<?xml version="1.0" encoding="utf-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>child_tale</genre><author><first-name>Уладзімір</first-name><middle-name>Сямёнавіч</middle-name><last-name>Караткевіч</last-name></author><book-title>Чортаў скарб</book-title><date/><lang>be</lang><src-lang>be</src-lang></title-info><document-info><author><nickname>Bartimeyse</nickname></author><program-used>calibre 0.9.20, FictionBook Editor Release 2.6, fb2cut 2.5.4, fb2cut 2.6.2</program-used><date value="2013-02-23">23.2.2013</date><id>f0ec7764-22f4-4f7a-ba07-7873393e3d84</id><version>2.0</version></document-info></description><body><section><title><p>Уладзімір Караткевіч</p><p>Чортаў скарб</p></title><empty-line/><p>У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі... Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывём, стаяла, а можа, і цяпер стаіць, адна хата.</p><p>А жыў у гэтай хаце селянін па імені Янка. Здаровы, як зубр, добры і не дужа мудры. Было ў яго пяцьдзесят сыноў, сорак валоў і кошка. Ну, можа, не пяцьдзесят сыноў, а тры, не сорак валоў, а два. Але кошка была, гэта ўжо можаце мне паверыць. Пярэстая. З чатырма лапамі. З адным хвастом.</p><p>Араў Янка зямлю, пасвіў каровы і хмары. І жыў бы зусім добра, каб не звалілася на яго бяда.</p><p>Было гэта даўно. Так даўно, што на Беларусі тады яшчэ вадзіліся чэрці. І ў кожнага з тых чарцей было сваё месца працы.</p><p>Адзін жыў у вадзе, пасвіў шчупакоў, лінёў ды акунёў. Быў зялёны і калматы, вельмі падобны на купу твані. Звалі яго Вадзянік.</p><p>Другі жыў у лесе, пасвіў аленяў і быў падобны на аброслы мохам пень. Калі сустрэнеш, то і не адрозніш. Звалі яго Лесавік.</p><p>Але быў і трэці, што жыў па хатах і пасвіў цвыркуноў. Гэта быў самы шкодны. Рожкі ў яго былі, як у козкі, зубкі, як часначок, хвосцік, як памялцо.</p><p>І аблюбаваў гэты чорт Янкаву хату. І не тое каб са злосці шкодзіў, а проста быў свавольнік. Толькі ад тых свавольстваў Янку аж плакаць хацелася. Дзіва што! Ты ж таксама не ад злосці сваволіш? Ну вось, а бацькі часам плачуць. Кепска!</p><p>Не стала ў хаце ад чорта спакою. Пазаплятае коням грывы так, што пасля не расчэшаш, а думаюць на сыноў. Вяршкі з малака зліжа, а думаюць на бедную кошку. Часам узімку так завые ў коміне, што ў людзей мароз па скуры, і страшна на двор выходзіць. Ці забярэцца ў комін, з'едзе па ім і насыпле ў капусту сажы.</p><p>А то раніцай вынуць з печы пірог і здзівяцца: на пірагу невялічкі адбітак. Гэта чорт на гарачае цеста адпачываць садзіўся. Грэўся з марозу.</p><p>Зусім не стала жыцця. Янка ішоў начаваць, нават у холад, на сена ў адрыну. Ледзь бедных дзяцей не памарозіў. І вырашыў урэшце, праз гэтыя чортавы выбрыкі, забіць хату дошкамі і падавацца з дзецьмі, коньмі, валамі і кошкай некуды за свет. Кінуўшы сваю радзіму, цёмныя пушчы, светлыя рэкі ды чыстыя воды. І стала б на Беларусі меней яшчэ адной сялянскай хатай, каб не пачуліся аднойчы вечарам на дарозе цяжкія крокі.</p><poem><stanza><v>Тупу-тупу-тупу,</v><v>Нясе Мішка ступу.</v><v>У ступе ўперамешку</v><v>Цукар і арэшкі,</v><v>Разынкі й цукеркі</v><v>У залатой паперцы.</v><v>Па шляхах, палетках</v><v>Нясе Мішка дзеткам</v><v>Салодкую ступу.</v><v>Тупу-тупу-тупу...</v></stanza></poem><p>Ішоў павадыр з мядзведзем. Хадзілі яны ад сяла да сяла.