<?xml version="1.0" encoding="utf-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>nonf_criticism</genre><author><first-name>Віктар</first-name><middle-name>Антонавіч</middle-name><last-name>Каваленка</last-name></author><book-title>Іван Шамякін</book-title><keywords>antique</keywords><date/><lang>ru</lang></title-info><document-info><author><first-name>Віктар</first-name><middle-name>Антонавіч</middle-name><last-name>Каваленка</last-name></author><program-used>calibre 7.4.0, FictionBook Editor Release 2.6.7, fb2cut 2.7.3</program-used><date value="2026-09-20">20.9.2026</date><id>07b806a5-b989-4200-ae87-34279bd1a363</id><version>1.0</version></document-info><publish-info><year>0101</year></publish-info></description><body><section><p><strong>Віктар КАВАЛЕНКА</strong></p><empty-line/><p><strong>ІВАН ШАМЯКІН</strong></p><p><strong><emphasis>Нарыс жыцця і творчасці</emphasis></strong></p><empty-line/><p><strong>I. ГЛЫБОКАЯ АДДАНАСЦЬ ЧАСУ</strong></p><empty-line/><p>У народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна слава аднаго з самых папулярных сучасных раманістаў. Яна заслужаная: яго творы займальна апавядаюць пра бягучы, асабліва хвалюючы момант чалавечага быцця. Вядома, кожны сапраўды мастацкі твор незалежна ад тэмы дыхае сучаснасцю, але бясспрэчна, што глыбокія вобразныя малюнкі менавіта сённяшняга жыцця народа маюць асаблівую ўладу над чытачом.</p><p>У апоіннія гады пра ўзаемадачыненні пісьменніка і часу прашумела нямала дыскусій, у якіх не раз чынны ўдзел браў I. Шамякін - пісьменнік, які ў сваёй творчасці ўмее пільна «слухаць час». Але, мабыць, ніколі гэта праблема не была дыскусійнай для яго самога. Ён з тых пісьменнікаў, якія з самага пачатку літаратурнай дзейнасці адкрылі шырокі і непасрэдны доступ часу ў мастацкае жыццё вобразаў. I самі вобразы яго твораў часта народжаны сучаснасцю, перыпетыямі сённяншяга грамадскага развіцця і барацьбы. Чытач ужо звыкся, што амаль кожны новы твор пісьменніка - толькі што ўлоўленае імгненне бягучага часу, толькі што ўхоплены момант грамадскіх настрояў і людской псіхалогіі, увасоблены ў канкрэтных лёсах герояў. Адсюль яго папулярнаісць, якой могуць пазайздросціць многія пісьменнікі. Папулярнасць пісьменніцкага імя Івана Шамякіна якраз і звязана з тым, што ён умее апавядаць пра сённяшні дзень чалавека, пра яго турботы, пачуцці і думкі, пра яго маральны і псіхалагічны стан так, каб захапіць чытача глыбокім сэнсам убачанага, адкрыць яму заканамернасць руху грамадства і гэтым самым дапамагчы заняць правільную пазіцыю ў жыцці, знайсці хутчэйшую дарогу да ўласнага ўнутранага і грамадзянскага самавызначэння. Пісьменнік любіць ісці, што называецца, па гарачых слядах падзей. Гэта важная і каштоўная асаблівасць творчасці, уласцівая ў мінулым Я. Коласу, М. Гарэцкаму, М. Зарэцкаму, К. Чорнаму. Шамякін верны гэтай плённай традыцыі беларускай літаратуры і развівае яе далей.</p><p>Распрацоўка сучаснай тэмы ў мастацкай літаратуры патрабуе ад аўтара асаблівых творчых здольнасцей, у першую чаргу — вострай назіральнасці, павышанай чуйнасці да грамадскай атмасферы часу, незапозненай рэакцыі на змены ў псіхалогіі людзей, умення мысліць сучаснымі філасофскімі катэгорыямі.</p><p>Ад твора да твора павышаецца майстэрства I. Шамякіна ў адлюстраванні сучаснага жыцця савецкага народа. Сам пісьменнік не адзін раз гаварыў і пісаў аб сваім глыбокім, перакананым захапленні сучаснай тэмай з усімі цяжкасцямі, якія выпадаюць на долю пісьменніка. Як вядома, мастацкае вырашэнне сучаснай тэмы амаль заўсёды палемічнае, што выклікае даволі часта з боку чытачоў і крытыкаў нязгоду, спрэчку. Аўтару даводзіцца абараняць уласнае разуменне праблемы не толькі ў працэсе працы над творам, але і доўгі час пасля яго апублікавання. Акрамя таго, адлюстраванне бягучых падзей часам атрымліваецца не закончаным па той прычыне, што ў самім жыцці падзеі не дайшлі яшчэ да свайго вяршыннага развіцця. I ўсё ж пры ўсіх цяжкасцях, якія чакаюць пісьменніка пры распрацоўцы сучаснай тэмы, ёсць асаблівая прывабнасць у такім накірунку мастацкай творчасці. Пісьменнік заўсёды і ва ўсім першы: і ў асэнсаванні маральнага і грамадскага значэння заўважаных у жыцці з’яў, і ў пошуках найбольш дасканалых сродкаў для іх адлюстравання.</p><p>Пісьменнік сучаснай тэмы мае значную перавагу перад іншымі пісьменнікамі ў тым, што ў яго ёсць магчымасць непасрэдна ўплываць на сучасныя этычныя і грамадскія ўяўленні людзей, ставіць іх перад вырашэннем новых надзённых праблем, пабуджаць да роздуму над станам чалавека ў грамадстве менавіта ў дадзены момант.</p><p>Заслуга I. Шамякіна перад беларускай літаратурай у пастаноўцы і мастацкім вырашэнні надзённых грамадскіх праблем асабліва значная, бо, трэба прызнаць, ва ўсіх жанрах беларускай прозы сучасная тэма распрацоўваецца ў цэлым недастаткова актыўна і не заўсёды глыбока.</p><p>Грунтуючыся на праўдзе жыцця, добра адчуваючы яго глыбінны ход і магчымыя павароты, I. Шамякін завастрыў сюжэтныя канфлікты, паказаў напружанасць, дыялектычную супярэчлівасць грамадскага развіцця, прасвятліў маральны, духоўны сэнс штодзённых, побытавых сутыкненняў людзей, заклапочаных інтарэсамі справы. Яго героям уласціва працоўная апантанасць. Захапленне любімай працай робіць іх яшчэ больш чулымі да самых надзённых праблем грамадскага жыцця, бо праз уласную працу яны ўступаюць у шырэйшыя ўзаемаадносіны з людзьмі і здольныя асэнсаваць гэтыя ўзаемаадносіны. У пераадоленні цяжкасцей, у барацьбе з адмоўнымі з’явамі навакольнага жыцця адбываецца далейшае іх унутранае, духоўнае пасталенне.</p><p>I. Шамякін яшчэ і страсны прапагандыст адлюстравання сучаснай тэмы ў мастацкай літаратуры. Ён і творы іншых пісьменнікаў, сваіх калег, ацэньвае па тым, у якой ступені яны захапляюць навізной зместу, драматызмам сённяшніх жыццёвых калізій, радуецца, калі, як ён кажа, «цяжка адарвацца» ад кнігі.</p><p>Але творчая вернасць сучаснай тэме не азначае абавязковай няўвагі да гісторыі. Наадварот. Мінулыя дзеянні народа, асабліва падзеі Вялікай Айчыннай вайны, арганічна ўваходзяць у сюжэтыку многіх твораў пісьменніка, асабліва раманаў, паглыбляюць і абвастраюць сучасную праблематыку, умацоўваюць гістарычны прынцып мастацкага мыслення. Адказваючы на анкету часопіса «Вопросы литературы», I. Шамякін пісаў: «I я, лічачы сябе пісьменнікам, які даследуе сучаснасць, не магу даць гарантый каму бы то ні было, што і ў будучым рамане, працу над якім я пачынаю, не закрану зноў тэму вайны, непасрэдна ці ўскосна, у якіх-небудзь новых аспектах, хаця раман і будзе расказваць аб падзеях нашага часу…». Тэма вайны і сёння для пісьменніка надзвычай «гарачая» і надзённая.</p><p>Бадай, нельга назваць ніводнага рамана I. Шамякіна, у якім не было б цеснага спалучэння ў лёсах герояў перажытага ў мінулым з іх сучаснымі імкненнямі. Прычым гэта не фармальнае спалучэнне, а адна з асноўных і скразных сацыяльных праблем творчасці пісьменніка. Мінулае не знікае з лёсу людзей канчаткова. Яно заўсёды з імі.</p><p>Сучаснасць — гэта працяг мінулага. Вось чаму літаратура, якая задавальняецца толькі імгненным «здымкам» убачанага ў сённяшні дзень, не можа карыстацца вялікай і глыбокай папулярнасцю. Жыццёвы факт ці падзея, пададзёныя без каранеў і прычын узнікнення, застаюцца па-сапраўднаму не асэнсаванымі, адкрываючы толькі паверхневы пласт жыцця. Сучаснасць не можа цалкам выявіць свой сэнс, стаць зразумелай да канца, калі яна адарвана ад мінулага, ад сваёй гісторыі — ці гэта будзе лёс асобнага чалавека, ці лёс усяго народа.</p><p>Спалучэнне сучаснага і мінулага ў творах I. Шамякіна якраз і з’яўляецца ў першую чаргу адзнакай глыбокага імкнення пісьменніка да сацыяльнага, гістарычна праўдзівага аналізу грамадскіх працэсаў і характараў сваіх герояў.</p><p>Героі твораў I. Шамякіна не маюць у сваіх характарах рыс выключнасці, якія нашмат узвышалі б іх над іншымі людзьмі. Яны — звычайныя людзі. З імі здараецца ўсё тое, што можа здарыцца з кожным чалавекам.</p><p>Іх унутраны свет, думкі, пачуцці не маюць адзнак паказной вышэйшасці, што вельмі імпануе радавому чытачу, пашырае папулярнасць твораў пісьменніка.</p><p>Але звычайнае ў ідэйна-мастацкай канцэпцыі пісьменніка ніколі не азначае маральнай і духоўнай непатрабавальнасці. I. Шамякін прымае і паэтызуе будзённасць жыцця толькі да пэўнай мяжы, пакуль у ёй не страцілася патэнцыя да развіцця, пакуль яна ўтрымлівае прыгажосць свету.</p><p>Звычайнае, зямное ў творчасці I. Шамякіна не супярэчыць таксама гераічнаму і ўзнёсламу. Гераічнае не толькі суседнічае з будзённым, але і вырастае часта з яго. Штодзённае нё з’яўляецца таксама і сферай негераічнай. Яно гераічнае ў патэнцыі, і патрэбна толькі — адпаведная сітуацыя, каб гераізм гэты ўспыхнуў. Жыццёвая і эстэтычная канцэпцыя гераічнага ў творчасці І. Шамякіна грунтуецца на перакананні, што ў жыцці заўсёды ёсць месца подзвігам.</p><p>Паказ звычайных герояў у звычайных абставінах не прыводзіць у творчасці I. Шамякіна да зніжэння маральных і эстэтычных ідэалаў. Гэтыя ідэалы застаюцца высокімі. Яны выпрацоўваюцца людзьмі ў будзённых справах кожнага дня. А з асобных дзён складаюцца час, эпоха і вечнасць.</p><p>I абвостраная канфліктнасць, і вытрыманая творчая ўвага будзённага і звычайнага, і паказ жыцця ў яго натуральнай плыні, і блізкасць да масавага чытача — усе гэта не вынік нейкай загадзя разлічанай устаноўкі, а вернасць праўдзе жыцця. М. Лынькоў пісаў пра творчасць Шамякіна: «Такой працаздольнасці, такой адданасці працы, любві да яе, майстэрству трапнай кампазіцыі, займальнасці твора (займальнасці ў лепшым сэнсе гэтага слова) можна толькі шчыра пазайздросціць і пажадаць такіх якасцей кожнаму нашаму пісьменніку. Тым больш, што ўсё з напісанага… — не скараспелкі, не аднадзенкі, не адпіскі. Гэта сур’ёзныя творы, якія з’явіліся ў выніку грунтоўнага вывучэння жыцця, яго глыбінных працэсаў, іменна тых глыбокіх плыняў, тых кіпучых і светлых крыніц, у якіх пульсуе, фарміруецца, выкрысталізоўваецца наша сучаснасць. Іван Шамякін арганічна звязаны з жыццём народа, з яго інтарэсамі і запатрабаваннямі».</p><p>Творчая манера I. Шамякіна эпічна спакойная, традыцыйная. Пісьменнік прызнаваўся: «Калі гаварыць пра сябе, то ў перыяд творчай маладосці найбольшы ўплыў на мяне зрабілі Чэхаў і Горкі. 3 сучасных пісьменнікаў люблю ўсіх добрых «традыцыйных», а з «наватараў» тых, хто эксперыментуе ў галіне формы не дзеля формы, а шукае новыя сучасныя сродкі выяўлення. Не люблю эпігонства, работы на моду».</p><p>Пра папулярнасць творчасці пісьменніка сведчаць таксама шматлікія творчыя канферзнцыі, на якія ахвотна збіраюцца чытачы, багатая пошта, якая штодзенна кладзецца на стол пісьменніка.</p><p>Папулярнасць пісьменніцкага імя расце. I гэта сведчанне перш за ўсё вялікага таленту і яго правільнай жыццёвай арыентацыі. Аднак быць папулярным пісьменнікам нялёгка. Папулярнасць абавязвае гаварыць людзям праўду — і праўду не маленькую; не куртатую, не палавінчатую, а вялікую; праўду пра жыццё, час і грамадства. I сказаць трэба так, каб уразіць і захапіць яснасцю і даступнасцю гэтай праўды. Сапраўдная папулярнасць — гэта здольнасць таленту адчуць і закрануць набалелае ў душы чалавека, здольнасць адкрыць сэнсавыя глыбіні тых жыццёвых з’яў, перад якімі ён, чытач, магчыма, спыніўся б у неразуменні і роспачы, не могучы спасцігнуць іх унутранае аблічча і кірунак развіцця. Таму можна сказаць;. што папулярнасць — гэта перш за ўсё абавязак перад чытачом, абавязак весці чалавека да разўмнага, духоўна багатага жыцця, шырэй адкрываць перад ім новыя далягляды, дзе больш светлых думак, высокіх пачуццяў, больш добрых і карысных спраў.</p><empty-line/><p><strong>II. «БІЯГРАФІЯ МАЯ НАДЗВЫЧАЙ КАРОТКАЯ I ВЕЛЬМІ ЗВЫЧАЙНАЯ»</strong></p><empty-line/><p>Гэтым прызнаннем I. Шамякін пачынае сваю «Аўтабіяграфію», напісаную ў 1954-1962 гадах.</p><p>Нарадзіўся ён 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Гэта поўдзень Беларусі, месца, блізкае да Палесся, з яго раўніннымі палямі і вялікімі лясістымі масівамі. Лес меў цеснае дачыненне да дзяцінства пісьменніка.</p><p>Сям’я была бедная, і з 1925 года бацька стаў працаваць лесніком у Цярэшкавічах, пад Нова-Беліцай. Пераезд да месца бацькавай службы, па сведчанню пісьменніка, быў першым моцным жыццёвым уражаннем. У памяці засталіся прыгожыя мясціны, дубы на беразе Сожа і першы раз убачаны параход на гэтай рацэ. Праз год маці з дзецьмі па нейкай прычыне вярнулася ў Карму. У 1927, годзе пераехалі на новаё месца бацькавай працы - у леснічоўку («стражу») пад Пясочнай Будай Церахоўскага раёна. Пасля — новая «стража» пад Краўцоўкай таго ж раёна. Чытаць вучыўся сам з дапамогай бацькі. У школу пайшоў толькі на дзесятым годзе. Да пятага класа вучыўся ў вёсцы Краўцоўка. Часта змяняў школы з-за пераездаў з аднаго месца на другое, але вучыўся добра. Пасля заканчэння сямі класаў Макаўскай школы паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў…</p><p>Дзяцінства пісьменніка было даволі багатым на ўражанні і перажыванні. Як відаць з аўтабіяграфіі пісьменніка, яго бацька, маці і дзед Міна характарам, эмоцыямі, звычкамі належалі да тыповага сялянскага асяроддзя. Разам з тым яны былі асобамі даволі каларытнымі. Дзед Міна жыў бедна, шмат працаваў, «з маленства батрачыў у паноў і кулакоў», па-сялянску скупіўся, але пасля яго смерці знайшлі закапаныя царскія грошы. Бацька, каб пракарміць сям’ю, блукаў з месца на месца ў пошуках заробку, пабачыў свету і людзей. Маці вяла ўсю дамашнюю гаспадарку. У аўтабіяграфіі пісьменнік сказаў пра маціі: «…Гэтая маленькая, нізенькая жанчына — мая маці — была мужным і дужым чалавекам. Яна сама рабіла любую мужчынскую работу ўдзень, а ўвечары прала ці ткала. Магчыма, што зрэдку на яе нападаў страх, і тады яна брала стрэльбу, выходзіла на ганак і страляла ў паветра». Можна здагадацца, як усё гэта абвастрала дзіцячыя ўяўленні пра навакольны свет, будзіла ўнутраную чуйнасць і фантазію будучага пісьменніка.</p><p>Жыццё ў шматлікіх леснічоўках не толькі прывучыла будучага пісьменніка любіць багатыя родныя краявіды. Там ён упершыню, яшчэ зусім малым хлопчыкам, і адчуў і ўбачыў драматычную складанасць жыцця, яго непрывабныя і страшныя рысы. Аднойчы вечарам унеслі ў хату моцна параненага бацьку. На яго напаў з сякерай селянін, які самавольна сек лес. Сякера трапіла па бацькавай стрэльбе, якая вісела на плячы ўніз руляй. Стрэльба выстраліла двума зарадамі шроту ў нагу, зрабіўшы страшную, рану. Бацька доўга лячыўся. Але хутка зноў здарылася няшчасце: цяпер бацька незнарок забіў чалавека, які кінуўся на леснікоў з сякерай. Радня забітага пагражала помстай, таму ўся сям’я доўгі час не начавала дома.</p><p>Цяжка сказаць, ці паўплывалі гэтыя трагічныя падзеі, перажытыя сям’ёй, на светаадчуванне малога хлопчыка, ці адбілася ўбачанае тады і прынятае блізка і да сэрца на грамадскіх і маральна-бытавых уяўленнях пісьменніка. Хутчэй за ўсё яно не прайшло бяселедна, раз не згубілася у памяці. Магчыма, якраз ад таго даўняга часу ідзе пастаяннае пісьменніцкае адчуванне, і што свет не просты і не простыя, не адназначныя лёсы людзей.</p><p>Не абмінуў будучага пісьменніка і тыповы для сялянскага хлопчыка лес пастушка. Ён прызнаецца ў аўтабіяграфі: «Жылі мы пад Краўцоўкай параўнаўча багата і шчасліва. Праўда, былі і там горкія часіны. Я ўспамінаю, як бацька прымусіў мяне, васьмігадовага хлапчука, пасвіць кароў. У леснікоў у той час кароў было многа, ім прыводзілі з вёсак за пэўную плату бычкоў і цялушак «на адпас». Помню, мне прыйшлося к пасвіць штук дзесяць. Будзіла мяне маці са слязамі на вачах а пятай гадзіне раніцы. А вясна была мокрая, і камароў было — хмары, такую колькасць машкары я пазней ніколі не бачыў, нават на поўначы, у тундры. Каровы ад мяне, як правіла, уцякалі, я хадзіў з пабітымі нагамі, з падрапаным тварам і са страхам у сэрцы, чакаючы лупцоўкі ад бацькі за тое, што не ўпільнаваў іх. Пакутлівы быў першы год маёй пастушковай дзейнасці».</p><p>Затое пазней, калі падрос і прывык да занятку пастуха, пасвіў жывёлу ахвотна і нават з радасцю, бо мог сам-насам заставацца з лесам. «А да лесу ў мяне была нейкая асаблівая, хвалюючая любоў, былі любімыя дрэвы, з якімі я нават размаўляў: у лесе я ніколі, ні ўдзень, ні ўначы, нічога не баяўся»</p><p>Да чытання прызвычаіўся рана. «За год да школы бацька купіў мне буквар, паказаў літары, і праз якія два месяцы я стаў чытаць лепей, чым ён. Ён слухаў маё чытанне, задаволена ківаў галавой і казаў:</p><p>— Быць табе ляснічымі».</p><p>Па-сапраўднаму палюбіў кнігу, калі сям’я жыла ў леснічоўцы каля вёскі Цяруха, браў кнігі ў чырвоным кутку леспрамгаса. Наогул жа з мастацкай літаратурай быў знаёмы яшчэ да школы. Бацька прынёс аднойчы дадому паэму Д. Беднага пра старога манаха-грахаводніка і паэму Я. Коласа «Новая зямля», якая дужа падабалася леснікам, бо там пісалася пра іхняе жыццё.</p><p>Хлопца цягнула да літаратуры. У тэхнікуме будучы пісьменнік пачаў пісаць вершы і стаў актыўным членам літаратурнага аб’яднання пры газеце «Гомельская праўда». Удзельнічаючы ў рабоце аб’яднання, I. Шамякін пазнаёміўея з Леанідам Гаўрылавым, Кастусём Кірэенкам і Дзмітрыем Кавалёвым — таленавітымі маладымі паэтамі. Спрабаваў пісаць апавяданні.</p><p>Сур’ёзныя кнігі стаў чытаць рана. Першую і другую кнігі рамана М. Шолахава «Ціхі Дон» прачытаў яшчэ пасвячы кароў, трэцюю і чацвёртую — у тэхнікуме.</p><p>У 1940 годзе І. Шамякін скончыў тэхнікум і быў накіраваны на црацу ў г. Беласток. Працаваць давялося нядоўга — хутка быў прызваны ў армію. Служыў у Мурманску, у зенітна-артылерыйскай часці. Там і застала вайна. Часць абараняла Мурманск, Кандалакшу і Петразаводск ад налётаў нямецкай авіяцыі. Быў камандзірам гарматы, камсоргам дывізіёна. Пісаў вершы і друкаваўся. ў армейскіх газетах.</p><p>У 1944 годзе напісаў апавяданне на беларускай мове «У снежнай пустыні», якое пазней было надрукавана. 3 гэтага часу і пачынаецца сур’ёзная праца пісьменніка ў літаратуры.</p><p>Яшчэ ішла вайна. Артылерыйская часць, у якой служыў I. Шамякін, была перакінута ў Польшчу, пасля збівала самалёты ў небе Нямеччыны. Нарэшце вайна скончылася, прыйшла перамога. Яшчэ служачы ў арміі, напісаў аповесць «Помста».</p><p>Пасля дэмабілізацыі вырашыў перакваліфікавацца, пакінуць прафесію тэхніка па будаўнічых матэрыялах і стаць выкладчыкам мовы і літаратуры. На гэта рашэнне, безумоўна, паўплывала цяга да літаратурнай творчасці. Пісьменнік у аўтабіяграфіі прызнаваўся: «3 якіх меркаванняў і чаму я выбраў тэхнікум будаўнічых матэрыялаў — не ведаю зараз». I далей: «Дэмабілізаваўся я ўвосень 1945 года, як спецыяліст. Але ад спецыяльнасці маёй, безумоўна, нічога да тага часу не засталося, бо я ніколі не быў тэхнікам і толькі па юнацкаму неразуменню трапіў у тэхнікум будаўнічых матэрыялаў».</p><p>Стаў працаваць настаўнікам у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута.</p><p>У снежні 1945 года I. Шамякін удзельнічаў у рабоце першага пасляваеннага пленума праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Уражанняў маладому пісьменніку пленум даў вельмі многа. Гэта быў першы сход беларускіх пісьменнікаў насля вызвалення, пасля іх звароту на радзіму — сход, дзе панавала атмасфера радасці першых сустрэч пасля доўгага перапынку, выкліканага вайной. Па сутнасці, на пленуме падлічваліся ўцалелыя за вайну літаратурныя сілы Беларусі, накрэсліваліся блізкія, неадкладныя надзённыя задачы, якія стаялі перад літаратурай у мірны час. 3 дакладам «Задачы беларускай літаратуры ў перыяд аднаўлення» выступіў М. Лынькоў. Быў прачытаны даклад, у якім разглядалася творчасць маладых беларускіх пісьменнікаў. Яго прачытаў В. Вітка (Ц. Крысько). На пленуме з прамовамі выступілі народны паэт Беларусі Я. Колас, вядомыя беларускія пісьменнікі П. Глебка, К. Крапіва, В. Таўлай, П. Пестрак, а таксама госці — вядомыя рускія паэты А. Пракоф’еў, М. Рыленкаў, М. Браўн. I. Шамякін успамінае: «Пленум… надзвычай узбагаціў мяне. Асабістае знаёмства з пісьменнікамі, у пераважнай большасці сваёй людзьмі шчырымі, чулымі, сардэчнымі, акунула мяне ў літаратурнае жыццё. Я ехаў з пленума з адным цвёрдым намерам: пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць, не спыняцца ні на хвіліну. I, прыехаўшы дамоў, сапраўды, з добрай энергіяй узяўся за працу. Я ўспамінаю той час з прыемнасцю. Адкуль браліся энергія, сіла, імпэт? Удзень я працаваў у школе, увечары ледзь не штодзень ішоў у адзін з шасці калгасаў сельсавета на сход ці праводзіў семінар агітатараў, заняткі з камуністамі. А потым вяртаўся да дому позна ўначы і пісаў пры газніцы. Жылі мы ў той час вельмі бедна. Праз вокны, палавіну шыб у якіх замяняла гнілая фанера, а рэшта была злеплена з кавалачкаў шкла, за ноч намятала ў пакой снегу, і больш за ўсё яго было на стале, які нельга было перасоўваць: ён ледзь ліпеў. Я, жонка і дачка Ліна спалі на печы. Зарплату плацілі несвоечасова і настаўнікам, і яшчэ горш медработнікам, і пад вясну 1946 года мы літаральна галадалі. Але ніякія цяжкасці не маглі перашкодзіць мне ў працы, я з натхненнем, з творчым хваляваннем і гарэннем збіраў матэрыял для будучага рамана аб беларускіх партызанах». Гэтым творам стаў раман «Глыбокая плынь», закончаны ў 1948 годзе. Твор прыхільна сустрэлі чытачы і крытыка, і за яго пісьменніку была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1951).</p><p>У 1948 годзе паступіў вучыцца ў Рэспубліканскую партыйную школу і пераехаў у Мінск. Пасля заканчэння школы працаваў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». 3 1954 года шмат тадоў працаваў намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1952 годзе з’явіўся раман I. Шамякіна «У добры час», прысвечаны пасляваеннай калгаснай вёсцы, перыяду аднаўлення сельскай гаспадаркі.</p><p>Важнай вяхой у творчым жыцці пісьменніка, як і ў жыцці ўсёй савецкай літаратуры, сталі вядомыя партыйныя рашэнні, накіраваныя на аднаўлённе ленінскіх норм грамадскага жыцця. «Безумоўна, у гэтыя гады многа перажыта, многа перадумана»,— прызнаваўся пазней пісьменнік.</p><p>У новай грамадскай і літаратурнай атмасфёры, якая ўзнікала ў краіне пасля аднаўлення ленінскіх прынцыпаў кіраўніцтва дзяржавай, адлюстраванне I. Шамякіным надзённых праблем сучаснасці стала яшчэ больш смелым і глыбокім, пра што сведчыць раман «Крыніцы» (1957) — твор пра жыццё сельскай інтэлігенцыі, пра нялёгкія шляхі ўсталявання новых узаемаадносін паміж кіраўніком і падначаленымі.</p><p>У аўтабіяграфіі I. Шамякін піша: «Без біяграфіі няма пісьменніка,— сказаў нехта з маіх калег. Гэта правільна. Але, відаць, правільна і тое, што наступае час, калі біяграфія пісьменніка — гэта яго творы».</p><p>Усё напісанае I. Шамякіным да гэтага часу — гэта яскравае пацвярджэнне яго пастаяннага творчага, духоўнага, грамадзянскага росту і пасталення.</p><p>У 1957 годзе была надрукавана аповесць I. Шамякіна «Непаўторная вясна», якой адкрыўся цыкл з пяці аповёсцей (пасля з’явіліся «Начныя зарніцы» — 1958, «Агонь і снег» - 1959, «Пошукі сустрэчы» — 1959, «Мост» — 1965), аб’яднаных агульнай назвай «Трывожнае шчасце». У цыкле аповесцей шмат аўтабіяграфічнага. «Трывожнае шчасце» ўспрымаецца як імкненне пісьменніка раскрыць тыповыя рысы свайго пакалення, на долю якога выпала шмат выпрабаванняў і нягод у час ваеннага ліхалецця.</p><p>Адзін за адным выходзяць зборнікі апавяданняў «На знаёмых шляхах» (1949), «Дзве сілы» (1951), «Першае спатканне» (1956), «Матчыны рукі» (1961), кніга апавяданняў і аповесцей «Вячэрні сеанс» (1968), зборнік «Экзамен на восень. Кінааповесць. П’есы» (1975).</p><p>Вельмі папулярнымі ў чытача сталі раманы І. Шамякіна «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), прысвечаныя надзённым праблемам сучаснага грамадскага жыцця. Бадай, гэта самыя глыбокія і праніклівыя па зместу, найбольш вострыя па праблематыцы, асабліва сталыя і страсныя па думцы, дакладныя па канцэпцыі творы пісьменніка. Па шырыні зацікаўленасці сучасным жыццём, па чуйнасці да зрухаў і змен, што адбываюцца ў псіхалогіі і настроях людзей, якія жывуць сёння, па майстэрству паказаць сам ход жыцця, псіхалогію, сучаснай інтэлігенцыі і кіруючых работнікаў, бадай, ніхто не можа зраўняцца з I. Шамякіным у сучаснай беларускай літаратуры.