<?xml version="1.0" encoding="utf-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>prose_contemporary</genre><author><first-name>Паліна</first-name><last-name>Качаткова</last-name></author><book-title>Кватэра № 0</book-title><date/><lang>ru</lang></title-info><document-info><author><first-name>Паліна</first-name><last-name>Качаткова</last-name></author><program-used>calibre 2.53.0, FictionBook Editor Release 2.6.6, fb2cut 2.5.4, fb2cut 2.6.2</program-used><date value="2019-07-27">27.7.2019</date><id>cced2c08-6b25-4ba6-a73e-f2b06bad4aa2</id><version>1.0</version></document-info><publish-info><year>0101</year></publish-info></description><body><section><empty-line/><p><strong>Паліна КАЧАТКОВА</strong></p><empty-line/><p><strong>КВАТЭРА № 0</strong></p><empty-line/><p><strong>Частка 1. Рыбак</strong></p><empty-line/><p>— Ці жывуць тут людзі?</p><p>Маладая жанчына адчыніла высокія цяжкія дзверы і ўбачыла Старую жанчыну. З пад’езда падзьмула холадам, якраз у гэты момант нехта заходзіў з вуліцы, а кватэра была на першым паверсе, першай ад увахода.</p><p>— ЯК ДОБРА, нарэшце ў гэтай кватэры жывуць людзі, — працягвала Старая жанчына. — Вы жывяце тут? — удакладніла яна.</p><p>— Так, я тут жыву.</p><p>— Як добра, што вы тут жывяце, але... — яна зрабіла паўзу, як бы падбіраючы словы, — але калі вам раптам... раптам будзе, зробіцца... страшна, вы прыходзьце да мяне. Я Цыля Львоўна, і я жыву паверхам вышэй — у такой жа кватэры, як гэтая, як ваша кватэра.</p><p>У пад’ездзе зусім холадна, холадна стаяць нават каля адчыненых у кватэру дзвярэй, і Маладая жанчына прапанавала Цылі Львоўне зайсці, але тая адмовілася і пайшла на другі паверх — да сябе.</p><p>Маладая жанчына зачыніла дзверы кватэры на першым паверсе. Яна вярнулася да перапыненага занятку — упрыгожвання ялінкі. Быў 1996 год, яна ўпершыню адзначала Каляды ў гэтай кватэры, таму ёй давялося схадзіць у найбліжэйшую ад дома краму (а гэта быў ГУМ), каб набыць ёлачныя цацкі. Шары і дожджык, бліскучы дожджык — вось што яна хацела набыць.</p><p>Хацела набыць шары, каб усе былі рознага колеру, і дожджык, зялёны ці залацісты. Але шары ў ГУМе прадаваліся толькі ў наборах — аднаколерныя.</p><p>Падлічыўшы грошы, яна вырашыла купіць набор срэбных шароў: каб атрымаць рознакаляровыя, яна мусіла набыць тры розныя наборы, а гэта было нерэальна. І дожджык прадаваўся толькі срэбны. Ад рознакаляровага свята давялося адмовіцца — набыла срэбныя шары і срэбны дожджык, хаця хацела штосьці зялёна-фіялетава-сіне-залацістае. Свята будзе срэбным.</p><p>Ялінка ўжо стаяла ў пакоі ў трохлітровым слоіку з вадой, пастаўленым у вядро, вядро было прымацавана да паркету скотчам. Ялінка будзе ўпрыгожаная срэбнымі шарамі і срэбным дожджыкам, быццам бы яна так захацела, спланавала, і ніхто не зразумее, што хацела яна зусім іншага.</p><p>І ялінка... Ялінка прыехала ў кватэру ў багажніку машыны яе каханка, ці, як кажуць, сябра. Хаця ці можна назваць гэта сяброўствам? Не, сяброўства — зусім іншае. У багажніку былі дзве ялінкі, толькі адна паехала далей — да сям’і яе «сябра».</p><p>А адна была занесена ў кватэру. А магло быць наадварот, тая ялінка засталася б ёй, а гэтая паехала б туды...</p><p>Думкі былі троху блытаныя, як заўжды, яна не магла зразумець, чаму ўсё адбываецца так, як адбываецца, і, што галоўнае, — хто ўплывае на тое, каб адбылося так, а не інакш. Ведала, што чалавек, які прывёз ялінку, прыйдзе да яе на свята.</p><p>Скажа дома, што паедзе на рыбалку, і з’явіцца ў абліччы зімовага рыбака — са скрыняй, з прыладамі і ў кажуху.</p><p>А пасля ад яе сапраўды паедзе на рыбалку, бо зімовая рыбалка для яго — сапраўднае свята.</p><p>Людзі па-рознаму адчуваюць сябе ў перадкалядны таямнічы і зіхоткі час.</p><p>Хочацца быць гераіняй паштоўкі з бліскучым снегам, маленькай ялінкай і дамком са свечачкай на падваконні. Але хто ж возьме цябе на тую паштоўку?</p><p>«Сама сябе, у абдымкі — і на самую любімую паштоўку. Толькі так яно і магчыма, баюся, — так параіла ёй сяброўка. — Трэба ўпрыгожыць ялінку, паставіць свечачкі — і ўлезці ў паштоўку. Пажадана яшчэ паклікаць сяброў, відаць, у ідэале».</p><p>Накінула куртку і пайшла выносіць смецце, дом быў стары, пасляваенны, без смеццеправода.</p><p>У марозным паветры моцна адчуваўся пах кухні — ад рэстарана, што месціўся ў тым жа доме. Тое, што зусім нядаўна было калюжынамі, замерзла і ператварылася ў ледзяную бугрыстую паверхню, быццам бы замерзла хвалістае мора. Ісці па такой ледзяной паверхні трэба асцярожна, каб не паваліцца на лёд.</p><p>— Стаяць!</p><p>Спынілася. Перад ёй стаяў высокі Мужчына:</p><p>— Леанід, — прадставіўся ён.</p><p>Каля Леаніда стаяў чорны пудзель.</p><p>Яна нахілілася, каб пагладзіць сабаку, і зразумела, што сабака зусім стары — уся барада ў яго была сівая, і ён цяжка дыхаў.</p><p>— Ці не твае гэта сяброўкі пілі ўчора на пляцоўцы паміж першым і другім паверхам?</p><p>— НЕ.</p><p>Яна спалохалася такога пачатку размовы.</p><p>— Ладна, я жартую. На самай справе я хацеў даведацца, чаму ты жывеш тут, у самым эпіцэнтры Мінска.</p><p>— У ЭПІЦЭНТРЫ?</p><p>Згадала заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. І малюнак з ядзерным грыбам.</p><p>— А ты нічога не адчуваеш у гэтай кватэры?</p><p>— Што я мушу адчуваць?</p><p>— Такое... накшталт туману? Туману, які ахутвае цябе... Як ты спіш? Жахі сняцца?</p><p>Яна шмат працавала апошнім часам і практычна не думала ні пра што, апрача працы і грошай, якія можна зарабіць працай. Часам думала пра свой лёс і пустую долю, але пра гэта — усё менш і менш. Стомленая, ледзь даходзіла да сваёй новай цёмна-чырвонай канапы (нізкай, амаль упоравень з падлогай), валілася і засынала. Ці былі жахлівыя сны і трызненні? Хто яго ведае, былі — не былі. Рэчаіснасць была як трызненне. Але яе сяброўка, якая заначавала ў яе аднойчы пасля карпаратыву, падхапілася пад раніцу з лямантам: «Як ты тут жывеш!» і сталі ліхаманкава збірацца дадому, дзе яе чакалі муж і дзеці. Заявіла, што ўсю ноч яе нехта душыў. Але гэта больш падобна да гісторыі пра посталкагольнае пачуццё віны і прадчуванне сямейнага скандалу.</p><p>— Пакажы мне сваю кватэру, — запатрабаваў Леанід.</p><p>І яна, як загіпнатызаваная, павяла яго за сабой, за імі пайшоў і стары чорны пудзель.</p><p>Не паспелі яны пераступіць парог, як ён рэзка схапіў яе і пацягнуў да сябе.</p><p>— Вы што?</p><p>Выкручвалася ад яго як магла.</p><p>— Ты яшчэ не ведаеш, хто я на самай справе, — казаў ён ёй.</p><p>— Якая мне розніца?</p><p>— Леанід! Леанід! — пачуўся з панадворку жаночы голас.</p><p>На кухні завыў, падаў голас чорны пудзель.</p><p>— Ідзіце, вас ужо жонка шукае.</p><p>— Я яшчэ адпомшчу табе, — паабяцаў ён і выйшаў за дзверы разам з пудзелем.</p><p>Напусціла глыбокую чыгунную ванну, залезла ў гарачую ваду і глядзела, як на руках і ўсім целе праяўляюцца сінякі. Пасля дайшла да канапы і правалілася ў сон. Быў вечар, яшчэ не позна, а яна заснула.