<?xml version="1.0" encoding="utf-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>lyrics</genre><genre>poetry</genre><author><first-name>Адам</first-name><last-name>Міцкевіч</last-name></author><book-title>Свіцязь</book-title><date/><lang>be</lang></title-info><document-info><author><nickname>Bartimeyse</nickname></author><program-used>calibre 0.9.23, FictionBook Editor Release 2.6, fb2cut 2.5.4, fb2cut 2.6.2</program-used><date value="2013-11-14">3.11.2013</date><id>901caebf-ed36-4068-8861-a93748064274</id><version>1.0</version></document-info><publish-info><book-name>Гражына : Вершы і паэмы: З польскай / Адам Міцкевіч; [Уклад. І.Дабрыян]. - Мн. : Маст. літ., 2003. - 253, [1] с.</book-name><publisher>Мастацкая літаратура</publisher><city>Мінск</city><year>2003</year><isbn>985-02-0630-6</isbn></publish-info></description><body><title><p>Адам Міцкевіч</p><p>Свіцязь</p></title><epigraph><p>Міхалу Верашчаку</p></epigraph><section><subtitle>Балада</subtitle><poem><stanza><v>Калі навагрудскія ўбачыш прасторы,</v><v>Ракітнік разгалісты, нізкі, —</v><v>Каня супыні ля плужынскага бору,</v><v>Каб глянуць на возера зблізку.</v></stanza><stanza><v>Гушчар лесу пахне чаборам і мёдам,</v><v>Жывіцы настоем смалістым.</v><v>Там возера Свіцязь, як шыбіна люду,</v><v>Ляжыць паміж дрэваў цяністых.</v></stanza><stanza><v>Калі пад'язджаеш начною парою</v><v>І станеш да возера тварам, —</v><v>Мігцяць зоркі ў небе, мігцяць пад табою</v><v>Мігціць там і месяцаў пара.</v></stanza><stanza><v>Не знаеш, — з-пад ног, можа, гэта шкляная</v><v>Ідзе аж да неба дарога</v><v>Ці неба шкляное скляпенне схіляе</v><v>Табе аж пад самыя ногі!</v></stanza><stanza><v>І той, другі, бераг убачыць не ў сілах —</v><v>З вышынямі возера зліта.</v><v>Нібыта вісіш ты на птахавых крылах</v><v>У нейкім бяздонні блакіту!</v></stanza><stanza><v>Так ноччу прыемна памыляцца вочы</v><v>Пры добрай, пры яснай пагодзе.</v><v>Ды толькі да возера зорнага ноччу</v><v>3 храбрэйшых храбрэц падыходзіць.</v></stanza><stanza><v>Бо там вырабляе нячысцік такое!</v><v>Між хваль вадзяны там плюскоча.</v><v>Дрыжу, як дзяды мне гавораць пра тое,</v><v>Успомніць аж страх перад ноччу.</v></stanza><stanza><v>То ў возеры гоман, то лямант вялікі,</v><v>То ўспыхне агонь сіняваты.</v><v>Гул бітвы, лязг зброі, жаночыя крыкі,</v><v>Галошанне, звону раскаты.</v></stanza><stanza><v>А ў міг — дым асядзе і крык суціхае,</v><v>І толькі лес ціха шапоча,</v><v>Ды ў возеры хтосьці малітвы чытае,</v><v>Чуваць сумны голас дзявочы.</v></stanza><stanza><v>А што гэта? Людзі плятуць хто што зможа,</v><v>На дно ж з іх ніхто не спускаўся.</v><v>То гэтак раскажуць, то йнакш казку зложаць,</v><v>А хто з іх да праўды дабраўся?</v></stanza><stanza><v>І пан той, якому ад прадзедаў гэты</v><v>Куток чарадзейны дастаўся, —</v><v>І многія зімы, і многія леты</v><v>Раскрыць таямніцу стараўся.</v></stanza><stanza><v>І ён загадаў: «Лес рубіце і рэжце!..»</v><v>Чаўны й караблі збудавалі.</v><v>І невад глыбокі — стоп ажно дзвесце —</v><v>Вязалі, старанна спляталі.