</p><p>I. Шамякін любіць быць у пісьменніцкім асяроддзі. Ён сам шмат узяў ад блізкіх узаемаадносін з выдатнымі паэтамі і пісьменнікамі Беларусі Я. Коласам, М. Лыньковым, П. Глебкам, I. Мележам, П. Броўкам, А. Вялюгіным, А. Макаёнкам і іншымі беларускімі майстрамі слова.</p><p>Як відаць з успамінаў і выступленняў самога пісьменніка, яго прыход у літаратурў быў сустрэты з увагай і добразычлівасцю з боку літаратурнай грамадскасці. Асабліва ўзрасла цікавасць да асобы маладога пісьменніка і яго творчасці пасля апублікавання «Глыбокай плыні». Заўсёды прыязна ставіліся да яго творчых задум старэйшыя пісьменнікі. У выступленні на вечары, прысвечаным 50-годдзю з дня нараджэння, I. Шамякін гаварыў: «Ад сябе асабіста я хачу сёння падзякаваць старэйшым таварышам, сваім Настаўнікам, якія выводзілі мяне ў людзі, вучылі і жыць і пісаць,— Міхасю Лынькову, Кандрату Крапіве, Петрусю Броўку, Васілю Вітку, Ілы Гурскаму, Максіму Танку, Піліпу Пестраку». Асабліва ўдзячны I. Шамякін за дапамогу і падтрымку паэтам П. Глебку і П. Броўку. У дні юбілею П. Броўкі пісьменнік прызнаваўся:</p><p>«Я многа гадоў працаваў пад кіраўніцтвам Петруся Усцінавіча, калі ён узначальваў Саюз пісьменнікаў. Спачатку мне было нялёгка вытрымліваць рытм яго працы, яго надзвычайную дысцыплінаванасць… Значна хутчэй я душэўна пасябраваў з памяркоўным і гэткім жа, як сам я, павольным Пятром Глебкам. Але потым гэтак жа пасябраваў і з Петрусём Усцінавічам і цяпер удзячны лёсу і часта думаю: якая гэта выдатная школа — папрацаваць пад кіраўніцтвам такога чалавека, як Броўка! У яго заўсёды было чаму павучыцца і ў творчасці, і ў арганізацыйнай працы…».</p><p>Доўгі час сяброўскія адносіны звязвалі I. Шамякіна з I. Мележам. «Безумоўна, жывучы па-суседству,— успамінае ён,— мы часта заглядвалі адзін да аднаго і вялі цікавыя літаратурныя размовы, больш спакойныя, глыбокія, чым нашы калектыўныя дыспуты…».</p><p>Шмат гадоў займаючы пасаду сакратара, а пасля першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, I. Шамякін знаходзіцца самым цэнтры літаратурнага жыцця рэспублікі. Ён ведае кожнага літаратара, цікавіцца поспехамі і планамі на будучае, добра адчувае глыбінныя тэндэнцыі развіцця нацыянальнай літаратуры.</p><p>I. Шамякін — відны грамадскі дзеяч. Ён часта выступае з прамовамі па пытаннях эканамічнага і культурнага развіцця рэспублікі не толькі на пісьменніцкіх сходах, але і на пленумах ЦК КПБ, на пасяджэннях Вярхоўнага Савета БССР і іншых адказных форумах.</p><p>У 1963 годзе I. Шамякін уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Свае ўражанні аб прабыванні ў Амерыцы, аб рабоце сесіі Генеральнай Асамблеі ААН пісьменнік цікава перадаў у дзённіку «Два месяцы ў Нью-Йорку». Займаючы кіруючую пасаду ў Саюзе пісьменнікаў БССР, выконваючы шматлікія грамадскія абавязкі, I. Шамякін часта выступае з прамовамі аб стане сучаснай беларускай літаратуры, піша крытычныя артыкулы. Яны сабраны ў кнізе «Размова з чытачом. Артыкулы, выступленні, дзённікі» (1973).</p><p>Іван Шамякін — першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, Старшыня Вярхоўнага Савета БССР, кандыдат у члены ЦК КПБ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа, народны пісьменнік Беларусі. Сёння ён знаходзіцца ў самым росквіце творчых і духоўных сіл.</p><empty-line/><p><strong>III. ПА СЛЯДАХ ВАЙНЫ</strong></p><empty-line/><p>I. Шамякін уступаў у літаратуру ў першыя пасляваенныя гады. У вельмі складаны і адказны час для яе развіцця. Вярталіся з франтоў і партызанскіх атрадаў старэйшыя пісьменнікі, уважліва прыглядаліся да першых крокаў мірнага жыцця. У памяці былі яшчэ свежыя ўспаміны пра ўчарашнюю вайну, якая адбілася на побыце, псіхалогіі і свядомасці народа. Трэба было шукаць, выкарыстоўваючы ўласны творчы вопыт, плённых шляхоў адлюстравання пасляваеннай рэчаіснасці. Турбавала таксама пісьменнікаў праблема асэнсавання Вялікай Айчьганай вайны.</p><p>У гэты час рабілі першыя творчыя спробы яшчэ нікому не вядомыя маладыя літаратары, якія прынеслі з палёў вайны глыбокія ўражанні ад убачанага і перажытага. Іх сэрцы поўніліся творчай энергіяй. Перад імі таксама ўзнікала пытанне, пра што пісаць і як. Быў сярод іх і Іван Шамякін. Ён пачынае з тэмы вайны. Убачанае і перажытае выклікала роздум, уздзейнічала на душэўны стан. Натуральна, што ў маладога афіцэра-палітработніка I. Шамякіна, які лічыў сябе нейкім чынам ужо далучаным да літаратуры сваімі ранейшымі практыкаваннямі, узнікла ўнутраная патрэба выявіць свае адносіны да вайны праз мастацкае слова.</p><p>Апавяданне «У снежнай пустыні» - адна з першых сур’ёзных творчых спроб у гэтым кірунку. Яго змест мае фактычную жыццёвую аснову, але апавяданне не аўтабіяграфічнае, калі не лічыць, што яно геаграфічна прывязана да мясцін, дзе ваяваў сам пісьменнік.</p><p>У час бамбардзіроўкі савецкімі самалётамі стаянкі варожых ваенных караблёў у адным з фіёрдаў Нарвегіі наш самалёт аказаўся падбітым. Не дацягнуўшы да сваіх, экіпаж садзіць машыну на лёд невядомага возера. Камандзіру самалёта Васю і цяжка параненаму штурману Волкаву трэба дабрацца да сваіх. А навокал, на шмат соцень вёрст, халодная бель снежнай паўночнай пустыні.</p><p>Зрабіўшы з абшыўкі самалёта сабе лыжы і для параненага штурмана нешта накшталт лодкі, камандзір упрагаецца ў гэту пасудзіну і ідзе на ўсход. Дарога патрабуе невыносных фізічных намаганняў. Даймае холад, канчаюцца рэшткі ежы. Камандзір знясілены. Настае момант, калі штурман кажа: «Стой!.. Хопіць, Вася! Чым паміраць дваім, лепш памерці аднаму… Ты толькі… прыстрэль мяне». Камандзір катэгарычна адмаўляецца пакінуць сябра. Тады штурман кажа, што камандзір «проста трус», а ён памрэ і так, бо не возьме ні крошкі ежы. Але камандзір здолеў пераканаць Волкава: «А ты зрабіў бы так на маім месцы?»</p><p>Ім удаецца адбіць у нямецкага салдата запрэжку аленяў з прадуктамі. I гэта іх ратуе на пэўны час. Перайсці лінію фронту дапамагаюць мясцовыя жыхары, саамы-партызаны.</p><p>У апавяданні перададзены праўдзівы воблік вайны. Ваяваць не лёгка. Кроў, пакуты, холад. Атмасфера твора насычана мужным салдацкім настроем вынесці вялікія выпрабаванні. Малады пісьменнік імкнецца праўдзіва перадаць не толькі асобныя дэталі і агульны фон вайны. У яго творчай пазіцыі вельмі моцнае пачуццё аб’ектыўнасці жыцця. Вось пачатак апавядання: «Самалёт рабіў другі заход над вузкім фіёрдам Альта, дзе нямецкія ваенныя караблі хаваліся ад англійскай эскадры. Адзін варожы эсмінец ужо гарэў ад прамога пападання бомбаў.</p><p>I раптам абледзянелая снежная скала ў канцы фіёрда ўдарыла агнявым залпам. Загаварылі зеніткі замаскіраванага і маўчаўшага дагэтуль крэйсера. Той, каго мы шукалі, выдаў сябе».</p><p>На фоне шматлікіх тагачасных твораў пра вайну, дзе апісанне ворага не абыходзілася без ледзь не абавязковых экспрэсіўных знішчальных эпітэтаў і перыфраз, гэта спакойна-аб’ектыўнае «загаварылі зеніткі» (не «залаялі», не «загаўкалі») было надзвычай характэрнае для творчай пазіцыі аўтара і сведчыла — разам з іншымі адзнакамі мастацкай манеры — пра несумленную сур’ёзнаець творчай задумы, пра выразную схільнасць да рэалістычнага адлюстравання. Апавяданне мела ўжо даволі зладжаную структуру пераканаўчых псіхалагічных і бытавых рэалій, цікавых эмацыянальных падрабязнасцей. Яно напісана было на гераічную тэму, несла гуманістычную ідэю высакародства і таварыства і нават на сучасным этапе літаратурнага развіцця справядліва лічыцца добрым творам. Апавяданне «У снежнай пустыні» даносіць гарачае дыханне вайны.</p><p>Перш-наперш варта адзначыць, аднак, што ва ўсёй савецкай літаратуры, якая ішла па гарачых слядах вайны, яшчэ не надавалася патрэбнага значэння асабіста перажытаму і ўбачанаму. Гэта было ўласціва ўсяму тагачаснаму літаратурнаму працэру. Пісьменнікі глядзелі на вайну маштабна, асэнсоўвалі яе ход у галоўных, велічных падзеях і праявах, таму ў ваеннай рэчаіснасці яны шукалі і выпуклялі адзнакі ўсеагульнасці, распаўсюджанасці, масавасці. У эстэтычнай і стылявой сістэме тагачаснай літаратуры было мала месца для індывідуальнага і асабістага, бо яно ўспрымалася пераважна як выпадковае, дробязнае, прыземленае, адным словам — недастаткова характэрнае. Пісьменнікі яшчэ не навучыліся праз апісанне звычайнага, штодзённага факта вайны перадаваць яе гераічную веліч.</p><p>Ад гэтай агульналітаратурнай тэндэнцыі адчувальна залежыць і апавяданне I. Шамякіна «У снежнай пустыні». У аснову яго лёг не перажыты самім пісьменнікам факт. Агаворымся, што ў прынцыпе гэта не мінус твору. Аднак ва ўмовах ваенных гадоў, калі літаратура яшчэ не мела дастаткова багатага вопыту непасрэднага адлюстравання ваенных падзей, паслядоўнае і прынцыповае ўхіленне ад факталагічнасці, дакументальнасці, аўтабіяграфізму, несумненна, сведчыла пра кніжны, белетрыстычны характар шмат якіх вобразных уяўленняў таго часу. Але гэта была асаблівая кніжнасць. Яна нараджалася не адрывам ад рэальных падзей, не ігнараваннем іх, а выступала ў якасці аўтарскага імкнення ўзняць іх на ступень вышэйшага мастацкага абагульнення, тыпізацыі, хоць, вядома, абстрагаванне ад жывой рэчаіснасці ў нейкай ступені непазбежна адбывалася. Жыццёвы факт сам па сабе ў мастацкай сістэме тагачаснай прозы, які б ён уражлівы ні быў, не набываў патрэбнага эстэтычнага значэння. Уключаны ж у літаратурны сюжэт, асабліва калі гэты сюжэт нагадваў ужо вядомы і існуючы ў літаратуры, ён успрымаўся як мастацкая з’ява.</p><p>Сапраўды, кідаецца ў вочы, што назва апавядання «У снежнай пустыні» зусім не нагадвае пра вайну. Ды ўрэшце, не толькі назва дае адчуць, што ад твора вее нечым знаёмым з вядомай у сусветнай літаратуры эпапеі асваення поўначы, дзе ворагам чалавека была няўмольная суровая прырода. У сітуацыі, раскрытай у апавяданні, героі больш змагаюцца са снежнай пустыняй, чым з нямецкімі салдатамі. Ім сустрэўся ўсяго адзін нямецкі салдат, і перамога над ім далася не так і цяжка. Іншая справа — халодная поўнач. Яна пагражае ім найбольш, сунецца белай смерцю за імі, гатовая ў кожную хвілю адняць рэшткі жыцця.</p><p>У агульным кампазіцыйным ладзе апавядання галоўны канфлікт — гэта барацьба паміж салдатамі ваюючых бакоў. Суровыя ўмовы поўначы толькі дадаткова ўскладняюць становішча герояў. Але ў ходзе развіцця дзеяння гэта пабочная варожая сіла хутка становіцца асноўнай. У гэтым праўда жыцця, праўда тых умоў, у якіх ваявалі салдаты на поўначы. Тут, у гэтым моманце зместу, сітуацыя ў нейкай ступені супадае з той, калі да апошняга дыхання змагаецца эа жыцце ва ўмовах суровай поўначы герой апавядання Джэка Лондана «Любоў да жыцця». Хіба не гэтак жа дапамагае герою Джэка Лондана пераадолець апошнія метры ад смерці да жыцця задушаны ім стары воўк, як героям I. Шамякіна забіты імі немец, у якога яны знайшлі ежу?</p><p>Вядома, выкарыстанне ўжо існуючых сюжэтных узораў пры адлюстраванні падзей вайны адбывалася творча, нават з палемічным адмаўленнем многіх жыццёвых сітуацый, у якія трапляў чалавек у свеце нажывы і крайняга індывідуалізму. Прынцып капіталістычнага грамадства «чалавек чалавеку — воўк» у цяжкіх умовах, калі выпрабоўвалася сама сутнасць чалавека, набываў яшчэ больш выразнае, адкрытае выяўленне. У тым жа апавяданні Джэка Лондана «Любоў да жыцця» таксама спачатку два чалавекі выдзіраюцца з пасткі бязлюднай поўначы. Але, адзін з іх, Біл, пакідае больш аслабелага таварыша, каб не траціць сіл на дапамогу. У апавяданні ж I. Шамякіна, наадварот, паранены штурман, зусім бездапаможны фізічна, просіць пакінуць яго, але камандзір рашуча адмаўляецца, успрымае гэту просьбу як псіхалагічную ненармальнасць. Герой I. Шамякіна дзейнічае як чалавек зусім іншага па сваёй прыродзе грамадства, дзе таварыская дапамога, нават калі яна патрабуе рызыкі жыццём,— непахісны маральны закон. Гэты закон у жыцці герояў апавядання «У снежйай пустыні» яшчэ больш грунтоўна падмацаваны баявой дружбай, пачуццём братэрства, сцэментаванага сумесна пралітай крывёй у справядлівай барацьбе.</p><p>Заўважаецца, што ў пераломныя часы, пазначаныя рэзкімі зменамі жыцця, калі да мастацтва яно паварочваецца раптоўна зусім новымі, нечаканымі з’явамі, літаратура шукае спачатку магчымыя сродкі абагульнення ў традыцыях мінулага, быццам мяркуючы, што гісторыя ведае ўсе тайны сучаснасці. Гэтак было ў гады вайны. Шмат якія творы ваеннага часу нясуць на сабе сляды ўздзеяння класічных твораў, асабліва на батальную тэму: паэзія — лермантаўскага «Барадзіна», проза — «Вайны і міру» Л. Талстога. У беларускай літаратуры падобная тэндэнцыя наглядаецца на працягу ўсяго першага пасля ваеннага дзесяцігоддзя. Не цяжка заўважыць, напрыклад, што раман I. Мележа «Мінскі напрамак» меў арыенцірам у развіцці вобразных уяўленняў аб Вялікай Айчыннай вайне раман Л. Талстога «Вайна і мір». Залежнасць гэта відавочная і ў імкненні паказаць сумяшчэнне партызанскай барацьбы з дзеяннем фронту, і ў адпаведнай увазе як да радавога ўдзельніка вайны, так і да высокіх камандзіраў. Вылучэнне вобраза камандуючага фронтам Чарняхоўскага як буйной фігуры вайны, уведзенага ў раман пад сапраўдным прозвішчам, думаецца, таксама падказана раманам вялікага рускага пісьменніка, роляй у гэтым творы вобраза Кутузава.</p><p>Мабыць, у агульных рысах маштабнасць творчай задумы «Векапомных дзён» М. Лынькова таксама ўзнікла пад уплывам рамана «Вайна і мір».</p><p>Гэта тэндэнцыя звароту да вядомых узораў класічнай літаратуры, відаць, у рускай савецкай прозе не была такой выразнай, як у беларускай, бо руская савецкая літаратура мела нашмат багацейшыя традыцыі ў адлюстраванні батальнай тэмы. Але і ў творах рускіх пісьменнікаў таго часу не-не, ды і мільгане рысачка характару, запазычаная то ад Тушына, то ад Цімохіна з «Вайны і міру».</p><p>Трэба зазначыць, што падобны зварот да класічнай літаратуры не вёў ў той час творчую думкў назад, а часта адкрываў шлях да наватарскіх пошукаў. Увод І. Мележам у мастацкі твор рэальнай фігуры вайны — генерала Чарняхоўскага, на што тады яшчэ не адважвалася савецкая проза, патрабаваў ад аўтара на шмат якіх старонках дакументальнасці, а гэта выклікала новыя асаблівасці ва ўсёй паэтыцы рамана — паглыблялася перш за ўсё праўдзівасць ўсёй атмасферы твора. Апавяданне I. Шамякіна «У снежнай пустыні» дзякуючы сюжэтнай блізкасці да некаторых твораў Джэка Лондана таксама набывала асаблівую атмасферу праўдзівасці ў апісанні падзей. Сваімі мастацкімі асаблівасцямі яно выгадна вылучаецца на фоне ўсёй тагачаснай беларускай прозы, уключаючы творы вопытных пісьменнікаў.</p><p>Аповесць «Помста» (1946) хоць і наследуе некаторыя асаблівасці творчай манеры аўтара, якія пачалі складвацца ў апавяданні «У снежнай пустыні», і нават развівае іх (асабліва — схільнасць да вострых сюжэтных сутыкненняў), аднак яна мае ўжо зусім інакшыя адзнакі стылявой структуры. Малады пісьменнік нібы адчуў, што існуючая ў тагачаснай прозе, хай сабе неўсвядомленая, цьмяная, суаднесенасць з вядомымі ужо літаратурнымі сюжэтамі, хоць і бывае карыснай і плённай, аднак у нечым усё ж абмяжоўвае працэс асэнсавання рэальнага ходу вайны. Войны падобныя адна на адну і разам з тым не падобныя. Асабліва шмат спецыфічнага і характэрнага ў параўнанні з мінулымі войнамі мела Вялікая Айчынная вайна, якую пераможна заканчваў савецкі народ. Таму ўсякая запазычанасць гатовых ўзораў адлюстравання ваенных падзей, нават вельмі ўдалая, несла пагрозу большай або меншай прыблізнасці вобразнага выраіпэння тэмы. Задача ж літаратуры заключалася ў тым, каб знайсці, устанавіць сістэму, заканамернасць фактаў, адкрыць іх уласны ўсечалавечы сэнс і змест. Зразумела, пгго гэта задача патрабавала асаблівай увагі да сюжэта, бо праз сюжэт у першую чаргу адбываецца ў мастацкім творы сэнсавая арганізацыя фактаў, назіранняў.</p><p>I. Шамякін, будучы яшчэ зусім маладым пісьменнікам, вельмі добра адчуў гэту надзённую і важную эстэтычную задачу, што стаяла перад усёй літаратурай. У аповесці «Помста» ён зрабіў смелую спробу праз пэўную сістэму паводзін чалавека, праз сюжэтную арганізацыю падзей паказаць абагульнены, філасофскі характар менавіта дадзенай, канкрэтнай вайны.</p><p>Вось-вось закончыцца вайна. Узбуджана вясёлая, святочная атмасфера побыту вайсковай часці ў самы пярэдадзень перамогі. Але зусім не вясёлы настрой у маёра Раманенкі. У яго асабісты клопат. Ён павінен здзейсніць наказ жонкі, якая памерла ў яго на руках пасля вызвалення роднай вёскі. Жонка Галіна наказала знайсці ў Нямеччыне гарадок — радзіму нямецкага каменданта Генрыха Візэнера. I адпомсціць. Той камендант, калі жонка Раманенкі пайшла ў партызаны, загадаў забіць яе маці і дачку. Ад перажыванняў Галіна захварэла на сухоты і памерла ў першыя ж дні вызвалення. Значыць, і ў яе смерці вінаваты Генрых Візэнер. I вось Раманенка ў Нямеччьше знаходзіць той гарадок, знаходзіць і сям’ю нямецкага каменданта. Але ён не прыехаў помсціць. Калі спачатку намеры маёра няпэўныя, то, пабачыўшы сям’ю свайго ворага, Раманенка робіць канчатковы вывад: «Для мяне дзеці ёсць дзеці, хоць яны і дзеці ката».</p><p>Але аповесць называецца «Помста». Значыць, помста ўсё ж адбылася? Так, адбылася. Яна ў тым, што маёр Раманенка прыйшоў у дом фашыста пераможцам і сказаў яго сям’і праўду пра яго. Гэтым самым ён не толькі выкрыў яго, але і нібы знішчыў, бо выкрыў перад самьмі блізкімі яму людзьмі. Цяпер ужо не стала ніякай будучыні ў фашыста Генрыха Візэнера.</p><p>Звязаўшы сюжэтна падзеі, якія адбываліся ў Беларусі і ў Нямеччыне, пісьменнік узмацняў эпічныя тэндэнцыі беларускай прозы ў адлюстраванні вайны. Вольнае перанясенне дзеяння з Нямеччыны ў Беларусь азначала тады наватарскую смеласць. На такое яшчэ не адважваліся беларускія празаікі, акрамя хіба што К. Чорнага. Вораг паказваўся ў літаратуры яшчэ такім, якім ён быў у канкрэтным моманце вайны. Звярнуўшы ўвагу на вытокі этычных і псіхалагічных паводзін ворага ў вайну, I. Шамякін пашыраў мастацка-філасофскае асэнсаванне праблемы фашызму.</p><p>Калі героі апавядання «У снежнай пустыні», будучы рэальнымі фігурамі вайны, пераканальнымі вобразамі салдат, усё ж сваім лёсам і становішчам, у якое яны трапілі, маглі нагадваць нечым і здабытчыкаў золата Джэка Лондана, то героі аповесді «Помста» не наследуюць паводзін нейкіх персанажаў, ужо вядомых у сусветнай літаратуры. Сюжэт не толькі набліжаны да ваенных падзей. Ён «выцякае» з іх. У гэтым наглядна выявіўся працэс эстэтычнай канкрэтызацыі ў мастацкім паказе вайны.</p><p>3аўважаецца, што развіццё сітуацый, стварэнне сюжэтнай заканамернасці падзей — вельмі важная асаблівасць аповесці «Помста». Пісьменнік відавочна ахвяруе падрабязнасцямі. Нават бой, у якім удзельнічае галоўны герой, апісаны ў агульным плане, бо ён мала звязаны з асноўнай лініяй развіцця падзей. «Раманенка правёў танкі праз балота, якое немцы лічылі непраходным. Ён добра ведаў брады і без затрымкі пераправіўся праз рэчку. У полі за балотамі танкі наскочылі на варожую абарону — на два паспешна збудаваныя дзоты, узброеныя толькі кулямётамі… Раманенка сваім танкам наскочыў на дзот, развярнуўся на ім, пахаваўшы рэшткі гарнізона. Другі дзот адказаў кулямётным агнём. Два снарады — кулямёт змоўк».</p><p>Смелае імкненне І. Шамякіна ўнікнуць апісальнасці ў паказе вайны і адкрыць у мастацкім творы ўласную «сюжэтыку» давалася ў «Помсце» не без страт. У паказе самой вайны з’яўляецца скарагаворка, толькі лёгкі пункцір здарэнняў. Аўтар залішне спяшаецца да сваёй галоўнай задачы — звесці ў адзін фокус асноўныя падзеі. Пісьменнік вымушаны, каб палегчыць сабе галоўную задачу, часта ўводзіць шчаслівыя выпадковасці. Толькі збег спрыяльных абставін прывёў Раманенку ў родную вёску, дзе ён і сустрэўся з жонкай. Калі б не ўдача, не было б, выходзіць, магчымасці развіваць і сам сюжэт. Ёсць у творы і іншыя эпізоды і моманты, якія падаюцца на грані верагоднасці. Смерць жонкі якраз у час сустрэчы пасля доўгай разлукі павінна ўзмацніць не толькі эмацыянальную сілу яе наказу, але і маральную важкасць гэтага наказу.</p><p>Такім чынам, крок наперад у імкненні канкрэтызаваць і наблізіць да жыцця сюжэт твора пра вайну ў іцшых мастацкіх планах азначаў бы крок назад. Сапраўды: у параўнанні з апавяданнем «У снежнай пустыні» сюжэт аповесці «Помста» стаў больш індывідуальным, непаўторным, затое ва ўзаемаадносінах герояў з’явіўся налёт ненатуральнасці і сентыментальнасці. Даволі чулліва паказаны, напрыклад, эпізод сустрэчы Раманенкі з жонкай. Пісьменнік не навучыўся яшчэ рэалістычна, згодна з жыццёвай праўдай развіваць дзеянне твора ад пачатку да канца. Але ён імкнуўся да гэтага, што выразна і выявілася ў аповесці «Помста».</p><p>Галоўнае для пісьменніка ў гэтай аповесці было выказаць гуманістычную ідэю аб умацаванні ў пасляваенным свеце дабра, ідэю аб тым, што на пераможных сцягах Савецкай Арміі напісана нянавісць да фашызму, а не да нямецкага народа.</p><p>У крытычных водгуках адразу пасля апублікавання аповесці падкрэслівалася як характэрная асаблівасць усяго твора гуманістычная накіраванасць зместу.</p><p>Аповесць «Помста» застанецца ў гісторыі беларускай савецкай прозы дзякуючы сваёй выразна гуманістычнай і вельмі надзённай для таго часу ідэі. Твор заклікаў да чалавечнасці і разважлівасці, паэтызаваў высакароднасць пераможцаў, нагадваў пра неабходнасць разумнага і справядлівага размежавання вінаватых і невінаватых. О, якім сучасным, прачулым і пранізлівым было гучанне гэтай ідэі пасля перамогі, калі тысячы складаных і заблытаных людскіх лёсаў чакалі разумення, спагады, справядлівых адносін, калі нясцерпная горыч страт, разбурэнняў нярэдка клікала прывід сляпой бессэнсоўнай помсты, калі гады невымерных пакут, вялікай пралітай крыві прытупілі шмат у каго маральнае пачуццё адказнасці за чалавека. Высакародства патрэбна было і самім пераможцам. Раманенку, калі ён адмовіўся ад фізічнай помсты, «у глыбіні душы было лёгка і радасна».</p><p>Перанёсшы ўвагу з апісання аднаго ваеннага здарэння на сюжэтную ўзаемазалежнасцв паміж падзеямі, I. ШаМякін у аповесці «Помста» быццам бы звужаў мастацкія межы непасрэднага паказу вайны. Але гэта звужэнне давала каласальны выйгрыш ў іншым — пашырала і паглыбляла філасофскую канцэпцыю вайны. Менавіта гэтым аповесць жыла ўжо ў новым часе.</p><p>Ужо на раннім этапе творчасці I. Шамякін шмат шукае, і яго пошукі вызначаюцца ўнутранай чуйнасцю да галоўных тэндэнцый літаратурнага развіцця,</p><empty-line/><p><strong>IV. ПАРТЫЗАНСКІЯ СПРАВЫ НА РОДНАЙ ЗЯМЛІ</strong></p><empty-line/><p>Дэмабілізаваўшыся з арміі і ўладкаваўшыся працаваць настаўнікам, I. Шамякін настойліва збірае матэрыял для твора пра беларускіх партызан. Гэтым творам стаў раман «Глыбокая плынь» (1948). «Вялікую дапамогу ў гэтым,— пісаў пазней аўтар,— аказвала. жонка, якая падчас акупацыі жыла ў бацькі. Урэшце, магу прызнацца крытыкам, што вобраз Таццяны Маеўскай у многіх сваіх рысах, біяграфічных і псіхалагічных, я спісаў з жонкі».</p><p>Раман «Глыбокая плынь» у нечым істотным наследуе папярэднія творы пісьменніка. Яшчэ больш абвастраецца сюжэтная лінія развіцця падзей. Аднак аповесць «Помста» адкрыла і такую акалічнасць творчага характару, якая павінна была насцярожыць пісьменніка. I. Шамякін не мог не адчуць, што публіцыстычная завостранасць зместу, умоўнасць формы ў сур’ёзным мастацкім творы маюць крытычныя межы развіцця, за якімі знікае пераканальнасць малюнка, набліжаецца рэальны адрыў ад жыцця.</p><p>У рамане «Глыбокая плынь» I. Шамякін імкнецца спалучыць, развіваючы галоўную стылявую тэндэнцыю аповесці «Помста», вострасюжэтнае дзеянне з жыццёвай сілай рэальнага факта. Ён «зазямляе» развіццё падзей, не адмаўляючыся ад яго дынамічнасці і драматызму.</p><p>Пасля з’яўлення ў друку першай часткі рамана крытыка адзінадушна дала ёй высокую ацэнку, назваўшы «Глыбокую плынь» таленавітым творам. Апублікаванне ўсяго рамана пацвердзіла першыя ўражанні крытыкі. М. Лынькоў убачыў у «Глыбокай плыні» «несумненнае дасягненне ўсёй беларускай мастацкай літаратуры».