</p><p>Абуджэнне было нечаканым, прачнулася ад таго, што адчула нейчую прысутнасць. Дакладней, не прысутнасць, а так — пах мужчынскай парфумы.</p><p>Рэзкі пах адэкалону, чужога, незнаёмага, але... Так пахла ад ветэранаў, якім яны ў школе на 9 Мая дарылі кветкі. І яшчэ пах тытуню. Пахла, быццам побач знаходзіўся чалавек. Яна падскочыла. Нікога не было. Зусім нікога. Адна ў кватэры.</p><p>Закруціўшыся ў халат, з ключамі ў руках — у стылы пад’езд і да суседкі.</p><p>Яе быццам чакалі ў гэтым невялікім пакоі з пустым акварыумам, з адшліфаванымі морам каменьчыкамі і сухой марской зоркай — дыскападобнае цела, да якога прымацаваныя пяць промняў-рук.</p><p>— Ад мужа застаўся акварыум... Ён вельмі любіў акварыумы. Гэта апошні, астатнія аддала ў дзіцячы дом. Ведаеце, да вайны я працавала ў дзіцячым доме, не тут, не ў Мінску, у Гомелі, мы паспелі эвакуявацца разам з дзецьмі. Калі збіралі дзіцячы эшалон, начальства казала, што прадукты браць не трэба, што ўсё дададуць «на месцы»... Яны яшчэ шмат чаго казалі і абяцалі, але сэнс усіх прамоваў быў у тым, што прадукты не трэба браць з сабой, што дзяржава паклапоціцца...</p><p>Я была маладая, але здолела дамагчыся таго, што ў наш вагон далі прадукты. Мы доўга ехалі, ні на якім «месцы» нам нічога не далі, і з нашага вагона карміўся ўвесь эшалон.</p><p>Я працавала з наймалодшымі дзецьмі. Мы іх вучылі па сістэме Фрыдрыха Фрэбеля.</p><p>— Па гэтай сістэме выхоўвала сваіх дзяцей Марыя Апанасаўна Багдановіч, маці паэта.</p><p>— Сістэма была моднай і да вайны, яе практыкавалі і ў нашым дзіцячым доме, а пасля... Усе сістэмы зніклі і засталася адна савецкая педагогіка.</p><p>— Я прыйшла, бо вы сказалі прыйсці, калі будзе страшна. Я сапраўды адчула нешта такое... Мне стала страшна. Чаму вы спыталі «ці жывуць тут людзі?», калі прыйшлі да мяне. Гэта кватэра нумар адзін, хіба ў ёй не жылі людзі?</p><p>— Што вы адчулі?</p><p>— Пахі... Пах мужчынскай парфумы, якога не павінна было быць. Рэзкі пах мужчынскага адэкалону і тытуню.</p><p>— Так, так, як раней казалі, мужчына мусіць быць чыста паголены і крыху п’яны.</p><p>— Наконт «п’яны» я не ўпэўненая. Але пах быў, быццам бы чалавек побач, а нікога не было.</p><p>Сухая марская зорка ў акварыуме на імгненне нагадала калядную зорку, але толькі на імгненне. І яна прыпомніла, што некаторыя віды марскіх зорак выварочваюць свой страўнік вонкі, каб ахутаць і пераварыць ахвяру-малюска.</p><p>— Гэтая кватэра... можна сказаць, што гэта кватэра нумар нуль, нумар адзін на ёй з’явіўся якраз перад тым, як вы з’явіліся ў гэтай кватэры.</p><p>— Кватэра нумар нуль?</p><p>— Так, былі такія кватэры... дзе людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ, сустракаліся са сваімі куратарамі.</p><p>— У кватэрах? Навошта?</p><p>— Для таго, каб ніхто не заўважыў. Чалавек сярод белага дня не заходзіць у будынак КДБ, а павярнуў у арку, забег у пад’езд і — шмыг у першыя ж дзверы. Ці мала хто да каго ідзе, можа ў госці, можа па справах.</p><p>— Так, па справах.</p><p>— І гэта кватэра была менавіта такая, пакуль не з’явіліся вы, і... ведаеце што, я зраблю вам падарунак.</p><p>— Ой, што вы, што вы, не турбуйцеся.</p><p>— А гэта і не зусім мае падарункі, гэта дарункі ад Фрыдрыха Фрэбеля. Для развіцця дзіцяці ў самым раннім веку Фрэбель прапанаваў шэсць «дарункаў». Першы з іх — мячыкі.</p><p>— А для чаго яны, мячыкі?</p><p>— Каб выхавацель мог паказваць дзіцёнку мячыкі рознага колеру, развіваючы такім чынам яго здольнасць адрозніваць колеры. Разгойдваючы шарык у розныя бакі і прыгаворваючы «наперад-назад», «угару-ўніз», «направа-налева» — так выхавацель знаёміць дзіця з прасторавымі ўяўленнямі. Паказваючы шарык на далоні і хаваючы яго, прыгаворваючы пры гэтым: «Ёсць мячык — няма мячыка», знаёміць дзіця са сцвярджэннем і адмаўленнем.</p><p>Суседка працягнула ёй невялікія мяккія, ваўняныя мячыкі, пафарбаваныя ў розныя колеры — чырвоны, памаранчавы, жоўты, зялёны, сіні, фіялетавы (гэта значыць колеры вясёлкі) і белы. Кожны мячык-шар — на матузку.</p><p>Яшчэ з лесвіцы яна ўбачыла, што каля яе кватэры стаіць чалавек у зімовым строі рыбака са скрыняй з прыладамі і пакункам з прадуктамі. Быццам бы нічога не змянілася, усё, як запланавалі.</p><empty-line/><p><strong>Частка 2. Хлопчык у кватэры № 0</strong></p><empty-line/><p>Надыходзіць момант, і ў галаве ўключаецца гадзіннік.</p><p>Уначы і на досвітку гук гадзінніка найбольш выразны.</p><p>Гадзіннік уключаеццца, калі падзеі заканчваюца, а жыццё перастае адбывацца, усё выглядае чужым, змяняе колеры і водары.</p><p>Разумееш — твой час сыходзіць, заканчваецца.</p><p>Прыадчыненая брамка зачыняецца.</p><p>Час таксама зменіцца. Час да з’яўлення гадзінніка пачне сціскацца — успаміны сцірацца, а пасля з’яўлення гадзінніка час будзе, як жэлацінавае жэле — вязкі безсэнсоўны. Па-за часовае жэле. Час, у якім адбываецца тое, што не мае ніякага дачынення да цябе.</p><p>Як адчуць той момант, калі жывое жыццё ператваецца ў гісторыю альбо забыццё?</p><p>Красавік. 1997 год.</p><p>У Мінску на асфальце праспекта Францыска Скарыны хістаюццаа цені дрэваў. Вецер кідае пыл на вусны.</p><p>Парэшткі зімы яшчэ не змытыя дажджамі.</p><p>...Твары ў красавіку ўражваюць — быццам людзі выйшлі з падзямелляў — колеры — зямля са снегам.</p><p>Красавік 1997 года. На Плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёлу нешта гарэла і дыміла.</p><p>Дзяўчына выйшла з паштамту. Яшчэ адчувала пах клею ад пасылкі.</p><p>— Дзялімае — не дзялімае?</p><p>Незразумелае пытанне задала дзяўчыне супрацоўніца на Галоўпаштапце.</p><p>— Што?</p><p>— Дзялімае — не дзялімае? — супрацоўніца паштампту зрабіла рух рукамі, быццам раздзіраючы нешта на часткі.</p><p>І тады дзяўчына зразумела, што пытанне тычыцца пасылкі «дзялімае» — гэта тое, што дзеліцца на часткі, а «не дзялімае» — гэта адна рэч, якая не дзеліцца.</p><p>— Дзялімае, — адказала яна, здала пасылку, а пасля, з пахам клею і абгортачнай паперы на руках, выйшла з Галоўпаштампту — з бакавога выхаду, на вуліцу імя Свярдлова.</p><p>Каля Чырвонага касцёлу хістаўся натоўп і гарэла пудзіла. Ужо дагарала. Пудзіла, падобнае на тое, што спальваюць на провадах зімы. Толькі там пудзіла жаночае, а тут — мужчынскае.</p><p>Тое, што пудзіла — не жаночае, а мужчынскае, дзяўчына паспела зразумець па агульных абрысах. Пудзіла не паспела дагарэць, звалілася пад ногі натоўпу. Там яго, відаць, затапталі.</p><p>Дзяўчына пайшла да Чырвонага касцёлу.</p><p>Натоўп тым часам яшчэ больш расхістаўся, захваляваўся.</p><p>З Чырвонага касцёла выйшаў ксёндз і стаў ля дзвярэй. Назіраў.</p><p>Дзяўчына ўбачыла калегу з маленькім сынам — школьнікам малодшых класаў. За спіною у хлопчыка быў ранец.</p><p>— Пачакайце тут, ля касцёла, — сказаў ён — і кінуўся ў натоўп.