</p><p>Павадыр песні спяваў і граў на цымбалах. А мядзведзь паказваў, як бабы ваду носяць ды як дзеці гарох крадуць. І гэтым яны з мядзведзем карміліся.</p><p>- Здароў, Янка. Ці не пусціш нас з Мішкам пераначаваць? - спытаў павадыр.</p><p>- Мне што! Начуйце, - адказаў Янка. - Толькі ж я сам на сене сплю.</p><p>- А што такое?</p><p>- Ды чорт у мяне ў хаце завёўся. Так сваволіць, што ратунку няма. Верыш, на пірагах адпачывае. У коміне вые. І часам у цёмныя ночы нешта ў падпеччы, як жар, гарыць. Страшна.</p><p>- Гэ-э, - сказаў павадыр. - Не ўсе ж такія неразумныя, як твайго бацькі дзеці. Каб гэта павадыр, ды яшчэ з мядзведзем, нейкага там чорта спалохаўся? Не бывала яшчэ такога на свеце.</p><p>- То ідзі. Капусты пад'еш. Там яшчэ гаршчок з паранай рэпай ёсць, дык калі нічога за ноч не здарыцца, то раніцай падсілкуешся. А я на сена. Як сцямнее, я ў хату ісці баюся.</p><p>Ну вось, пасёрбаў павадыр капусты, пакарміў Мішку ды заваліўся дрыхнуць на лаве. А мядзведзь прымасціўся ля печы і таксама засоп на ўсе насавыя загорткі.</p><p>Гэта было так даўно, што тады яшчэ на Беларусі нават бульбы не вадзілася. Сказаць каму - не павераць. Замест бульбы парылі рэпу ці бручку. І вось спіць павадыр і сніць, як ён заўтра смачна будзе рэпай снедаць.</p><p>Толькі глухая ноч запала - чорт тут як тут. Скаціўся комінам, узняўшы цэлую хмару сажы, і пачаў у печы, злодзей такі, шнарыць і мацаць. Як кажуць, ты за парог, а ён за пірог. Узняў накрыўку. Павеяла сытым духам.</p><p>«Ага, рэпа. Вось гэта якраз тое, што мне трэба. Я люблю рэпу».</p><p>Але ж у печы цёмна, як... у печы. То чорт адсунуў засланку, вывалак гаршчок на прыпечак, сеў, звесіўшы ногі, і пачаў ласавацца салодкай паранай рэпай, а лушпайкі ўніз кідаць.</p><p>«Нічога, гаспадыня заўтра падмяце. Трэба ж, каб і ёй работа была».</p><p>Упала адна лушпіна мядзведзю на нос, і той прачнуўся. Злізнуў з носа - салодка. І пачаў Мішка ў цемры нюхаць, знаходзіць лушпінне ды чмякаць.</p><p>Чорт пачуў, што нехта ўнізе чмякае ды ліжа. А ён жа ведаў, што ў хаце нікога, акрамя кошкі, няма. І вось нейкая там кошка чмякае ды сапе і не дае яму, чорту, чужой рэпы спакойна пад'есці.</p><p>Развярнуўся ён ды і піхнуў кошку нагой.</p><p>- Апсік! Апсік, гадасць такая!</p><p>Ну вось. А мядзведзь гэта табе не кошка. І я табе даваць мядзведзю выспятка ніколі не раю.</p><p>Пакрыўдзіўся Мішка. Згроб чорта ў ахапак, сцягнуў з прыпечка і давай яго мяць, давай яго прасаваць, давай яго лапамі валтузіць ды калашмаціць, давай абходжваць, лупцаваць, малаціць ды дубасіць, давай яго за рогі круціць як сідараву казу ды дзерці смяротным боем.</p><p>Ледзь вырваўся чорт з мядзведжых абдымкаў Узляцеў на прыпечак. Сяк-так выкараскаўся праз комін. Скаціўся са страхі ды і чкурнуў далей ад хаты. У пушчу, як ашалелы.</p><p>А мядзведзь, задаўшы чорту чосу, зноў заснуў як пшаніцу прадаўшы.</p><p>Раніцаю ўсе ўсталі і падумалі, што гэта мядзведзь рэпу еў. Здзівіліся, што не пабаяўся лезці ў гарачую печ, і ўзрадаваліся, што з'еў зусім мала. Што ж, мядзведзь не першы і не апошні ў свеце адказваў за чужыя грахі.</p><p>Пасля ўсе даелі тое, што заставалася ў гаршку. Мядзведзь нават яшчэ паскакаў дзецям. І пайшлі яны з павадыром зноў ад мястэчка да мястэчка, ад сяла да сяла. Пад сонцам і дажджом. </p><poem><stanza><v>Тупу-тупу-тупу,</v><v>Нясе Мішка ступу...