджык, і грэюцца пад ім жабкі. Тырчыць па ўскраі калючая асака, жорсткі белавус, сітняг. Жабак ніхто не пудзіць, і яны нават крэкчуць ад задавальнення.</p><p>Але што гэта? Закалыхалася ў адным месцы асака і высунулася стуль хітрая мордачка. Вусны яе смяюцца, нос піпкаю і пад ілбом задзірыстыя рожкі. Гэта балотны чорцік. Ускочыў на купіну, рукі ў бокі.</p><p>- А ну, жабкі, хто я такі?</p><p>Адна маладая, не бачыўшая свету жабка кажа:</p><p>- Чорцік балотны.</p><p>- Зноў за сваё, - абурыўся той. - Я гэтаму балоту вялікі гасудар, і вы павінны мне павагу выказваць. Тытул мой поўны ведаеце? Забылі, гады падкалодныя! Паўтарайце за мною: цар балотны, вялікі князь німярэчны, князь межыточны, магнат тванны, шляхціч багняны, альховы і сітняговы, кароль вужыны і водаблышыны, усіх вялікіх, малых і белых пацукоў уладар.</p><p>Складна прыдумаў, але жабкам гэта ўсё запомніць нельга; у іх мозаку амаль няма. Супыняюцца, блытаюцца. Раззлаваўся тыран, схапіў адну жабку, уставіў сцябліну ёй і пачаў дзьмухаць без суда і следства. Тая ўжо зусім як барабан зрабілася. Жабкі трывалі, трывалі, а потым пачалі бясчынствуючага гасудара лупіць.</p><p>Зароў той, пакінуў жабкам палову хваста і ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў і пачаў слёзы махнатым кулаком выціраць.</p><p>Па справах і пакуты!</p><empty-line/></section><section><title><p>Ноч</p></title><empty-line/><p>Скача ноч над зямлёю на чорным кані. Адрываюцца, падаюць з яе плашча ўніз залатыя зоркі, і пушча ловіць іх пушыстымі рукамі, прымае нячутна і мякка ложыць на зямлю. Унізе агеньчыкі згаслі, дрыжыць свет салаўіным спевам. Мякка перабірае капытамі ў паветры стомлены чорны конь. І твар у ночы чорны, на чорных валасах чорная карона і на юнацкім целе чорныя латы.</p><p>Спіце, людзі, вартуе ноч верна ваш сон. Хутка зоймецца світанак, выйдзе на бойку з ноччу зара ружовая, пачне пускаць ночы ў твар сонечныя дзіды. Няроўная бойка, сцячэ цела ночы крывёй уласнаю - шэрым туманом, упадзе яно ў балоты, цёмныя лясы ды на дно глыбокіх азёр.</p><p>Але далёка яшчэ да святла: толькі-толькі праспявалі першыя пеўні, вадкая суцень паўсюль, цішыня.</p><p>Скача ноч на бязгучным, перабіраючым капытамі чорным кані, і падаюць, адрываюцца з яе плашча залатыя зоры.</p><empty-line/></section><section><title><p>Куцька</p></title><empty-line/><p>Ляжыць на двары за дравяніцаю на грудку сена Куцька-шчанюк. Нешта не бярэ яго сон, ці то блохі расскакаліся па голым плямістым пузе, ці то яшчэ нешта, толькі мучыць яго нешта жудаснае, сабачае, тужлівае.</p><p>Холадна, працягнуліся ад дома і пуні густыя чорныя сцені, і па-над дахамі выплывае чырвоны месяц, смяецца. І ад гэтага месяца такая ахвота завыць шчанюку, проста жах. І ўсё яму здаецца, што за адрынаю стаіць нехта, шэры і без галавы, і вось-вось накінецца на яго, Куцьку, і пацягне некуды. І на самай справе, пачаў месяц у небе смяяцца і скакаць і ўсё бліжэй-бліжэй да Куцькі. Заціснуўся ён у самы кут, зарыўся ў салому: не так страхліва, калі спіна прыкрыта.</p><p>- Ну што, - кажа месяц Куцьку, - сёння маленькага гаспадара за нагу кусануў, костку з кухні сцягнуў? А чыя гэта там, пад сталом, пляма?</p><p>Хоча Куцька адказаць, што гэта ён ненарокам зрабіў, што больш не будзе -голасу няма.</p><p>- Ну добра, - кажа месяц, - гля-адзі ў мяне. Вось цябе зараз за гэта “нештачка” забярэ.</p><p>Дый схаваўся на гэтым за хмарку, канчаткова цёмна стала. І бачыць Куцька, нешта за адрынаю зарухалася, і вось стуль “нештачка” выходзіць, шэрае, як туман, і без галавы.</p><p>- А-а-а-а, во-о-ось ён, - і ідзе да яго, растапырыўшы рукі.