</p><p>Дзяўчына засталася стаяць з хлопчыкам ля касцёла. І адначасова натоўп, як пачаліны рой, зняўся з месца і рушыў да паштамту і на праспект. І амаль адразу На мяжы Плошчы з праспектам з’явіліся людзі ў шэрай плямістай форме, у шлемах, падобных на яйкі. Чорна-шэрыя бліскучыя яйкі. Яйкі дыназаўраў. Яйкі, з якіх нараджаюцца цмокі.</p><p>Людзі з дубінкамі хутка прабегліся і выцягнуліся ў ланцуг, які падзяліў натоўп на часткі: калона рушыла па праспекце ўдоўж паштамту, рэшта людзей засталася на Плошчы.</p><p>Людзей, якія засталіся ля касцёла, рабілася ўсё меней, яны разыходзіліся, ксёндз таксама сышоў.</p><p>Дзяўчына загаварыла з яшчэ адным знаёмым, які трымаў транспарант з нейкім лозунгам — яна нават прачытаць не паспела. Хацела параіцца, што ёй рабіць, але ён хутка адказаў:</p><p>— Час пікету скончыўся.</p><p>Згарнуў транспарант і паспешліва сышоў.</p><p>Трэба было рухацца, стаяць на месцы не мела сэнсу.</p><p>— Мы можам пайсці рознымі шляхамі, — звярнулася дзяўчына да хлопчыка, — паўз... Ты бачыў калі-небудзь турму? Я пакажу табе турму. Ці паспрабаваць прайсці праз гэтыя шэрагі, можа, яны нас прапусцяць.</p><p>—Я хачу ісці так, каб бачыць тату.</p><p>Дзяўчына глянула ў бок паштамту. Там віравала: над галовамі ўздымаліся і апускался дубінкі. Ужо пачалі біць.</p><p>— Значыць, мы хутка пройдзем каля турмы, выйдзем на праспект каля крамы кружэлак. І пабачым твайго тату...</p><p>Яны рушылі да Валадаркі, прайшлі праз ачапленне. Іх моўчкі прапусцілі — людзі са шкарлупіннем на галаве.</p><p>Прайшлі ля белых турэмных муроў і па вуліцы імя Валадарскага выйшлі на праспект. Карціна была, як ў сне — з аднаго боку праспекту па ходніках ішлі людзі, як звычайна, а на другім баку амапаўцы змагаліся з дэманстрантамі — махалі дубінкамі.</p><p>— Дзе тата? — спытаў хлопчык.</p><p>— Там.</p><p>Было страшна і няясна, чым скончыцца. Каля ГУМу зноў ланцуг, зноў круглыя, бліскучыя галовы ў шлемах.</p><p>І дзяўчыну з хлопчыкам зноў прапусцілі, расступіліся перад імі. Моўчкі. Праз арку яны зайшлі ў двор, пасля ў пад’езд, дзе на першым паверсе жыла дзяўчына.</p><p>У кватэры дзяўчына ўключыла тэлевізар — паказвалі добра толькі дзве праграмы, так, што можна было глядзець: беларуская і расейская.</p><p>— Ёсць мульцікі, і ёсць навіны, што будзеш глядзець? — звярнулася яна да хлопчыка.</p><p>— Навіны.</p><p>Канал быў расійскі, але паказвалі навіны з Мінску.</p><p>«...черепно-мозговые травмы, по некоторым сведениям, есть убитые».</p><p>Забітыя!??</p><p>Хлопчык сядзеў на канапе з цёмна-бардовай абіўкай перад тэлевізарам. Канапу дапамагла выбраць і набыць сяброўка. Добра дапамагла, нібыта набывала для сябе. Разам ездзілі ў Дом мэблі на Камароўцы. Цёмна-бардовая канапа, абабітая матэрыялам, падобным на плюш, з выпуклымі хвалямі, у раскладзеным выглядзе вельмі нізкая — як матрац, які ляжыць на падлозе. Канапа дзяўчыне падабалася. За выбар канапы яна была сяброўцы ўдзячная.</p><p>З намі не можа адбыцца нічога такога, чаго няма ў нашай падсвядомасці. Але ці можа побач з намі існаваць нешта не нашае, нябачнае, ледзь адчувальнае і незразумелае, што не належыць нам, а прыцягвае здарэнні і людзей? Было ж такое, што адчувала ў гэтай кватэры дзяўчына рэзкі пах адэкалону, які невядома каму належаў. Пах моцнага тытуню. Не наш час, не нашыя пахі — рэзкія, выразныя, добра акрэсленыя. Суседзі падказалі, што ад часу пабудовы дома ў кватэры ніколі не жылі людзі. Тут была службовая кватэра, у якой супрацоўнікі савецкіх спецслужбаў сустракаліся са сваімі пазаштатнымі агентамі. Вельмі зручна — зайшоў у арку, павярнуў направа, у пад’езд, першая кватэра на першым паверсе.</p><p>Хлопчык між тым глядзеў навіны па НТВ.</p><p>І ўжо па тэлевізары перадалі, што на акцыі ў Мінску ёсць параненыя і забітыя. Хлопчык паглядзеў на дзяўчыну.</p><p>— Пайду гатаваць вячэру, — сказала тая, — павячэраем разам, калі твой тата прыйдзе цябе забіраць. Твой тата ведае, дзе я жыву.</p><p>Па доўгім калідоры яна прайшла на кухню. Прадуктаў было зусім мала. Была недапітая бутэлька каньяку «Метакса», бульба, алей. Дзяўчына пачала гатаваць страву, якую іншая яе сяброўка называла «таранае-жаранае». Гэтую сяброўку дзяўчына вельмі паважала за тое, што тая скончыла сапраўдную беларускую школу ў вёсцы і ведала, як гучыць па-беларуску Ленінава азначэнне матэрыі: «аб’ектыўная рэчаіснасць, дадзеная нам у адчуваннях». Для сяброўкі беларуская мова была роднай, жывой, яна ведала шмат словаў, якія сапраўды жылі. У гэтым сэнсе дзяўчына вельмі ёй зайздросціла, бо самой давялося вывучаць беларускую мову толькі па кнігах, дзе не было нічога пра «таранае-жаранае». Мова мусіць быць жывой.</p><p>Страва прыгатавалася хутка, але хлопчык папрасіў пачакаць тату і не вячэраць без яго. Дзяўчына падышла да вакна, узялася зьнізу за шырокае, драўлянае, шмат разоў пафарбаванае і навобмацак няроўнае падваконне, стаяла і думала: чым усё скончыцца? Адказу не ведала, нават прыблізна.</p><p>Тэлефона ў кватэры не было. Дзяўчына пакінула хлопчыка аднаго і пайшла на вуліцу да тэлефона-аўтамата, на скрыжаванне вуліц Леніна і Карла Маркса, дзе крама «Каўбасы». Набрала тэлефон сядзібы руху, які арганізоўваў акцыю.</p><p>— Акцыя скончылася, ўсе разышліся, — паведамілі ёй.</p><p>— А дзе Алесь?</p><p>— Дома, відаць, ужо! — адказалі весела. Там смяяліся і нешта жавалі.</p><p>— Не, не дома...</p><p>Пасля яна набрала нумар той сяброўкі, якая скончыла беларускую школу, і спыталася: «Што рабіць?»</p><p>Сяброўка прапанавала сказаць, што тата заняты, што ён перадае сыну, каб той клаўся спаць, а зранку ён яго забярэ. Падманваць не хацелася, але што яшчэ можна было сказаць?</p><p>Калі яна скончыла размову і павярнулася да скрыжавання, то ўбачыла, што каля параднага пад’езда дома насупраць, музея Пятруся Броўкі, стаяць людзі ў цывільным: кураць і прыглядаюцца да яе. Перагаворваюцца.</p><p>Не хапала, каб яшчэ яе забралі. Яна хутка пабегла ў кватэру. Сказала хлопчыку тое, што параіла сяброўка. Хлопчык паверыў, ці не паверыў, але паслухаўся, папрасіў дазволу памыць ногі і лёг спаць на канапе.</p><p>Дзяўчына патушыла святло і прычыніла дзверы пакоя, потым патушыла святло і на калідоры. Сваю пасцель перанесла на кухню. Доўга стаяла каля вакна без святла. Спадзявалася, чакала. Нічога, нікога.</p><p>Лягла спаць на падлозе, прыслухоўваючыся да падземных гукаў. Недзе там, пад падлогай, была развілка метро, увесь час адбываліся таемныя рухі. Пад іх дзяўчына і заснула.</p><p>Пад раніцу задрыжэў паркет — пад зямлёй ажыло метро, цягнікі разыходзілся па розных адгалінаваннях.</p><p>Раніца не прынесла зменаў і навін. Ніхто не прыйшоў.</p><p>Дзяўчына збегала ў краму, набыла рыбных палачак, глазіраваных сыркоў. Паснедалі. Узялі ранец і пайшлі на працу ў Траецкае прадмесце.</p><p>Жанчыны на працы здзівіліся, калі пабачылі дзяўчыну з хлопчыкам.</p><p>— А дзе Алесь?