</p><p>На новым этапе творчасці I. Шамякін пачынае звяртацца да рэальных сведчанняў вайны. Наўрад ці можна дапусціць, што аўтар мог збіраць жыццёвы матэрыял для аповесці «Помста». Проста ў гэтым не было патрэбы. Жывы, рэальны характар падзей, магчыма, нават шкодзіў бы яму пры напісанні «Помсты», бо не даваў бы магчымасці стройна развіваць сюжэтную сувязь паміж апорнымі ў змесцё твора фактамі і падзеямі. I раптам прызнанне, што пісьменнік «збіраў матэрыял для будучага рамана». Гэта шмат значыла ў самой творчай канцэпцыі пісьменніка. У літаратуру пра вайну ўжо тады стукаўся праўдзівы жыццёвы факт, аднак ён быў яшчэ выпадковым госцем у мастацкім творы, не выклікаў поўнага аўтарскага даверу і захаплення. Знойдзенае ў пошуку і пачутае ад самага блізкага, роднага чалавека яшчэ бярэцца на «літаратурную праверку». Пры патрэбе, выкліканай законамі сюжэтнага развіцця, факт можа змяняцца, перайначвацца. Але гэта не суб’ектывізм аўтара, не гвалтоўная «пераапрацоўка» факта ў пажаданым кірунку. Галоўная структурна-стылявая задача рамана «Глыбокая плынь» — не даць факту, які стаў ужо цікавым і патрэбным, зацямніць галоўную думку твора.</p><p>Атрымаўся пэўны парадокс: пісьменніцкую вядомасць I. Шамякіну прынёс твор, напісаны на жыццёвым матэрыяле, які не быў ім перажыты асабіста. Ці азначала гэта, што пісьменнік можа ствараць мастацкія рэчы незалежна ад уласных жыццёвых уражанняў? Не, не азначала. Асабісты ваенны вопыт I. Шамякіна, безумоўна, прысутнічае ў нейкай форме і ў рамане «Глыбокая плынь», выявіўшыся ў агульных адносінах да паказаных падзей, у разуменні душэўнага і псіхалагічнага стану чалавека на вайне.</p><p>Раман «Глыбокая плынь», несучы ў сабе тыповыя адзнакі тагачаснай літаратуры ў адлюстраванні вайны з яе жаданнем ідэальна ўзвысіць учынак чалавека на вайне, з яе агульнай публіцыстычнай, падкрэслена гучнай маральнай, грамадзянскай і палітычнай ацэнкай гэтага ўчынку, быў разам з тым наватарскім творам, наватарскім не толькі ў мастацкім вопыце самога пісьменніка, але і ва ўсёй беларускай прозе пра вайну. Менавіта гэты твор паставіў шмат якія праблемы ідэйна-мастацкага адлюстравання партызанскай барацьбы, да якіх стане ўважлівая пазнейшая беларуская літаратура і будзе паглыбляць іх мастацкае разуменне аж да сённяшняга дня. I адна з важнейшых праблем зместу рамана «Глыбокая плынь» — маральная складанасць і сацыяльна-побытавая своеасаблівасць народнай вайны з ворагам.</p><p>Галоўная гераіня твора Таццяна Маеўская, вяртаючыся ў першыя дні вайны дадому, да бацькі, з Заходняй Беларусі, дзе яна працавала настаўніцай, у дарозе ратуе малога яўрэйскага хлопчыка і забірае яго з сабой. Дома перад бацькам Карпам, перад мачахай Палагеяй, перад усімі аднавяскоўцамі яна выдае яго за ўласнага сына. Гэта вельмі ўскладняе становішча маладой незамужняй дзяўчыны. Таццяна вымушана гаварыць, што яна замужам і што яе муж на фронце. 3 цягам часу яна адкрывае сваю тайну бацьку. Мачаха ж сама здагадваецца, бачачы, як няўмела маладая маці даглядае дзіця, што яно чужое. Пазней Палагея, баючыся жыць у сям’і, якая дапамагае партызанам, кідае Карпа Маеўскага, перабіраецца жыць да сястры і ў размове са сваім палюбоўнікам Мацеем Куляшом, нямецкім агентам, прагаворваецца, што Таццяна гадуе яўрэйскага хлопчыка, У хату да Маеўскіх з’яўляюцца два паліцэйскія, але сям’я Маеўскіх, забіўшы іх, падаецца ў партызаны.</p><p>Жывучы ў бацькі, Таццяна дапамагае чым можа партызанам, вучыць вясковых дзяцей у школе, адкрытай з дазволу старасты, але вучыць па-свойму, выхоўвае ў вучняў савецкі патрыятызм. У лесе яна даглядае раненых у шпіталі, выконвае іншыя заданні. Тут, у партызанскім лагеры, яна часта бачыць хлопца, сувязнога Жэньку Лубяна, якога кахае, і аднойчы прызнаецца яму, што ніколі не была замужам. Гэта ўзрадавала Жэньку, які таксама даўно кахае Таню, і яны збіраюцца пасля вайны, калі дажывуць да перамогі, пажаніцца.</p><p>У развіцці гэтай сюжэтнай лініі рамана не магло не здзівіць, што баявыя справы гераіні былі вельмі цесна пераплецены з бытавымі і асабістымі. Тагачасная беларуская літаратура яшчэ неахвотна звяртала ўвагу на асабістае жыццё ўдзельніка вайны. У «Глыбокай плыні» — усё разам: баявыя справы і каханне, выкананне партызанскага задання і турботы пра ўладкаванне сямейных непаразуменняў. Карп Маеўскі, выконваючы заданне камандзіра, спадзяецца заадно памірыцца з жонкай Палагеяй.</p><p>У такой, пазіцыі пісьменніка выяўляўся ўжо новы прынцып мастацкага адлюстравання чалавека на вайне.</p><p>У вобразе барацьбіта здымалася аднапланавасць. У прозу чалавек уваходзіў увесь, знікала яго раздваенне на салдата і чалавека наогул. Не было такога рэзкага раз’яднання ў абліччы байца — хоча сказаць літаратура. Грамадзянскія якасці чалавека, яго рашучасць падняцца на барацьбу з ворагам прама звязаны з маральнымі задаткамі душы, са здатнасцю быць проста чалавекам.</p><p>Гэта думка асабліва выразна і наглядна ўвасоблена ў вобразах старасты Ларывона Бугая і Мацея Куляша, якія ў рамане з’яўляюцца антыподамі. Лёс Ларывона склаўся так, што нібыта вёў яго ў памагатыя акупантам. Былы аднаасобнік, які канфліктаваў з мясцовай Савецкай уладай, з прыходам немцаў мог прагнунь помсты. I ў яго дўшы сапраўды спачатку з’яўляецца злараднасць з нагоды першых паражэнняў Чырвонай Арміі. Але ён перш за ўсё чалавек і не можа дапусціць здзеку над чалавекам. Пераканаўшыся ў сапраўднай сутнасці палітыкі акупантаў, ён з першых жа дзён вайны застаецца на баку народа, не шукае выгады са сваёй пасады, рашуча заступаецца за пакрыўджаных, за што яго забіваюць фашысты, а сям’ю расстрэльваюць.</p><p>3 Мацеем Куляшом атрымалася наадварот. Лёс увесь час нібы штурхаў яго да партызан. Ён меў з імі сувязь, і яму доўгі час верылі. Але ён не стаў партызанам і быў расстраляны імі як выкрыты нямецкі агент. Да такога ганебнага канца прывялі яго ўласная несумленнасць і беспрынцыповасць. Справа ў тым, што ён партызанам дапамагаў не шчыра, не па загаду душы, а з разлікам, каб мець з гэтага выгаду і выжыць. Дарэчы, і немцам ён служыў з гэтакіх жа пабуджэнняў. У яго натуры не было элементарных маральных устояў, усе чалавечае яму проста супрацьпаказана.</p><p>Вобраз Мацея Куляша нагадвае у нейкай ступені вобраз Саўкі Мільгуна з аповесці Я. Коласа «Дрыгва», які таксама служыў на два франты. У аснове паводзін падобнага тыпу людзей — інстынкт нявыхаваных, цёмных натур пераадолець у складаны, небяспечны час трагічны збег абставін, выжыць за кошт жыцця іншых людзей. Аднак ёсць і істотная розніца паміж Мацеем Куляшом і Саўкам Мільгуном. Саўка ў параўнанні з Мацеем па-сялянску наіўны ў сваёй здрадзе, ён у глыбіні душы спадзяецца, што яго здрада не будзе каштаваць чалавечай крыві. Яго ўчынкі ў нейкай ступені можна вытлумачыць як душэўную нявопытнасць. Ды і сам Саўка шчыра каецца ў зробленым. Вось чаму камандзір партызанскага атрада дзед Талаш знаходзіць маральныя падставы, каб не караць Саўку за яго злачынства і адпусціць. Мацей Кулеш у параўнанні з Саўкам больш жорсткі, цынічны і крыважэрны. Ён ужо не столькі ахвяра жорсткіх абставін, колькі сам з’яўляецца ўвасабленнем жорсткасці часу, злавеснай сілай амаральнасці і смерці. Ён свядома, з халодным, наперад зададзеным разлікам ловіць імгненне, каб зрабіць нягодніцтва і здраду, каб «асядлаць» ход падзей, застацца на паверхні і самому накіроўваць крывавыя падзеі. Таму ён і не заслугоўвае спагады.</p><p>Карп Маеўскі паказаны ў рамане некалькі прыўзнята і ідэалізавана. Гэты чалавек — увасабленне ўсяго светлага і перадавога, што мелася ў сялянскім асяроддзі, зрушаным і пакліканым да новага жыцця рэвалюцыйнымі падзеямі эпохі. Вось чаму ў час вайны ён ні хвіліны не вагаецца, з кім быць, за што змагацца. Ён з тымі, з кім працаваў раней, хто цяпер змагаецца з ворагам. У яго ёсць жыццёвая пазіцыя, пэўны прынцып.</p><p>Палагея - звычайная вясковая кабета, усе інтарэсы якой зводзяцца да аднаго: каб пражыць не горш за людзей. У гэтай адвечнай народнай асаблівасці характару на першы погляд як быццам няма нічога дрэннага, жыццёвая вытрымка, учэпістасць заўсёды патрэбны былі селяніну, асабліва ў часы, калі жыццё ўскладнялася і штодзень пагражала нейкай небяспекай. Дрэнна, аднак, тое, што Палагея, дзеля таго каб выжыць у ваеннай калатэчы, гатова пакарыстацца і нізкімі сродкамі, бо паняцці высокага і нізкага для яе не існуюць. Вось немцы выводзяць з двара карову. Палагея крычыць на Карпа:</p><p>«— Ну, чаго ты вылупіў вочы, стары пень? Прасі… Прасі афіцэра… Няхай аддадуць кароўку, пакуль не зарэзалі.</p><p>— Пайшла ты да д’ябла са сваёй каровай,— злосна адказаў Карп і адвярнуўся.</p><p>Палагея аслупянела ад такога адказу, застыла на месцы з адкрытым ротам».</p><p>I калі яна пасылае Карпа ўзяць каня па сваёй чарзе, папракае яго і ўгаворвае: «Мы ж таксама гаспадарка, і нам жа трэба сеяць, трэба дровы вазіць. А на чым? Мяне запражэш, ці што?!. Няхай сем двароў на каня, і то раз у сем дзён можна ўзяць. Усе бяруць, адны мы… Быццам камуністы мы, ці што?»,— то гэта не азначае, што яна супраць камуністаў нешта мае, настроена варожа. Не, яна ўсяго толькі хоча пакарыстацца выгадай з таго, што яны, іхняя сям’я,— не камуністы. А раз можна пакарыстацца, карыстайся, не думаючы пра іншыя меркаванні, акрамя матэрыяльнай карысці, хай сабе і маленькай. I кідае яна Карпа не таму, што нешта мае ў душы супраць партызан ці спрыяе акупантам. Не. Палагея проста адчувае і разумее, што ў сям’і Маеўскіх, якія не хаваюць сваіх сімпатый да партызан, стала жыць небяспечна. Хату ўжо немцы спалілі. Яна, ратуючыся, і ўцякае ад Карпа. I хоць адыходзячы, мачаха, абражаная Таццянай, пагражае («Ты ўспомніш яшчэ мяне, саплівая настаўніца!»), яна не помсціць свядома, пераканана. Выдае ж яна былую падчарыцу не хочучы, не ўсведамляючы гэтага, выдае па прычыне жаноцкай балбатлівасці, не ведаючы, хто на самай справе Мацей, з якім яна размаўляе.</p><p>Гэта праўда — не ведае Палагея, хто такі у душы Мацей Кулеш, але праўда і тое, што яна і ведаць не хоча. Ці Карп, ці Мацей — ёй усё роўна. Яна нават аддае перавагу Мацею Куляшу, бо ён маладзейшы за Карпа. I гэтай душэўнай простасцю яна ў нейкай меры падобна да Мацея. Аднак паміж імі ёсць і розніца: Пелагея - несвядомы чалавек, яна такая, якой стала дзякуючы свайму цёмнаму, несамавітаму жыццю. Мацей жа — ваяўнічы нягоднік, жорсткі прыстасаванец. Нездарма Пелагея хоць і сустракаецца з ім, але насцярожана ставіцца да яго, калі ён залішне прыстае з роспытамі:</p><p>«— Слухай… К слову прыйшлося… Балбочуць у вёсцы, што партызаны заходзяць да Масола. Праўда гэта?</p><p>— Сам кажаш, што балбочуць. Значыць, балбатня і ёсць,— адказала Палагея, насцярожыўшыся.— Ніякіх партызан не бачыла я, ды і не было іх».</p><p>Карп адчувае гэту яе асабістую невінаватасць, невінаватасць у тым, што яна такая, якая ёсць, таму ён ідзе да яе мірыцца і толькі тады канчаткова выкідае з сэрца, калі пераконваецца ў жаночай здрадзе.</p><p>Праўда, па логіцы характеру такія людзі, як Пелагея, таксама ішлі ў партызаны, калі гэта ратавала іх ад нейкай выпадковай небяспекі ці абяцала сталую выгоду.</p><p>Самы высокі ўзровень маральнай адказнасці перад народам, перад часам, вышэйшая мера грамадзянскага сумлення і чалавечай самаадданасці перад небяспекай увасоблены у вобразах камісара партызанскага атрада былога сакратара райкома партыі Лясніцкага, камандзіра атрада былога старшыні райвыканкома Прыборнага, партызанскага разведчыка былога аспіранта інстытута Андрэя Буйскага, начальніка штаба партызанскага атрада былога інжынера Мікалая Маеўскага. I гэта натуральна. Так яно і павінна было быць у жыцці, бо менавіта ім Савецкая ўлада дала адукацыю, навучыла думаць і разумець свет. Яны і павінны былі ў час народных выпрабаванняў стаць узорам грамадзянскага і маральнага абавязку.</p><p>3 усіх станоўчых герояў найбольш поўна раскрыты вобраз камісара Лясніцкага. У яго тыповае для савецкага кіраўніка таго часу мінулае: парабкоўства, удзел у рэвалюцыі. Ён ваюе ў тым жа раёне, дзе жыў раней і працаваў, сустракаецца з тымі ж людзьмі, з якімі меў справу ў мірны час. Застаецца ўражанне, што ў сувязі з вайной змены ў жыцці сакратара райкома партыі адбыліся толькі знешнія: з кабінета ў раённым гарадку ён перайшоў у лясную зямлянку і гэтак жа працягвае кіраваць людзьмі ў змаганні з ворагам, як кіраваў раней, займаючыся гаспадарчымі справамі. «Сам па вёсках у свята праехаўся, нібы перад пасеўнай кампаніяй».</p><p>Лясніцкі — чалавек высокай маралі. Займаючыся такой адказнай і гераічнай справай, як арганізацыя насельніцтва на барацьбу з ворагам, будучы мужным і самаадданым партызанскім кіраўніком, ён не толькі выклікае захапленне сваімі ўчынкамі, але прываблівае як чалавек.</p><p>Камісар Лясніцкі разумее, што моц партызанскага руху будзе сапраўднай тады, калі ваяваць будзе ўвесь народ. Ён кажа Прыборнаму: «Трэба, каб галоўнае папаўненне атрадаў складалі не абкружэнцы, не адны тыя, хто мае асабістую крыўду на немцаў і ўцякае, хаваецца ад іх, а своечасова падрыхтаваная, арганізаваная маса калгаснікаў і рабочых. Разумееш?»</p><p>Хоць і пункцірна, у рамане паказаны рост Лясніцкага як партызанскага важака, удасканаленне пад яго кіраўніцтвам тактыкі партызанскай вайны. Спачатку для яго самае галоўнае — арганізаваць найбольшую колькасць людзей для партызанскай барацьбы. Ён не вельмі думае пра вынікі і не ўлічвае тактыкі ворага.</p><p>«— Нічога… нічога, не гаруйце. Не плачце. Слязамі ворага не пераможаш. Яго трэба біць! Біць бязлітасна, няспынна.</p><p>— Цяпер ён спаліць нас,— уздыхнуўшы, сказаў нехта ў натоўпе.</p><p>Лясніцкі хутка павярнуўся ў той бок,</p><p>— Спаляць? Што ж… воўка баяцца — у лес не хадзіць. Спаляць — адбудуем, калі апошні фашыст ляжа касцьмі на нашых папялішчах».</p><p>Калі спачатку Лясніцкі не надае належнага значэння карным рэпрэсіям ворага супраць насельніцтва за дапамогу партызанам, то пазней засцерагае народ ад лішняй крыві. Арганізуючы напад на чыгунку, Лясніцкі карыстаецца дапамогай сялян навакольных вёсак, але інсцэніруе прымусовасць гэтай дапамогі. «У вёсках гэтых некалькі дзён працавалі партызанскія агітатары. Увечары перад аперацыяй у вёскі ўскочылі атрады, навялі там свой парадак і склікалі сходы, на якія з’явіліся ўсе, ад малога і да сівога. На сходах аб’явілі аб мабілізацыі ўсіх працаздольных на «рамонт чыгункі», Пагналі нават стараст і захопленых паліцэйскіх, дараваўшы ім на гэты раз жыццё. Усё рабілася быццам бы прымусам, каб вызваліць насельніцтва ад адказнасці за дыверсію».</p><p>Немцы таксама змяняюць тактыку ў барацьбе з партызанамі, і гэту акалічнасць абавязаны ўлічваць Лясніцкі з Прыборным. Ад адкрытых рэпрэсій фашысты перайшлі да патаемных, сталі ствараць ілжэпартызанскія атрады, каб маральна і палітычна дыскрэдытаваць партызан. У рамане паказана, як дзейнічае такі лжэпартызанскі атрад Жаўны, якім на самай справе, камандуе немец. Лясніцкі думае: «Памылка... Тактычная… А хто даваў нам права рабіць такія памылкі? Тут — памылка. Жаўну дрэнна ведаем — памылка. Памылка за памылкай»,— у глыбіні душы расла злосць і на сябе, і на Прыборнага. Каб стрымацца, ён сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі.</p><p>— Партыя пакінула нас не для таго, каб мы рабілі памылкі».</p><p>Лясніцкі паказаны ў рамане ўмелым, вопытным, разумным партызанскім камісарам, у дастатковай меры самакрытычным і цвярозым, каб бачыць рэальныя цяжкасці партызанскай вайны і быць здольным пераадолець памылкі і ўпушчэнні. Гэта быў значны поспех беларускай прозы ў стварэнні вобраза партыйнага кіраўніка партызанскага руху. Хай сабе асобнымі штрыхамі, але ўжо была накрэслена складанасць яго характару, унутраны рост. Гэта не ідэальная фігура.</p><p>Пісьменнік у рамане «Глыбокая плынь» выявіў відавочную наватарскую смеласць, зрабіўшы адным з галоўных герояў рамана пра партызанскую барацьбу кволую дзяўчыну Таццяну Маеўскую. Прычым усе яе паводзіны не столькі гераічныя, колькі проста чалавечныя, выкліканыя звычайнай дабратой сэрца.</p><p>Уражвае у самым пачатку рамана ўжо тое, што Таццяна, калі пачалася вайна і яна апынулася на занятай немцамі тэрыторыі, стараецца хутчэй дабрацца дадому, да бацькі. Паступова літаратура зрабіла адкрыццё, што партызанская барацьба не была б такая паспяховая, калі б усе яе ўдзельнікі адрываліся ад дому, калі б яна не ішла таксама «пад стрэхамі» роднымі. I. Шамякін — адзін з першых савецкіх пісьменнікаў, якія адчулі і зразумелі, што кожны будучы партызанскі баец павінен быў спачатку замацавацца ў побыце, ўжыцца ў існуючую рэчаіснасць, увайсці ў яе вельмі натуральна, каб пасля паспяхова змагацца. Стараста Ларывон Бугай, чалавек, які спачувае і дапамагае партызанам, кажа: «Але жыць жа трэба неяк, трэба прыстасавацца да жыцця». I гэта яго «прыстасавацца» не азначае «змірыцца».</p><p>Вось Таня радуецца, што выпаў першы снег: «— Снег, тата? - нібы не верачы сваім вачам, спытала яна і борзда пачала апранацца; апрануўшыся, штурхнула Любу, якая спала на суседнім ложку.</p><p>- Любка, снег!»</p><p>У гэтай радасці — не толькі суб’ектыўнае перажыванне гераіні, якое характарызуе яе як лірычную натуру. Радасць узнікла і ад таго, што Таццяна падсвядома адчувае: яна ўнутрана ўжылася зноў у родны побыт. У выніку ў душы нарадзілася ўпэўненасць у сабе самой, у людзях. I хоць яна стрымлівае сябе («Няма чаму радавацца!»), гэты душэўны зрух вельмі важны для ўсяго жыццёвага лёсу гераіні, для яе баявой дзейнасці. Здольнасць радавацца снегу азначала, што ў душы Тані ўжо няма разгубленасці, страху, а ёсць роўнае свячэнне, спакой, цвярозасць. Менавіта такі стан унутранага свету чалавека можа нарадзіць моцную, вытрыманую, не мітуслівую, не бяздумна гарачую гатоўнасць да барацьбы.</p><p>Наватарская рыса рамана «Глыбокая плынь» выявілася і ў тым, што аўтар тут творча палемізаваў з тымі творамі на партызанскую тэму, дзе адчуваўся максімалізм у патрабаванні да магчымасцей чалавека на вайне, дзе кожны герой на меншае, чым вялікі подзвіг, не разменьваўся.</p><p>I. Шамякін адразу, у самым пачатку рамана, ідзе на палемічнае завастрэнне сітуацыі і разам в тым на ўскладненне вобраза гераіні. Патрэбна ці не патрэбна спагада і дабрата на жорсткіх шляхах вайны? Таня, добрая, наіўная душа, выратавала малога хлопчыка, узяла на сябе адказнасць за яго жыццё. Але хіба клопаты пра дзіця не будуць перашкаджаць ёй стаць сапраўдным змагаром? Вядома, будуць перашкаджаць. Вакол зараджакэцца першыя спробы супраціўлення і барацьбы. «Але нічога гэтага не заўважала Таццяна ў першыя дні свайго жыцця дома. Было не да гэтага.</p><p>Хварэла дзіця, і яна ўвесь час, дзень і ноч, аддавала яму, жыла клопатамі аб ім і ўсё больш дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння».</p><p>Адбываецца непазбежнае псіхалагічнае «адчужэнне» гераіні ад навакольных падзей. Значыць, звычайны гуманістычны ўчынак у вайну не зусім пажаданы для барацьбіта? Магчыма нават, што імкненне да дабра толькі сродак ухіліцца ад удзелу ў змаганні, бо хіба не лягчэй гадаваць дзіця, чым ісці ў атаку на ўзброенага ворага?</p><p>Хутка і ў вёсцы з’яўляецца першы партызан Жэнька Лубян. I вось Таццяна раздвойваецца ў сваіх намерах: «Цяпер яна зайздросціла яму. Яна ўяўляла другое, сапраўднае жыццё ў лесе, і ёй вельмі хацелася быць разам з гэтымі людзьмі.</p><p>Першы раз яна пашкадавала аб тым, што ў яе дзіця. «Не было б яго, даўно б я была там, з імі»,— думала яна. Але глянуўшы на маленькага Віцю, які ляжаў у калысцы і ручкамі намагаўся злавіць падвешаны на нітцы чырвоны шарык, яна пяшчотна ўсміхалася і адганяла гэту думку. «Не, я ніколі не кіну яго… Ніколі…»</p><p>Выходзіць, што Таццяна, зрабіўшы гуманістычны ўчынак, адрэзала сабе ўсе шляхі да барацьбы. Значыць, яна ніякі не змагар? Але вось Лясніцкі з Прыборным, пачуўшы пра тое, што яна прыйшла дадому з чужым дзіцем, не толькі ў захапленні ад яе ўчынку, але і называюць яго гераічным. Прыборны кажа: «Гераічны ўчынак. Вось, камісар, яшчэ адзін яскравы прыклад. Ганарыцца трэба такой дачкой, стары чараўнік».</p><p>Гераічны ўчынак? Ці не перабольшанне? Нават бацька Таццяны сумняваецца, ці так гэта, і проста збіты з панталыку такой пахвальбой: «Іх словы ўсхвалявалі Маеўскага. I ўстрывожылі. «Яскравы прыклад?..» Чаго? Навошта ім гэты прыклад?»</p><p>Сапраўды, у чым гераізм учынку Таццяны? Чаму партызанскія камандзіры бачаць у ім сімптом нечага важнага для іх? Не, Прыборны з Лясніцкім не памыляюцца і не перабольшваюць, расцэньваючы ўчынак Тані як гераічны. Яны справядліва бачаць у тым, як паводзіла сябе зусім маладая дзяўчына перад чалавечым горам, аб’ектыўную прыкмету глыбокай народнай гатоўнасці да самаахвяравання, агромністы запас душэўных сіл бараніць чалавечнасць і справядлівасць, пачатак той «глыбокай плыні», якая хутка разальецца па гэтай зямлі. Па сутнасці, яны бачаць ва ўчынку Таццяны бяздонныя маральныя і духоўныя рэзервы разгортвання партызанскай барацьбы, якія ёсць у народзе.</p><p>Такім чынам, Таццяна Маеўская ўжо стала змагаром яшчэ да таго, як з’явіліся партызаны. I ў гэтым ёсць логіка менавіта народнай вайны</p><p>Паказальна для ідэйнага зместу рамана, што характер Таццянінай дапамогі партызанам поўнасцю вызначаецца яе становішчам маці, наяўнасцю дзіцяці, пра якое трэба клапаціцца. Гэтым глыбока раскрываецца і сам характар партызанскай вайны, якая вялася пры дзецях, разам з дзецьмі. Значыць, барацьба на акупіраванай тэрыторыі — асаблівая барацьба, дзе абавязкова павінна ўлічвацца прысутнасць дзяцей, якіх трэба было аберагаць. Адсюль і для гераізму ў такіх умовах асаблівыя крытэрыі і меркі.</p><p>Нельга бачыць у тым, што гераіня прыйшла дадому з чужым, а не сваім дзіцем, звычайную схільнасць пісьменніка да эфектных сюжэтных завастрэнняў. У гэтым эпізодзе ёсць важны сэнс, які дапамагае глыбей зразумець ідэйны змест усяго твора. Калі б Таццяна вярнулася ў бацькаву хату з родным сынам, то, магчыма, гэта выглядала б нават жыццёва больш верагодна і праўдзіва. Але тады ўсю лінію паводзін гераіні можна было б вытлумачыць усяго толькі прыродным інстынктам маці. У адносінах яе да дзяцей у такім выпадку знік бы моральны выбар, свядомы накірунак учынку. У гады ваеннага ліхалецця трэба было аберагаць не толькі сваіх дзяцей, але менавіта ўсіх дзяцей. Гэта павінна было стаць маральным Законам для людзей, якія жылі і змагаліся на акупіраванай тэрыторыі. У гэтым — праблема, у гэтым — ІДЭЯ.</p><p>Своеасаблівым было становішча ў партызанскай вайне не толькі жанчын з дзецьмі. I на плечы мужчын-партызан клаліся не адны толькі салдацкія абавязкі. Былі яшчэ нейкія важныя клопаты, без якіх нё пражыць, без якіх, урэшце, не было б паспяховым змаганне з ворагам партызанскімі сродкамі і метадамі. Бацька Таццяны, таксама як і яна, залежны ў сваіх баявых намерах ад вельмі празаічных штодзённых спраў, якіх за яго ніхто не зробіць. Карп, збіраючыся ў партызаны, думае: «А як пойдзеш ад сваіх, на каго кінеш іх? 3 суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць, то хлеў накрыць, то нарыхтаваць дроў. У яе двое дзяцей і хутка будзе трэцяе, а муж — камандзір, у першы дзень вайны пайшоў у армію. А як пакінеш Таню?»</p><p>На мужчынах-партызанах, акрамя клопатаў пра жанчын і дзяцей, ляжаў абавязак падтрымліваць наладжаны вясковы побыт, не даць яму разбурыцца і прыйсці ў заняпад. I гэты абавязак, бясспрэчна, меў характар баявой справы, бо наладжаны вясковы побыт даваў партызанскаму руху сілы. Калі акупанты палілі вёскі, то гэта была не толькі кара за падтрымку партызан і акцыя застрашэння. Меўся на ўвазе і стратэгічны разлік, накіраваны на падрыў партызанскай актыўнасці. Наладжаны вясковы побыт даваў партызанам хлеб, адзенне, коней, прытулак для адпачынку, прыкрываў яўкі і разведку. Разбурэнне побыту, спальванне вёсак пазбаўляла ўсяго гэтага партызан і азначала тое самае, што ва ўмовах франтавой вайны адрэзаць армію ад тылоў. Адрэзаная ад тылоў вайсковая часць асуджана на разгром.