</p><p>Ускочыў Куцька і кінуўся бегчы, але ногі ў яго не рухаюцца - быццам прысталі да зямлі. Заскугліў ён жаласліва, перабірае нагамі. А “нештачка” ўсё бліжэй... А-ай!</p><p>Бачыць - нічога няма. Тыя ж сцені ад дома, той жа месяц над дахамі, раўнадушны і спакойны, і сам ён, Куцька, ляжыць на падсцілцы на тым жа самым месцы і яшчэ нагамі рухае. Узрадаваўся. Вось я які храбры, нават “нештачка” спудзілася і ўцякло.</p><p>Ззяў месяц, і грызліся блохі.</p><empty-line/></section><section><title><p>Вераб'ёва цешча</p></title><empty-line/><p>Ва ўдовінага вераб’я цешча памерла ад злосці. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есці, а потым адумаўся. Якая б ні была, а ўсё-такі цешча. І вырашыў ён цешчы багатыя памінкі справіць. Сабраліся ў яго на акне за налічнікам іншыя вераб’і, елі смачных чырвоных рабакоў і розных казюль, пілі бярозавы квас і мёд з жалудовай шкарлупы. Упіліся моцна і пачалі біцца і песні спяваць.</p><p>А тут котка, лёгкая на ўспамін, села ля налічніка, жоўтымі вачыма блішчыць, не выпускае нікога. Ды з п’яных вачэй і не пабачыў ніхто. Кажа верабей:</p><p>- Эх, і надвор’е, месяц ззяе, цёпла... Каб быў госцем - даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзін легкадумны маладзенькі верабейчык - і назад, ледзь жывую душу ўратаваў.</p><p>А гаспадар куражыцца: “Ды што, ды я яе”. Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю і паляцеў на котку навальніцаю.</p><p>- Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!</p><p>Вераб’і ўсе адзін на аднаго падобны...</p><p>Котка ад гэтага націску разгубілася, пачала адступаць, а потым пытае:</p><p>- Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб’ю?</p><p>- Так, - кажа верабей, а сам ужо прахалануў і дрыжыць, як ліст.</p><p>- Ох, не зайздрошчу я яму.</p><p>Ды ад страху як скочыць у дзядоўнік. Госці пайшлі, а верабей замысліўся.</p><p>- Хто зараз за мяне з маім мяккім характарам з суседзямі, з ворагамі, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.</p><p>І заплакаў.</p><p>І цешча іншы раз карыснай бывае.</p><empty-line/></section><section><title><p>Старая казка</p></title><empty-line/><p>Вясною, ледзь пабеглі ручаі і падзьмуў халодны вецер, падчас якога выпускае сваё лісце дуб, прачнулася ў дупле старой ліпы дачка ляснога цара. Пацягнулася соладка і прыпомніла адразу, што зноў усё лета пройдзе ў яе без кахання. Моцна вартуе яе лясны цар, і няма вакол нікога, каму б магла яна цёплае слова сказаць, чорнымі косамі шыю абвіць, пацалаваць у ружовыя вусны. Не зноў жа на аленях усё лета ездзіць. Засумавала, наліліся ў яе слязьмі прыгожыя вочы.</p><p>А ў гэты час далёка і блізка-блізка жалейка пастухова запела. Пяе жалейка, і вось расчыняюцца на дрэвах пупышкі, ручаі хутчэй бягуць, “сон” махнаты і пралескі заквятаюць.</p><p>І бачыць лясная царэўна пастуха. У яго вочы блакітныя, валасы на спіну спадаюць, цераз плячо гулкая пуга звесілася, кашуля белая на плячах, а на нагах стракатыя поршні.</p><p>Вось падыходзіць ён да яе, у вачах яго, як ласка, неба блакітнае. Спявай, жалеечка! Абняў ён яе і панёс з лесу на паляны светлыя, на зялёныя палі. У вусны яе цалуе, косы расчэсвае, сплятае на іх вянок. Каралева мая майская! - кажа. А там паўсюль святло і сонца, не тое што тут, дзе ўся зямля на аршын заімшэла і ваўкі бегаюць, даўлячы мухаморы махнатымі лапамі. Да сонца! Да людзей!</p><p>Спявае, спявае жалеечка, нясецца з ветрам у твар лясной царэўне спеў кахання, і, як зоры, чырвоныя кветкі на галінах расчыняюцца.</p><p>Але ўсё далей і далей гукі: мусіць, абыходзіць статак. Вось і апошні водгук жалейкі з ветрам здалёку данёсся.</p><p>Працягнула царэўна насустрач ветру ломкія рукі...</p><p>- Мілы мой! Каханне маё!</p><empty-line/></section></body></FictionBook>