</p><p>— Зараз мы возьмем батон і пойдзем карміць качак на Свіслач, — сказала дзяўчына. — А вы патэлефануйце... — і назвала сябра Алеся.</p><p>Узялі на працоўнай кухні батон, знялі ранец. Школа адмянілася. Пайшлі на Свіслач. Сонца. Красавіцкае сонца на хвалях. Качары і шэрыя качкі. Шмат маладых не па парах. Сонца блішчыць на зялёных шыях.</p><p>Дзяўчына вучыла хлопчыка адрозніваць самца ад самак.</p><p>— Самец заўсёды яркі, самка шэрая.</p><p>Качкі елі батон, да іх далучыліся драпежныя чайкі — хапалі белы хлеб у паветры.</p><p>А пасля хлопчыка забраў да сябе татаў сябра.</p><p>І дзяўчына з каляжанкамі пачалі тэлефанаваць паўсюль, куды тэлефануюць, калі чалавек знікае раптам з вуліцы і яго нідзе няма.</p><p>Знайшлі ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска. Пайшлі туды з сяброўкай, той самай, якая дапамагала выбіраць канапу.</p><p>І быў суд, і прысудзілі штраф.</p><p>Каля Мастацкага музея, пасавіўшы нагу на тумбу з вялікім каменным шарам, Алесь уцягнуў матузкі ў чаравікі. Матузкі забіралі пры затрыманні.</p><p>Яго ўзялі каля таго самага дому, дзе музей Пятруся Броўкі. Тыя самыя людзі ў цывільным.</p><p>Утраіх яны зайшлі да дзяўчыны, выпілі «Метаксы» за вызваленне.</p><p>А пасля тата паехаў забіраць хлопчыка.</p><p>Гісторыя скончылася.</p><p>У хуткім часе шмат людзей пачалі шукаць сваіх блізкіх, якія знікалі пасля мітынгаў. Але тое тычылася будучыні, якая толькі наступала. Тады ніхто не ведаў, што будзе далей.</p><p>Дзяўчына вярнулася ў кватэру.</p><p>На паркеце ля канапы ляжаў недапісаны ліст да сяброўкі ў Канаду:</p><p>«... думаю пра рэальнасць сноў. Цікава, што ў мяне няма і не было (можа, пару разоў у жыцці) кашмараў або сноў, у якіх на мяне нападаюць і мне трэба абараняцца. Але маю некалькі падобных паводле зместу, паўтаральных сноў. У першым я ў вялікім гатэлі і ведаю, што недзе ў ніжніх падземных частках гатэлю ёсць добрая сауна і басейн, я падыходжу да іх і гляджу — бачу людзей у вадзе. Мне ўсё падабаецца, а потым я іду ў нумар, каб пераапрануцца, але замест распраналак апынаюся ў анфіладзе брудных прыбіральняў і ў выніку так і не трапляю ў ваду. І тое ж самае пра мора: я пачынаю ісці да мора, але на дарозе натыкаюся на бетонные агароджы, калючы дрот, тупікі. Хаця ў сне пра мора я некалькі разоў была трапіла да вады, але тая аказалася пякуча халоднай».</p><empty-line/><p><strong>Частка 3. Лядоўня ў кватэры № 0</strong></p><empty-line/><p>Белая лядоўня літоўскай фірмы «Снайге».</p><p>Некалі, пад настрой, на ёй змясцілі пераводныя малюнкі — матылі, жукі, стрылаткі. З часам выявы інсектаў абляцелі — фрагментамі. Асабліва пацярпелі стрылаткі — іх тонкія лапкі ды тулавы амаль знікілі, засталіся пункцірныя кропкі на белай паверхні.</p><p>З 1985 года лядоўня стаяла ў кватэры, дзе дзяўчына жыла разам з сяброўкай. Сяброўка выйшла замуж. Дзяўчына выехала, а пасля даведалася, што лядоўню муж сяброўкі прадае. Купіла лядоўню з напаўсцёртымі матылямі, стрылаткамі ды жукамі. Купіла, бо не хацела, каб лядоўня, якая рытмічна гула па начах, перайшла ў чужыя рукі.</p><p>Дзяўчыне даводзілася спаць на кухні побач з лядоўняй, ёй падабаўся гул і гук, з якой лядоўня марозіла, уключалася і выключалася. Гук лядоўні супакойваў. Дзяўчына забрала лядоўню з сабой у новае жыццё. Як тое, што суцяшае.</p><p>Лядоўню перавозіў кіроўца з прозвішчам Бабло — не з мянушкай, а па пашпарце. Бабло дапамог не толькі перавезці, але і выгрузіць і зацягнуць лядоўню на першы паверх.</p><p>— Толькі не кажыце нікому, дзе я цяпер жыву, — папрасіла дзяўчына.</p><p>— Чаму? — запытаўся ён у дзвярах. І адразу ж супакоіў:</p><p>— Добра, не скажу.</p><p>Пры гэтым так загадкава ўсміхаўся, як усміхаюцца былыя вяскоўцы — не зразумела, што чалавек думае. А калі зразумеш, то ўсё — ужо позна.</p><p>Лядоўня пераехала на новае месца. Цяпер пад падлогай грукацела метро, а ў кватэры над метро — лядоўня «Снайге».</p><p>Кухня, стол. Над сталом лямачка ў чырвоным плафоне.... Яе можна паварочваць ва ўсе бакі — як зручна.</p><p>Дзяўчына на кухні за сталом. Бярэ з лядоўні лімон з цукрам. У лядоўні загараецца лямпачка.</p><p>Люты. Першы паверх. Грукнула ў шыбу. Вільготна ляснула і расцяклося. Цемра за вакном. толькі цьмяны ліхтарык зверху — ля ўваходу ў пад’езд.</p><p>Бліскучая слоць на шкле. Крышталікі снегу ў святле ліхтара над пад’ездам.</p><p>Дзяўчына зразумела — аб шыбу разбілася снежка. Лютаўскі снег траціў сваю зімовую структуру: быў яшчэ ў буйных крышталях, але неўзабаве мусіў ператварыцца ў слоць, пасля ў ваду, і потым — у туман. Знікне туман, застанецца празрыстая ўрачыстасць.</p><p>Сплывала снежка на шкле — разбіты срэбны шарык зімы.</p><p>У двары цёмна, на кухні светла, зразумець, хто там — цяжка. Шэрая постаць. Чалавек.</p><p>Пабачыў дзяўчыну, узрадваўся, пачаў махаць рукамі — паказваў, каб адчыніла пад’езд, бо там кодавы замок — трэба ведаць спалучэнне лічбаў.</p><p>Дзяўчына адчыніла. У яе быў сябра, які любіў спрачацца з мінскімі помнікамі пісьменнікам, асабліва з адным — падобным на Фантамаса. Але гэтым разам прыйшоў не ён. Прыйшоў іншы добры сябра, амаль сваяк, прынёс 50 даляраў. На гэтыя грошы трэба было набыць прадукты і рэчы, а пасля зрабіць перадачу чалавеку, які знаходзіўся ў Следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску.</p><p>Дзяўчына грошы ўзяла, але як рабіць перадачы — не ведала. Што адбываецца ў спратах Валадаркі — не ўяўляла. Гэта быў іншы свет, які не меў нічога супольнага з яе ўяўленнем пра жыццё і людзей.</p><p>Дзяўчына праводзіла свайго вечаровага госця. Выйшла з ім у двор. Друзлы снег... лютаўская слота.</p><p>Усё ў двары было пампезным: высокія аркі з брамамі — спалучэнне сталі і чугуна — стойкі, рамкі, сталёвыя дзіды, а аздабленне — завітушкі, чугуннае ліццё.</p><p>Дзяўчына падумала, што квадрат двара з брамамі пад уплывам злой волі мог ператварыцца і ў пастку ў цэнтры горада, у якую можна загнаць шмат людзей. Замкнуць браму і паставіць ахову. А з вуліцы — нічога не відаць.</p><p>У двары і без таго ставілі аўтобусы з АМАПам, — таксама не відаць звонку. АМАПаўцы ўжо зранку сядзелі ў аўтобусах і гулялі ў карты, чакаючы свайго часу.</p><p>Люты. 1997 год. Метамарфозы снегу і лёду.</p><p>Адліга. Плошча Свабоды. Лёд ператвараўся ў ваду, сплываў пад асфальтам па старым бруку з Верхняга гораду да Свіслачы.</p><p>Тое, што ўзімку было моцным, гладкім, коўзкім і цвёрдым, ператваралася ў ваду. Белае ператваралася ў шэрае, шэрае — у бясколерную празрыстасць. Халодная слоць уздымалася туманам.</p><p>Туман ахінуў Плошчу Свабоды. Дзяўчына пайшла паглядзець, як трэба рабіць перадачу ў спраты Валадаркі.</p><p>Людзі з вялікімі абшарпанымі торбамі зварочвалі з праспекта Францыска Скарыны на вуліцу Валадарскага. Неслі перадачы.</p><p>Чарга да вакенца.