</v></stanza><stanza><v>Я раіў, падказваў, што з Богам патрэбна,</v><v>Належна рабіць, без паспеху.</v><v>У касцёлах бліжэйшых далі на малебны.</v><v>І з Цырына пробашч прыехаў.</v></stanza><stanza><v>На беразе стаў ён, надзеў свае шаты.</v><v>Крапіў ён вадою святою.</v><v>Вось пан даў каманду, і ветразі ўзняты,</v><v>І невад ідзе пад вадою.</v></stanza><stanza><v>І ён валачэ паплаўкі за сабою,</v><v>Вяроўкі напяты. Глыбока</v><v>Затоплены невад, ідзе пад вадою</v><v>Не злоўлена, мусіць, ні вока!</v></stanza><stanza><v>На бераг ужо два крылы узвалілі,</v><v>Карма, нібы невада рэшта…</v><v>Ці чулі, якое страхоцце злавілі?</v><v>Ніхто не паверыць, хоць рэжце!</v></stanza><stanza><v>Аднак вам скажу я: зусім не пачвара,</v><v>А проста жывая дзяўчына.</v><v>Шаўковыя косы, бялявая з твару,</v><v>А вусны яе, як маліна.</v></stanza><stanza><v>На бераг выходзіць. Адны — ўраз наўцёкі,</v><v>Другія нібы скамянелі.</v><v>А словы красуні тае сінявокай</v><v>Прыемна, пяшчотна гучэлі:</v></stanza><stanza><v>«Адкрыю сваю таямніцу народу:</v><v>Тапельцаў ляжыць тут нямала.</v><v>Хто толькі спускаўся на гэтыя воды, —</v><v>На дно таго возера брала.</v></stanza><stanza><v>І ты б, храбры, гэта з дружынай адведаў,</v><v>Загінуў бы ў спрэчцы няроўнай,</v><v>Ды шчасце — тут край твайго прадзеда, дзеда,</v><v>Ты з нашай радні, ты нам кроўны.</v></stanza><stanza><v>За тое, што вы акрапілі тут воды,</v><v>Па-боску зрабілі чын-чынам, —</v><v>Маімі Бог вуснамі скажа народу</v><v>Гісторыю гэтых глыбіняў.</v></stanza><stanza><v>Дзе сёння шуміць бор спрадвечны, вынёслы,</v><v>Дзе цар-зелле, лозы ды травы;</v><v>Дзе вашы ўзлятаюць над хвалямі вёслы, —</v><v>Быў горад калісьці на славу!</v></stanza><stanza><v>Быў Свіцязь, як рыцар, — яму ўся пашана,</v><v>Жылі ў ім красуні-дзяўчаты.</v><v>У часы панавання тут князя Тугана</v><v>Рос горад магутны, багаты.</v></stanza><stanza><v>І лес не шумеў тут дрымотны са смуткам,</v><v>Звінела калоссе пшаніцы.</v><v>Адсюль былі бачны муры Навагрудка, —</v><v>У той час літоўскай сталіцы.</v></stanza><stanza><v>Цар грозны аднойчы напаў на Мендога,</v><v>Канец прыйшоў ладу й спакою.</v><v>На ўсю Літву пала бяда і трывога:</v><v>Заплаціць Мендог галавою?!</v></stanza><stanza><v>Пакуль сцягнуў войска з далёкай граніцы,</v><v>Да бацькі майго Мендог піша:</v><v>„Туган! На табе абарона сталіцы,</v><v>Патрэбна, каб з войскам ты выйшаў“.</v></stanza><stanza><v>Той ліст прачытаўшы, Туган кліча войска:</v><v>„На бітву! Драмаць нам няможна!..“</v><v>І стала адразу пяць тысяч геройскіх, —</v><v>І конны, і ўзброены кожны.</v></stanza><stanza><v>І трубы зайгралі, а трубаў тых гукі —</v><v>Склікаюць пад сцягі змагацца.</v><v>У горы Туган заламаў раптам рукі,</v><v>Ад брамы зноў скача к палацу</v></stanza><stanza><v>І кажа мне: „Хоць я чужых уратую, —</v><v>Загінуць уласныя людзі,</v><v>Бо ведаеш, Свіцязь жа толькі вартуюць —</v><v>Булаты і нашыя грудзі!</v></stanza><stanza><v>Калі папалам раздзялю я дружыну, —</v><v>Мендогу малая апора;</v><v>Калі ж к Навагрудку я ўсю яе кіну, —</v><v>То вам тут адным будзе гора!“</v></stanza><stanza><v>Кажу яму: „Бацька, вядзі сваю сілу,</v><v>Ідзі, куды клікнула слава!