</v></stanza></poem><p>Але з таго часу чортава гарэзаванне як нажом адрэзала. Коні здаровыя, сажы ў капусце няма, на пірагах ніхто не адпачывае. У коміне, праўда, нехта часам вые, і з падпечку часта нешта свеціць, але гэта ўжо цярпець можна. Раздумаў Янка кідаць сваю хату.</p><p>Толькі на гэтым гісторыя не скончылася, не думайце. Неяк пад восень араў Янка свой клін пад азіміну. Мокра, касы дождж, нізкія чорныя хмары. Аж бачыць, з-пад хмар, з самага акаёму нехта ідзе да яго па раллі. Прыгледзеўся - ага, стары знаёмы, чорт.</p><p>Ідзе ўвесь мокры, як цуцык пад залевай. На кожным капытцы па пуду гліны наліпла. Пад носам ад прастуды вісіць вялізная кропля. А насоўкі ж ён не мае. Як ты часам, калі дома забудзеш. А капытом не дужа высмаркаешся. Ідзе такі няшчасны, такі жаласны і ўбогі, што нават Янка яго пашкадаваў</p><p>- Ты куды гэта?</p><p>- А так, - сказаў чорт. - У свет.</p><p>Памаўчалі. Пасля чорт пытае:</p><p>- А скажы ты мне, ці ўсё яшчэ ў цябе тая кошка?</p><p>Янка быў чалавек не дужа мудры ды і не ведаў, пра якую кошку размова.</p><p>- Анягож, - кажа. - Ясна, што ў мяне. Ды яшчэ і шасцёра кацянят прынесла.</p><p>- І ўсе ў матку?</p><p>- Ага. Усе пярэстыя, з чатырма лапамі, з адным хвастом.</p><p>- З лапамі, з лапамі, - сказаў чорт. - Даліся мне тыя лапы. Дальбог, аж шасцёра!</p><p>- Ну, то я, мабыць, ніколі да цябе не прыйду, - уздыхнуў чорт. - А трэба было б. Дужа трэба.</p><p>- Гэта чаму?</p><p>- Ат! Закапаў я ў цябе ў падпеччы казан з золатам. Скарб. І трэба было выкапаць, але як я тваю кошку ўспомню - бр-р-р! - ну яго. Хай прападае.</p><p>- Ты, як зусім змерзнеш, прыходзь. Глядзіш, рэпу зварыш, дзяцей пакалышаш.</p><p>- Н-не. Кошкі баюся. А рэпы я цяпер да самай смерці ў вочы бачыць не магу.</p><p>Ды і пайшоў сабе полем, пад дождж, ледзь цягнучы пудовыя ногі. Такі гаротны небарака.</p><p>А Янка даараў клін і пайшоў дахаты. І толькі там успомніў, што нештачка ў падпечку свяціла і чорт пра нейкі скарб казаў</p><p>Пачалі капаць у падпеччы - і на табе! - выкапалі вялізны закураны казан з золатам і чырвонцамі. Нібы жар, разлілося святло па хаце. Так ужо свяціла, так паліла, так пякло, што ўсе аж распранацца пачалі.</p><p>Чорт пасля таго ў моцныя маразы ўсё ж прыходзіў. Толькі прасіў кошку ў каморку выкідаць. Капусту Янка варыў і дзяцей калыхаў. З таго часу і пайшла прыказка, што «шчасліваму і чорт дзяцей калыша».</p><p>А на той чортаў скарб паставіў Янка сабе і ўсяму наваколлю новыя хаты, свірны, адрыны, новыя стайні. Сады пасадзіў, млын паставіў.</p><p>Ва ўсіх сялян па сорак сыноў ды дачок, па сорак коней ды валоў. І ўсе хаты як звон... І ў кожнай хаце на акне, на сонейку кошык. А ў кожным кошыку кошка. І ў кожнай кошкі па шасцёра кацянят. Во шчасце дык шчасце!</p><p>І таму, калі ты жывеш шчасна і радасна, ніколі не дражні мядзведзя ў звярынцы і не кідай у кошку не тое што каменем, а нават мяккай грудкай зямлі. Бо гэта ж яны зрабілі калісьці так, што табе добра. Ды і наогул ні ў кога нічым не кідай і нікога не дражні.</p><p>Тады ўсім будзе хораша на гэтай прыгожай зямлі, што ляжыць крышку бліжэй Сонца і крышку далей ад Месяца. Людзі будуць працаваць, кошкі будуць вуркатаць, а мядзведзі насіць табе і ўсім іншым дзецям салодкія ступы...</p><poem><stanza><v>Тупу-тупу-тупу.</v></stanza></poem></section></body></FictionBook>