</p><p>Каля вакенца ў сцяне адбываецца дзея: жанчына сталага ўзросту перадае для сына вялікі цэлафанавы мех добрых цыгарэт, змацаваных гумкамі, каб не паламаліся, — у пачках перадаваць нельга. І яшчэ большы празрысты мех з ліставой гарбатай:</p><p>— Хай чыфірыць сабе на здароўя, — гаворыць яна і, задаволеная, сыходзіць. Не драматызуе.</p><p>Маладазіца ў вакенцы перадач усе рэчы перабірае, прадукты ўзважвае і закідвае ў адмысловыя мяхі, які пасля развязуць па камерах.</p><p>Адна жанчына з чаргі просіць, каб прынялі газет з красвордамі і анекдотамі.</p><p>— Вазьміце, калі ласка, красворды, дэградуюць жа там хлопцы.</p><p>— Не дэградуюць, — адказваюць з акенца, — будуць чытаць тое, што мы даем. У іх там тэлевізары стаяць.</p><p>Газеты з анекдотамі не прымаюць, не прымаюць і адзенне колеру «хакі» — гэта колер ахоўнікаў. Заношаная і рваная бялізна не прымаецца:</p><p>— Яны скажуць, што гэта не іхняе, маўляў, гэта мы падмянілі новае за старое.</p><p>Прымаюць перадачу ў старой жанчыны. Адзін батон аказаўся лішнім. Пераважыў 5 кілаграм.</p><p>— Батон, вазьміце батон, — нясецца над чаргой рэзкі крык з плачам, — хай паесць батону. У яго сёння дзень народзінаў!</p><p>— У іх дзень народзінаў 12 разоў на год, — адказваюць з вакенца. — Як бацькі прыйдуць, адразу дзень народзінаў.</p><p>Батон не прымаюць.</p><p>— У дзяцінстве батонамі трэба было карміць і казкі добрыя расказваць, — гаворыць нехта з чаргі, вельмі ціха, як бы сам сабе.</p><p>Чаканне.</p><p>Цяжка вытлумачальны стан ў тоўстых мурах.</p><p>Ціск.</p><p>Аб’ява пра тое, што дазвол на перадачы можна падпісаць ў начальніка ўстановы.</p><p>Гэты замак з вежамі і мурамі пасярод Мінску — установа? Установа, у якой ёсць начальнік? Валадар цемры і муроў. Як можа выглядаць начальнік установы? Як сатана, які ў душу? Чым ён там займаецца ў спратах Валадаркі? Дзе кабінет яго? У вежы? Паглядзець бы на яго.</p><p>У слове СУМленне адчуваецца сум.</p><p>Адчуванне страты: у адзін момант чалавек стаў недасягальным, нібыта памёр. Але ён жывы.</p><p>Мур. Паміж зняволенымі — і воляй.</p><p>«Няма нічога страшнейшага за сам страх», сцвярджаў Луцый Аней Сенека, рымскі філосаф-стоік. Страх мае адценні: ад самага слабага страху да жаху. Нават у старажытнагрэчаскай міфалогіі адрознівалі двух багоў: адзін — Фобас, бог Страху; другі — Дэймас, бог Жаху. А яшчэ быў бог лесу Пан, які мог наганяць на людзей невытлумачальны жах, калі чалавек уцякаў, не разбіраючы дарогі — адсюль «паніка». Напалоханымі людзьмі лягчэй кіраваць. Але ўлада, якая абапіраецца на страх, няўстойлівая, бо страх — пачуццё невыноснае.</p><p>Вяртанне ў кватэру.</p><p>Трывожны сон.</p><p>Трызненне праз сон.</p><p>Перад вакном хістаюцца цені — размытыя, нерэальныя. Не цень ад дрэва, а згустак. У вакне брунатныя згусткі, абрысы. Ад якіх сыходзіць пагроза. Як размытыя фарбы, але не на шкле, а ў паветры. Быццам нехта мазануў фарбай у паветры, а яно так і засталося ў паветры палоскай. І хістаюцца злёгку за вакном, у час світання.</p><p>Вісяць у вялікім старым вакне — займаюць усю прастору акна.</p><p>Страшнае, жудаснае, незразумелае, расплывістае. Без пэўнай формы.</p><p>Адчуванні жудасці.</p><p>Як у густым тумане на гары.</p><p>Ці ў тумане на Плошчы Свабоды, калі міліцыяты ў доўгіх плашчах цягнуць ў машыны маладых людзей, якія ўпіраюцца і не хочуць ісці.</p><p>Менавіта з гэтай сітуацыі вылучаецца формула: «Без падпарадкавання няма ўлады». «Ёсць падпарадкаванне — ёсць улада».</p><p>У зграях пацукоў, як і ў супольнасці людзей, дзейнічае выразная іерархія. У пацукоў ёсць важакі і тыя, хто падпарадкоўваецца. Калі важак падыходзіць да любога з пацукоў і прымае пагрозлівую паставу, то пацук мусіць прыняць позу падпарадкавання — прыпасці ўсім целам да зямлі. Пры гэтым у важака ўздымаецца поўсць на шыі — раздзімаецца «каўнер». Пераканаўшыся ў сваёй поўнай уладзе, важак адыходзіць, цалкам задаволены.</p><p>Пачуццё камфорту і бяспекі ў зграі наўпрост залежыць ад ступені блізкасці да важака зграі. Пацукі-прыстасаванцы люта б’юцца паміж сабой за права быць бліжэй да важака.</p><p>А можна і не баяцца.</p><p>Навукоўцы-этолагі, якія вывучаюць жыццё і паводзіны жывёл у прыродных умовах, заўважылі, што ў пацучыных зграях часам з’яўляюцца пацукі-дысідэнты. Яны не рэагуюць на позу пагрозы паставай падпарадкавання, як ні раздзьмувае важак свой «каўнер».</p><p>Калі ў зграі з’яўляецца шмат дысідэнтаў, то сэрца важака не вытрымлівае, і ён гіне ад інфаркту. Так адбываецца змена важака ў пацучынай зграі.</p><p>Пра гэта пісаў Конрад Лорэнц (1903 — 1989), нобелеўскі лаўэрэат, адзін з заснавальнікаў эталогіі — навукі пра паводзіны жывёлаў.</p><empty-line/><p><strong>Частка 4. Гатэль «Цішыня»</strong></p><empty-line/><p>Дні ўспамінаў — трапляеш то ў цемру, то ў туман.</p><p>З’яўляюцца размытыя абрысы-прывіды, набываюць форму, рэзкасць і яскравасць.</p><p>На старых фотаздымках пазнаеш сябе па адзенні, па адмысловых гузіках на паліто. І, як на эксгумацыі, — паводле абутку. Прасцей пазнаць іншых — не сябе. Прыкладам, па гальштуках палітыкаў на фотаздымках можна вызначыць год.</p><p>Чалавек не бачыць сябе збоку, адбітак у люстэрку ці ў вітрынах — гэта не тое.</p><p>«Валадарка» — не толькі турма ў Менску. Памяць — валадарка часу і лёсу, валадарка ракі, асфальту і гранітных берагоў.</p><p>Праца ў музеі дае эфект: перастаеш заўважаць свoй час. Жывеш у 1997 годзе, а выставу робіш пра 1917 — і знаходзішся там, не ў сваім часе.</p><p>Ні для сябе, ні для іншага. А для самоты, якая спалучае светлы сум і адзіноту.</p><p>Патанаеш у часе, і з гэтай мутнай цёмнай глыбіні выплывае рознае — бурбалкі паветра з дна, рэчы, фрагменты чагосьці ці кагосьці.</p><p>Фотаздымак: Свіслач у тумане, Траецкае прадмесце, вуліца Багдановіча, з аднаго боку АМАП у шлемах, насупраць людзі са сцягамі.</p><p>Качкі ў Свіслачы. Вясна ці восень? Красавік ці лістапад?</p><p>На асфальце расколіны, шчыліны, якія заварожваюць.</p><p>Травень, 1997 год — свежае лісце на дрэвах ў скверыку ля помніка лётчыку-герою Грыцаўцу і зялёна-смарагдавая трава на газонах.</p><p>Вільготна і ў горадзе, і ў кватэры на першым паверсе.</p><p>Уначы і пад раніцу выразна адчуваецца вібрацыя ад важкіх цягнікоў метро, якія грукочуць пад зямлёй.</p><p>Паклееныя напрыканцы восені шпалеры набрынялі і пачалі спаўзаць са сценаў.</p><p>Паўзлі, як цяжкія шэрыя вусені.</p><p>Шоргаты і гукі пры адліпанні, як пры ператрусе, быццам нехта нябачны халоднай рукою сцягвае долу волкія шпалеры са сцяны — шукае схаваныя таемныя запісы — сведчанні віны.</p><p>У гуках адліпання чуюцца сцішаныя начныя галасы — некалькі чалавек гавораць паміж сабой — знайшлі ці не знайшлі тое, што шукалі? Не разабраць словаў у гэтым шолаху-шэпце. Тым часам нябачныя суразмоўцы пераходзяць да наступнай палоскі шпалераў.</p><p>Настрой змяняўся па некалькі разоў на дзень.