</v><v>Нас Бог абароніць, анёла я сніла, —</v><v>Над горадам нашым ён плаваў,</v></stanza><stanza><v>Маланкаю-мечам абвіў наўкол Свіцязь,</v><v>Раскрыў залацістыя пёры,</v><v>Сказаў мне: „Спакойна працуйце і спіце,</v><v>Я з вамі — не будзеце ў горы“.</v></stanza><stanza><v>Паслухаў Туган — удагон за дружынай…</v><v>Ды толькі, як ноч наступіла, —</v><v>І грукат, і тупат — то грознай лавінай</v><v>Варожая копіцца сіла!</v></stanza><stanza><v>Як грымнуць тараны, град ядраў, камення.</v><v>Упалі са скрогатам брамы.</v><v>Старыя, жанчыны — на плошчу ў імгненне,</v><v>Услед бягуць дзеці за мамай.</v></stanza><stanza><v>І крыкі, і лямант: „Што будзе тут з намі?</v><v>Русь хлынула, Русь атакуе!</v><v>Ах! Лепей жыцця мы пазбавімся самі, —</v><v>Ад ганьбы хай смерць уратуе!“</v></stanza><stanza><v>І ў гневе паходні распальваюць ярка,</v><v>Кастры палыхаюць траскуча:</v><v>У попел — нажыткі, у дым — гаспадаркі,</v><v>А крыкі — са злобай пякучай:</v></stanza><stanza><v>„Праклён жа таму, хто сам сёння не згіне!“</v><v>Да смерці да ўласнай гатовы,</v><v>Ужо і сякеры блішчаць лязом сінім, —</v><v>І людзі схіляюць галовы…</v></stanza><stanza><v>Ці здасца — ў палоне звіняць ланцугамі,</v><v>Жыць рабскім жыццём непрыгожым?</v><v>Або сябе знішчыць сваімі рукамі?..</v><v>— Дзе выйсце, — крычу я, — о Божа?!</v></stanza><stanza><v>Калі ўжо скарыцца нам ворагу трэба,</v><v>Калі бярэ верх яго сіла, —</v><v>Няхай нас ударыць гром з яснага неба,</v><v>Хай прыме жывых нас магіла!“</v></stanza><stanza><v>І раптам праменнае нешта між ночы</v><v>Мяне абвіло белізною.</v><v>У дол апускаю спалохана вочы —</v><v>Зямлі ўжо няма пада мною!</v></stanza><stanza><v>Мы так уцяклі, не пайшлі ў паланянкі</v><v>Да ворага… Глянь — зеляніна:</v><v>І зелле, і кветкі — то ўсё Свіцязянкі, —</v><v>Нас Бог абярнуў у расліны.</v></stanza><stanza><v>Лісты ўсе зялёныя, нібы ў яліны</v><v>Ігліцы, як выбеліць іней.</v><v>Плывуць над вадою, як пух лебядзіны,</v><v>Бялеюць над безданню сіняй.</v></stanza><stanza><v>Як знак чысціні, і вось гэтай парою</v><v>У колер у белы адзеты.</v><v>І той, хто кранецца крывавай рукою, —</v><v>Не ўбачыць ён белага свету.</v></stanza><stanza><v>Адчуў на самім сабе цар рускі гэта,</v><v>Адчула ягоная світа:</v><v>Нарвалі на беразе возера кветак, —</v><v>Галовы вянкамі абвіты.</v></stanza><stanza><v>Ды толькі хто браў кветкі гэтыя ў рукі, —</v><v>Была ў іх жахлівая сіла, —</v><v>Той падаў і енчыў, і корчыўся ў муках,</v><v>Таго смерць адразу касіла.</v></stanza><stanza><v>Прайшлі з таго часу, мінулі стагоддзі,</v><v>Ды ў памяць аб тым пакаранні,</v><v>„Царамі“ завуць тыя кветкі ў народзе.</v><v>У песні старой, у паданні…»</v></stanza><stanza><v>І вось адыходзіць красуня памалу,</v><v>Чаўны патанулі і сеці…</v><v>Шум чуецца ў пушчы, ўздымаецца хваля</v><v>І грозна на бераг нясецца.</v></stanza><stanza><v>Да дна расхінаюцца раптам глыбіні,</v><v>Ўскіпае віроў завіруха:</v><v>Туды праваліліся ў бездань дзяўчына,</v><v>І болей — ні слуху, ні духу.</v></stanza></poem></section></body></FictionBook>