</p><p>Вось чаму і побытавыя клопаты Карпа — гэта таксама садзейнічанне партызанскай барацьбе. Выходзіць, што, па сутнасці, кожны чалавек, які жыў на акупіраванай тэрыторыі і спачуваў партызанам, дапамагаў ім у гаспадарчых справах, быў у пэўнай меры сам партызанам, хоць не ўваходзіў арганізацыйна ў склад атрада.</p><p>Гэта важная думка, праведзеная ў рамане, гучала вельмі надзённа і гуманістычна у грамадскім жыцці пасляваеннага часу, калі да людзей, якія заставаліся на акупіраванай тэрыторыі, існаваў пэўны недавер.</p><p>Вядома, раман «Глыбокая плынь» быў творам свайго часу. У літаратуры тых гадоў яшчэ панаваў паказ эфектных гераічных подзвігаў. I. Шамякін, адкрыўшы ў рамане наватарскую лінію адлюстравання партызанскіх спраў на роднай зямлі, апаэтызаваўшы і ўзняўшы да маральнай і грамадзянскай значнасці саму жыццёвую плынь ваенных гадоў, нібы не зусім давярае гэтай лініі, нібы баіцца папрокаў за «Шэрую будзённасць» і «прыземленасць» агульнага малюнку партызанскай барацьбы і таму дзе-нідзе не супраць паказаць, што яго героі здольныя і на гучны, як пошчак стрэлу ці выбуху, гераізм. Вельмі лагічна, што сям’я Маеўскіх ідзе ў лес да партызан. Але пры адыходзе Таццяна забівае аж двух дужых паліцэйскіх з рэвальвера. Пры нападзе партызан на станцыю Карп закідвае гранатамі казарму з нямецкай аховай і застаецца сам без ніводнай драпінкі.</p><p>Мабыць, і серыя выключных гераічных подзвігаў разведчыка Андрэя Буйскага выконвае ў рамане тую ж функцыю ўзнёслай супрацьвагі побытавай лініі у адлюстраванні партызанскай барацьбы.</p><p>3 вышыні дасягненняў сучаснай беларускай літаратуры вельмі лёгка можна сказаць, што эфектныя подзвігі Таццяны ці Андрэя Буйскага зусім не патрэбны, што без іх твор аказаўся б больш рэалістычным. Але гэта быў бы залішне абстрактны эстэтычны падыхад. Без гэтых эпізодаў у змесце твор наогул, відаць, не мог бы з’явіцца ў той час. Проста пісьменнік мысліў тады менавіта такімі мастацкімі катэгорыямі.</p><p>Разам са стварэннем новых у беларускай прозе характараў I. Шамякіну ўдалося намаляваць даволі складаны і праўдзівы агульны малюнак партызанскай вайны. Падзеі нарастаюць паступова, сюжэт абвастраецца, пачынаючы ад «нулявой» адзнакі, ад стану знешняга спакою. «Ішоў другі месяц, як пачалося жыццё ў няволі. Было яно трывожнае, напоўненае чаканнем чагосьці жудаснага. Людзі былі аглушаны гэтым раптоўным няшчасцем і хадзілі, як прыгавораныя да смерці — маўклівыя, панурыя. Праўда, страшных падзей у весны не здарылася. Фронт аддаліўся, не крануўшы сваім агнявым подыхам вёску. Немцы наведаліся два-тры разы, паставілі старасту, забралі многа качак, курэй, некалькі кароў і загадалі сабраць з калгаснага поля ўраджай і ссыпаць у калгасны свіран. Але большасць сабранага хлеба калгаснікі ціха падзялілі паміж сабой на працадні і закапалі. Стараста не супярэчыў гэтаму».</p><p>Пісьменнік у рамане «Глыбокая плынь» імкнецца ў падзеях адной вёскі ўбачыць агульнўю ўнутраную сутнасць усяго, што адбывалася ў Беларусі. Звужэнне выбару ў І. Шамякіна не азначала звужэння погляду.</p><p>Праўдзівасць агульнай атмасферы твора ўзмацнялася тым, што героі сур’ёзна раздумваюць над становішчам, у якім яны апынуліся, і над жыццём наогул. Карп Маеўскі думае: «Вось ужо тры месяцы, як нечакана абарвалася ранейшае жыццё, і ён усё яшчэ не можа зразумець, разабрацца ў імклівым вадавароце нечаканых, страшэнных падзей. Кожны дзень думаў ён усе аб адным і тым жа: чаму адступіла наша армія?»</p><p>Карпу ўласціва глыбокае адчуванне трагедыі, якая спасцігнула народ. Ён здагадваецца, што лёс людзей будзе штодзённа ўскладняцца. «Карп доўга глядзеў на неба, нібы варажыў па зорках. Схамянуў яго певень, што голасна заспяваў дзесьці ў канцы вёскі. Праз хвіліну з ўсіх бакоў паляцела знаёмае «ку-ка-рэ-ку».</p><p>«Многа яшчэ іх засталося»,— усміхнуўся, Карп і рушыў у хату».</p><p>Певень — гэта сімвал спакойнага, адвечнага вясковага побыту. Карп прадчувае, што хутка не стане пеўняў, не стане і наладжанага сялянскага побыту.</p><p>Не абмінуты, не замоўчаны ў рамане «Глыбокая плынь» цяжкасці партызанскай барацьбы з ворагам.</p><p>Не ўсё лёгка ўдаецца партызанам. У час карнай экспедыцыі, калі немцы наваліліся на партызан вялікімі сіламі, «знясіленая цяжкімі баямі, брыгада «Днепр» не вытрымала націску і пачала адступаць». Карнікам удалося акружыць народных мсціўцаў. «На дзевяты дзень з’елі апошніх коней. У гэты ж дзень здарылася яшчэ большае няшчасце: снарадам разбіла радыёстанцыю». Партызанам хоць і ўдалося вырвацца з акружэння, але з вялікімі стратамі. Загінуў і адважны разведчык Андрэй Буйскі.</p><p>Аўтар рамана не прымяншае сілы ворага. Лясніцкі кажа Карпу Маеўскаму пра гітлераўцаў: «Не думай, што яны дурні. Шпіянаж іх першакласны».</p><p>Раман «Глыбокая плынь» атрымаў вялікую колькасць крытычных водгукаў. Трэба сказаць, што тагачасная крытыка адчула наватарскі характер твора і шырока пісала пра гэта. Праўда, не заўсёды яна магла яшчэ пераканальна вытлумачыць сутнасць ідэйна-мастацкага наватарства, уласцівага раману, хоць і тады ўжо было нямала правільных здагадак і ацэнак, якія раскрывалі арыгінальнасць творчага падыходў пісьменніка да падзей Вялікай Айчыннай вайны. У. Карпаў, адзначыўшы, што раней у творах пра вайну паказваўся герой-адзіночка, справядліва пісаў: «Інакш да паказу партызанскай барацьбы падышоў у сваім творы «Глыбокая плынь» I. Шамякін. Малады пісьменнік акцэнтаваў сваю ўвагу на жыцці і змаганні такіх калектываў, як вёска і атрад». Я. Герцовіч таксама заўважаў наватарскую накіраванасць рамана: «Іван Шамякін арыгінальна, па-свойму падышоў да вырашэння тэмы… Пісьменнік далёкі ад стварэння нейкіх ідылій, ад пераўмяншэння цяжкасці барацьбы, ад змазвання супярэчнасцей у паводзінах і свядомасці людзей. У аповесці паказана, што старое і новае нярэдка жывуць побач у душы аднаго і таго ж чалавека». М. Клімковіч заўважыў, што «Таццяна Маеўская — любімы вобраз пісьменніка», што было раўназначна прызнанню за Таццянай статуса галоўнай гераіні твора.</p><p>Разам з тым пры характарыстыцы асобных вобразаў «Глыбокай плыні» крытыка часта абапіралася на ўстарэлыя літаратурныя канцэпцыі, не разумела жыццёвай сутнасці вобразаў і станоўчае, наватарскае, упершыню адкрытае пісьменнікам нярэдка ўспрымала як недахоп ці ўпушчэнне. Так, кіруючыся схематычным уяўленнем пра абавязковы быццам бы іерархічны падзел станоўчых герояў па грамадскаму становішчу і займаемай пасадзе, У. Краўчанка выказваў меркаванне, што Прыборны і Лясніцкі, «па сутнасці, павінны былі быць у ліку асноўных дзеючых асоб твора», хоць і прызнаваў у цэлым мастацкую сілу рамана. Выклікала падазронасць крытыкаў унутраная складанасць і псіхалагічная напоўненасць вобраза Таццяны, глыбокая асабістасць яе погляду на свет. Не прымалася якраз звычайнасць яе чалавечай натуры. Крытыкам хацелася, каб у яе жыцці было больш гераізму, адкрытых баявых спраў. Я. Герцовіч выказаў шкадаванне, што «ўвогуле цікавы і арыгінальны вобраз Тані Маеўскай мог бы атрымацца яшчэ больш пераканаўчым, калі б пісьменнік менш прымушаў яе капацца ў асабістых перажываннях». Крытыка нібы раздвойвалася. Яна ішла за наватарскімі асаблівасцямі рамана, адчувала іх і адначасова не давярала ім.</p><p>Цікава, што крытыка па выхадзе рамана ў свет больш за ўсё цаніла ў ім узнёслы апавядальны план, адкрытыя ідэйныя ацэнкі, гучныя патрыятычныя выказванні. Новы, больш глыбокі падыход пісьменніка да раскрыцця тэмы партызанскай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі далёка не заўсёды бачыўся і ўсведамляўся. Праўда, У. Карпаў заўважыў «рэалістычнасць» першай часткі рамана, новы крок наперад у майстэрстве, адзначаў, што ў рамане «з’явілася паэзія хвіліны». Аднак у цэлым крытыка не здолела адразу ацаніць раман аб’ектыўна. Яна гаварыла і пра станоўчыя, і пра адмоўныя. якасці і рысы твора, але з пазіцый нейкага залішне абстрактнага ўяўлення пра добры ці ідэальны твор. Гэта тлумачылася тым, што крытыка яшчэ не авалодала ў той час як належыць гістарычным падыходам да мастацкага твора, ёй цяжка было паставіць тую ці іншую мастацкую з’яву ў сувязь з аднароднымі мастацкімі з’явамі папярэдняй пары і тымі, што ўзніклі з ёй адначасова. I толькі пазнейшая крытыка больш выразна падкрэсліла наватарскія асаблівасці рамана «Глыбокая плынь» і сказала пра іх з глыбейшым разуменнем сапраўднага укладу, зробленага маладым тады пісьменнікам у развіццё беларускай і ўсёй савецкай прозы. А. Адамовіч, разглядаючы «Глыбокую плынь», пісаў пра аўтарскае «уменне актыўна, творча адносіцца да жыццёвага матэрыялу». Маючы на ўвазе адлюстраванне рамана I. Шамякіна ў крытыцы, Н. Пашкевіч кідае ёй зусім справядлівы папрок: «Наогул крытыка часам, разглядаючы творы пра падзеі на акупіраванай тэрыторыі, спрашчала размову, «атэстуючы» як змагара толькі таго, хто ідзе ў партызанскай калоне ці працуе ў падполлі. А між тым супраціўленне нямецка-фашысцкім захопнікам насіла самыя разнастайныя формы, і ўсе яны варты высокага слова «гераізм». Хіба, скажам, Таня Маеўская, якая выратавала дзіця і засцерагала потым яго ад небяспекі, не была змагаром яшчэ да таго, як пайшла ў партызаны?»</p><p>Падкрэсліваючы праўдзівасць зместу рамана «Глыбокая плынь», варта мець на ўвазе не толькі яго адпаведнасць рэальнаму жыццёваму ходу падзей. I хоць па гэтай лініі пісьменнік дасягнуў вельмі многага, у творы ёсць, аднак, сітуацыі малаверагодныя, учынкі і словы герояў, не зусім натуральный ў іх становішчы. Героі не так і рэдка размаўляюць мовай агітацыйных плакатаў. Часам факт сам па сабе лічыцца пісьменнікам яшчэ недастаткова змястоўным па сэнсу, і тады да яго дадаюцца празмерныя эмацыянальна-экспрэсіўныя каментарыі. Вось партызаны ўвайшлі ў вёскў, і паліцэйскія ўцякаюць хто куды. Але важней за самую падзею ў рамане ацэнка яе Любай: «Ацю, ацю! Сабакі! — гучна закрычала Люба.— Глядзі, як зайцы скачуць па кустах. Дажыліся, падлюгі! Ага!» Вельмі рытарычна як для селяніна гучыць зварот Карпа Маеўскага да сына Мікалая, калі той прыляцеў з-за лініі фронту якраз у тую партызанскую брыгаду, дзе ваююць бацька, сястра і каханая: «Ведай, што ты народны камандзір. Правая рука Лясніцкага. А Лясніцкага ведае ўвесь народ, усё Прыдняпроўе наша… Значыцца, і табе народ даручыў лёс свой. Ты цяпер і наш камандзір, сям’і нашай». Наяўнасць падобных узнёсла-рытарычных выказванняў у вуснах герояў тлумачыцца тым, што тагачасная літаратура яшчэ не заўсёды ўмела паказаць грамадска значнае і змястоўнае праз простае, будзённае, звычайнае, бытавое. Таму і ўкладваецца ў вусны герояў літаратурная публіцыстыка як самы лёгкі сродак падкрэслівання агульнага, тыповага.</p><p>Калі станоўчыя героі паказваюцца такім метадам толькі зрэдкў, то лагер ворагаў амаль заўсёды. Немцы-акупанты прама самавыкрываюцца як антычалавечая, жорсткая, злачынная сіла праз уласныя словы і дзеянні. Гэта была аднабаковасць, якая, вядома, шкодзіла мастацкасці твора. Але яна мела сваё вытлумачэнне. Уся тагачасная літаратура часта карысталася падобным адкрыта публіцыстычным метадам тыпізацыі ў паказе ворагаў, бо яшчэ не магла аб’ектыўна ўявіць сапраўдныя вытокі антыгуманістычнай, звярынай фашысцкай ідэалогіі. Праўда, у паказе аблічча паліцэйскіх ёсць спроба пазбегнуць аднабаковасці. Паліцэйскі Храпкевіч нават са злосцю асуджае немцаў за іх няўменне «абыходзіцца» з насельніцтвам.</p><p>Раман «Глыбокая плынь» праўдзівы ў разуменні важнейшых жыццёвых праблем, якія ўзнікалі перад людзьмі, што заставаліся на акупіраванай тэрыторыі і вялі барацьбу з ворагам. Пазнейшае развіццё беларускай літаратуры толькі яшчэ больш пацвярджае навізну і арыгінальнасць жыццёвай і светапогляднай канцэпцыі, якая ляжыць у аснове гэтага твора I. Шамякіна. Сёння асабліва выразна адчуваецца, што раман «Глыбокая плынь» прадвызначыў шмат якія кірункі мастацкай думкі беларускіх пісьменнікаў у сучасным адлюстраванні вайны.</p><p>Выбраны I. Шамякіным прынцып паказу вайны праз спалучэнне ў вобразе сюжэтнай дынамічнасці і жыццёвай праўдзівасці апраўдаў сябе. У рамане «Глыбокая плынь» пісьменнік імкнуўся ўсяляк «зазямліць» дзеянне, не даць яму адарвацца ад жыццёвай рэальнасці, хоць імклівасць і драматызм у развіцці падзей застаюцца. Умоўнасць зусім не знікае, яна пераўтвараецца, шукае натуральнага зліцця з рэалістычнай верагоднасцю.</p><p>У рамане «Глыбокая плынь» пісьменнік імкнуўся адкрыць у падзеях вайны тыповыя сітуацыі, якія выявілі б яе сутнасць, яе «філасофію». Мастацкі вымысел аўтара грунтуецца на глыбокім адчуванні ўнутранага сэнсу ваенных падзей і іх агульнай заканамернасці. Тое, што Таццяна Маеўская выратавала і ўсынавіла яўрэйскага хлопчыка, вымысел, але жыццева ён верагодны і сэнсава вельмі змястоўны. Умоўнасць і жыццёвая верагоднасць ужо не раз’яднаны, а зліваюцца ў адным вобразе, ствараючы жывы і хвалюючы малюнак.</p><p>Часам пісьменнік свядома імкнецца да ўмоўнасці малюнка, сітуацыі, асабліва тады, калі паказвае подзвіг. Прычым гэта ўмоўнасць асаблівая. Падзея развіваецца як быццам па зусім рэальнай жыццёвай канве, але давядзенне яе да самай крайнасці або да поўнай закончанасці выяўляе літаратурную ўмоўнасць. У тым, як стараста Ларывон Бугай ваюе з немцамі сталовым нажом, бачыцца крайняе завастрэнне сітуацыі, і таму страчваецца адчуванне верагоднасці, але затое рэзка падкрэсліваецца маральны і грамадзянскі сэнс учынку. Умоўнымі з’яўляюцца эпізоды, звязаныя з дзейнасцю Андрэя Буйскага. У цэлым сам факт, што савецкі разведчык трапіў у штаб карнай групоўкі нямецкіх войск, дапушчальны ў жыццёвым плане, але ўзрыў Андрэем Буйскім штаба пададзены вельмі ж літаратурна разлічана, завершана, гэта значыць — эфектна.</p><p>Умоўнасць, літаратурная прыўзнятасць сітуацыі выкарыстоўвалася як сродак шырокага філасофскага абагульнення, як супрацьвага апісальнасці і прыземленасці. У крытыцы наглядалася тэндэнцыя нават разглядаць раман «Глыбокая плынь» як рамантычны твор. Ахвяруючы часам побытавай псіхалагічнай верагоднасцю, пісьменнік перадаваў усеагульны філасофскі сэнс падзей. Але генеральная стылявая лінія твора — спалучыць у натуральным мастацкім адзінстве жывы побыт і вымысел, патрэбны факт і шырокае абагульненне падзей. Часцей перамагала аўтарскае імкненне да праўдзівасці і жыццёвай верагоднасці.</p><p>Раман «Глыбокая плынь» сцвярджаў ідэю складанасці жыцця і барацьбы на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі, сцвярджаў якраз у той час, калі ў грамадстве ішло інтэнсіўнае асэнсаванне як ваеннага, так і сацыяльнага, духоўнага значэння партызанскага руху ў жыцці краіны.</p><p>Герой «Глыбокай плыні» — народ, I. Шамякін імкнууся паказаць яго ў праўдзівым і пераканаўчым абліччы ў самы цяжкі і адказны гістарычны час.</p><p>М. Лынькоў пісаў, што творам, які прынёс І. Шамякіну сапраўдную папулярнасць, «творам, які вылучыў пісьменніка на адно з першых месц у сучаснай беларускай літаратуры, быў яго раман «Глыбокая плынь».</p><empty-line/><p><strong>V. МІРНЫ ПОБЫТ I ЯГО МАРАЛЬ</strong></p><empty-line/><p>Раман «Глыбокая плынь» заканчваўся вельмі значным, нават «сімвалічным», як аднадушна адзначала крытыка, эпізодам. Сям’я Маеўскіх — Карп, дачка Таццяна з прыёмным сынам Віцем, сын Мікалай, якому пасля ранення партызанскі доктар ампутаваў ногі,— вяртаюцца на роднае папялішча. Карп «папляваў у далоні, глыбока капнўў рыдлёўкай старое вогнішча, адкінуў зямлю ўбок і сказаў:</p><p>— Ну, дзеці, будзем будавацца».</p><p>Такім чынам, твор нібы і не заканчваўся. Яго завяршэнне сэнсава было накіравана ў будучыню, у мірнае жыццё герояў. Яно нават будзіла надзею, што можа быць працяг рамана.</p><p>Сапраўды, у I. Шамякіна ёсць твор, які паказвае жыццё герояў, вельмі падобных па знешняму і ўнутранаму абліччу да герояў «Глыбокай плыні», у пасляваенны час, хоць ён і з’явіўся не пасля рамана «Глыбокая плынь», а ў самым пачатку працы над ім. Гэта апавяданне «На знаёмых шляхах», напісанае ў 1946 годзе. Толькі прозвішчы герояў іншыя. «Маленькая эмка з пакамечанымі бакамі, пацёртая і запырсканая, злосна фыркала сваім спрацаваным маторам, прабіраючыся па гразкай веснавой дарозе…</p><p>На заднім сядзенні сядзелі двое: шыракаплечы чалавек з чыста выгаленым тварам, у цывільным касцюме, і высокі, са шрамам на лбе, маёр. Цывільны — сакратар райкома партыі аднаго прыдняпроўскага раёна, таварыш Лугін. Маёр Падбярозны — яго стары сябра, у недалёкім мінулым — камандзір той партызанскай брыгады, у якой Лугін быў камісарам. Маёр прыехаў у госці да старога сябра, і Лугін вёз яго паглядзець на пасляваеннае жыццё раёна, у якім яны разам партызанілі».</p><p>У Лугіне і Падбярозным лёгка пазнаць герояў «Глыбокай плыні» Лясніцкага і Прыборнага ў іх пасляваенных справах. У. Карпаў выказаў справядлівую здагадку, што апавяданне «На знаёмых шляхах» з’яўляецца не ўключаным у асноўны тэкст фрагментам рамана, нявыкарыстаным эпілогам. I. Шамякін не абвергнуў гэтага меркавання.</p><p>Параўнаць вобразы Лугіна і Падбярознага з вобразамі Лясніцкага і Прыборнага цікава дзеля таго, каб выявіць змены ў характарах гэтых двух тыпаў кіраўнікоў, а праз гэтыя змены глыбей зразумець грамадскае аблічча першых пасляваенных гадоў. Але магчымасці такога параўнання абмежаваныя, бо сам жанр апавядання не дае належнай прасторы для разгортвання ўнутранага партрэта герояў. I Лугін, і Падбярозны паказаны толькі ў агульных рысах. I ўсё ж асноўная лінія паводзін гэтых герояў не супярэчыць жыццёвай канцэпцыі Лясніцкага і Прыборнага з рамана «Глыбокая плынь». Прынамсі, па асобных выказваннях, рэпліках, намерах герояў можна меркаваць, што яны, як і Лясніцкі з Прыборным, кіраўнікі сур’ёзныя, удумлівыя і што тую справу, якая ім даручана цяпер ці будзе даручана заўтра, яны будуць рабіць сумленна, з адказнасцю перад людзьмі, з якімі ваявалі супраць ворага, з адказнасцю перад партыяй.</p><p>Вядома, у апавяданні, як і ва ўсёй літаратуры першых пасляваенных гадоў, ёсць перабольшаны паказ магчымасцей тагачаснай калгаснай вёскі. Хаты пагарэлі, рабочай сілы не хапае, а Лугін абяцае Падбярознаму за два бліжэйшыя месяцы адрамантаваць усе дарогі, менш чым за год збіраецца пабудаваць электрастанцыю. Адбудова спаленых вёсак адбываецца ў апавяданні вельмі ўжо хутка і планамерна. Жаданае часам выдаецца за сапраўднае. I ўсё ж ёсць праўда жыцця ў гэтым творы.</p><p>Пачатак апавядання «На знаёмых шляхах» адразу стварае настрой, далёкі ад бесклапотнасці і ружовага аптымізму. Старая машына з пакамечанымі бакамі і спрацаваным маторам, якая ледзь-ледзь рухаецца па калдобістай дарозе, дзе гразь па калені, нібы з’яўляецца алегорыяй тых велізарных цяжкасцей, якія паўстаюць перад народам у яго пасляваенным жыццёвым руху наперад. Аднак няма сумнення, што гэтыя цяжкасці будуць пераможаны. Нездарма ж шафёр такі сур’ёзны і засяроджаны, «нібы вёў ён не мірную машыну па мірнай дарозе, а баявы танк па вуліцах Берліна».</p><p>Лугін не замоўчвае перад Падбярозным тых цяжкасцей, якія ёсць у яго працы. Яму нават думаецца, што ў лесе, у партызанах, было часам лягчэй, чым цяпер, у мірныя дні. Ён кажа: «Гаспадарка там была прасцейшая, задачы не такія разнастайныя. Там было адно — біць ворага». А пасля вайны «аднавіць трэба ўсё адразу. I вось кідаешся ва ўсе бакі. То таго не хапае, то другога, а галоўнае — людзей малавата. Колькі людзей ён знішчыў у нашым раёне!.. Многа ў нас недахопаў, многа яшчэ не пачатага, як дарогі гэтыя». Але Лугін поўны аптымізму і творчага гарэння, ён дастаткова вопытны кіраўнік, каб прадчуваць рэальнае працоўнае аблічча светлага заўтрашняга дня.</p><p>Яны і едуць абодва па раёну, не толькі каб агледзець дасягнутае, але і з мэтай унутранай, духоўнай — пабываць на месцы свайго партызанскага жыцця. Гэта іх душэўнае імкненне вярнуцца ў нядаўняе яшчэ партызанскае мінулае — як клятва вернасці тым ідэалам, якія яны абаранялі перад ворагам. I вось старая партызанская зямлянка. Яны ўваходзяць у яе з сур’ёзным намерам набрацца ўнутраных сіл, каб, судакрануўшыся са сваім слаўным мінулым, накрэсліць сабе пачуццёва такую перспектыву, якая была б працягам партызанскага мінулага, увасабленнем сумленнасці і грамадзянскай самаадданасці, хоць здзейсніць гэта будзе, мабыць, не легка. «Асабліва доўга затрымаліся яны ў зямлянцы камандзіра і камісара атрада. Селі каля стала, закурылі, пагутарылі. А потым доўга сядзелі моўчкі, як калісьці ў зімовыя вечары, дамовіўшыся не перашкаджаць адзін аднаму думаць.</p><p>Лугін дастаў гадзіннік, паглядзеў і, усміхнуўшыся, сказаў:</p><p>— Пара, камандзір.</p><p>Падбярозны падняўся.</p><p>— Пара, камісар.</p><p>Яны выйшлі 3 зямлянкі.</p><p>— Цудоўна! Ажно сіл набраўся. Гукнуць хочацца... А? — і Падбярозны, набраўшы поўныя лёгкія паветра, гучна крыкнуў: — Ого-го-о-о!</p><p>Голас ударыўся аб сцяну лесу і патух».</p><p>Эпілог апавядання не ружова аптымістычны, і гэтым намякаецца на нялёгкае жыццё герояў у будучым.</p><p>3 ранняга апавядання «На знаёмых шляхах» пяройдзе ў пазнейшую творчасць пісьменніка вобраз былога партызана, які жыве і працуе ў мірцых умовах, памятаючы сваё баявое мінулае. Гэта памяць дапамагае яму выстаяць у складаных сітуацыях, калі ад яго патрабуецца маральны выбар пэўнага рашэння. I ён робіць такі выбар згодна з унутраным вопытам, вынесеным з баявога мінулага. I рашэнне гэта аказваецца, як правіла, заўсёды сумленным.</p><p>Вайна прынесла велізарныя разбурэнні, і, натуральна, што аднаўленне гаспадаркі патрабавала пастаянных напружаных намаганняў ад людзей. Героі пасляваенных апавяданняў I. Шамякіна - гэта людзі сумленныя і самаадданыя, гатовыя на вялікія асабістыя ахвяры дзеля народнага дабра. Вось старшыня перадавога ў раёне калгаса Жданковіч спадзяецца дажыць веку на добрым месцы, дзе яго паважаюць. Але яго просяць перайсці старшынёй у суседні адсталы калгас — і ён згаджаецца («Хадакі», 1950). Сакратар райкома партыі Сцяпан Пятровіч уцякае з курорта то з-за таго, што раён адстае па хлебанарыхтоўках, то дзеля таго, каб пабыць на ўрачыстасці адкрыцця калгаснай электрастанцыі («Залатыя агні», 1949).</p><p>У падобных безаглядна самаахвярных учынках герояў ёсць празмерны максімалізм, характэрны, дарэчы, для ўсёй тагачаснай літаратуры і для рэальнага жыцця таксама. Героі яшчэ мала думаюць над ходам агульных спраў і над асабістымі ўчынкамі. Іх самаахвярнасць з пункту погляду сённяшняга дня можа здацца бяздумнай і не зусім апраўданай інтарэсамі справы. I ўсё ж гэта ўнутраная гатоўнасць герояў заўсёды адгукнуццз на покліч справы, не думаючы пра асабістую выгаду, не ўслухоўваючыся, што баляць раны, была прывабнай маральнай грамадзянскай рысай. Яна стала ўжо традыцыйнай адзнакай светаадчування савецкага чалавека, які ваяваў.</p><p>Ідуць мірныя гады. Старым — праца, клопаты, Маладым - вучоба, планы. Жывецца цяжка, але маладосці ўласціва не заўважаць цяжкасцей, жыць больш за ўсё надзеямі, эмоцыямі. У апавяданні «Першае спатканне (1953) паказана нараджэнне першага кахання, светлага, узнёслага. Уся ўвага пісьменніка засяроджана на перажываннях юных герояў, на эмацыянальна-псіхалагічным стане закаханага Сашы. Пачуццё кахання перададзена праўдзіва, з добрым веданнем юнацкай душы.</p><p>Героямі апавяданняў І. Шамякіна з’яўляюцца старшыні калгасаў, брыгадзіры, дактары, аграномы, трактарысты, сакратары райкомаў. I гэта было ў духу часу. Нагадаем, што адзін з твораў Г. Нікалаевай так і называўся — «Аповесць пра дырэктара МТС і галоўнага агранома» (1954). У герояў пісьменніка шмат цяжкай, напружанай працы. Ён проста любуецца сваімі героямі, калі яны заўзята працуюць, але ўсё часцей і часцей ад знешняга любавання і захаплення працай («Сялянка» 1950) пераходзіць да паказу іх рэальнага жыцця з яго нялёгкімі праблемамі.</p><p>Малады аграном Валя («Завіруха», 1955) таксама з тых самаадданых людзей, што гатовы на асабістае самаахвяраванне дзеля справы, аднак яна перажывае часовую душэўную дэпрэсію. Яе жыццё ў глухой вёсцы зусім не такое, пра якое яна марыла перад прыездам на працу, пра якое пісалі ў газетах і кнігах. У завіруху яна за шмат кіламетраў ідзе праводзіць заняткі аграгуртка, але заняткі зрывае не хто іншы, як сам старшыня калгаса. Адбываецца сварка з ім і яго жонкай. Даведваецца яна таксама, што лепшы брыгадзір, які акуратна наведваў заняткі, стаў піць. «Чаму? Чаму так атрымліваецца? Чаму неблагі чалавек, лепшы брыгадзір, раптам так запіў? I ад гэтага стаіць работа, пакутуюць блізкія людзі. Вось з чым трэба змагацца, думала яна, змагацца бязлітасна, штодзённа. Але як, якім чынам?»