<?xml version="1.0" encoding="utf-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>child_tale</genre><author><first-name>Уладзімір</first-name><middle-name>Сямёнавіч</middle-name><last-name>Караткевіч</last-name></author><book-title>Кацёл з каменьчыкамі</book-title><date/><lang>be</lang><src-lang>be</src-lang></title-info><document-info><author><nickname>Bartimeyse</nickname></author><program-used>calibre 0.9.20, FictionBook Editor Release 2.6, fb2cut 2.5.4, fb2cut 2.6.2</program-used><date value="2013-02-23">23.2.2013</date><id>97f2def9-981d-42f9-8d61-7af21aad62b8</id><version>2.0</version></document-info></description><body><section><title><p>Уладзімір Караткевіч</p><p>Кацёл з каменьчыкамі</p></title><empty-line/><p>Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бярвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна - той і проста на падлозе.</p><p>І ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу з табой даўніну.</p><p>Ці бачылі вы паўночныя нашы ўзгоркі? Яны не дужа высокія, але ўсё ж верас на іх некалькі дзён раней робіцца сівы. Ад падмарозкаў.</p><p>І сівыя робяцца старадаўнія валуны, камяніскі, камяні, каменьчыкі. А пасля пачынаюць пакрывацца шкляным, ружовым на ўсходзе лядком - заберагам, шматлікія нашы з табой азёры. А выкапаную бульбу даўно ўжо звезлі ў хаты і свірны, звалілі ў капцы.</p><p>Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне яшчэ не было тады бульбы.</p><p>Стаялі тады на беразе маленькага чыстага возера - існае вочка зямлі - дзве хаты. У адной, багатай ды ганарлівай, жыў мужык Ігнат. Нядобры ён быў чалавек, жонку замарыў работай, дзеці ад хатняга рабства ў свет пайшлі. А гаспадар усё не ўтаймоўваецца, усё пад сябе грабе. Усё наваколле прыдушыў, глытай.</p><p>- Забыўся, што ў труны кішэняў няма, - горка пажартавала добрая Мар'я, бліжэйшая суседка. Бо яе хата бліжэй за ўсіх стаяла. Хата яшчэ з дзядоў, моцная, але зусім недагледжаная. Бо гаспадара ўзялі на вайну і засталася жанчына адна з маленькімі дзецьмі. Аж пяцёра, і кожнае на пстрычку ніжэй за другое. І кожнае ўвесь час галоднае.</p><p>Пакуль бацька быў, сяк-так перабіваліся, а тут...</p><p>Словам, запанаваў на нашай зямлі самы страшны, самы подлы грэх, імя якому Несправядлівасць. Гэта калі адзін не можа заснуць, бо аб'еўся, а другі - бо галодны. А дзеці - дык тыя нават плачуць з голаду. Кепска. Ніколі не дапамагай Несправядлівасці. За іншае, можа, і даруюць. За гэтае - не.</p><p>...Позняя, халодная была вясна. Такое самае лета. А восень яшчэ горай. Завылі вятры, уздзьмуліся рэкі, пашалелі азёры. Сатлелі травы на паплавах. Ад бацькі чуткі няма. Прыйшла чарга Мар'і ісці па дапамогу да суседа. А той сядзіць, далоні пад азадак паклаў ды пыхкае, як вожык. Нажэрся, свіння свіннёю.</p><p>- Ну што?</p><p>- Пазыч мне, суседзе, меру ячменю ды меру фасолі. Я табе за гэта вясной адраблю.</p><p>- Адро-обе. Вясно-ою. Вясной усё наваколле адрабляць прыйдзе. А ты да таго часу ледзь ногі цягаць будзеш, а шчанюкі твае, можа, і не пацягнуць зусім. А можа, ты і ўдава цяпер. То й ён не адробіць. Не дам.</p><p>Рабіць няма чаго. Прыйшла бедная жанчына ў сваю халупу і, не запаліўшы нават лучынкі, упала на ўслон.