</p><p>Балелі зубы. На працы параілі платную стаматалогію на праспекце Машэрава. Трэба паспець да адпачынку — ехаць за мяжу з зубным болем і анальгінам па ўсіх кішэнях не варта.</p><p>Першы раз лячыла зубы з анестэзіяй. Першы раз трапілася доктарка з лёгкай мяккай рукой. Першы раз спраўдзілася абяцанне, якое звычайна — хлусня: «Вы нічога не адчуеце!» Сапраўды, нічога не адчула.</p><p>— Як у вас так атрымлівецца? — запытала ў доктаркі.</p><p>— Я з дзяцінства марыла лячыць зубы людзям!</p><p>Адыходзіла «замарозка». Пасля анестэзіі трывожны сон: прыйшлі беларускія літаратары 20-х — 30-х гадоў, героі выставы «Покліч» з Музея Гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску.</p><p>Літаратары ў выглядзе статуй у чалавечы рост, з чорна-шэрага пластыліну. Рухаліся з цяжкасцю. Вачніцы пустыя. Складкі на адзенні, як штрыхі, нанесеныя ножыкам. Ледзь перасоўваючыся, яны абменьваліся кнігамі. Цяжкія пластылінавыя кнігі выгіналіся і мяліся пры дакрананні. І ўсе кнігі — закрытыя, загорнутыя, назваў — не прачытаць.</p><p>Зубы ўжо не балелі, але трывога нарастала.</p><p>Па вечарах прыходзіў Сябра-мастак, паказваў свае малюнкі — бясконцую серыю — секс з Сяброўкай. Інтымныя часткі цела — сінія і зялёныя — намаляваныя дасканала і падрабязна, але разам з тым абагульнена і ўмоўна, як знакі і сімвалы прынтоў для тканіны.</p><p>Разглядалі малюнкі пад ліхтарамі на вуліцы Леніна, на бульвары каля помніка лётчыку Сяргею Грыцаўцу — герою вайны ў Іспаніі і канфлікта на Халхін-Голе. 16 верасня ў 1939 года вінтом самалёта баявога таварыша лётчыку-герою адцяла галаву на вайсковым аэрадроме ў Балбасава. Трагедыя ў святле газавых ліхтароў і вогнішчаў, якія запалілі па пасадачнай паласе замест пражэктараў. Пахавалі лётчыка не на могілках, а каля аэрадрома. Герой загінуў знянацку.</p><p>Гісторыя пра лётчыкаў выглядае як біблейская — анёлы ляцелі па небе напачатку вялікай вайны, не было для іх нідзе перашкодаў. На зямлі гарэлі вогнішчы і газавыя ліхтары — святло здрадлівае, рухомае. Герой не робіць памылкі пры пасадцы, ён толькі хоча дапамагчы таварышу, але вінт самалёта адсякае яму галаву. 17-га верасня газеты паведамляюць не пра смерць героя, а пра ўз’яднане Беларусі — Усходняй і Заходняй.</p><p>Сіне-зялёныя малюнкі Сябра-мастак забраў з сабой — у тэчцы. У яго такіх шмат. Малюе ён і сябе, але чорным.</p><p>Пад раніцу прачнулася нібыта ад раптоўняга дакранання.</p><p>Ускочыла — нікога не было, толькі шпалеры спаўзлі яшчэ ў адным месцы, дзе да таго трымаліся моцна.</p><p>У пакоі адчуваўся пах тытуню.</p><p>Ключ ва ўваходных дзвярах хістаўся, быццам бы толькі што нехта выйшаў і зачыніў дзверы за сабой.</p><p>Нікога няма.</p><p>Зранку шкло ў гадзінніку «Луч» з сярэдзіны запацела — не зразумець, каторая гадзіна. Рушнікі мокрыя, усё, што трэба высушыць — не сохне.</p><p>Сабралася ў вандроўку.</p><p>Ключы ад кватэры аддала Сяброўцы з сіне-зялёных малюнкаў. А Сябар падараваў перад дарогай двухтомнік Томаса Мана «Іосіф і яго браты». З сабою ўзяла першы том на 10 дзён адпачыку.</p><p>Вандроўка ў Балгарыю, туды — цягніком, вяртацца — аўтобусам. У турагенцтве спыталі, дзе яна хоча жыць — у прыватным катэджы ў гаспадыні ці ў гатэлі са сняданкам. Абрала гатэль.</p><p>З Мінску ў балгарскае мястэчка Прыморска выехала група колькасьцю ў 8-м чалавек: жанчыны і адзін пяцігадовы хлопчык, сын гандляркі дзіцячым абуткам з «Дынама». Не сезон.</p><p>У мястэчка Прыморска толькі-толькі пачыналі ездзіць турысты, раней гэтая зона была забароненай. Побач — былая летняя рэзідэнцыя камуністычнага лідара Балгарыі Тодара Жыўкава.</p><p>Паўвыспа.</p><p>Левы бераг — глыбокая сіняя вада, хвалі з белай пенай. Выразны гул хваляў.</p><p>Правы бераг — вада блакітная, лагодная, — неглыбокая.</p><p>Гатэль толькі адзін — шматпавярховік з бледна-блакітным надпісам «Тишина».</p><p>У першы дзень адпачынку плавала ў халодным моры.</p><p>Холад хваляў даходзіў да сэрца, працінаў да костак, цёмная вада прадказвала балючыя змены.</p><p>Выходзіла на сняданак — была зусім адна ў вялікай рэстарацыі, у стылі 70-х — згадка пра краіны Варшаўскай дамовы. Сняданак — чорныя аліўкі, яйка, каўбаса, гарбата на зёлках. Супрацоўнікі гатэля назіралі збоку.</p><p>Больш людзей у гатэлі «Тишина» не было — адна.</p><p>Чытала на сёмым паверсе кнігу Тамаса Мана і час ад часу прыслухоўвалася — ці жывуць тут людзі. Не, не было.</p><p>Выправілася на шпацыр, з мястэчка пайшла па беразе мора да былой рэзідэнцыі «Перла» Тодара Жыўкава —на той частцы паўвыспы, дзе вада ў моры цёмна-сіняя, глыбокая, халодная.</p><p>Дзьмуў вецер. Спачатку бераг быў роўны і пусты, пасля натрапіла на рэшткі агароджы з калючым дротам, яшчэ далей — на паўразбураны ўмацаваны дот, яго ўжо заносіла пяском.</p><p>Рухнула камуністычная сістэма, і яе закінутыя матэрыяльны часткі выглядалі рэшткамі цывілізацыі, якая знікае.</p><p>Пачатак чэрвеня 1997 года, ня так і шмат часу мінула ад адхілення ад улады (у лістападзе 1989-га) і арышту (у 1990-м) Тодара Жыўкава, але цяпер ужо толькі заставалася ўяўляць, як выглядала і як было абаронена ягонае лецішча, месца адпачынку і моцы пры былых валадарах.</p><p>Мора.</p><p>Бухта.</p><p>Белага колеру дом.</p><p>Тэраса з аркамі.</p><p>Трава праз пліткі.</p><p>Леташняе лісце на прыступках.</p><p>Зачыненыя дзверы.</p><p>Моцныя сцены, мала вокнаў.</p><p>Лёгка ператварыць будынак у цалкам закрыты куб.</p><p>Абарончае збудаванне.</p><p>Шурпатая тынкоўка.</p><p>Неба яскрава сіняе, ультрамарын.</p><p>Вечназялёныя туі ля рэзідэнцыі.</p><p>Празрыстая вада перасыпае дробныя каляровыя каменьчыкі.</p><p>Села на камень ля бухты, апусціла ногі ў ваду.</p><p>Марская змяя праслізнула па пальцах, напалохала, прымусіла хутка прыбраць ногі з вады — пазбавіла супакою.</p><p>На адваротным шляху вырашыла пазагараць, расклала рушнік, лягла, слухала вецер і хвалі.</p><p>Але і тут не было супакою, падышоў чалавек і ўлёгся зусім побач. Балгарын, гаварыў па-расейску. Сказаў, што прыехаў з Сафіі адпачываць разам з сям’ёй, пасля неяк дзіўна ўтаропіўся і вымавіў:</p><p>— Так не трэба насіць?</p><p>— Што?</p><p>Ён паказаў на вуха — там было адразу дзве завушніцы — срэбнае кола і залаты матыль.</p><p>— Чаму?</p><p>— Не трэба так два металы розныя.</p><p>— А што здарыцца?</p><p>—Нешта кепска.</p><p>—А што? Усё, што заўгодна. А дзе ты жывеш?</p><p>— У гатэлі «Тишина». А Вы ў госці да мяне сабраліся?</p><p>У адказ пахітаў галавою, і не зразумела — «так» ці «не» азначала тое хітанне.</p><p>Увечары чытала кнігу і пачула ўнізе нейкія спрэчкі і валтузню.</p><p>Глянула з балкона — чалавек з Сафіі рваўся ў гатэль, ахова не пускала, ён нешта тумачыў, але марна.</p><p>Неўзабаве з жанчынамі з Мінску паехалі ў Стамбул. Палова групы. Гандлярка абуткам пакінула сына на суседак і ехала, каб закупіцца абуткам.