</p><p>I хоць Валя суцяшае сама сябе («Дык што ж гэта ты, таварыш аграном, раскісла ад першых няўдач і расчараванняў? Наперадзе, можа, яшчэ больш цяжкасцей»), аднак пачуццё пакінутасці і адзіноты доўга не праходзіць. «Ратуе» гераіню ўвага да яе маладога доктара Андрэя, які ёй таксама падабаецца. Адкрытым застаецца пытанне, заслоніць ці не заслоніць каханне тыя задачы, якія паўставалі перад гераіняй. Усё ж адчуваецца: Валя такі чалавек, што рана ці позна, незалежна ад таго, шчаслівым ці нешчаслівым будзе яе асабістае жыццё, яна зноў вернецца да роздуму і дзеяння.</p><p>У ранніх апавяданнях I. Шамякіна шмат увагі аддаецца каханню. Гэта пачуццё часта становіцца выпрабаваннем героя на чалавечнасць, абуджае ў душы высакародства. Але над усімі жыццёвымі інтарэсамі герояў, над усімі іх пачуццямі пануе адзін прынцып — сумленная, самаадданая праца. Яна лечыць нават ад горычы перажыванняў, калі каханне не ўзаемнае («Вясновымі днямі», 1953).</p><p>Героям апавяданняў разам з высакародствам уласціва маральная цвёрдасць, патрабавальнасць да сябе і да іншых людзей, у першую чаргу да сваіх блізкіх. Прычым іхняя мараль — адкрытая грамадская мараль.</p><p>У апавяданні «Памылкі» (1953) вельмі добра заўважаецца ўменне пісьменніка за чыста прыватным душэўным зрухам адкрыць з’яву грамадскую. Старога заслужанага старшыню райвыканкома Платона Астапавіча Калітку паслалі на курсы ў горад. Ён вельмі здзіўлены, калі бачыць, што выкладчыцай на курсах яго дачка. А калі дачка выклікала яго да дошцы і ён у сказе зрабіў аж пяць памылак, Платон Астапавіч не вытрымлівае такой абразы і выходзіць з аўдыторыі. З’язджае ён таксама і з кватэры дачкі.</p><p>Гэта не толькі бытавы эпізод, не толькі маральная прытча, што і бацькам карысна вучыцца ў дзяцей. Упершыню ў творчасці I. Шамякіна тут заяўлена важная грамадская праблема, якая будзе паўтарацца і паглыбляцца ў іншых творах,— праблема адказнасці бацькоў перад дзецьмі.</p><p>Узаемаадноеіны паміж бацькамі і дзецьмі ў тагачаснай літаратуры паказваліся даволі просталінейна. Бацькі амаль заўсёды валодалі бездакорным аўтарытэтам, і дзецям заставалася толькі захапляцца імі. Цікава, што ў беларускай прозе першага пасляваеннага дзесяцігоддзя нельга знайсці ніводнага твора, у якім бы раскрываўся больш-менш сур’ёзны канфлікт паміж бацькамі і дзецьмі.</p><p>І раптам у апавяданні I. Шамякіна адкрываецца, што бацькі могуць рабіць… памылкі. Ды якія бацькі! Калітка не вораг, не кулак, не гультай, а заслужаны чалавек. Ён кажа пра сябе: «Пазнавата мяне вучыць надумаліся. Чаму мяне навучаць за некалькі месяцаў? На курсах тых я ўжо быў некалі да вайны. Гісторыю партыі - дык я сам ствараў яе ад семнаццатага году. Дыялектыку ў жыцці вучу, у працы. Я дваццаць год кірую раёнам. Дваццаць год! — ён падняў угару два растапыраныя пальцы, другой рукой дакрануўся да ордэнскай калодкі.— Не многа такіх ветэранаў. I мой раен ніколі не быў апошнім. Як працаваць, як гаспадарку раёна весці — у гэтым Калітку вучыць не трэба. У гэтым я навучу любых вучоных!..» У самахарактарыстыцы героя ўсё праўда, і яе можна было б поўнасцю прыняць, калі б не адкрытае самавыхваленне, якое насцярожвае. Аказваецца, што граматычныя памылкі на дошцы — не выпадковасць. Не ўсё так добра і гладка ідзе ў кіраўніцтве раёнам, як гэта кажа сам Калітка. Ён не церпіць крытыкі, у яго канфлікты з новым сакратаром райкома партыі, адукаваным і няўрымслівым.</p><p>Калітка — чалавек і кіраўнік таго ж жыццёвага лёсу, што і Лугін з Падбярозным з апавядання «На знаёмых шляхах». У яго таксама ёсць баявое мінулае. Але ён не здолеў быць верным яму. Праўда, Калітка дакранаецца рукой да ўзнагарод на сваіх грудзях, але гэты жэст сведчыць больш пра яго пыхлівую ганарлівасць, чым пра вернасць мінулым баявым справам.</p><p>У апавяданні «Памылкі» ўвасоблена вельмі важная і надзённая грамадская ідэя аб тым, што былыя заслугі не вызваляюць кіраўніка ад адказнасці перад новым часам, што экзамен ён здае кожны дзень. Той, хто спыніцца ў духоўным і прафесійным росце, даючы сабе палёгку з-за былых заслуг, рана ці позна ператворыцца ў тормаз грамадскага руху наперад. Такі і Калітка. Праверка на памылкі, наладжаная яму дачкой, успрымаецца як экзамен героя перад заўтрашнім днём. I ён не вытрымаў гэтага экзамену.</p><p>У апавяданні «Падмочаны» (1953-1954) паказаны тып кіраўніка, які, карыстаючыся патураннем раённых устаноў, дэградаваў поўнасцю. Старшыня калгаса Смак, п’яніца і абібок, гэтак паверыў у беспакаранасць, што нават тады, калі яго здымаюць з пасады, застаецца ў добрым гуморы, спадзяецца, што яго не пакінуць у бядзе. Пасля сходу, дзе ў Смака аднялі старшынёўства, карэспандэнт пытае ў яго: «Што вы цяпер будзеце рабіць?» Характэрным з’яўляецца самаўпэўнены адказ. Смака: «Хэ,- весела выскаліўся ён,— У Савецкім Саюзе беспрацоўных няма». Але час Смака ўжо мінае. Узрост не мае ўлады над чалавекам, калі ён душой, калі ў ім жывы трапяткі нерв сучаснасці, калі ён заўсёды гатовы пайсці насустрач жыццю, пацвярджэнне гэтай думкі ў апавяданні «Галоўны інжынер» I. Шамякін паказвае антыпода Каліткі і іншых падобных на яго герояў — галоўнага інжынера Васілеўскага. Гэта чалавек ужо, можна сказаць, на схіле жыцця. «Адчыняю дзверы і бачу за сталом чалавека, да?! I ладней кажучы, яго сівую галаву. Толькі пасля таго, як спытаў «дазвольце?»,— ён адарваўся ад папер, і я бачу яго твар, твар інтэлігента ў пенснэ, з белай бародкай клінком». Але Васілеўскі не проста патрэбны спецыяліст, які прыехаў з горада ў МТС. Ён з тых, хто бярэ на сябе вельмі многа і з’яўляецца першай фігурай у адбудове пасляваеннага жыцця. Гэта дзякуючы яму непазнавальна змянілася тое месца, куды ён прыехаў працаваць. I не толькі месца — змяніліся парадкі ў МТС. Ён пачынае з вельмі празаічнага занятку - папер, за праверкі дакументацыі. І знешні выгляд у яго нейкі нехлямяжы: «Я разглядаю яго стомлены твар, маленькія чырвоныя вочы, пацёрты касцюмчык, зашмальцаваны на вузле просценькі гальштук, няўмела завязаны і ссунуты набок. Здаецца, што і ўсё іншае ён робіць гэтак жа неахайна і няўмела, як завязвае гальштук». Але гэта герой, сапраўдны герой пасляваеннай адбудовы вёскі. Калі спачатку пра яго можна падумаць, што «інжынер гэты — ніякі не герой і ніколі не будзе ім. I такі бюракрат справы не наладзіць,— куды яму!», то пасля добрага знаёмства людзі кажуць пра яго: «Сіла!»</p><p>I хай сабе, каб падкрэсліць дынамічнасць натуры героя, пісьменнік карыстаецца занадта знешняй дэталлю — Васілеўскі, як шалёны, ездзіць на матацыкле,— сцвярджэнне актыўнага характару адбылося. Верыцца, што такія людзі могуць зрабіць многа.</p><p>Пры ўсёй значнасці і надзённасці зместу апавяданняў I. Шамякіна заўважаецца, што ён напісаў іх у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе параўнальна мала. Акрамя таго, малюючы вельмі праўдзіва многія асаблівасці цяжкага пасляваеннага побыту, знаходзячы і займальна апісваючы каларытныя факты тагачаснай рэчаіснасці, пісьменнік відавочна менш увагі аддаваў мастацкаму абагульненню, асэнсаванню агульнай канцэппыі грамадскага развіцця. Гэта мела сваё вытлумачэнне. Якраз у тыя гады I. Шамякін пісаў раман «У добры час», прысвечаны праблемам пасляваеннага жыцця калгаснай вёскі, у якім ідэйна-мастацкая канцэпцыя разумення грамадскіх асаблівасцей часу выявілася больш выразна і глыбока.</p><empty-line/><p><strong>VI. ПРАГА ШЫРОКІХ ГАРЫЗОНТАЎ</strong></p><empty-line/><p>Пісаць твор буйнога эпічнага жанру ў такі час, калі ў самім жыцці шмат недастаткова выяўленых, а таксама супярэчлівых тэндэнцый і працэсаў, надзвычай цяжка. Раман гэта жанр сінтэзу жыццёвага матэрыялу на аснове дастаткова глыбокага разумення падзей. Хоць у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе беларуская літаратура набыла пэўны вопыт аналітычнага адлюстравання рэчаіснасці, аднак у той час у выніку жывучасці вульгарна-сацыялагічных уяўленняў аб мэтах і задачах літаратуры пазнавальны пафас творчасці абмяжоўваўся. Па гэтай прычыне і абагульняючая сіла мастацкага твора не падымалася на высокі ўзровень. Тым не менш I. Шамякін смела кідаецца ў гушчыню жыцця.</p><p>Калі спела задума рамана «У добры час» (1952), сама рэчаіснасць вёскі, якую трэба было адлюстроўваць па законах красы, знаходзілася, як пасля стала відаць, не заўсёды ў «паэтычным» стане і патрабавала рашучага пераасэнсавання з пункту погляду неадкладных задач грамадскага развіцця, што хутка і было зроблена ў вядомых партыйных дакументах.</p><p>I ўсё ж I. Шамякіну ўдалося напісаць сапраўдны раман. Пісьменнік адчуў кірунак развіцця шмат якіх працэсаў, характэрных для жыцця беларускай вёскі тых гадоў, паказаў сутнасць гэтых працэсаў праз змены ў псіхалогіі людзей. Ва ўзаемаадносінах герояў рамана нямала жыццёвай праўды, тыповых адзнак тагачаснага грамадскага настрою. Ва ўсёй савецкай прозе не было яшчэ бадай, ніводнага мастацкага твора з такім узроўнем унутранай чуйнасці да некаторых псіхалагічныі адзнак народнага жыцця ў цяжкі пасляваенны час.</p><p>Раман пачынаецца распаўсюджаным у прозе той пары сюжэтным зачынам — зваротам дэмабілізаванага воіна ў родную вёску пасля шматгадовай разлукі. Максім Лескавец, нядаўні афіцэр, рад сустрэчы з блізкімі сэрцу мясцінамі, хоць бацькоўскай хаты няма. Яна спалена немцамі. Загінуў партызанскім камандзірам у баі з акупантамі бацька. Маці жыве ў зямлянцы. У гэту зямлянку і вярнуўся Максім.</p><p>У шмат якіх творах першага пасляваеннага дзесяцігоддзя вяртанне з вайны дамоў паказвалася ідылічна. У чалавека пры гэтым не ўзнікала ніякіх асабістых праблем і ўскладненняў, быццам ён прыязджаў пасля кароткачасовай адлучкі з блізкай камандзіроўкі. Падобная ідылічная атмасфера ахутвае вяртанне дадому героя рамана С. Бабаеўскага «Кавалер залатой зоркі» (1948). У рамане Г. Нікалаевай «Жніво» (1950) сустрэча дэмабілізаванага салдата з родным домам ужо складаная і драматычная. Ёсць свая складанасць і драматычнасць і ў звароце Максіма Лескаўца, хоць яна і іншага плана, чым у рамане «Жніво». Васіля Бортнікава ў рамане Г. Нікалаевай ніхто не чакае дома, бо яго жонка, думаючы, што ён загінуў, выйшла замуж за другога. У рамане I. Шамякіна «У добры час», наадварот, героя чакае каханая, але ён сам не вяртаецца сэрцам да свайго мінулага, хоць віны дзяўчыны перад ім ніякай няма.</p><p>Крытыка проста разгубілася перад такімі «няправільнымі» паводзінамі галоўнага героя рамана — Максіма Лескаўца. Гэты вобраз нечакана паблытаў усе яе ўсталяваныя ўяўленні пра сучасніка, якога яна прывыкла бачыць толькі знешне, у агульных праявах характару. Дагэтуль усе прыстойныя персанажы вялі сябе адпаведным чынам, прынамсі, не парушалі правіл «літаратурнай гульні». А тут раптам Максім зрабіў нябачаны «выбрык» — не захацеў жаніцца з прыгожай, сумленнай, працавітай Машай, якая шмат гадоў яго чакала. Амаральны ўчынак у станоўчага як быццам персанажа? — да такой сустрэчы крытыка была відочна не гатова. Герой тыпу Максіма Лескаўца з’явіўся перад ёй знянацку.</p><p>Шмат што ў паводзінах Максіма Лескаўца стане больш зразумелым, калі мець на ўвазе, што ён вярнуўся дадому зусім іншым чалавекам, чым пайшоў некалі з дому. За шэсць гадоў, праведзеных ім на вучобе і на вайне, ён пасталеў. Пашырыўся яго жыццёвы далягдяд. Убачанае ў свеце выпрацавала ў яго душы іншыя, больш павышаныя крытэрыі ацэнкі жыцця. Таму і радасць яго звароту дамоў неадназначная.</p><p>«Як знаёма ўсё»,— Максім адчуў нейкую прыемную цеплыню ў грудзях.</p><p>Так, усё вельмі знаёма, але —дзіўнае пачуццё! — у той жа час і нейкае не такое, якім было шэсць гадоў назад. Напрыклад, вуліца ў роднай вёсцы здалася вузенькай, рэчка таксама, і адлегласць ад вёскі да яе нібы скарацілася».</p><p>Больш шырокі маштаб успрымання ўсяго, што бачыць герой вакол сябе, садзейнічае выпрацоўцы крытычных. адносін да ўбачанага. Як ніхто іншы, ён свежым вокам заўважае мізэрнасць і запушчанасць вясковага побыту, выкліканыя вайной і нястачамі. Яму не вельмі ўтульна дома не толькі таму, што даводзіцца жыць у зямлянцы. Няўтульна яшчэ і душой...</p><p>Першы, з кім сутыкаецца Максім як з праціўнікам,— гэта старшыня калгаса Амяльян Дзянісавіч Шаройка, па віне якога запушчаны калгас. Для ўсіх ясна, што ён — не той старшыня, які патрэбен калгасу. Але да вострага канфлікту з ім у Максіма не дайшло, бо сам Шаройка, аказваецца, усведамляе, што яму не па сіле кіраваць калгасам, усведамляе і прызнае гэта адкрыта.</p><p>А раз гэта так, то і канфлікт героя павінен грунтавацца не на барацьбе асабіста з Шаройкам, а з аб’ектыўнымі пасляваеннымі цяжкасцямі. Шаройка толькі іх адбітак, калі можна так сказаць, іх прадукт. I зразумець гэта дапамагае Максіму не хто іншы, як сам Амяльян Дзянісавіч. Вось Максім падракае яго, што конь калгасны дрэнны, I што ён чуе ў адказ? Штосьці такое, з чым трэба згадзіцца:</p><p>«А конь гэты — інвалід вайны. Надарваны, скалечаны… Іх, можа, палова такіх. Такія коні ў другім месцы даўно ўжо богу душу аддалі. А ў мяне за два гады, слава богу, толькі трое…»</p><p>Тут сутыкаецца ідылічны настрой Максіма з цвярозасцю Шаройкі. Жыццё вымяралася страшэнна заніжанымі меркамі. Даводзіцца дзякаваць богу, што прапала толькі трое коней, а не больш. Прыняцце гэтага за ісціну наносіла адчувальны удар не толькі па спрошчана аптымістычных уяўленнях Максіма. Гэта быў моцны ўдар па ўсёй бесканфліктнай літаратуры, якая не хацела заўважаць падобныя жыццевыя з’явы.</p><p>I галоўнае, урэшце, не ў конях. Аказваецца, адсталасць калгаса, якім кіруе Шаройка, таксама мае пэўнае аб’ектыўнае вытлумачэнне. Вядома ж, Шаройка любіць прыбядняцца, перабольшваць уласныя цяжкасці. Але нешта ёсць і ад праўды, калі ён скардзіцца, адводзячы папрок, што ён не такі ўдалы старшыня калгаса, як Васіль Лазавенка. Пра Лазавенку Шаройка кажа: «Рве, брат. А, галоўнае, скажу табе, дапамога. Да яго і МТС, і ўвесь раён. I ён там як дома. А я? Я там пасынак. Беспартыйны. Шчыра табе кажу, даўно ўжо прашу, кай замянілі якім-небудзь героем з дэмабілізаваных — вось як Васіль ці ты вось, прыкладам…»</p><p>Шаройка — адзін з самых праўдзівых і пераканальных вобразаў у рамане. Яго натура не простая. Ён, бясспрэчна, ведае, што не адпавядае той пасадзе, якую займае. I калі прызнаецца ў гэтым, то ён шчыры. Але ён ведае і іншае. Раз яго рана ці позна здымуць з пасады, то лепш позна, чым рана. За той час, які адпушчаны яму на старшынёўства, можна пацягнуць з калгаса сабе. Што ён з поспехам і робіць. Сапраўды, ён не супраць уступіць пасаду таму д Максіму. Але, калі Максім кажа: «Ну-у! Я старшынёй быць не думаю», Шаройка радуецца і падтрымлівае яго намер, нагадваючы пра цяжкасці пасады старшыні і пра больш лёгкія магчымасці ўладкаваць жыццё. Тут ён таксама шчыры, калі кажа: «Канечна, з тваёй адукацыяй — і ў гной. Цяпер такіх, як ты, на любую пасаду толькі давай».</p><p>Не ведаючы дакладна, але адчуваючы, што хутчэй за усе Максім заменіць яго на пасадзе старшыні, Шаройка наперад прымае захады, каб паддобрыцца да яго, стараецца не псаваць адносін, хоць Максім часам размаўляе з ім даволі рэзка і з выклікам. Шаройка - увасабленне прыстасавальніцтва, карэнні якога пераплецены між сабой і таму цяжка паддаюцца разгляду.</p><p>Максім ваюе з Шаройкам, але не паслядоўна, не да канца, быццам адчувае, што Шаройку такім, які ён ёсць, вывеў на стрыжань жыцця цяжкі пасляваенны час. Урэшце, нялёгка ўтрымацца, каб не пайсці на кампрамісы. Гэта асабліва востра адчуў Максім на другі ж дзень пасля звароту дадому, калі паехаў у блізкі хвойнік па жэрдкі для агароджы. Прыехаўшы на месца, ён убачыў, што «хвойніку не было». За ваенныя і пасляваенныя гады яго высеклі на пільную патрэбу. Максім шкадуе хвойніку, але ўсё ж пачынае секчы і сам, апраўдваючы сябе, як і ўсе іншыя, хто сек да яго: «Што зрабіць?.. Вайна. I не такія багацці згінулі. А людзям трэба будавацца… Выберу, якім усё адно росту не будзе. Ды, нарэшце, адзін я вялікай парубкі не зраблю». I насек бы Максім жэрдак, калі б старшыня не сказаў яму прама, пасміхаючыся з яго, у якім дваістым становішчы ён знаходзіцца. Там жа, у хвойніку, Максім перад Шаройкам выказвае меркаванне, што тых, хто сячэ лес без дазволу, трэба лавіць і караць, як да вайны. На гэта Шаройка справядліва адказвае, маючы на ўвазе Максіма: «Што ж, тады першага парубшчыка я злавіў…»</p><p>Не хоча Максім ісці на кампрамісы з сумленнем і адступаць перад націскам абставін. На гэты раз ён вяртаецца з лесу без жэрдак, хоць і чуе папрокі ад маці. Ён нібы адчувае, што паддайся цяжкім акалічнасцям раз, другі — і тады ўжо страціцца ўнутраная мера праўды.</p><p>Небяспека для героя рамана не ў тым, што ён можа не перамагчы Шаройку. Галоўнае, каб утрымацца і не пайсці шляхам Шаройкі, не паддацца жыццёвым цяжкасцям, не быць засмактаным імі. Дарэчы, старшыня калгаса і разлічвае на гэта, спадзяецца, што Максім хутка здасца і не будзе гуляць у прынцыпы.</p><p>Упершьшю ў беларускай прозе з’явіўся твор, дзе ў цэнтры стаў персанаж, якому не ўсё ўдаецца ў жыцці, дарога якога не прамая. У самым пачатку рамана з Максімам здараецца дробная непрыемнасць — выпрагаецца конь у дарозе. У народзе такі выпадак лічыцца дрэнным прадвесцем. Сапраўды, на жыццёвым шляху героя будзе не адна затрымка, якая змусіць яго аглянуцца перш за ўсё на самога сябе, падумаць над уласнымі ўчынкамі.</p><p>Зрабіць так, як лічыш патрэбным, як табе падказвае душа, не лёгка, бо часам гэта прыносіць перажыванне і гора іншым людзям. Здарылася такое і ў жыцці Максіма. Яго зварот дамоў, не прынёс радасці Машы, закаханай у яго.</p><p>Узаемаадносіны Максіма і Машы — бадай што самы складаны, псіхалагічна самы тонкі і сэнсава самы значны момант зместу рамана.</p><p>Яшчэ вучачыся ў школе, яны спадабаліся адно другому, прызналіся ў каханні, перад ад’ездам Максіма на вучобу пакляліся чакаць і пісаць лісты. Увесь час перапісваліся. Пасля вызвалення Максім таксама слаў Машы лісты, і яна адказвала на іх, чакаючы яго. Чакала цэлых шэсць гадоў. Думаючы застацца ў арміі, ён нават напісаў у адным з лістоў, каб яна збіралася пераязджаць на Далёкі Усход. Маці яго таксама падабаецца Маша, яна даўно лічыць яе сваёй нявесткай. Дзяўчына дапамагае ёй у працы, паміж імі ўзнікае дружба.</p><p>I вось дэмабілізацыя, хоць ён не вельмі хацеў гэтага. Яму давялося вяртацца дамоў.</p><p>Максім «усю дарогу з Далёкага Усходу да Беларусі думаў пра Машу з ранейшай цеплынёй і пяшчотнасцю», хоць, праўда, пасля вызвалення перапісваліся яны ўжо не так часта, ды і лісты «былі больш стрыманыя, сур’ёзныя». Прыехаўшы дадому, ён чамусьці не спяшаецца сустрэцца з Машай. Герой і сам не можа вытлумачыць перамену, якая здарылася з ім. «Усхвалявана і радасна забілася сэрца. Маша! Сапраўды, чаму ён адцягвае сустрэчу?» Бачачы, што сын марудзіць, маці раіць яму схадзіць да дзяўчыны ў хату, але ён адкладвае візіт. Нарэшце яны, сустрэліся на вуліцы выпадкова. У размове Максім абяцае вечарам прыйсці ў госці, Маша з сястрой Алесяй рыхтуюцца да сустрэчы, але ён не выконвае свайго абяцання. Загуляўся ў суседняй вёсцы, чым абразіў дзяўчыну. Яна ўрэшце здагадваецца, што пачуцці Максіма астылі.</p><p>Чаму ж так здарылася? Тым больш цяжка зразумець перамену, якая адбылася ў душы Максіма, што ў Машы ніякай ганьбы няма. Наадварот, яна, можна сказаць, ідэальная дзяўчына: прыгожая, вельмі працавітая і клапатлівая, выхоўвае і вучыць меншых за сябе сястру і брата, у хаце чыста, адукацыя ў яе немалая, чытае агранамічныя кнігі, крытыкуе за непарадкі старшыню калгаса, а ў вайну была партызанскай сувязной, за што ўзнагароджана медалём. Пісьменнік быццам спецыяльна стварае ідэальны партрэт гераіні, каб толькі ў чытача не ўзнікла ніякага падазрэння, што разрыў у каханні адбыўся па «віне» Машы. Яна не з тых дзяўчат, якіх не бяруць замуж. Да яе ўжо сватаўся настаўнік, а таксама старшыня суседняга калгаса Васіль Лазавенка, але яна адмовіла ім. Таму паводзіны Максіма — гэта здрада, падман, няўдзячнасць.</p><p>Але вось дзіва — пісьменнік нідзе свайго героя ў амаральнасці, нікчэмнасці і нягодніцтве не абвінавачвае. Ён яго паказвае не вельмі далёкім, даволі грубым, недалікатным, але шчырым. Вядома ж, адчуўшы ў сэрцы халоднасць да Машы, Максім павінен быў аднесціся да яе гора больш спачувальна, ласкава. Але ён не хоча падманваць ні яе, ні сябе, і за гэта яму шмат што даруецца.</p><p>Што ж адбылося ў душы героя? Чалавек, які пабачыў нямала свету, афіцэр, камандзір артбатарэі, які прывык ужо жыць з душэўна шырокім, вольным разгонам, прыехаўшы да маці ў зямлянку, убачыўшы дрэнны парадак і наогул нізкі ўзровень арганізацыі жыцця ў калгасе, неяк панік унутрана. Апалі яго эмацыянальныя парыванні, а з імі і пачуцці кахання. Гэта вельмі праўдзівы псіхалагічны штрых. Сам герой думае: «Чаму ён неяк астыў, прыехаўшы дамоў? Зямлянка прыдавіла, ці што?»</p><p>Мала таго, што ў душы Максіма ад усяго ўбачанага пасяляецца адчуванне няўтульнасці. Яно хутка перарастае ў незадаволенасць, адчужанасць, неўсвядомлены пратэст. Ён, не свой пакуль што ў родных мясцінах. А Маша тут свая. Яны па светаадчуванню ўжо розныя людзі. Маша прызнаецца сястры Алесі, што спалохалася, калі Максім у адным з лістоў напісаў, каб яна збіралася ехаць да яго: «Што б я рабіла там, на Далёкім Усходзе, у ваенным гарадку? Вядома, я працавала б, я знайшла б работу. Але я люблю зямлю, мне хочацца працаваць на ёй…»</p><p>Максім ірвецца ўсяляк з роднай вёскі хоць бы ў суседнюю, дзе ёсць бальніца, школа, сельсавет. Маша, наадварот, урасла ў родную глебу. Таму паступова аблічча каханай пачынае асацыіравацца ва ўяўленні Максіма з усім тым, што ён бачыць у адсталым калгасе. Вось іх першая сустрэча: «Маша выйшла з завулка, які іміж дзвюх новых хат вёў на калгасны двор. У руцэ яе былі вілы. Апранута яна была ў стары залатаны кажушок, на нагах — буркі з бахіламі, на галаве — вязаная хустка. «Пастарэла»,— і яму чамусьці стала шкада яе, захацелася прытуліць, прыласкаць». Тым не менш гэта сустрэча яшчэ больш аддаліла Максіма ад Машы. Што спалохала яго? Не беднае адзенне само па сабе. Максім разважае: «Прычым тут адзенне? Не ў гэтым справа!» Хоць, вядома, «стары залатаны кажушок» і «буркі з бахіламі» міма яго волі маглі здацца яму рэчамі аднаго і таго ж бытавога ўзроўню, што і «зямлянка», якая «прыдавіла» яго. Галоўнае ў тым, што Маша здалася яму настолькі простай і мясцовай, што ён падумаў: «У такім адзенні яна на эвычайную вясковую бабу падобна». I калі Максім параўноўвае Машу са «звычайнай вясковай бабай», то гэта не чыстаплюйства, не панства чалавека, які працяглы час не займаўся цяжкай вясковай працай, не пагарда да вёскі і яе людзей наогул. Ён мае на ўвазе іншае. Маша здалася яму вясковай жанчынай і па ўнутранаму абліччу, гэта значыць душэўна даволі непатрабавальнай, прыземленай па адчуваннях, няздольнай падняцца вышэй звыклага існавання.</p><p>Магчыма, праз нейкі час у Максіма зноў узнікла б цёплае пачуццё да Машы, яны памірыліся б і халодная, адчужаная душэўная рэакцыя пры першай сустрэчы засталася б мімалётнай, нават не згадвалася б, каб не знаёмства з Лідай, дачкой доктара Ладыніна. Ліда — антыпод Машы па натуры. Гэта сама імклівасць, утрапёнасць, палёт. Нават жанчыны захапляюцца ёю. Жонка дырэктара школы кажа пра Ліду: «Яна — песня. У яе нават я закахана». У час першага знаёмства з Максімам Ліда трымае сябе неяк па-асабліваму без фанабэрыі, але з вялікай уласнай годнасцю. Пісьменнік нібы сумыслу ставіць сустрэчы героя з Машай і Лідай амаль побач, каб у параўнанні лепш выявілася розніца паміж імі. У адносінах пакрыўджанай Машы да Максіма ёсць усё ж нешта ўпрашальнае і безумоўная гатоўнасць дараваць абразу, што не прыйшоў: «Значыцца, чакаць?.. Глядзі ж, Максім…» Ліда ж адразу пачынае вучыць Максіма, вядзе яго за сабой.