</p><p>Цёмна. Цёмна за акном. Цёмна. Нізкія чорныя хмары і выхаду няма.</p><p>Да іншых суседзяў бегчы? Памаглі б, але і там тое самае. А дзецям што? Дзеці не ведаюць, як дарослым хлеб дастаецца. Цяжкай працай, часам - прыніжэннем. Калі зразумеюць - пашкадуюць. А тут плачуць толькі на розныя галасы: «Сільна і слёзна», як у старых кнігах пісалі:</p><p>- Матухна!</p><p>- Зязюленька!</p><p>- Пакармі нас!</p><p>- Хлебца дай!</p><p>- Акраец!</p><p>Што рабіць беднай Мар'і. Вырашыла яна дзяцей падмануць.</p><p>- Вы ляжыце зараз. Засніце. А я пайду бабоў назбіраю. Навару ды буду вас карміць.</p><p>Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма.</p><p>Варацца каменьчыкі. Паснулі дзеці. Супакоіліся. Разбудзіць матка, - наядуцца. Варацца каменьчыкі - да канца свету ім варыцца. Да канца свету плакаць матцы.</p><p>Ажно ўваходзіць у хату нейкі чалавек. Сам доўгі, кашчавы, з кіем, з торбай, адкуль нейкія травы тырчаць. І вочы пранізлівыя.</p><p>- Добры вечар у хату. Пусціце абагрэцца.</p><p>- Грэйся, добры чалавек. Толькі пачаставаць цябе няма чым.</p><p>- А што ж у катле варыш?</p><p>- Гэта, добры чалавек, каб дзяцей прысыпіць да заўтра, - і прыўзняла крышку катла.</p><p>- Гэт-та што такое?</p><p>- Камні. Муж у войску - можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці - не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці.</p><p>- Што ж ён?! Дзецям не даў?! Проста дзецям?!</p><p>- Не даў.</p><p>- Д-добра, - сказаў незнаёмы. - Бяры кацёл. Пайшлі. Прыйшлі на надзел. Незнаёмы паставіў кацёл, азірнуўся: ля хаты Ігнат стаіць. Цікуе. А што гэта яны там робяць? Чаго кацёл прынеслі?</p><p>А незнаёмы той быў Вялікі Чараўнік. Толькі чараваць яму ў жыцці дадзена было тысячу разоў і засталіся лічаныя разы. І нічога ён тым сваім чараўніцтвам не дабіўся. Як дагэтуль ішло, так і пасля.</p><p>«Але тут, - думае, - здужаю».</p><p>Узяў ён з катла жменю каменьчыкаў і са свістам, як з сявенькі, сыпануў па раллі. І яшчэ, і яшчэ, і яшчэ.</p><p>- Што ж ты, - паскардзілася Мар'я. - Так загон благі, а ты яшчэ й каменьчыкамі, што сабрала, падсяваеш.</p><p>- Маўчы, - сказаў той. - Глядзі, што будзе.</p><p>- Так ёй, - сказаў Ігнат. - Таксама мне, дзеці. Ва ўсіх дзеці. Муж на вайне. Гм, таксама мне, страшная штука вайна.</p><p>А незнаёмы сыпе і сыпе. Увесь загон каменьчыкамі засеяў Россып. Дзецца няма дзе.</p><p>Мар'я плача. Ігнат смяецца. Балаган на кірмашы, і толькі.</p><p>- Глядзі, жанчына, - сказаў незнаёмы.</p><p>Тая зірнула - і вачам не паверыла: растуць каменьчыкі. Вунь ужо камяні сталі. Памерам з два кулакі.</p><p>- Збяры частку, пакладзі ў кацёл, - сказаў незнаёмы. - Пастаў варыць дзецям.</p><p>У Ігната вочы на лоб палезлі. А жанчына панесла кацёл з каменнямі ў хату. Прыйшла - камяні яшчэ падраслі.</p><p>- Глядзі, жанчына, за адзін дзень я табе ўсё пакажу. Заўтра будзеш капаць. А ва ўсе наступныя разы будзе гэта цягнуцца цэлае лета. Глядзі.</p><p>І тут камяні пачалі зарывацца ў зямлю. Як ружовыя, жоўтыя і белыя парсючкі. Ігнат аж счумеў. Вачыма толькі водзіць, нібы ў чужы гарох залез, а яго, злодзея, заспелі.</p><p>Пачакалі яны крыху - з'явіліся з зямлі парасткі, гусцець пачалі.</p><p>- Прынясі, кабета, матыку, - сказаў незнаёмы.