</p><p>Ехалі з расейскімі турысткамі з Пецярбургу. У чатыры раніцы ўвайшлі ў перапоўнены аўтобус, сонныя расейскія турысткі варушыліся ў цемры і абураліся:</p><p>— Адкуль столькі людзей? А аўтобусе і так месцаў няма! І ўсе ў Турцыю едуць!</p><p>— І едзем мы туды на ПМЖ, а — рэзка адказала гандлярка абуткам.</p><p>У Стамбуле турысткі з Пецярбургу канчаткова прачнуліся і пачалі спачувальна распытваць:</p><p>— Ці праўда, што ў Беларусі на мітынгах людзей збіваюць?</p><p>Стамбул уразіў стракатасцю, гоманам, шматлюднасцю.</p><p>Усіх павезлі ў Цыстэрну Базіліку — старажытнае вадасховішча Канстанцінопаля, падземны палац з вадой, збудаваны грэкамі. У сутарэннях пад горадам захоўвалася вада на выпадак засухі ці вайны.</p><p>Па каменных прыступках група спусцілася з тлумнага гораду ў волкае і гулкае сутарэнне.</p><p>Вільгаць, нязвыклыя гукі, рэха.</p><p>Адчуванне вялікага гораду над галавой.</p><p>Іншасвет.</p><p>Ііншачас.</p><p>Кроплі зрываюцца са скляпенняў.</p><p>Кроплі разбіваюцца аб ваду, зліваюцца з паверхняй вады.</p><p>Кроплі — на галаву турыстам.</p><p>Драўляныя масткі — пад масткамі вада.</p><p>Калоны падсвечаныя пражэктарамі.</p><p>Скляпенні Цыстэрны Базілікі падтрымліваюцца 336-цю калонамі — 12 шэрагаў па 28 калон 8-метровай вышыні.</p><p>Пад масткамі прасвечваюцца пліткі падлогі, залітыя вадой, а ў вадзе рыбы з чырвонымі вачыма.</p><p>Медуза Гаргона — валадарка Цыстэрны. На дзвюх калонах перавернутыя выявы Медузы — галава ў адной павернутая на бок, у другой уніз.</p><p>Дакранулася да твару перавернутай галавы Медузы, загадала жаданне — «Каб усе былі жывыя».</p><p>Вярнуліся ў Прыморску. Даведаліся, што пяцігадовы сын гандляркі абуткам кожны дзень сам смажыў сабе рыбу на электрычнай плітцы.</p><p>Сонца грэла, вада ў моры пацяплела.</p><p>У гатэль «Тишина» заехалі біёлагі з розных краінаў — удзельнікі міжнароднага сімпозіўма. І ў «Тишине» зрабілася людна.</p><p>З Мінска прыехаў аўтобус з новымі турыстамі. Кіроўцы паплавалі ў пацяплелым моры і забралі групу дамоў.</p><p>Дарогай у аўтобусе гучала песня грыпу Фрыстайл: «В шумном зале ресторана, Средь веселья и обмана — пристань загулявшего поэта. Возле столика напротив ты сидишь вполоборота. Вся в луче ночного света».</p><p>Гандлярка абуткам хадзіла па праходзе з бутэлькай канька «Пліска» , налівала ўсім ахвотным і крычала «Кайф!». Хадзіла, пакуль не звалілася, сын пачаў яе церабіць і цягуць на заднія сядушкі — спаць.</p><p>Доўга ехалі — праз Румынію, Заходнюю Украіну, начавалі ў Івана-Франкоўскай вобласці.</p><p>Цешылася — наперадзе дом, сустрэча з сябрамі. Хацела запрасіць іх у госці.</p><p>У Мінску на досвітку аўтобус спыніўся ля помніка Грыцаўца на вуліцы Леніна — і адразу з’ехаў.</p><p>Памахала ўслед.</p><p>Пайшла ў арку.</p><p>З сабой прывезла 2 пляшкі каньяка «Пліска» і 2 бутэлькі белага віна.</p><empty-line/><p><strong>Частка 5. Да вялікай вады</strong></p><empty-line/><p>Летам прывіды ў Мінску знікаюць праз недахоп вільгаці ў паветры. Горача і суха — няма вялікай ракі.</p><p>Летам горад ратуе дождж. Вада з неба. Неба пацямнее, збяруцца хмары. Халодны і празрысты, як прывід, дождж, абрынецца на горад.</p><p>Слова ёсць такое — «лунуць». Знікнуць.</p><p>Але амаль заўсёды застаецца след.</p><p>Прывіды ў камяніцах туляцца да сценаў і зліваюцца з імі.</p><p>Прывід —камяк вільгаці.</p><p>Старыя сцены — старыя прывіды. Новыя сцены — прывіды новыя.</p><p>Калі прачнуцца пасля трох гадзін ночы, прыслухацца, прынюхацца, выпрастаць руку з-пад коўдры, то можна адчуць тых, хто жыў тут да цябе. Калі толькі жыў, калі ты не першы на гэтым месцы.</p><p>Руйнуюцца сцены, прывіды знікаюць. І хто цяпер згадае, дзе ў Мінску быў гатэль «Парыж»?</p><p>Прывіды з гатэльных нумароў разляцеліся па скрыжаваннях.</p><p>Няма памяшкання, няма прывідаў.</p><p>Дзяўчыны жыла ў кватэры ў доме, які стаяў на месцы гатэлю «Парыж» на скрыжаванні праспекта Скарыны і вуліцы Леніна.</p><p>1997 год.</p><p>Вечарамі ў кінатэатры «Цэнтральны» праходзілі дыскатэкі. Столікі з ежай і алкаголем. Пад столлю ў цемры круціўся люстраны шар, білася музыка ў сценах «Цэнтральнага». Адбіткі люстранога шара — бліскучае срэбра на тварах наведнікаў. Круціўся шар, раскідваў водбліскі. Цені мітусіліся на сценах.</p><p>Па суботах дыскатэкі адбываліся і ў цэнтры горада, на Кастрычніцкай Плошчы — усю ноч да рання.</p><p>Карнавал.</p><p>Ужо мінулі два рэферэндумы.</p><p>Але заставаліся ілюзіі.</p><p>На рэферэндуме 1995 года Дзяўчына была назіральніцай у пасёлку Прывольны пры Магілёўскай шашы. У Прывольным усё было ў яблыневай квецені. Да ўчастку для галасавання вяла прысада з яблыняў. Над участкам зранку, удзень і нават увечары 14 траўня лунаў сцяг, бел-чырвона белы. Сцяг сярод ружовай яблыневай квецені.</p><p>Той дзень быў цёплым. Бліжэй да апоўначы, калі вынікі былі прыблізна зразумелыя, Дзяўчына выйшла, прайшла сярод яблыняў да чырвонага Альфа-Рамеа, на якім прыехаў яе забіраць знаёмы прадпрымальнік.</p><p>Плюхнулася на сядушку, а ён сказаў: «Ну што, пра.. лі краіну!»</p><p>Далей давялося жыць у краіне, якая зрабілася іншай.</p><p>Летам 1997 года Дзяўчына атрымала замову ад прыватнага выдавецтва на кнігу «Як выжыць у сучаснай турме».</p><p>Сядзельцаў, якія былі гатовыя падзяліцца правіламі жыцця за кратамі, хапала. І тых, якія сядзелі яшчэ да Незалежнасці — па ўсім СССР.</p><p>Дзяўчына пайшла на Залатую Горку. Там жыў Дрофа.</p><p>Аголены па пояс, увесь у татуіроўках, варыў грыбны суп і кампот. У вялізных рондлях. У яго двухпакаёвай кватэры сядзелі алкаголікі, якія чакалі, калі ўсё зварыцца.</p><p>— Аказваеце сацыяльную дапамогу? — спытала Дзяўчына.</p><p>— Так, — адказаў ён.</p><p>Яго маці была настаўніца.</p><p>— Грыбы ў лесе назбіраў. А ягады на дачах узяў «без спросу».</p><p>Ён апавядаў пра далёкія савецкія зоны, дзе выдавалі ім «зайчевые полушубки» і «зайчевые сапожки».</p><p>Дзяўчына падумала, што несправядліва будзе, калі ў кнізе не будзе пра жанчын. Спытала ў Дрофы, ці ведае ён жанчын, якія не супраць падзяліцца досведам жыця за кратамі.</p><p>— Прывядзіце Крысу! — загадаў Дрофа.</p><p>І тыя, хто чакаў супу, пабеглі ў бок Вайсковых могілак.</p><p>І вось ужо вядуць Крысу (Ларысу), якая абапіраецца на мыліцу. Яе падрымліваюць з двух бакоў.</p><p>— Яна на могілках жабруе каля царквы Аляксандра Неўскага, — патлумачыў Дрофа. — Пакуль сядзела, сястра прадала кватэру. Ларыса цяпер жыве ў падвале.</p><p>Ларыса распавяла, як пасадзілі яе за тое, што ўдарыла нажом мужчыну, які з непавагай ставіўся да яе. А жыла яна да гэтага на Берасцянскай, была салісткай у ВІА. На зоне з ёю спрабавалі пазнаёміцца лесбіянкі, падсоўвалі ёй у швейную машынку цыдулкі з прапановамі.</p><p>— А што Вы ім адказалі?</p><p>— Адказала: «Я друзей на зоне не ищу!»</p><p>***</p><p>Тым часам жыццё ішло сваёй чарадою. У вазоне, які стаяў ў Дзяўчыны на лядоўні, заквітнела белая амазонская лілея — Эўхарыс (Eucharis). Дзяўчына ведала: гэтыя кветкі з’яўляліся кожны раз, калі даводзілася пераязджаць. Так і цяпер.