</p><p>Ці апраўдалася прадчуванне Максіма адносна таго, што ў Машы заніжаны ўзровень духаўнага жыцця? Так, у асноўным апраўдалася. Вядома, кожны чалавек здатны да самаразвіцця і ўдасканалення. Маша — таксама. К канцы рамана яна член партыі, умелы і вядомы на ўвесь раён брыгадзір. I недахоп душы, адчуты Максімам, не перашкаджае быць ей добрым, шчырым чалавекам. Маша сапраўды залішне ціхамірная па агульна-унутранаму настрою. Нават малодшая сястра Алеся кажа ёй: «Не люблю я гэтай тваёй пакорлівасці». 3 ею побач утульна, але і дужа спакойна. Яна можа крытыкаваць старшыню Шаройку за яго ўпушчэнні ў працы, за непарадкі ў калгасе, але гэта дзелавая рэакцыя, якая не закранае яе душэўнага жыцця. Усё гэта не выводзіць яе з раўнавагі, не параджае ўнутранага пратэсту. Акрамя таго, аказваецца, што і яе пачуцці да Максіма не такія ўжо пастаянныя. Так, ён вінаваты, ён абразіў яе. Але ж, канчаткова пераканаўшыся, што Максім адвярнуўся ад яе, яна павяла сябе па-бытавому разумна і даволі хутка знайшла другога — Васіля Лазавенку. Яму Маша прызнаецца: «Проста на сэрцы гарыць. Шэсць год… Шэсць год я жыла марамі аб простым чалавечым шчасці, аб сям’і. Яшчэ зусім нядаўна, помню, марыла…» Значыць, з Максімам яна перш за ўсё звязвала свае надзеі на сям’ю. Выходзіць, што ёй больш была патрэбна сям’я, чым ён сам як чалавек, сябар, каханы. I зусім лагічна, што дзеля сям’і хутка знаходзіцца другі, тым больш, што Васіль сапраўды кахае Машу, а яна ...прывыкне, а можа, і палюбіць. А не палюбіць, то ўжо і не такая для яе бяда. Галоўнае — сям’я — будзе.</p><p>У гэтым такім зразумелым жаноцкім імкненні Машы абзавесціся сям’ёй ёсць усё ж прыкмета той патрыярхальнасці спрадвечнага ладу народнага жыцця, які характарызуецца звыкласцю, прадвызначанай натуральнасцю. Унутраны свет Машы залішне «дамашні», яна сама няздатная на парыванне і апантанасць, таму і свайму абранніку, відаць, не дасць узняцца марай вышэй сямейных інтарэсаў.</p><p>Не ўсё проста ў адносінах Максіма да Машы. Калі ён даведваецца, што яна выйшла замуж за Васіля Лазавенку, перажывае горыч: «Эх, Маша! — балюча сціснулася сэрца.— Відаць, не моцна ты кахала мяне…» Цяпер ён асабліва выразна адчувае, што кахаў яе. Але існуе свая заканамернасць у тым, што яны разышліся, бо ў іх неаднолькавы ўзровень унутранага свету, не аднолькавая духоўная патрабавальнасць.</p><p>У Максіма вышэйшае, чым у Машы, разуменне жыцця, глыбейшае яго адчуванне, таму і ў каханні ён больш патрабавальны. Прыехаўшы дадому, добра азнаёміўшыся з калгасным жыццём, Максім пачынае разумець сутнасць таго, што бачыць вакол. Пры гэтым змяняецца ўсё яго светаадчуванне, а значыць, і пачуцці.</p><p>Спачатку Максім не думае заставацца ў калгасе, нават не хоча быць за старшыню. Яго ўнутрана палохае стан спраў у калгасе. Але ўсё ж замяняе Шаройку на пасадзе старшыні. Час паказаў, што ён не стаў узорным кіраўніком калгаса. Ён залішне самастойны, самалюбны ў сваіх паводзінах і дзеяннях, аддае перавагу цвярозым адносінам да рэчаў, што не падабаецца начальству. Нават у абліччы ўзорнага сакратара сельсавецкай партарганізацыі Ладыніна ён заўважае недахопы. Ён кажа Васілю Лазавенку: «Табе не здаецца, што ён занадта многа гаворыць. Я люблю людзей, якія менш гавораць, а больш робяць…» Дарэчы, гэта аб’ектыўнае назіранне. У тыя часы, якія апісаны ў рамане, сакратарамі тэрытарыяльных партарганізацый у вёсцы, як правіла, былі сельскія інтэлігенты. Не з’яўляючыся спецыялістамі па сельскай гаспадарцы, яны, як і доктар Ладынін, не маглі быць дзелавымі арганізатарамі і выступалі пераважна ў ролі агітатараў, шмат «гаварылі».</p><p>Максіма часта вучаць, дапамагаюць яму, але ён, бывае, хоча скінуць такую залішнюю апеку і тады-сяды «бунтуе», робіць насуперак добрым парадам. Васілю Лазавенку кажа: «Я ў твае справы не ўмешваюся, хоць мне, можа, таксама шмат што не падабаецца ў цябе. I я хачу папрасіць цябе: не ўмешвайся, калі ласка, і ты ў справы нашага калгаса. У сваіх памылках мы разбяромся самі. Ды і кіраўнікоў хапае без цябе. Штодзень ўпаўнаважаныя бываюць…» Пасля каецца, хоча выправіцца, хоць і не заўсёды паслядоўны ў гэтым жаданні. Ён любіць жывую справу, выступае супраць знешняй рэгламентацыі ў працы, засушанасці. Васілю і Машы ён кідае папрок; «Аднак, вы сталі такімі сур’ёзнымі мудрацамі, што з вамі хоць па канспекту размаўляй».</p><p>Заняўшы пасаду старшыні калгаса, ён, як умее, стараецца ў працы, хоча палепшыць жыццё людзей, аднак бачыць, што не ўсё залежыць ад старанняў кіраўніка. Яго часта без ладу тузаюць. I аднойчы Максім не вытрымлівае і крычыць: «Хопіць! Прашу паставіць пытанне аб перавыбарах… Да д’ябла такую работу! — і хутка айшоў уперад». Але справы зноў уцягваюць яго ў працу Адчуўшы, што мае мала ведаў, Максім рыхтуецца здаваць экзамены за дзесяцігодку і збіраецца паехаць вучыцца.</p><p>Каханне яго да Ліды застаецца без асаблівай узаемнасці. Ліда адносіцца да яго прызнання ў пачуццях даволі няпэўна. Яна і сама не ведае, кахае яго ці не.</p><p>«…Ці кахаю я Максіма? Здаецца, кахаю…»</p><p>Ліда напісала гэтыя словы і, нібы спалохаўшыся, хутка паднялася, зноў падышла да акна, угледзелася ў марозны ўзор і раптам гучна і ўзлавана прашаптала:</p><p>— Не, не кахаю! Няпраўда!</p><p>Аднак таго, што напісала Алесі, не выкрасліла».</p><p>Чаму Ліда адносіцца да Максіма няпэўна? Яна як быццам прымае яго дружбу, заляцанні і адначасова адпрэчвае іх. Справа ў тым, што канфлікт яе з Максімам вельмі падобны на канфлікт Максіма з Машай. Малады старшыня калгаса падабаецца Лідзе за прыгажосць, шчырасць, непасрэднасць, сумленнасць, але яна адчувае сваю духоўную перавагу над ім. У яе глыбейшая натура, хоць яе ўнутраны свет у рамане паказаны толькі ў агульных рысах. Аднак пра гэта можна меркаваць па знешніх момантах яе біяграфіі. Яна выхоўвалася ў інтэлігентнай сям’і, закончыла інстытут, шмат чытае. Максім для яе залішне праставаты і грубаваты ўнутрана. Сапраўды, Максім дапускае такія ўчынкі, якія выразна сведчаць пра яго невысокую пачуццёвую культуру. Ды і адкуль быць ёй? Адукацыя ў яго невялікая, шмат гадоў адняла вайна. Ліда прызнаецца: «Я ўсё ўзважваю, усё ацэньваю, нібы раблю нейкі разлік. Ажно самой робіцца прыкра. Але я не магу інакш, калі думаю пра Максіма. Мне, напрыклад, цяжка было ведаць, што ён не вучыцца, мала чытае, мала ведае і не жадае вучыцца». Сам Максім здагадваецца пра гэта, калі злосна пытае ў Ліды: «Што? Не падыходжу па сацыяльнаму становішчу?» Справа, вядома, не ў сацыяльным становішчы, але здагадка яго недзе зусім не далёка ад ісціны. Розніца ў культурным узроўні паміж імі ёсць.</p><p>Ці будуць яны разам, гэта залежыць ад Максіма. На гэта ёсць надзея. У канцы рамана ён збіраецца паехаць на вучобу, каб нагнаць тое, што ім упушчана ў адукацыі з-за вайны. Магчыма, яму ўдасца да6іцца сапраўднага кахання Ліды.</p><p>Даволі праўдзіва раскрыты ў рамане вобраз сакратара партыйнай арганізацыі Ігната Ладыніна.</p><p>Ён паказаны ў актыўнай дзейнасці. Праўда, вобраз яго, што было характэрна для тагачаснай літаратуры, трохі ідэалізаваны. Гэта выявілася ў тым, што усюды ён паспявае, і якраз у той момант, калі ён патрэбен, ў усім спраўляецца, ўсё бачыць і разумее. Ствараецца ўражанне, што Ладынін амаль зусім закінуў сваю прафесію доктара і поўнасцю пераключыўся на кіраўніцтва калгаснымі справамі.</p><p>Аднак быць глыбока дасведчаным у праблемахі сельскай гаспадаркі Ладыніну цяжка, таму яго арганізатарская актыўнасць раскрываецца ў рамане больш за ўсё шляхам пашырэння яго зацікаўленасці вясковымі справамі, а не праз глыбокае іх асэнсаванне. Чаго толькі Ладынін не робіць! Пра механізацыю і электрыфікацыю клапоціцца, сходы праводзіць і лекцыі чытае, кадры падбірае, за чысцінёй у хатах калгаснікаў сочыць, выкананне планаў правярае, асабістымі справамі людзей займаецца і г. д. Ён больш угаворвае, чым кіруе. Адсюль некаторы налёт рэзанёрства ў яго прамовах.</p><p>I ўсё ж жывыя рысы Ладыніна як чалавека выяўляюцца ў рамане даволі выразна. Заслуга I. Шамякіна перад тагачаснай беларускай літаратурай у тым, што яму ўдалося паказаць партыйнага кіраўніка, уключанага ў жыццё, а не ўзнесенага над ім.</p><p>Жыццёвасць вобраза Ладыніна трымаецца яшчэ і на тым, што ён паказаны не ў выключным становішчы, калі сакратар партарганізацыі заўсёды стаіць на правільных пазіцыях. Думка яго суіснуе з думкамі; іншых людзей. 3 ім можна спрачацца, можна злавацца на яго і гаварыць пра гэта яму адкрыта ў вочы, як гэта робіць неаднойчы Максім.</p><p>Ладынін паказаны ў дэмакратычнай сітуацыі, і гэта дэмакратычнасць не робленая, не паказная. Думка, якая супрацьстаўляецца яго думцы, яго меркаванню, не беспадстаўная, не палегчаная знарок, каб перавага пазіцыі сакратара партарганізацыі была відавочнай. Супрацьлеглая думка таксама важкая, таксама жыццёвая, і выказваецца яна звычайна сур’ёзным чалавекам.</p><p>Вось ідзе спрэчка паміж Ладыніным, які стаіць за хутчэйшую электрыфікацыю калгасаў, і старшынёй сельсавета Байковым, чалавекам складанага партызанскага лёсу, які лічыць, што спяшацца з будаўніцтвам электрастанцыі не трэба, бо яшчэ сорак сем’яў жывуць у зямлянках. «Сеяць няма чым, а вы — электрастанцыю...» — кажа Байкоў. Ладынін прыводзіць у гэтай спрэчцы важкі аргумент: «Сяргей Іванавіч, мы з табой помнім дваццаты год. Помнім, што мелі тады. А Ілыч складаў план электрыфікацыі. Не будзем забываць гэтага». I ўсё ж Байкоў стаіць на сваім: «Спачатку трэба паставіць калгасы на ногі». Як бы там ні было, а да слоў старшыні сельсавета давядзецца прыслухацца.</p><p>На сходзе Ладынін крытыкуе маладога старшыню калгаса Максіма Лескаўца за шмат якія пралікі і ўпушчэнні. У адказ і Максім крытыкуе яго, Ладыніна, ды яшчэ ў такой форме, якая выклікае ў зале смех: «Тут сакратар наш, Ігнат Андрэевіч, таварыш Ладынін,— ён, відаць, не прадумаў пачатак сваёй прамовы і таму награмаджаў словы без усялякага ладу,— у сваім дакладзе так паваліўся… адным словам, давёў, што ў тым, што сельсавет займае восьмае месца па раёну, а не першае, віноўны толькі адзін чалавек: Лескавец…» Далей Максім пераходзіць у адкрыты наступ: «Але я згодзен - Лескавец не ўмее кіраваць… Не ўмее, бо працуе ўсяго тры месяцы... А хто мяне навучыў, хто дапамог? Чаму таварыш Ладынін не сказаў, як партыйная арганізацыя дапамагла мне? Не бачу я ад яе дапамогі…» Ладынін вымушаны апраўдвацца: «Няпраўда!</p><p>Дзве трэці ўсёй партыйнай работы мы праводзім у вашым калгасе… У цябе лепшыя агітатары…» «Мне агітатары не дапамогуць своечасова пасеяць, — парыруе Максім. Але гэтая «перапалка» не псуе дзелавых і сяброўскіх адносін паміж Ладыніным і Лескаўцом. Ладынін здолеў стаць патрэбным людзям менавіта як сакратар партыйнай арганізацыі.</p><p>Ва ўсім стылі рамана адчуваецца імкненне пісьменніка праз спалучэнне розных, падчас супярэчлівых жыццёвых тэндэнцый паказаць праўдзівы і жывы малюнак беларускай калгаснай вёскі першых пасляваенных гадоў.</p><p>Вядома, на змесце рамана, на характары выкарыстаных мастацкіх сродкаў заўважаецца ўплыў часу, калі ў літаратуры перабольшвалася значэнне ідэальнага пачатку, калі даволі распаўсюджанымі былі ілюстрацыйнасць і схематызм. У рамане амаль усе калгаснікі дужа свядомыя. Выключэннем з’яўляецца, бадай, усяго адзін - былы старшыня калгаса Шаройка. Цяжкасці аднаўлення калгаснай вёскі толькі называюцца, а не паказваюцца. Прычым, як толькі ў творы заходзіць гаворка пра нястачы і цяжкасці, часта ў стылі з’яўляецца ледзь не абавязковы гумарок, які павінен аптымістычна асвятляць эпізод. I ўсё ж, хоць раман і пісаўся ў гады панавання ў літаратуры «тэорыі» бесканфліктнасці, бесканфліктным твор не з'яўляецца.</p><p>Раман «У добры час» — адзін з лепшых твораў беларускай прозы першай паловы 50-х гадоў пра жыццё калгаснай вёскі. Яго вартасць у тым, што ў ім адлюстраваны рэальныя турботы людзей пасляваеннага часу з яго нястачамі і неўладкаваным побытам.</p><p>Заслуга I. Шамякіна як празаіка яшчэ і ў тым, што ў рамане «У добры час» наказаны тыповыя з’явы пасляваеннай калгаснай рэчаіснасці праз псіхалогію і ўнутраны свет герояў. Канфлікт паміж Максімам і Машай - гэта, па сутнасці, канфлікт паміж цвяроза-крытычнымі адносінамі да жыцця і спакойна-дамашнім успрыняццем свету, без адчування яго супярэчнасцей. Галоўны герой рамана псіхалагічна і эмацыянальна так і не здолеў пакуль што прыжыцца ў родных краях, ён імкнецца да вышэйшых ідэалаў жыцця.</p><p>Той факт, што Максім цягне не гэтак у родную вёску, як з яе, надзвычай паказальны і змястоўны. Прынамсі, у настроі Максіма пісьменнікам улоўлена нешта такое, што было характэрна для многіх маладых людзей пасляваеннай вёскі, калі яны выязджалі з дому ў горад.</p><p>Тонка ўлоўлены пісьменнікам і грамадскі сэнс канфлікту паміж двума старшынямі калгасаў Васілём Лазавенкам і Максімам Лескаўцом. Крытыка ўвесь час тлумачыла гэты канфлікт як сутыкненне «добрага з выдатным», як супрацьпастаўленне ўзорнага старшыні калгаса Васіля Лазавенкі няўзорнаму, хоць у цэлым не такому і дрэннаму Максіму Лескаўцу з мэтай павучання, каб ён стаў лепніым. Думаецца, што крытыка ў дадзеным выпадку істотна памылялася.</p><p>Справа ў тым, што раману «У добры час» зусім не ўласцівы рэзкі падзел жыццёвых з’яў і характараў герояў на станоўчае і адмоўнае, хоць у тагачаснай літаратуры такі падзел сустракаўся даволі часта.</p><p>Сёння вельмі добра відаць, што Максім Лескавец мае менш адмоўных рыс, чым гэта меркавала крытыка раней. Нават часовая дружба з Шаройкам мае нейкае жыццёвае апраўданне. Максім змяніў Шаройку на пасадзе старшыні, і ўжо з адной гэтай нагоды ў яго як у культурнага чалавека, павінна быць пэўная стрыманасць у адносінах да свайго папярэдніка. Акрамя таго, прыняць запрашэнне ў госці ад чалавека, чыёй дапамогай Максім карыстаецца, таксама больш чым натуральна. Праўда, у гасцях герой паводзіць сябе бесцырымонна і груба, што яго не ўпрыгожвае.</p><p>Для Максіма Васіль Лазавенка — і як старшыня, і як чалавек — не ўзор. Ёсць у гэтым чалавеку нешта блізкае Машы — інакш бы яны наўрад ці пажаніліся б. Ён не столькі няўрымслівы, колькі старанны. А душой, як і Маша, спакойны. Праўда, у дадзены момант Васіль стаіць вышэй за Максіма па ўсіх лініях: у яго лешпая гаспадарка, вышэйшыя паказчыкі, большы аўтарытэт як сярод людзей, так і ў начальства, сямейная ўладкаванасць. Але гэта таму, што Васіль Лазавенка — тыповы старшыня калгаса вось гэтага бягучага моманту. У характары ж Максіма — задаткі ўнутранага аблічча старшыні калгаса заўтрашняга дня, калі найбольш патрэбнымі стануць такія рысы кіраўніка, як самастойнасць рашэння, асабістая адказнасць за ход спраў. Таму яму і цяжэй цяпер, чым Лазавенку.</p><p>Адзначыўшы, што Васіль Лазавенка ўвесь прывязаны ў сваёй старшынёўскай дзейнасці да практычных патрэб сённяшняга моманту, нельга сказаць, што ў яго працы зусім няма перспектыў на заўтрашні дзень. Яны ёсць. Напрыклад, ён стараецца як мага больш накупляць у калгас машын, гаспадарчай тэхнікі, каб не вельмі залежаць ад МТС і выкарыстоўваць машыны ў калгасе больш рацыянальна. Як вядома, праз некалькі гадоў дзяржава распусціла МТС, а іх тэхніку адкупілі калгасы ва ўласнае карыстанне. Тут Васіль Лазавенка глядзіць у будучыню і прадчувае яе. Ва ўсім астатнім ён залішне самаздаволены, перад ім амаль што не ўзнікае ніякіх нявырашаных праблем. Ён усё ўмее здзейсніць, але, калі яму заўсёды гэта ўдаецца, значыць, ён вырашае задачы на ўзроўні тых магчымасцей, якія дае бягучы момант.</p><p>Максім больш самастойны, больш ініцыятыўны у параўнанні з Лазавенкам. Калі для Лазавенкі кожная слова начальства — закон, то Максім шмат якія распараджэнні і ўказанні падвяргае крытычнай праверцы, Нездарма яго называюць скептыкам. I ўжо ніяк нельга ўявіць Васіля ў зацятай спрэчцы з Ладыніным, на што адважваецца Максім.</p><p>Калі ўважліва прыгледзецца да Максіма, то аказваецца, што ён і больш чалавечны. Ён не дзеліць людзей толькі на дрэнных і добрых, хоча ў кожным чалавеку ўбачыць вартае падтрымкі і ўхвалы. Стараецца пайсці насустрач людскім патрэбам, дапамагчы без фармальнасці і цяганіны, хоць, бывае, і напракае сябе за гэта.</p><p>Усе, хто ведаюць Максіма і працуюць з ім, не здагадваюцца пра сапраўдныя прычыны яго неспакойных паводзін, тлумачаць іх маладосцю і дрэнным, капрызным, нявыхаваным характарам. Таму і стараюцца яго перавыхаваць, накіраваць на правільны шлях. I крытыка думала гэтак жа сама. М. Клімковіч пісаў, што барацьба з недахопамі ў характары Максіма вядзецца «з агромністай сілай, якая надае сюжэту, твора і вастрыню і напружанасць». Але ў тым то і справа, што Максім не паддаецца перавыхаванню, бо яго светаадчуванне залежыць ад аб’ектыўнага стану рэчаў у жыцці. Пасля чарговай эмацыянальнай ўспышкі ён проста цішэе, але наўрад ці змяняецца.</p><p>Яго час, які будзе асабліва патрабаваць ініцыятывы, самастойнасці, чалавечнасці, яшчэ наступіць. I наступіць хутка.</p><p>Раман «У добры час», дзякуючы даволі праўдзіваму паказу калгаснай рэчаіснасці, засяроджвае ўвагу на многіх вузлавых пытаннях далейшага руху наперад і проста дыхае прадчуваннем блізкіх грамадскіх змен. Не ўсё тады, калі пісаўся раман, было ясна самому пісьменніку. Само жыццё яшчэ не давала выразнага адказу на некаторыя праблемы, якія стаялі перад калгаснай вёскай.</p><p>Якая б падзея ці факт ні асэнсоўваліся з пункту погляду маральнага ці грамадскага, пісьменнік не імкнецца даць ім адназначную ацэнку. Звычайна бывае некалькі ацэнак, накрэсліваюцца розныя падыходы, узнікаюць супрацьлеглыя рэакцыі. У Шаройкавай хаце Максіма частуюць, як героя вайны, гавораць яму прыемныя словы. А ў гэты час работніца фермы абураецца, прыйшоўшы да Машы: «Героя частаваць! — перакрыўляла яна Шаройку.— Скажы, калі ласка, які герой! Пару медалёў павесіў — і герой. Ды лопне ён і герой, калі столькі з’есці».</p><p>Намеры і дзеянні персанажаў рамана таксама не просталінейныя. Яны сумняваюцца ў выбраных рашэннях, хістаюцца пры выкананні гэтых рашэнняў, ад аднаго настрою хутка пераходзяць да другога. Вось Максім дазволіў Шаройку ўзяць на патрэбу саломы і адразу пачынае вінаваціць сябе, выказвае розныя засцярогі, адзін намер змяняецца другім — і ўсё гэта суправаджаецца перажываннем: «Колькі разоў мне ўжо даставалася за гэта. Нельга раздаваць калгаснае, як сваё ўласнае, як гэта Шаройка рабіў. Не выпісаўшы, не аформіўшы цераз бухгалтэрыю… «Вазьмі…» А хто ведае, колькі такому прагнюку ўздумаецца ўзяць? Ён здольны воз перацягаць… А там: яшчэ хто-небудзь пацягне, гледзячы на яго… Абавязкова скажуць: калі Шаройку можна, то чаму нам нельга? Трэба пайсці забараніць».</p><p>Аднак гонар, самалюбства не дазволілі зрабіць гэтага, і настрой сапсаваўся яшчэ горш.</p><p>Нават у думках аднаго героя выказана некалькі меркаванняў пра адзін і той жа ўчынак. Гэта нібы запрашэнне да роздуму над важным пытаннем унутрыкалгаснага жыцця, ад правільнага вырашэння якога будзе не ў малой ступені залежаць і агульны ўзровень гэтага жыцця.</p><p>Крытыка, якая ацэньвала раман «У добры час» адразу пасля яго выхаду ў свет, адчувала наватарскі характар твора, навізну і рэалістычную пазіцыю пісьменніка. У рэцэнзіях таго часу раман правільна ацэньваўся як значнае дасягненне ўсёй беларускай прозы ў адлюстраванні жыцця пасляваеннай калгаснай вёскі. Былі ў крытыкаў цікавыя здагадкі, аб’ектыўныя заўвагі, глыбокія назіранні над паводзінамі герояў і над развіццём сюжэта. Я. Герцовіч правільна зауважыў, напрыклад, што ў характеры Максіма Лескаўца шмат своеасаблівасці, што ў яго «на першым плане - свая ўласная асоба, сваё «я», што у гэтага героя «ёсць свая будучыня». Але ў цэлым вобраз галоўнага героя і асноўны сэнс канфлікту крытыка не зразумела, не зразумела і сэнс асабовасці героя. У тым жа самым артыкуле Я. Герцовіч пісаў, што Максім Лескавец — чалавек, «які звіхнуўся, нарабіў шмат памылак», а яго асабістыя вартасці крытык успрымае толькі як адмоўную рысу.</p><p>Не здолела крытыка ў сувязі з гэтым правільна вытлумачыць і асноўны канфлікт твора. Амаль усе рэцэнзенты ўбачылі гэты канфлікт у сутыкненні жыццёвай пазіцыі Максіма з грамадскасцю і ў перавыхаванні героя. Але справа ў тым, што перавыхавання Максіма ў рамане не адбываецца, ды і не магло яно адбыцца, бо менавіта Максім Лескавец — носьбіт перадавых імкненняў часу. Гэта ён першы сцвярджае новае ў адносінах чалавека да навакольнага жыцця, калі павінна пераважаць у гэтых адносінах разборлівасць, ініцыятыва, энтузіязм асобы. Максіма часта не разумеюць, не заўсёды падтрымлівае яго Ладынін, таму яму даводзіцца цяжка. Ён выслухоўвае папрокі, якіх не заслужыў. Яго паводзіны і справы — свежы, імклівы струмень у пасляваенным калгасным жыцці.</p><p>Заслуга I. Шамякіна як аўтара рамана «У добры час» яшчэ і ў тым, што ён паказаў, як цяжка прабівае сабе дарогу наперад новае. Яго часта не распазнаюць і таму не заўсёды падтрымліваюць нават лепшыя людзі.</p><p>У 1953 годзе з’явіўся артыкўл У. Карпава «Проза Івана Шамякіна» («Полымя», № 3). Заўважыўшы некаторыя тыповыя асаблівасці творчай манеры I. Шамякіна (уменне знаходзіць прыгожае і этычна значнае ў звычайных, няяркіх, будзённых праявах), адкрыўшы асобныя сутнасныя рысы ў характерах герояў (заўвага, што Максім Лескавец «уступае ў канфлікт з усім светам», правільна намякалі на светапоглядную аснову паводзін галоўнага героя, а не на маральную), У. Карпаў таксама не да канца зразумеў вобраз галоўнага героя. У прыватнасці, псіхалагічную складанасць вобраза Максіма Лескаўца крытык расцэньваў як «штучную ўскладнёнасць«, а ў непасрэдным звароце пісьменніка да жыцця бачыў «стыхійнасць творчага працэсу», гаворачы «аб адсутнасці строга пэўных эстэтычных норм у маладога пісьменніка», патрабаваў, па сутнасці, рэгламентацыі зместу ў мастацкай творчасці.</p><p>Аб’ёмнасць, шматбаковасць погляду на жыццёвыя з’явы - прывабная асаблівасць рамана «У добры час», якая не магла не аказаць плённага ўздзеяння на тагачасную беларускую прозу. Гэта асаблівасць сведчыць пра несумненную інтэлектуальнасць рамана і яго рэалістычную аснову.</p><p>Атмасфера праўдзівасці зместу твора ўзмацнялася праз адпаведны пейзажны настрой. У рамане мала лірычных прыродных замалёвак. Пейзаж настройвае часцей за ўсё на засяроджаную душэўную сур’ёзнасць, не абяцае прыгожых ілюзій: «У вышыні, над галовамі, аднастайна, сумна шумелі старыя голыя ліпы і таполі, якіх не крануў пажар. Усе таполі — Максім прыкмеціў гэта яшчэ ўдзёнь - былі ўжо сухаверхія. I вось там, у мёртвых вершалінах, вецер не шумеў, а тонка і жалобна свістаў. А дзесьці ў другім канцы вёскі ўпарта і злосна крычала нечым пакрыўджаная авечка.</p><p>- Бэ-э-э…»</p><p>Значна павысілася ўменне I. Шамякіна весці раманную апавядальную плынь, арганізоўваць і зводзіць у адно скразныя сюжэтныя лініі, хоць, праўда, некаторая нераўнамернасць у псіхалагічнай і сацыяльнай заглыбленасці сюжэта яшчэ заўважаецца. Шмат якія побытавыя замалёўкі захапляюць дакладным псіхалагічным і эмацыянальным малюнкам.</p><p>Раман «У добры час» быў значным дасягненнем беларускай прозы ў адлюстраванні жыцця калгаснай вёскі.</p><p>У ім паказаны пярэдадзень важных змен, якія ўжо наспявалі ў эканоміцы краіны, у сацыяльнай сферы дзейнасці савецкіх людзей і ў іх псіхалогіі.</p><empty-line/><p><strong>VII. У БАРАЦЬБЕ ЗА НОВАЕ</strong></p><empty-line/><p>Сярэдзіна 50-х гадоў — час гістарычнага павароту ў развіцці савецкага грамадства. Адбыўся XX з'езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, які прыняў важныя рашэнні, накіраваныя на паскарэнне руху савецкага народа наперад. Партыяй былі рашуча асуджаны памылкі мінулага ў эканамічным, палітычным і культурным жыцці краіны, узяты курс на ўмацаванне ленінскіх прынцыпаў кіраўніцтва, накрэслена праграма далейшай дэмакратызацыі грамадскага жыцця.