</p><p>Тая прынесла. Расточкі ўжо ў кусцікі ператварыліся.</p><p>- Пацяпай вось так. Загарні ім ножкі ў кажушок... І яшчэ раз загарні. А кусцікі ўжо амаль кусты.</p><p>І вось на кустах заззяла мора кветак. Белыя, ружовыя, лілаватыя, ружова-белыя зорачкі. І ўсе з жоўтым сэрцайкам.</p><p>- Вось цяпер можаш іх памацаць на выбар, - сказаў незнаёмы. - Гэта як дзеці галодныя.</p><p>І выняў два камяні з-пад куста.</p><p>Пасля засумавалі кусты, паблякла іх лакіравана-шурпатая, зялёная зверху і матавая спадыспаду паверхня, пасохла гікаўё.</p><p>- Ну вось, заўтра будзеш капаць. На ўсю зіму хопіць, - сказаў незнаёмы. - І з суседзямі падзяліся.</p><p>- Ясна, - сказала Мар'я, бо ўжо далятаў з хаты сыты, некаменны дух. - З суседзямі найперш.</p><p>- Мне! Мне! - кінуўся Ігнат. - Мне перш за ўсё! Я іх кармлю-паю!</p><p>- І на работу наймаеш? - спытаў незнаёмы. Выняў адзін камень, і той закурэў у ягоных руках, а чалавек разламаў яго, пасаліў і стаў есці. - І не адмовіў ім у ежы, калі галадалі?</p><p>- Мне! Мне! Наймаю, кармлю.</p><p>- Добра, - сказаў незнаёмы. - Набяры кацёл каменьчыкаў са свайго поля. Ды хутчэй.</p><p>Ігнат чуйдух прыляцеў з катлом. Самых буйных, з кулак, камянёў нацягаў.</p><p>- Во! Во! У мяне ж і каменьчыкі. Во ў мяне, дык камні з кулак. А гэтыя ж лайдакі, хіба ў іх камні. Слёзы, а не камні.</p><p>- Слёзы, - сказаў незнаёмы. - Дык хочаш, каб у цябе яшчэ больш стала? Усё ж ёсць. Што даў - такі і плод.</p><p>- Мне! Мне! У мяне і камні.</p><p>- Глядзі-і, - сказаў незнаёмы і сыпануў камяні па Ігнатавым полі. І яшчэ. І яшчэ. Засеяў усё поле.</p><p>- Ну вось. Даў сёння хлеба яе дзецям?</p><p>- А што? Галадранцы. Самога з'ядуць, як мяккі будзеш.</p><p>Незнаёмы махнуў рукой.</p><p>Камні пачалі расці. Усе ўтрох стаялі і глядзелі, як яны растуць: каменьчыкі - камні - камяні - камяніскі. Усё поле закрылі. Ігнат аж падскочыў.</p><p>- Ну чакайце, за такімі вы яшчэ й да мяне прыбяжыце. Прыйдзеце, любенькія, як прыпрэ.</p><p>Паглядзеў на яго незнаёмы, плюнуў.</p><p>- Ну вось, маеш, - сказаў.</p><p>- А чаму яны не зарываюцца?</p><p>- А таму, што вечна ім заставацца на вачах у людзей, як кожнаму скнарству, як кожнай жорсткасці, як кожнай нелюбові да людзей, як кожнай Несправядлівасці.</p><p>І пайшоў з жанчынай да яе хаты.</p><p>Кінуўся шчаслівы гаспадар да поля - не поле, а суцэльная каменная крушня. Валуны велічынёю з хату. На тысячу год наперад з зямлі вылезлі.</p><p>Пакуль дзеці, незнаёмы і жанчына елі ў хаце «камяні» - усё наваколле чула з-за каменнага мура дзікі віск і выццё. Выў і рыкаў Ігнат.</p><p>А пасля незнаёмы ўстаў.</p><p>- Пайду, - сказаў ён, закінуўшы за плечы торбу.</p><p>- Чым мне табе аддзячыць?</p><p>- Нічым. Дабрынёю да людзей. Ды гэтага дабра ў цябе заўжды хапала.</p><p>- Пайду пагляджу, як сусед. Звар'яцеў, пэўна.</p><p>- Нічога. Я ж кажу... дабра ў нас хапала. Залішне.</p><p>І пайшоў у свет, абапіраючыся на кій. Пад касыя асеннія хмары. Насустрач пералётам, што, калючыя, каціліся яму пад ногі. Ужо зводдаль азірнуўся - Мар'я і дзеці глядзелі яму ўслед, маленькія на чорнай раллі.</p><p>- Гэй! А імя ёй будзе - Бульба! - крыкнуў ім незнаёмы.</p><p>І так з'явілася на Беларусі Бульба.</p></section></body></FictionBook>