</p><p>— Былі Улазіны, а цяпер Вылазіны, — сказала Сяброўка, бландынка з тварам адсутным, як у гіпсавай фізкультурніцы ў парку.</p><p>Знайшла магчымасць завітаць познім вечарам, зазірнула з тортам «Мінскім».</p><p>Акно без фіранак ярка свяцілася ў цемры.</p><p>Абажур на кухні знялі.</p><p>Лямпачка, адна лямпачка давала зыркае неабароненае святло.</p><p>Зруйнаваны побыт. Перасунутыя са звыклых месцаў рэчы.</p><p>Торт з грыбочкамі на стол — адсунуты, перасунуты: на ім стаялі, калі здымалі абажур.</p><p>Дэмантавалі белую кухню «Хозяюшка», адключылі і вымылі лядоўню з выявамі матыляў і стрылатак.</p><p>Пачалі есці торт «Мінскі» з гарбатай. Апошні вечар у кватэры.</p><p>— Я распавяду вам гісторыю, — сказала Дзяўчына. — Гісторыю пра камяніцы, людзей і сяброўства. У горадзе быў доктар, ён жыў у двухпавярховым асабняку ў стылі мадэрн. Доктар меў маладую жонку, яе звалі Паліна Антонаўна. У 70-я гады Паліна Антонаўна хадзіла да маёй бабулі ў госці, дарыла мне дарэвалюцыйныя цацкі, цацачны посуд, цацачную мэблю і плюшавага Мішку, набітага пілавіннем. Вельмі вялікі і цяжкі Мішка. І цвёрды. Мы з сяброўкамі апраналі яго ў мае дзіцячыя апраткі — паўзуны, сукенкі, нагавіцы. Ён рабіўся падобны да дзіцяці. Лапы ў яго можна было прыводзіць у любы стан — ён мог і сядзець, і стаяць. Аднойчы, бліжэй да восені, калі Паліна Антонаўна была ў гасцях, прыйшлі да нас два сталыя мужчыны пілаваць дровы. А яна пазнала іх і сказала, што падчас акупацыі яны мелі папулярную кавярню ў цэнтры горада. Кампаньёны: разам асуджаныя пасля вайны, разам паехалі на поўнач валіць лес. У будынку, дзе была кавярня, зрабілі музей. Паліна Антонаўна часта прыходзіла, калі прасавалі ў доме пасцельную бялізну, а на вуліцы ліў дождж. Так і запомнілася — круглы стол, на якім бабуля прасуе бялізну, дождж за вакном, аповеды, якія слухаюцца так, каб пасля забыць. Пах гарачага праса, вільготны з адценнем пральнага парашку. І гісторыі, якія можна слухаць, а можна не.</p><p>Кухня з зыркай лямпачкай і цемрай у голым вакне выглядала, як сцэна.</p><p>— І вось яшчэ адна гісторыя, — сказала Дзяўчына. — Пра ўладу і партакрата. Гэта было даўно, у 50-я гады. Гісторыя апаведзеная чалавекам, бацька якога быў тады ў партыйным кіраўніцтве. Адзін з сакратароў гаркама партыі з выніку ўнутрыпартыйных гульняў быў паніжаны да больш дробнай пасады. А да гэтага, падчас дэманстрацый на пралетарскіх святах 7-га лістапада і 1-га траўня, ён стаяў на плошчы разам з іншым начальствам і вітаў працоўныя масы, якія праходзілі міма трыбуны. Пасля таго, як яго панізілі, яго ўжо не запрашалі стаяць на трыбуне. І давялося яму падчас дэманстрацыі прайсці ў калоне разам працоўнымі масамі. Пасля дэманстрацыі ён прыйшоў дадому і застрэліўся. Ён не застрэліўся тады, калі яго панізілі. А толькі пасля таго, як прайшоў у калоне міма трыбуны. Перамена ролі зрабілся для яго шокам. Адчуваў сябе наверсе, а раптам апынуўся там, дзе і тыя, кім ён кіраваў. А былыя калегі-і-кіраўнікі — па-ранейшаму на трыбуне! А ён у іншым месцы, скінуты з п’едэсталу. Відавочнасць: вось ён стаяў і яго віталі, а вось — ён ідзе ў калоне і сам махае рукой. Ён не эліта, ён — маса. Усё, канец жыцця.</p><p>Крэмавыя грыбочкі на торце «Мінскі» — не толькі прыгожыя, але і смачныя.</p><p>Кватэра, у якой жыла Дзяўчына, была ліквіднай — яе лёгка было прадаць. Там зрабілі кавярню «Утопія» — аформленую пад «савецкае настальжы». Партрэты Гагарына, выява першаня спадарожніка, газета «Правда».</p><p>Бутэлькі з густымі прывабнымі сіропамі розных колераў: мятны (зялёны), малінавы, лімонны, какосавы (белы), карамельны (брунатны), вішнёвы, шакаладны, дынны (жоўты).</p><p>—Ці можна з’есці ў вас марозіва?</p><p>— Неее, — у расцяжку адказала дзяўчын за стойкай, — у нас нічога нельга.</p><p>— ???</p><p>— Толькі кава і гарбата. Можна з сіропам.</p><p>Набярэжная Свіслачы. Граніт. Шэрая шурапатасць. Непразрыстая вада.</p><p>Ёсць такое слова — «лунуць».</p><p>Лунуць — знікнуць бяз следу.</p><p>Аднак след застаецца, і застаюцца цені на шэрых шурпатых сценах.</p><p>Перад дажджом моцна пахнуць кветкі на клумбах, а ў кватэрах абуджаюцца прывіды.</p><p>Дзяўчына пакінула горад і паехала да вялікай вады.</p><p>Але цень разгубленай Дзяўчыны не пакіне горад.</p><p>***</p><p>Лепель — горад з вялікім возерам ў самым цэнтры, якое так і называецца: Лепельскае.</p><p>Параходзік «Фартуна». Дамкі на беразе возера з прычаламі, на якіх навязананыя чаўны.</p><p>Касцёл святога Казіміра ў стылі класіцызму, набажэнствы аднавіліся ў 1993 годзе.</p><p>Драўляная царква 1844 года.</p><p>Гарадская забудова канца 19-га — пачатку 20-га стагоддзя, з чырвонай цэглы.</p><p>Надпісы па-беларуску: кнігарня і нават бюро рытуальных паслугаў аформлены на беларускай мове.</p><p>Вельмі прыгожыя людзі з блакітнымі празрыстымі вачыма.</p><p>На гербе Лепеля — Пагоня.</p><p>А яшчэ ў Лепелі ёсць чыгуначны тупік — канец дарогі.</p><p>Горад, дзе добра сустрэць старасць.</p><p>— Вы прыехалі, а Цмок у возер здох, аж да Полацку смярдзела, — распавяла бабуля ў Лепелі. — Быў, жыў, пакуль не здох.</p><p>***</p><p>Дзяўчына набывала крэйду. Адзін белы кавалак, каб пасвянціць яго на Свяце Трох Каралёў у касцёле Святога Казіміра і напісаць на дзвярах свайго новага дому С+М+В і год.</p><p>— Як вам яе... Як лепей даць? — прадавачка бярэ крэйду, як батон у краме — асцярожна, цэлафанам.</p><p>— А што?</p><p>— Вы яе есці не будзеце?</p><p>— Не.</p><p>— А ведаеце, бяруць есці.</p><p>— І шмат такіх?</p><p>— Хапае. Белую крэйду ў асноўным для гэтага і бяруць.</p><p>— Хто бярэ?</p><p>— Шмат хто. Дзецям бяруць. Жанчына адна прыходзіць сталага ўзросту. Кажа, што з дзяцінства спажывае.</p><p>— Так і кажа?</p><p>— Так, і просіць, каб не краналі крэйду рукамі. Бярэ скрынку за раз. І твар у яе белы, як крэйда.</p><p>***</p><p>А зараз сінопсіс: тэкст пра Мінск у часе паміж двума аўтарытарнымі рэжымамі. Кароткі час. Разбураны Берлінскі мур, распалася і савецкая імперыя. Рухнула сістэма. Кватэры, якія савецкія спецслужбы выкарыстоўвалі для сустрэч куратараў з агентамі, пачалі часткова прадаваць. Кватэры месціліся звычайна альбо на першым павесе (першая ад уваходу), альбо на апошнім, каб можна было прайсці праз гарышча з іншага будынку. У адну такую кватэру трапляе гераіня. Кватэра на праспекце — на той час гэта праспект імя Францыска Скарыны. Рэшткі і сведчанні былой эпохі не адразу прыкметныя, яны губляюцца сярод пераробак пазнейшых часоў. Сталінскі ампір, пабудаваныя палоннымі дамы з цэглы, абпаленай вайной. Прывіды, трывожнае пачуццё.</p><p>***</p><p>— А яшчэ я магу распавесці гісторыю пра здраду, — сказала Дзяўчына.</p><p>— Здрады не існуе, — адказала Сяброўка, — ёсць няспраўджаныя чаканні.</p><empty-line/><p>Снежань 2014 — люты 2019 года</p></section></body></FictionBook>