</p><p>Важныя рашэнні XX з’езда і наступных партыйных з’ездаў і пленумаў, вялікія змены ў жыцці ўсяго савецкага народа выклікалі ў пісьменнікаў новы творчы ўздым. У літаратуры былі асуджаны аднабаковы, непраўдзівы паказ савецкай рэчаіснасці, няўвага да супярэчнасцей і цяжкасцей грамадскага развіцця, адкінута славутая «тэорыя» бесканфліктнасці. Ва ўвесь рост паўстала праблема ўмацавання сувязі мастацтва з жыццём. У прывітанні ЦК КПСС III з’езду пісьменнікаў СССР адзначалася: «Літаратура камунізма павінна быць вялікай літаратурай не толькі па багаццю ідэйнага зместу, але і па мастацкай дасканаласці. Вялікія ідэі патрабуюць высокага майстэрства, гераічныя характары — дастойнага мастацкага ўвасаблення. Народу патрэбна літаратура, якая выхоўвае і вучыць чалавека праўдай і прыгажосцю мастацкіх вобразаў, духоўна ўзбагачае яго, пашырае яго кругагляд, раскрывае рост свядомасці людзей у працэсе камуністычнага будаўніцтва».</p><p>I. Шамякін пісаў пра той час: «Безумоўна, у гэтыя гады многа перажыта, многа перадумана, бо і самі гады былі незвычайныя… Я назваў бы гэты час «ідэалагічнай рэвалюцыяй».</p><p>У гэтай вельмі спрыяльнай для творчых пошукаў грамадскай атмасферы і з’явіўся раман I. Шамякіна «Крыніцы» (1957) — твор пра ажыўленне духоўнай і грамадзянскай ініцыятывы савецкіх людзей, пра барацьбу з праявамі дагматызму, ваяўнічага кансерватызму ў стылі кіраўніцтва. Раман сваім зместам адразу і вельмі ваяўніча ўключыўся ў барацьбу за правільныя, аб'ектыўныя ўяўленні пра сённяшні дзень краіны. Сам пісьменнік вызначыў праблематыку рамана наступным чынам: «За тры гады да XX з’езда партыі я пачаў пісаць раман аб тым, як культ калечыў душы нізавых кіраўнікоў, па сваіх чалавечых якасцях нядрэнных людзей. Бародку я падгледзеў у жыцці».</p><p>Той факт, што раман «Крыніцы» быў задуманы і пачаў стварацца да з’яўлення вядомых партыйных пастаноў і рашэнняў аб характары развіцця савецкага грамадства і аказаўся па сваёй ідэйцай накіраванасці сугучным агульнаму пафасу гэтых пастаноў і рашэнняў, яшчэ раз засведчыў вялікую чуйнасць пісьменніка да надзённых запатрабаванняў грамадскага і духоўнага жыцця народа, пацвердзіў унутраную здольнасць беларускай літаратуры ісці наперадзе жыцця і быць актыўнай памочніцай партыі ў пастаноўцы і вырашэнні важных усенародных праблем грамадскага развіцця. Вядома, на ідэйна-мастацкі ўзровень рамана плённа паўплывала грамадская атмасфера, якая стварылася ў краіне пасля 1953 года. Як можна было пераканацца са зместу твораў, напісаных I. Шамякіным раней, асабліва рамана «У добры час», там таксама ставіліся вострыя пытанні. Але ў «Крыніцах» надзённыя праблемы ўсенароднага значэння пастаўлены больш смела і ўпэўнена, у шырэйшым сацыяльным і ідэйным маштабе. Заўважаецца, што грамадзянская пазіцыя аўтара набыла новую эстэтычную выразнасць і глыбейшую гуманістычную мэтанакіраванасць.</p><p>У савецкай літаратуры пачатку і сярэдзіны 50-х гадоў ужо выяўляліся тэндэнцыі, якія падрыхтоўвалі рашучы паварот літаратуры да сучаснасці, да нявырашаных праблем народнага жыцця. Нарысы В. Авечкіна «Раённыя будні», аповесць Я. Брыля «На Быстранцы», камедыя А. Макаёнка «Выбачайце, калі ласка», якія былі напісаны і апублікаваны да XX з’езда КПСС, маглі скласці натхняючы фон для рамана I. Шамякіна «Крыніцы». Грунтоўнай апорай для паглыблення аналітычнай думкі пісьменніка ў асэнсаванні надзённых праблем сучаснасці быў і ўласны раман «У добры час». «Крыніцы» важка папаўнялі не багаты яшчэ фонд тых твораў сярэдзіны 50-х гадоў, якія па-дзелавому звязаны з перабудовай усіх сфер народнага жыцця на абноўленых пачатках і дзе мастацкае абагульненне жыццёвых назіранняў не выключала і практычнай парады як шукаць выхад са складанага становішча. Не выпадкова некаторыя раманы і аповесці той пары выраслі з нарысаў або нагадваюць гэты жанр. Агульная іх асаблівасць — публіцыстычнасць, зварот не гэтак да пачуцця, колькі да розуму чытача.</p><p>Некаторымі момантамі зместу і агульнай характарыстыкай асобных герояў раман «Крыніцы» блізкі ў нейкай ступені да «Раённых будняў» В. Авечкіна. Шмат падобнага ў характары, светапоглядзе Бародкі з «Крыніц» і Барзова з «Раённых будняў» — персанажаў, якія ўвасабляюць ў гэтых творах сілы мінулага, уяўленні ўстарэлых жыццёвых канцэпцый. Але раман «Крыніцы» — не пераймальны твор. Пісьменнік бачыць жыццё па-свойму і дае ўласнае, індывідуальна непаўторнае мастацкае вырашэнне праблем, якія хвалявалі тады грамадства і літаратуру.</p><p>Раман пачынаецца малюнкам кароткай навальніцы. «У поўдзень над вёскай прашумела навальніца. Хмара праляцела за некалькі хвілін, шугануўшы касым ліўнем. Але маланка нарабіла бяды. На сядзібе МТС раскалола стары дуб, якому, як людзі казалі, было не менш за дзвесце гадоў, і кантузіла механіка Сяргея Касцянка. Вестка гэтая, як звычайна, перабольшаная, у момант абляцела вёску.</p><p>— Забіла Касцянка!</p><p>— Сяргея Касцянка забіла!»</p><p>Але гэта толькі страхі. Сяргей жывы. Усе радуюцца навальнічнаму дажджу. Навальніца аказалася нязлоснай і памяркоўнай. Яна больш палохае, чым пагражае: «А над ракой і сінім лесам, дзе стаяла хмара і ад яе цягнуліся да зямлі блакітныя ніткі касога дажджу, вялізнай размаляванай дугой устала вясёлка. Там усё яшчэ грымеў гром, але ўжо ціха і буркліва, быццам быў нечым нездаволены і пагражаў, што ён яшчэ вернецца і тады няхай не чакаюць ад яго літасці». Але ясна, што навальніца ўжо не вернецца.</p><p>Нельга сказаць, што гэта адкрыты алегарычны знак тых велізарных грамадскіх змен, якія адбыліся ў кране. Думаць так — азначала б упадаць у спрашчэнне. Тым больш, што, магчыма, пачатак рамана напісаны раней таго часу, калі быў абвешчаны курс на пераўтварэнні і яны сталі рэальнасцю жыцця. Аднак малюнак навальніцы ўсё ж эмацыянальна перадае задавальненне ад змен, пасля якіх дыхаецца лёгка і вольна, як у паслянавальнічным азоне.</p><p>Зноў увагу пісьменніка захапіла жыццё вёскі. Але цяпер у цэнтры твора аказалася сельская інтэлігенцыя. Вобразы вясковых настаўнікаў і дактароў былі і ў рамане «У добры час», але там яны амаль не паказваліся ў сваім прафесійным занятку. У «Крыніцах» жа героі хоць цікавяцца ходам калгасных спраў, але цяпер яны больш паказваюцца ў сваёй непасрэднай працы.</p><p>У вёску Крыніцы на пасаду дырэктара школы прыязджае новы педагог Міхась Кірылавіч Лемяшэвіч. Прыязджае не па прызначэнню, а па сваёй добрай волі, прыязджае з горада, дзе ён вучыўся ў аспірантуры, напісаў дысертацыю, але абараняць яе, каб атрымаць вучоную ступень, не стаў, бо адчуў, што яго навуковай працы не хапае жывой практыкі. Такім чынам, ужо ў гэтым павароце лёсу героя ўвасоблены сам дух часу — павярнуцца тварам да практыкі, у тым ліку да патрэб і жаданняў вёскі.</p><p>Больш таго, добрае веданне сельскай гаспадаркі выступае нібы крытэрыем уласна прафесійных здольнасцей вясковага інтэлігента і яго маральных якасцей. Завуч школы Арэшкін сўстрэў Лемяшэвіча яшчэ ў дарозе з разлікам, каб у размове пра школьныя справы навязаць новаму дырэктару ўласны, далёка не аб’ектыўны погляд на жыццё педагагічнага калектыву. Адчуваючы гэта, Лемяшэвіч раптам пытае Арэшкіна пра ўраджай у калгасе:</p><p>«— Ураджай? — здзівіўся АрэШкін.— Ды як вам сказаць… Здаецца, так сабе. Пяскі тут.</p><p>— А лён вось нядрэнны. — 3 аднаго боку дарогі стаяў паспелы ўжо, густы і высокі лён, звінеў галоўкамі.— Як думаеце, колькі дасць гектар?</p><p>Арэшкін сумеўся, знікла яго красамоўнасць.</p><p>— Як вам сказаць... А-а? Цэцтнераў, мабыць, ну.,.— ён доўга глядзеў на лён, як бы вызначаючы ўраджайнасць,— дзесяць...</p><p>— Чаго?</p><p>— Як чаго?</p><p>— Ну, лён дае валакно і семя.</p><p>— Усяго разам, рядома…</p><p>Лемяшэвіч усміхнуўся, адвярнуўшыся ў бок ільну.</p><p>— Усяго разам… Не, відаць, не будзе і разам. Цэнтнеры чатыры валакна».</p><p>Арэшкін сапраўды, як потым аказалася, недалёкі педагог і амаральны чалавек.</p><p>Лемяшэвіч жа так захапіўся калгаснымі, грамадскімі справамі, што яму няма калі асабліва думаць пра сваю дысертацыю і збіраць, асэнсоўваць педагагічны вопыт. Жыццё адразу падхапіла яго на свае хвалі, і ён аказаўся ўцягнутым у яго даволі неспакойную, вірлівую плынь.</p><p>Новаму дырэктару школы, чалавеку прынцыповаму і сумленнаму, даводзіцца адразу ўступіць у канфлікт спачатку са старшынёй калгаса Махначом, а пасля і першым сакратаром райкома партыі Арцёмам Захаравічам Бародкам. Дырэктар школы не дае Махначу спаліць адабранае ў калгасніц сена, якое яны назбіралі на балоце. 3 Бародкам сутычка аказалася зацятай і працяглай. Бародка неўзлюбіў Лемяшэвіча якраз за прынцыповасць, за праўдзівасць і сумленнасць.</p><p>У школе Лемяшэвіч перш-наперш патрабуе ад настаўнікаў добрасумленнага выканання сваіх абавязкаў у працы, імкнецца згуртаваць педагагічны калектыў. Ён сапраўды валодае многімі патрэбнымі якасцямі кіраўніка: цярплівы, не схільны меркаваць пра чалавека па першаму ўражанню. Яго хутка выбіраюць сакратаром калгаснай партыйнай арганізацыі.</p><p>Не лёгка быць прынцыповым і патрабавальным кіраўніком. Гэта выклікае непрыязнасць да Лемяшэвіча людзей, якія жывуць сваімі дробненькімі інтарэсамі. Але вакол яго пачынае аб’ядноўвацца ўсё сумленнае, што ёсць у педагагічным калектыве. Нават тыя настаўнікі, якія раней жылі замкнута, былі раўнадушнымі да грамадскіх спраў, абудзіліся духам, пераканаўшыся, што новы дырэктар займае правільную пазіцыю. Аднак стараннямі Бародкі ў абласной газеце з’яўляецца паклёпніцкі фельетон пра Лемяшэвіча. Зроблена гэта, каб выжыць Лемяшэвіча з Крыніц. Але бюро абкома разабралася аб’ектыўна ў справе Лемяшэвіча і вынесла Бародку і рэдактару газеты вымовы. Лемяшэвіч перамагае.</p><p>Сакратар абкома кажа Лемяшэвічу: «Вы добра пачалі... Так і рабіце далей — рэжце праўду ў вочы. Прынцыповых людзей партыя заўсёды падтрымае!»</p><p>Праўда, хоць Лемяшэвіч і дзейсная натура, актывіст, але ён рэдка паказваецца ў справах раённага маштабу. Ён нават не выступіў на партыйнай канферэнцыі, дзе вырашаецца лёс Бародкі — быць ці не быць яму першым сакратаром райкома партыі. Некаторыя крытыкі на падставе таго, што герой мала дзейнічае, рабілі папрок аўтару, што вобраз Лемяшэвіча быццам бы атрымаўся недастаткова жывым, пераканальным. Думаецца, што гэта не так. Самаабмежаванасць героя ў грамадскай актыўнасці — не ўпушчэнне ці пралік пісьменніка, а праўда жыцця і праўда мастацкага характару. Справа ў тым, што ў самым пачатку тых вялікіх змен, якія праводзіла партыя ў краіне, актыўныя змагары за перадавое не сфарміраваліся канчаткова ў самім жыцці. Яны яшчэ часцей за ўсё выяўляюць сябе ў добрых намерах і імкненнях, чым у дзеянні. Гэтакі і Лемяшэвіч. Шырокай ініцыятывы з яго боку пакуль што не відаць. Найбольш актыўны ён тады, калі непасрэдна сутыкаецца з Бародкам і выступае перашкодай на яго шляху. Са згоды Баррдкі арганізавана газетная шуміха вакол рэкорда вучня Алёшы Касцянка, які працуе на камбайне ў час жніва, а Лемяшэвіч дапамагае Алёшу цвяроза ацаніць зробленае. Бародка незаконна дае прывілеі настаўніцы, сваёй добрай сяброўцы і каханай, а дырэктар школы хоча пазбавіць настаўніцу гэтых прывілей. Узлаваны Бародка хоча перавесці непаслухмянага дырэктара ў іншую школу, але той не згаджаецца. Нарэшце, Бародка спадзяецца маральна прыбіць новага дырэктара паклёпніцкім фельетонам, аднак жа Лемяшэвічу не здраджвае вытрымка. Апублікаванне фельетона абярнулася супраць самога Бародкі.</p><p>Лемяшэвіч пррста стрымлівае энергію Бародкі, гасіць яго шкоднае імкненне ўзвялічыць уласную персону — і гэта ўжо нямала. Ён разам з іншымі смелымі людзьмі рыхтуе пералом ва ўсім стылі кіраўніцтва, да якога звык сакратар райкома. I пералом настае. Бародка церпіць паражэнне на ўсіх жыццёвых лініях.</p><p>Раман «Крыніцы» вызначаўся дакладнай у часе сацыялістычнай і псіхалагічнай характарыстыкай станоўчага героя — барацьбіта за новае. У шмат якіх творах таго часу, дзе паказвалася барацьба новага з устарэлым, ідэалізаваўся вобраз перадавога чалавека. У падобных творах чыста літаратурна, без дакладных суадносін з жыццём перабольшваліся яго здольнасці і магчымасці. I. Шамякін паказаў Лемяшэвіча без ідэалізацыі. Герой паводзіць сябе ва ўсім як звычайны чалавек. I робіць ён у барацьбе за новае роўна столькі, на колькі здатны быў звычайны, сярэдні чалавек таго часу. Паказаўшы свайго героя не горшым і не лепшым, чым ён быў у жыцці, пісьменнік выявіў зайздросную якасць раманіста — гістарычна дакладнае адчуванне часу.</p><p>Ды, урэшце, у Лемяшэвіча дастаткова прывабных унутраных якасцей, каб лічыцца чалавекам перадавым, мэтаімкнёным. Да яго прыезду ў вёску доктарка Наталля Пятроўна прыхільна прымае заляцанні добрага па натуры, працавітага Сяргея Касцянка. Пазнаёміўшыся з Лемяшэвічам, яна адчула ў ім неспакойную натуру, шырокае разуменне свету, асэнсаванасць свайго ўласнага існавання, імкненне да вышэйшай жыццёвай мэты.</p><p>Але, бадай, найбольш праўдзівы, жывы, пераканальны і значны ў рамане вобраз Бародкі. Гэта заўсёды адзначала крытыка. «Гэты вобраз — найбольшая мастацкая ўдача I. Шамякіна» — пісаў А. Адамовіч.</p><p>Сапраўды, вобраз Бародкі складаны, псіхалагічна глыбокі, сацыяльна тыповы. Гэта чалавек працавіты, валявы, разумны. У яго ёсць немалыя заслугі перад людзьмі. Пад яго кіраўніцтвам у раёне вялося пасляваеннае аднаўленне, людзі з зямлянак пераходзілі ў новыя хаты. «Я прыехаў — паўраёна зямлянак было. А зараз ніводнай. Я вывеў людзей з зямлянак! Я пабудаваў райцэнтр, заводы!.. Палюбуйцеся,— велічным жэстам паказаў ён на акно». Бародка быў патрабавальны, смелы, мужны.</p><p>Так, у Бародкі нямала было станоўчых рыс, але яны аказаліся нетрывалымі, бо ў яго характары мелася таксама схільнасць рабіць зло. Дрэнныя ўчынкі дыктаваліся перш за ўсё непамерным самалюбствам, уладарнасцю, эгаізмам, саманадзейнасцю. 3 цягам часу Бародка ператвараецца з кіраўніка, які рухаў жыццё наперад, у чыноўніка, які стрымлівае гэты рух.</p><p>Усё больш і больш станавілася відочна, што Бародка ахвяра няправільнага, шкоднага метаду кіраўніцтва і яго ваяўнічы носьбіт, абаронца. Так, у гэтым ёсць свая дыялектыка. Бародку такім, якім ён стаў, зрабілі ўмовы і, магчыма, супраць яго волі, але, паддаўшыся націску гэтых абставін, ён сам стаў сілай, якая падпарадкоўвала сабе іншых. Бародка любіць ламаць характары людзей. Вось чаму такое раздражненне, непрыязнасць выклікае ў яго Лемяшэвіч, які не «ламаецца». Сакратар райкома ўспрымае стойкасць новага дырэктара школы як асабістую абразу.</p><p>Старшыня райвыканкома Валатовіч кажа Бародку: «Ты бязлітасна і часта бестактоўна крытыкуеш усіх і кожнага, але ніхто не адважваецца крытыкаваць цябе…» Сакратар адразу адводзіць абвінавачванне як быццам дужа пераканальна: «Чапуха. Ты і то вось адважыўся…» Сапраўды, Валатовіч, як і Лемяшэвіч, адважыўся, але ім абодвум Бародка помсціць за крытыку.</p><p>Арцём Захаравіч мог сказаць, адкрываючы нараду: «Давайце, таварышы, параімся». Але ён усё роўна рабіў так, як вырашыў сам. Яго дэмакратыя паказная. Ён так звыкся са становішчам гаспадара раёна, з непадзельнай сваёй уладай, што ўжо не можа перабудавацца і стаць іншым, хоць час патрабуе рашучай унутранай перабудовы. Сакратар абкома Малашанка, добры знаёмы і сябар Бародкі, здолеў адчуць неабходнасць змен і прыняць іх унутрана, за што Арцём Захаравіч абразліва называе яго ў думках кар’ерыстам. Праўда, і сам Бародка нібыта хоча перабудавацца. Раздражнёны праз меру крытыкай Валатовіча, які адкрыта выказаў свае думкі пра існуючы ў раёне стыль кіраўніцтва, ён цешыць сябе: «Вырашыў сыграць на перабудове? Перабудуемся без цябе!» Але зрабіць гэтага не здолеў, бо ўжо даўно зусім не народныя справы турбуюць яго, а ўласны прэстыж. Яму стала няважна, якімі сродкамі падтрымліваецца гэты прэстыж. Ён грозіць сваім крытыкамі «Ды я захачу — след ваш прастыне ў маім раёне!»</p><p>Здаралася і раней, што знаходзіўся чалавек, які крытыкаваў сакратара райкома. «Не з адным камуністам ён вытрымаў зацятую барацьбу, але заўсёды перамагаў». Арцём Захаравіч спадзяецца перамагчы і цяпер, дзейнічае выпрабаванымі ўжо сродкамі. Але атрымліваецца асечка. Гэта яшчэ больш распальвае яго нецярпенне, вымушае яго зарывацца і выкрываць перад усімі сваю сутнасць.</p><p>Пісьменнік вельмі глыбока і тонка паказаў псіхалагічны стан Бародкі ў час новых непрыемнасцей, якія зваліліся на яго галаву. Арцём Захаравіч дастаткова разумны чалавек, каб не задумацца над тым, што адбываецца. Але гэта не дае патрэбнага выніку, бо, аказваецца, ён не можа ўжо быць сумленным і аб’ектыўным нават з самім сабой. Сумленне стала паслужлівым яму, ён хутка знаходзіць апраўданне сабе. «Тфу! Чорт! Ніколі ён не думаў так— «першая асоба». Гэта — выдумка Валатовіча! Але, урэшце, не абраза. Першая, дык першая! А чаму і не? Ён адзін цягне раён, ён адзін умее вырашаць пытанні, і людзі ў першую чаргу звяртаюцца да яго».</p><p>Асабліва глыбока выкрываецца Бародка як чалавек, схільны штохвілінна ісці на кампраміс з уласным сумленнем, у эпізодзе, калі ён адпраўляе старшыню райвыканкома Валатовіча на пастаянную працу ў калгас. Ён маніць, кажучы, што ў абкоме назвалі прозвішча Валатовіча персанальна і раілі паслаць менавіта яго на ўмацаванне кіраўніцтва калгаса. Проста Бародка хоча пазбавіцца ад няўгоднага чалавека, помсціць яму за крытыку і злараднічае пры гэтым: «Ага, успацеў? Агітаваць другіх лягчэй. Крытыкаваць таксама… А ты сам… сам прыклад пакажы!» I ён вельмі здзіўлены, калі чуе згоду Валатовіча. Яму на хвіліну становіцца сорамна за сваю няшчырасць: «Сорам! Было сорамна і цяжка яшчэ ад таго, што, ён адчуваў,— сам не быў гатовы на падобны подзвіг. А некалі ж і ён ездзіў на Урал па мабілізацыі райкома. А ў 1941? Без усялякіх сумненняў пайшоў у лес, у партызаны. Што ж здарылася?» Але папрокі ўласнаму сумленню ў яго кароткачасовыя. Ён сам жа ўмее і разважыць сябе: «Што здарылася? А нічога. Проста ён адчувае, што на месцы сакратара прынясе больш карысці партыі, народу». Гэтак хутка Бародка пагадзіўся са сваім сумленнем, якога, па сутнаці, ужо і няма ў яго.</p><p>Да справаздачна-перавыбарнай партыйнай канферэнцыі раёна Бародка рыхтуецца, як звычайна. Ён ведае, як пабудаваць даклад, каб яго слухалі. I ўменне гаварыць у яго ёсць. Бародка любіў адрывацца ад напісанага даклада і выступаць востра, цікава. Перад чарговай канферэнцыяй ён таксама збіраецца выкарыстаць свае аратарскія здольнасці на ўсю моц. I выкарыстоўвае. Пры гэтым нібы правярае сябе самога, выпрабоўвае, ці засталася здольнасць захапіць людзей і павесці за сабой. У час даклада зала не адзін раз па-ранейшаму рэагуе на вострую крытыку. Бародка не страціў яшчэ здольнасці захапляць людзей. Але ён ужо не можа весці іх за сабой, бо разам з праўдай у яго дакладзе ёсць і няпраўда, скрытнае жаданне зрабіць непрыемнасць тым, каго ён не любіць, хто крытыкаваў яго. Абком не рэкамендуе Бародку выбраць зноў і не прапануе зняць. Усё павінны вырашыць дэлегаты канферэнцыі. За Бародку было пададзена шэсцьдзесят чатыры галасы (значыць, многія яшчэ не разумеюць, якую шкоду прыносіць Бародка) і супраць — семдзесят восем.</p><p>У адпаведнасці з жыццёвай праўдай I. Шамякін не прыспешвае знікненне «бародкаўшчыны». Само жыццё яшчэ ўважліва, без асаблівай пагарды да Бародкі, узважвае на шалях часу і дадатныя яго якасці, і адмоўныя. Бародка мог бы яшчэ і пратрымацца. Але час ужо адлічвае яму апошнія хвіліны. У прамым і ў пераносным сэнсе Бародка зыходзіць са сцэны. Пачуўшы вынікі галасавання, ён, «неяк па-старэчаму ссутуліўшыся, пайшоў за сцэну.</p><p>Малашанка паклікаў:</p><p>- Арцём Захаравіч!</p><p>Бародка не аглянуўся».</p><p>Адбыўся крах Бародкі не толькі як кіраўніка, але і як чалавека. Новы час зрабіў людзей унутрана больш відушчымі. Калі раней настаўніца Прыходчанка захаплялася Арцемам Захаравічам, бачыла ў ім мужнага, прыгожага ўсім сваім абліччам чалавека, то цяпер яна адкрывае яго сапраўдны твар. Яны развітваюцца назаўсёды.</p><p>Час Бародкі выйшаў, ён не вернецца, але засталася «бародкаўшчына». Яна не адзін раз будзе «азірацца» і «вяртацца». У вобразе Бародкі пісьменнік паказаў адмоўную грамадскую з’яву, якая мае глыбокія карэнні ў псіхалогіі пэўнага тыпу людзей. Асуджэнне «бародкаўшчыны» не страціла надзённага значэння і сёння. У ранейшым выглядзе ўявіць Бародку ў наш час цяжка. Але не варта забывацца, што «бародкаўшчына» валодае велізарнымі здольнасцямі прыстасоўвацца да новых умоў. Уласна кажучы, здатнасць схаваць свой сапраўдны твар была, бадай, галоўнай рысай характеру Бародкі.</p><p>У чым жа заключаецца грамадская шкода дзейнасці Бародкі? На першы погляд яго віна перад народам можа здацца невялікай. Сапраўды, хіба гэта злачынства паслаць добрага работніка Валатовіча ў калгас, ад чаго калгас толькі выйграў? Або хіба нашмат пагоршыліся б справы ў раёне, калі б Лемяшэвіч пераехаў у іншую школу, куды хоча яго перавесці сакратар райкома? Можна не сумнявацца, ён і там працаваў бы з энтузіязмам, там таксама патрэбен добры педагог. Ці так ужо важна, урэшце, хто возьме сабе славу за поспехі, дасягнутыя ў раёне? Абы толькі былі яны, поспехі. Значыць, Бародка не такі ўжо як быццам дрэнны кіраўнік і чалавек. Але так можа здацца толькі пры фармальным падыходзе. На самай справе ўся сістэма яго адносін да жыцця бесцрынцыповая, незаконная, амаральная і шкодная для грамадства.</p><p>Усё часцей і часцей Бародка, думаючы толькі пра ўласны прэстыж, забываецца пра інтарэсы справы, выдае чорнае за белае і наадварот. Валатовіч добры работнік, але Бародка ганіць яго перад сакратаром абкома, кажа, што ў яго слабаваты старшыня, не цягне. «Старшыню райвыканкома мне мацнейшага б… Задачы — вунь якія!.. Не зжыліся, кажаш? Не, наадварот,— рагатнуў Бародка.—Сямейнасць развялі, душа ў душу… Ён чытае кніжкі і няньчыць унукаў, а я працую. Ды не, і не думаў скардзіцца… Выцягну, безумоўна! У мяне плечы шырокія. Не, акрамя жартаў, падумайце там, калі ласка…» А старшыню калгаса Дубадзела, які за свае ўчынкі варты таго, каб сёсці у турму, сакратар райкома ўсяляк абараняе і падтрымліваё, прыкрываючыся карысцю справы.</p><p>Такім чынам, Бародка стаў не толькі тормазам на шляху далейшага паляпшэння народцага жыцця, але ваяўнічым кансерватарам. Ён павінен быць адхілены ад спраў — і чым хутчэй, тым лепш.</p><p>Аднак гэтым віна такіх людзей, як Бародка, перад грамадствам не вычэрпваецца. Шкоду яны наносяць не толькі сваёй заганнай дзейнасцю, няправільным стылем кіраўніцтва. Умацаванне іх у жыцці вядзе да падрыву маральных асноў савецкага грамадства. Пад іхняе крыло збіраюцца ўсе, хто жыве несумленна, амаральна. Больш таго, амаральнасць, несумленнасць, эгаізм існуюць у жыцці дзякуючы таму, што яны патрэбны такім людзям і кіраўнікам, як Бародка, для барацьбы з сумленнасцю і прынцыповасцю, накіраванай супраць іх. Вельмі цікава адзначыць такі момант у рамане «Крыніцы»: Бародка з Арэшкіным, завучам Крыніцкай школы, амаль што не знаёмы, сустракаюцца выпадкам, не падтрымліваюць кантактаў і нават ніколі сам-насам не размаўлялі, але яны вельмі патрэбны адзін аднаму. Бародка гэтак жа не можа абысціся без Арэшкіна, як Арэшкін — без Бародкі. Паміж імі змовы няма, але гэта яшчэ страшней. Яны пазнаюць і знаходзяць адзін аднаго па духу.</p><p>Арэшкін — закончаны тып эгаіста, які хавае свой сапраўдны твар пад маскай прыстойнасці і ветлівасці. Тая атмасфера ўзаемнага даверу і патрабавальнасці, якую імкнецца стварыць Лемяшэвіч у настаўніцкім калектыве, Арэшкіну не па душы, 6о ён баіцца, што з усёй відочнасцю адкрыецца яго амаральная сутнасць. Па гэтай прычыне Лемяшэвіч яго вораг. Але выступіць супраць новага дырэктара школы адкрыта азначала б адразу выкрыць самога сябе. Таму Арэшкін дзейнічае патаемна, скрытна. Урэшце, ён гатовы дзейнічаць і адкрыта, калі б знайшліся людзі, якія былі б з ім заадно. Але такіх ён не знаходзіць, хоць і стараецца. Нават настаўніца Прыходчанка, у якой з Лемяшэвічам спачатку няма добрага ладу, адмаўляецца пайсці ў саюзнікі да Арэшкіна. Арэшкін угаворвае Марыну Астапаўну: «Зразумейце, калі мы будзем так дзейнічаць, ён нас усіх сагне ў рог і не аднаго гэтага старога перацягне на свой бок… А хто ён такі?» Але чуе ў адхаз: «Пайшлі вы к чорту, Арэшка!»</p><p>Магчыма, Арэшкін аціх бы, вёў бы сябе пасіўна, не пачынаў бы барацьбы з Лемяшэвічам, калі б не ведаў, што ёсць сіла, якая стаіць за ім. I гэта сіла — Бародка. Вось сакратар райкома заязджае ў школу. «Але Лемяшэвіч заўважыў, што да яго асабіста сакратар звяртаецца суха — афіцыйна і непрыязна, нібы жадаючы даць зразумець калектыву, што новы дырэктар не карыстаецца павагай райкома. I першы, хто гэта зразўмёў,— Арэшкін, ён ажно заззяў увесь».</p><p>Не хто іншы, як, відаць, ён, Арэшкін, і пастаўляе Бародку паклёпніцкія матэрыялы на Лемяшэвіча, знешне падобныя на праўду. Хутчэй за ўсё ён дачыніўся таксама да паклёпніцкага фельетона, які быў надрукаваны ў газеце.</p><p>Шмат што змянілася ў арганізацыйнай працы і ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі з правалам Бародкі і прыходам да кіраўніцтва раёнам новага першага сакратара райкома партыі Жураўскага. Людзі больш сталі цаніцца па сваіх сапраўдных вартасцях.</p><p>У рамане «Крыніцы» паглыбілася пісьменніцкае ўменне эпічнай апавядальнасці. У параўнанні з раманам «У добры час», тут менш імкнення знешне ахапіць усю панараму калгаснага жыцця, менш апісальнасці, паказу дробных праяў побыту. Больш увагі звернута на тыповасць, грамадскую сутнасць падзей.</p><p>Асабліва высокага майстэрства дасягнуў I. Шамякін у праўдзівым адлюстраванні прафесійнага занятку, грамадскага жыцця чалавека. Яно грунтуецца на глыбокім веданні псіхалогіі і побыту людзей розных грамадскіх груп.</p><p>Як ніхто, бадай, іншы з беларускіх пісьменнікаў тых гадоў, I. Шамякін выявіў высокае майстэрства ў паказе сходаў, пасяджэнняў бюро, кабінетнай працы адміністрацыйных кіраўнікоў. Чамусьці крытыка любіць дэманстраваць узровень мастацкага майстэрства таго ці іншага пісьменніка толькі па лірычных апісаннях прыроды, быццам ва ўсім астатнім можна быць і не майстрам. У рамане «Крыніцы» I. Шамякін падняў на новую ступень паэтыку прафесійнай справы з яе турботамі і канфліктамі, сумненнямі, пошукамі і барацьбой. Гэта значыць, што сам літаратурны герой стаў шырэй паказвацца ў беларускай прозе як чалавек дзеяння. У выніку паглыбілася і яго псіхалагічная і грамадская характарыстыка.</p><p>Эпізод, дзе Бародка размаўляе па тэлефоне з сакратаром абкома, займае ўсяго толькі каля паўстаронкі тэксту. Прычым даецца не дыялог, а толькі словы аднаго Бародкі. Але ў іх — увесь герой з яго светапоглядам, звычкамі, псіхалогіяй, становішчам. «Пётр Андрэеевіч! Вітаю і віншую! 3 чым? А як жа! Перада мной зводка па рэспубліцы. Скончылася? Ну, усё-такі прыемна. Як там суседзі? Усціменка абагнаў? Нічога, я вырашыў яму ўступіць — няхай пацешыцца хоць раз. Сам кажаш, скончылася спаборніцтва за тэрміны. Га? Затое сеюць у мяне —дай бог. Ужо дваццаць працэнтаў плана… У сухую зямлю? Нічога. У мяне ногі ныюць — будзе дождж…»</p><p>У гэтых словах, у самой манеры размаўляць з нахальствам — упэўненасць у сваіх магчымасцях, нават самалюбаванне, усведамленне ўласнай выключнасці, даўняя звычка да кіруючай пасады.</p><p>Цікава, напружана і праўдзіва паказаны ў рамане ход справаздачна-перавыбарнай раённай партканферэнцыі з псіхалагічна-эмацыянальнымі пульсацыямі залы, якая жыва рэагуе на даклад Бародкі і на выступленні, з бурнымі страсцямі многіх герояў.</p><p>Трэба вельмі добра ведаць жыццё таго асяроддзя, якое паказана ў рамане, і валодаць высокім майстэрствам, каб так жыва і пераканальна паказаць аратарскую манеру Бародкі. Калі ў рамане сказана, што ў зале смяюцца, то тут няма аўтарскага падману, бо якраз у гэты момант хочацца смяяцца і чытачу. Вось Бародка крытыкуе ў дакладзе і высмейвае загадчыка райфа Пыльскага, які, баючыся, каб яго не паслалі старшынёй у калгас, дагаджаў дактарам, выпрошваючы даведкі аб розных хваробах. I раптам дакладчык кажа: «А наогул дарэмна камуніст Пыльскі траціўся. Райком і не думаў пасылаць яго ў калгас…»</p><p>Зала калыхнулася ад смеху».</p><p>Партканферэнцыя - гэта кульмінацыйны момант у сюжэтным развіцці рамана. Тут сходзяцца і вырашаюцца важнейшыя драматычныя лініі твора.</p><p>I. Шамякін здолеў у рамане «Крыніцы» зрабіць унутраным сюжэтам самую плынь часу, цесна звязаць з ёй лёсы сваіх герояў. Праз справу, прафесійны занятак ён паказаў душу людзей, а праз душу — ступень іх прафесійнага, працоўнага ўмення. Гэта была важная заслуга перад беларускай літаратурай.</p><p>Раман «Крыніцы» смела і адкрыта ўмешваўся ў ход грамадскага жыцця, падтрымліваў перадавое, асуджаў устарэлае, натхняў на барацьбу за новыя дасягненні савецкага народа.</p><p>Адразу пасля апублікавання раман «Крыніцы», як і многія цапярэднія творы I. Шамякіна, апынуўся ў цэнтры ўвагі літаратурнай крытыкі. Вакол яго завязваюцца дыскусіі, вядуцца спрэчкі, ён паслужыў нагодай абмеркавання на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» мастацкага і аналітычнага ўзроўню тагачаснай беларускай прозы. А. Адамовіч ў артыкуле «Крыніцы б’юць з глыбінь», прызнаўшы «ўменне цікава весці апавяданне», заўважыўшы «вострае пачуццё сучаснасці», зазначыўшы аўтарскую здольнасць «убачыць людзей прыгожай душой, цікава паказаць іх чытачу, ярка падаць і тыя адмоўныя з’явы, што засмечваюць чыстыя крыніцы нашага жыцця», крытыкаваў пісьменніка за тое, што ён «па-сапраўднаму не ўглыбляецца ў працэсы, што адбываюцца ў грамадстве», што ў рамане ёсць ілюстрацыйнасць. Услед за А. Адамовічам выступілі крытыкі Я. Герцовіч, Д. Палітыка, А. Кучар, У. Жыжэнка. Абмеркаванне рамана «Крыніцы» яшчэ больш ажывіла крытычную думку ў рэспубліцы.</p><p>I ўсё ж, думаецца, крытыка часта падыходзіла да ацэнкі рамана «Крыніцы» і іншых твораў таго часу яшчэ з залішне абстрактных пазіцый. Недастаткова ўлічваліся пры гэтым аб’ектыўныя магчымасці тагачаснай беларускай прозы ў ідэйна-мастацкім аналізе сучасных з’яў рэчаіснасці. Не так і рэдка, зыходзячы з уяўлення пра нейкі ідэальна дасканальы твор аб сучаснасці, які не існаваў у сапраўднасці, рэцэнзенты больш пісалі пра тое, чаго няма у рамане, чым пра тое, што ў ім ёсць новага і арыгінальнага.</p><p>Не зусім справядлівы папрок і за ілюстрацыйнасць. Крытыкі нібы забываліся,— гэта было заўважана ў свой час Я. Казекам,- што ацэньвалі яны раман пасля XX з’езда партыі, калі ў грамадскім жыцці прасвятліліся шмат якія праблемы, пастаўленыя ў творы, а раман жа быў задуманы і пісаўся пераважна да XX з’езда. Для таго часу нават пастаноўка важнай грамадскай праблемы мела немалое значэнне і была бясспрэчнай заслугай пісьменніка.</p><p>На больш дакладных прынцыпах гістарызму ў ацэнцы рамана «Крыніцы» стаялі тыя крытыкі і пісьменнікі, якія бачылі ў творы імкненне да пераадолення ілюстрацыйнасці і дэкларацыйнасці ў паказе жыцця сельскай інтэлігенцыі, заўважалі грамадзянскую смеласць у пастаноўцы вострых канфліктаў рэчаіснасці (А. Адамовіч, Д. Палітыка, А. Марціновіч).</p><p>Раман «Крыніцы» займае важнае месца ў творчасці І. Шамякіна. Ён адкрывае ў ёй новы этап. У літаратуру прыходзіў чалавек, які ўсведамляў свой грамадзянскі абавязак барацьбы з антыгуманістычнымі прынцыпамі жыцця. Змест рамана «Крыніцы» надзённы і сёння.</p><empty-line/><p><strong>VIII. ПРА СВАЁ ГЕРАІЧНАЕ ПАКАЛЕННЕ</strong></p><empty-line/><p>Грамадскія змены сярэдзіны 50-х гадоў актывізавалі літаратурнае жыццё, ажывілі яго ўнутрана-эстэтычныя працэсы. Паступова пераадольваецца параднасць і дэкларацыйнасць у падыходзе да жыцця, знікае з твораў абстрактнасць ідэалу. Літаратура больш рашуча паварочваецца тварам да жывой рэчаіснасці, узрастае давер да канкрэтнага факта, да асабіста перажытага.</p><p>Ўзмацненне праўдзівасці ў паказе жыцця на аснове глыбейшай увагі да асабіста перажытага асабліва заўважаецца ў прозе на тэму Вялікай Айчыннай вайны.</p><p>I. Шамякін адзін з першых у савецкай прозе адчуў, што яго ўласны шлях салдата — гэта таксама хоць і маленькая, але тыповая часцінка шляху, пройдзенага ўсім яго пакаленнем.</p><p>Пабудова мастацкага твора на асабістым вопыце шмат што змяняла ў самой паэтыцы празаічнага жанру. Паступова знікала з сюжэта літаратуршчына, узрастала эстэтычная вага жыццёвага матэрыялу. I агульнае развіццё дзеяння, і логіка асобных эпізодаў набывалі адпаведнасць ходу падзей, якія сапраўды адбыліся ў жыцці. Адсюль і стыль прозы станавіўся больш строгім. Знікалі стылявыя ўпрыгожанні, сюжэтныя эфекты. Вядома, гэта не значыць, што жыццёвы выпадах ці біяграфія пісьменніка пераносіліся ў мастацкі твор без мастацкага асэнсавання. Якраз смелае збліжэнне літаратуры з жывымі падзеямі рэчаіснасці сведчыла пра ўзросшую яе мастацкую культуру.</p><empty-line/><p><strong>1. «НЕПАЎТОРНАЯ ВЯСНА»</strong></p><p>Калі з’явілася ў друку аповесць І. Шамякіна «Непаўторная вясна» (1957) пра шчаслівую юнацкую пару жыцця, пра першае каханне, мала што падказвала ў яе змесце, што твор перарасце ў шырокае мастацкае палатно «Трывожнае шчасце» (1965) пра пакаленне, якому выпала на долю прайсці цяжкія выпрабаванні вайны.</p><p>У аповесці апісаны першыя самастойныя крокі ў жыцці Пятра Шапятовіча і Сашы Траянавай. Героі яшчэ зусім маладыя, амаль дзеці. У іх эмацыянальным і псіхалагічным жыцці шмат мілай непасрэднасці, юнацкага маральнага максімалізму, пастаяннай душэўнай узнёсласці, што так упрыгожвае раннюю пару жыцця чалавека. Тым больш, што Пеця і Саша закаханыя.</p><p>Саша нядаўна закончыла медыцынскае вучылішча і працуе фельчарам у вёсцы, а Пеця, студэнт тэхнікума, збіраецца да яе ў госці. Абое вельмі чакаюць сустрэчы, але юначая сарамлівасць, адсутнасць жыццёвага вопыту прыводзяць да непаразуменняў і складанасцей у іх узаемаадносінах. I гэта натуральна, жыццёва, інакш і не можа быць.</p><p>Не лёгка было Пецю выправіцца ў такую дарогу, бо юнаку сапраўды трэба набрацца немалой смеласці, каб адкрыта, на людскіх вачах прыехаць да дзяўчыны, якую ён кахае. Але трохмесячная разлука, сум па каханай зрабілі сваю справу — і вось Пеця ў дарозе.</p><p>Шапятовіч — тыповы юнак перадваенных гадоў: рамантычны і сарамлівы па натуры, мройны, поўны надзей і захапленняў. Знешняя характарыстыка Пеці з’яўляецца і яго ўнутраным партрэтам: «Правёўшы позіркам машыну, ён зноў з прыемнасцю разлёгся на прыдарожнай лаўцы ў цяні сосен, паклаўшы галаву на свой пацёрты цыратавы партфелік, напакаваны марамі, надзеямі і рознымі думкамі гэтак жа поўна, як і галава студэнта. Але ў партфелі яны ляжалі ў выглядзе дзённікаў, у якіх добрая палавіна розных здарэнняў і падзей была выдумана, і вершаў — простых, наіўных, але шчырых, бо ўсе яны прысвячаліся ёй».</p><p>Пісьменнік глядзіць на свайго героя нібы збоку, і ў аўтарскім позірку ёсць трохі іроніі. Некаторыя ўчынкі Пеці падаюцца з мілым гумарам. Адчуваецца, што такая пазіцыя аўтара — стаць трохі воддаль ад героя — якраз і выклікана тым, каб удосталь налюбавацца ім, бо яго свет, учынкі, паводзіны, думкі і мары - гэта мададосць аўтара. А сваю маладосць нельга не любіць. Пісьменнік пацяшаецца з побытавых турбот свайго героя. Вось Пеця, пешкі выправіўшыся да каханай, вымушаны скінуць і загарнуць у газету свае парусінавыя чаравікі, бо яны — «самая ненадзейная частка яго ўбрання». У канцы дарогі мыецца ў лужыне, каб мець належны выгляд перад каханай: «У поўнай форме — зашпілены на ўсе гузікі, абуты — набліжаўся ён да вёскі, ахутанай залатым пылам: заходзіла сонца, вяртаўся з поля статак. Боязь і радасць, трывога і лепшая надзея, няўпэўненасць і юнацкая задзірыстая рашучасць перамяшаліся ў дзіўнае і вельмі салодкае пачуццё».</p><p>Саша чакае яго прыезду, але таксама саромеецца перад людзьмі, перад гаспадыняй, у якой кватаруе, што да яе прыехаў хлопец. Яна кажа Пецю:</p><p>«- І наогул — ведаеш што?.. Ты будзеш маім братам…</p><p>— Братам?</p><p>- Але, я скажу, што ты мой брат.</p><p>— Навошта?»</p><p>Але такі падманны манеўр не зусім удаецца. Гаспадыня здагадалася, хто ў сапраўднасці для Сашы Пеця, і пачала адносіцца да яго непрыхільна.</p><p>Аднойчы ў Пеці ўзнікла пачуццё рэўнасці, бо Саша часта не бывае дома, яе клічуць до хворых нават ноччу. Усё ўскладняецца яшчэ тым, што ў Сашу закахаўся мясцовы настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч. Паміж Пецем і Сашай узнікае спрэчка.</p><p>Праўдзіва паказаны настрой закаханага Пеці пасля спрэчкі — раптоўны пераход ад роспачы да надзеі і наадварот. Па дарозе ад Сашы да бацькоў, якіх намерыўся адведаць, Пеця сустракае знаёмую дзяўчыну Любу, якая таксама працуе доктаркай у вёсцы, і начуе ў яе на кватэры. Сустрэча з Любай, дзяўчынай недалёкай, заклапочанай, каб хутчэй выехаць з вёскі, бо ёй там сумна, і дзеля гэтага гатовай пайсці замуж абы за каго,— сур’ёзнае выпрабаванне моцы і чысціні пачуцця кахання да Сашы. I гэта пачуццё перамагае.</p><p>Пеця вучыцца распазнаваць шчырасць чалавечых узаемаадносін, натуральнасць сапраўднага пачуцця. Яму спачатку падабаецца ўважлівасць Любы, яе ласкавасць. Яна ніяк яго не называе, як толькі «Пецечка». Хочучы адпомсціць Сашы, ён прымае заляцанні Любы. «А што, бачыла? Думала, калі табе не падабаюся, то ніводная дзяўчына не гляне на мяне?.. Не, памылілася!» Але ў час спахопліваёцца, крытыкуе сябе («Які я гадкі!..»). Ён пачынае разумець, што Люба не той чалавек, які можа быць яму блізкі. I ён уцякае ад яе.</p><p>З’яўляюцца ўскладненні і ў Сашыным жыцці. Гаспадыня, а пасля і маці настаўніка Лялькевіча ўгаворваюць Сашу выйсці за яго замуж. Гэта вымушае яе больш сур’ёзна задумацца над сваім жыццём, над узае-юмаадносінамі з Пецем. Але нарэшце іх непаразуменні ўладжваюцца і яны жэняцца. Хутка Пецю прызываюць у армію, героі разлучаюцца. Іх разлука аказалася доўгай і цяжкай, бо пачалася вайна.</p><p>Можа здацца не зусім заканамерным і апраўданым, што ў аповесці, якая пачынае цыкл твораў пра лёс цэлага пакалення, жыццё герояў паказваецца толькі ў інтымным плане. Але гэтага, аказваецца, зусім дастаткова, каб уявіць цэльнае і закончанае ўнутранае аблічча герояў. Паводзіны Пеці і Сашы ў каханні даволі поўна характарызуюць іх духоўны свет, які вызначае і кірунак грамадскіх дзеянняў чалавека. Героі аповесці «Непаўторная вясна» шчырыя ў сваіх пачуццях, сумленныя, працавітыя, гатовыя заўсёды памагчы людзям і няздатныя на кампраміс з амаральнымі з’явамі жыцця. Ім не ўласціва пагоня за эгаістычнай ці матэрыяльнай выгадай. Яны ідуць за непасрэднымі пачуццямі і нічога не абдумваюць з разлікам. Цвярозы жыццёвы сэнс супраць таго, каб жаніцца перад самым адыходам у армію, тым больш у трывожны час. Бацька сказаў Пецю, што толькі дурні жэняцца перад прызывам у армію. Як жа «апраўдваецца» Пеця перад гэтым голасам цвярозага сэнсу? Ён найвышэй цэніць шчырасць і давер: «…Інакш і быць не магло ў нас… Праўда, Сашок?»</p><p>Вядома, ім будзе цяжка ў разлуцы, але для іх важней за ўсё пэўнасць, што яны канчаткова належаць адно другому.</p><p>«Поспех «Непаўторнай вясны»,— справядліва пісаў крытык Д. Бугаёў,— у першую чаргу з тым і звязаны, што пісьменнік у гэтым творы здолеў перадаць праўду чалавечага сэрца, праўду людскіх перажыванняў. Аповесць найбольш хвалюе лірызмам, паэзіяй чыстага юнацтва, непаўторнай прыгажосцю першага кахання. Яно паказана з такой глыбінёй, пранікнёнасцю і пераканальнасцю, што дае магчымасць перадаць хараство душы маладых герояў на парозе іх сталасці, раскрыць іх ідэалы, мары і тыя ўнутраныя сілы, якія дазволілі гэтым звычайным, радавым савецкім людзям вытрымаць самыя суровыя выпрабаванні ваеннага часу».</p><p>Ва ўступе да часопіснай публікацыі аповесці «Непаўторная вясна» I. Шамякін пісаў пра сваё пакаленне: «Мы рана пасталелі. На нашу долю выпала занадта многа выпрабаванняў і цяжкага роздуму». Але ўсё гэта было пазней. У «Непаўторнай вясне» героі яшчэ мала раздумваюць над жыццём. Таму ў аповесці часта на першы план выступае асоба самога пісьменніка, які не толькі каменціруе ўчынкі і думкі сваіх герояў, але і нагадвае, што жыццё нашмат больш складанае і цяжкае, чым гэта выдаецца бесклапотнаму юнацтву.</p><p>Хутка героям давядзецца зведаць, як шмат значаць у жыцці чалавека іншыя людзі, іх разуменне, спагада і падтрымка.</p><empty-line/><p><strong>2. «НАЧНЫЯ ЗАРНІЦЫ»</strong></p><p>Другая аповесць — «Начныя зарніцы» (1958) — пра лёс Сашы ў вайну, пра падпольную і партызанскую барацьбу на Беларусі. Пры стварэнні гэтай часткі «Трывожнага шчасця» ў пісьменніка павінны былі ўзнікнуць пэўныя цяжкасці, бо яна тэматычна і праблемна змыкалася з раманам «Глыбокая пльшь». Больш таго, прататыпам і Сашы Траянавай з «Трывожнага шчасця», і Таццяны Маеўскай 3 «Глыбокай плыні» была адна і тая ж асоба — жонка пісьменніка Марыя Філатаўна. I. Шамякін вымушаны быў звяртацца да тых жа людскіх характараў і тых жа падзей, якія былі ўжо адлюстраваны ў «Глыбокай плыні». Поспех чакаў пісьменніка толькі пры той умове, што ён знойдзе іншы ракурс адлюстравання жыцця і барацьбы народа на акупіраванай тэрыторыі і выявіць у творы дастаткова багаты запас новых вобразаў, уяўленняў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Была пагроза, што той жа ўзровень разумення жыцця, што быў уласцівы пісьменніку ў час напісання «Глыбокай плыні», захопіць яго ў палон і аповесць «Начныя зарніцы» стане ўсяго толькі другім варыянтам «Глыбокай плыні».</p><p>Трэба аддаць належнае пісьменніку — у шмат якіх важных момантах зместу аповесці ён пазбегнуў гэтай небяспекі і паказаў жыццё і барацьбу сваіх герояў больш праўдзіва, чым у «Глыбокай плыні». Паміж раманам «Глыбокая плынь» і аповесцю «Начныя зарніцы» пралёг час, які вельмі многа даў літаратуры ў паглыбленні яе агульнага падыходу да жыцця, што не магло не паўплываць на канцэпцыю адлюстравання ваенных падзей.</p><p>Праўдзіва, з глыбейшым псіхалагічным пранікненнем у прычыны паводзін людзей паказаны пачатак вайны — з людскім недаўменнем, страхам, з вялікай надзеяй выстаяць і пасля вайны сустрэцца з блізкімі. Частцы людзей, аднак, быў уласцівы беспадстаўна бадзёры настрой</p><p>«— Нічога, Аляксандра Фёдараўна,— бадзёра суцешыў яе настаўнік.— Хутка вы будзеце сустракаць нас з перамогай! Пры магутнасці нашай Чырвонай Арміі, я ж служыў, ведаю… ды мы гэтага Гітлера… Кажуць, што нашы пад Варшавай ужо».</p><p>Магчыма, таму, што Пеця ў арміі, Саша больш цвяроза ацэньвае падзеі:</p><p>«— Ведаеце, Ўладзімір Іванавіч, робіцца непрыемна, калі гавораць такія гучныя словы… Навошта? Вайна— не гульня. Вайна — смерць і гора».</p><p>Хутчэй за ўсё, што і ў Лялькевіча гэта бадзёрасць знешняя толькі, засвоеная, як урок, бо «ён не запярэчыў, толькі як быццам збянтэжыўся і спытаў пра іншае». Праз некалькі дзён ужо Лялькевіч адкрывае Сашы праўду аб тым, што адбываецца на фронце, і яна палохаецца гэтай праўды.</p><p>Лялькевіч абяцае дапамагчы Сашы эвакуіравацца, але яна вырашае дабрацца з малым дзіцем да свайго бацькі, які жыве за Дняпром і Сожам, спадзеючыся, што за гэтыя рэкі немцаў не пусцяць. I вось яна, як і Таццяна Маеўская з рамана «Глыбокая плынь», у бацькавым доме. Праз некалькі дзён і гэта мясцовасць была занята акупантамі.</p><p>Жыць дома цяжка. Бацька ў арміі, мачаха, забраўшы лепшы набытак, перабралася да роднай дачкі. Вярнулася з горада і старэйшая сястра, Поля. Каб пражыць, сёстры ходзяць на заработкі, капаюць бульбу за пяты кош. Знаходзяцца ў роднай вёсцы і такія людзі, якія злараднічаюць, не супраць пакрыўдзіць іх: «Нічога, яны пры Саветах пажылі, вунь усе вывучыліся, як пані хадзілі». Даводзіцца вучыцца ткаць кросны. «Даволі часта Саша працавала не за хлеб і не за соль (соль была даражэй за ўсё), а за дзвесце грамаў газы ці за карабок запалак. Ёй так цяжка было ўставаць па некалькі разоў на начы да дзіцяці без святла; не будзеш жа раздзьмухваць вугалькі і паліць лучыну…» Сілы вытрымаць давалі ёй клопаты пра дачку і ўспаміны пра кароткае шчаслівае жыццё з Пецем. У час акупацыі не зразумелымі становяцца паводзіны людзей: іх стрыечны брат Кузьма, із вельмі працавітай і сумленнай сям’і, пайшоў служыць у паліцыю. Побыт вёскі, настрой людзей у першыя дні акупацыі паказаны праўдзіва і пераканальна.</p><p>Праз меншага брата Даніка Саша далучаецца да падпольнай барацьбы мясцовых камсамольцаў. Хутка яна атрымлівае заданне ад падпольшчыкаў, якое патрабуе ад яе не толькі мужнасці, але і вялікіх душэўных сіл. Знешне заданне выглядае не цяжкім — прыняць у хату і выдаць перад людзьмі за мужа раненага партызанскага камісара. Але для Сашы гэта складанае маральнае выпрабаванне, бо партызанскім камісарам з’яўляецца… Уладзімір Лялькевіч. які даўно закаханы ў Сашу. Псіхалагічна праўдзіва, эмацыянальна вельмі пераканальна паказаны душэўныя хістанні і перажыванні Сашы. Яна кахае мужа, трывожыцца за яго лёс, але абавязак партызанкі і проста чалавечы патрабуе ад яе ратаваць Лялькевіча. Прытварацца ёй нялёгка, бо бываюць сітуацыі, калі яна павінна дэманстраваць блізкія адносіны да Лялькевіча, каб людзі не здагадаліся, хто ў сапраўднасці Лялькевіч. Ёй даводзіцца цалавацца з ім на вясковым балі з нагоды шчаслівага звароту «мужа» да дому. Не можа яна, як раней, і паплакаць з іншымі салдаткамі, адвесці душу ў размовах пра мужа, бо яе ж «муж» вярнуўся. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і што Лялькевіч па-сапраўднаму кахае Сашу.</p><p>Узаемаадносіны Сашы з Лялькевічам — найбольш праўдзівая і псіхалагічна найглыбей распрацаваная сюжэтная лінія аповесці «Начныя зарніцы». Цяжкасць вайны была і ў гэтым — у маральных выпрабавання людзей: захаваць вернасць блізкім, не пайсці за абставінамі і выстаяць насуперак ім.</p><p>Перамога над ворагам кавалася, вядома, перш за ўсё ў баявых справах. Але яна набліжалася і такімі ўчынкамі, як учынак Сашы, калі яна выдала партызанскага камісара за свайго мужа і вылечыла яго.</p><p>Узаемаадносіны Сашы з Лялькевічам паказаны натуральна і пераканаўча, аднак у некаторых іншых эпізодах аповесці «Начныя зарніцы» Саша выглядае не зусім той, якой была ў аповесці «Непаўторная вясна». Яна часам жорсткая ў сваіх думках і ўчынках, што было не ўласціва ёй раней. Легкадумнай, просталінейнай і неглыбокай душэўна выглядае Саша, напрыклад, у эпізодах вызвалення з калодзежа партызана, у размове са сваёй цёткай - маці паліцэйскага Кузьмы.</p><p>Наогул, падпольныя справы герояў аповесці «Начныя зарніцы» паказваюцца ў некаторых мясцінах як дзейнасць, амаль што адкрытая перад людзьмі, а часам выглядаюць нейкімі несур’ёзнымі, залішне дробязнымі. Праўда, падпольшчыкі ў аповесці — юнакі, амаль яшчэ дзеці, і некаторая наіўнасць у іхняй падпольнай дзейнасці, нават самадзейнасць, непазбежныя, але ж і сам Лялькевіч у кіраўніцтве партызанскімі справамі паказаны залішне вузка. Відаць, пісьменнік і не меў намеру паказваць у аповесці «Начныя зарніцы» шырокую панараму партызанскай барацьбы. Галоўнае ў гэтым творы — лёс Сашы ў гады акупацыі, наогул лёс жанчыны ў час вайны.</p><p>Н. Пашкевіч, параўноўваючы аповесць «Начныя зарніцы» з раманам «Глыбокая плынь», заўважае: «…Мы, па-першае, адразу адчуваем зусім іншую, больш высокую ноту драматызму, па-друтое, улоўліваем, як пісьменнік імкнецца цяпер ахапіць больш шырокае кола грамадскіх супярэчнасцей і, акрамя таго, не сцяшаецца вырашыць іх сюжэтна»</p><empty-line/><p><strong>3. «АГОНЬ I СНЕГ»</strong></p><p>Трэцяя аповесць «Трывожнага шчасця» — «Агонь і снег» (1959) — прысвечана баявым справам Пятра Шапятовіча. Як справядліва адзначала крытыка, «Агонь і снег» — самы глыбокі і праўдзівы твор I. Шамякіна пра вайну. У цыкле аповесцей «Трывожнае шчасце» ён займае цэнтральнае месца.</p><p>Аповесць у вышэйшай меры аўтабіяграфічная, у ёй апісаны рэальныя падзеі з жыцця самога пісьменніка, які служыў у час вайны на поўначы ў зенітнай артылерыі, абараняючы ад налётаў нямецкай авіяцыі горад Мурманск.</p><p>Аповесць «Агонь і снег» з’явілася на хвалі агульнага ўздыму беларускай і ўсёй савецкай прозы, дасягнутага ў выніку паглыблення аналітычнай мастацкай думкі. Відаць, што атмасфера пільнай цікавасці да рэальнага становішча салдата на вайне спрыяла глыбокамастацкаму ажыццяўленню і задумы I. Шамякіна.</p><p>У яго творчасці яшчэ не было ніводнай мастацкай рэчы, дзе наглядаўся б такі паслядоўны давер да сапраўднага жыццёвага факта, дзе гэтак вытрымана захоўваўся б аўтабіяграфізм. Аднак ідэйна-мастацкая пазіцыя пісьменніка ў аповесці «Агонь і снег» самастойная, яна падрыхтавана ўсёй яго папярэдняй творчасцю, асабліва творамі на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Імкненне раскрыць праўду жыцця ў апісаных падзеях, заўважыць скрыты грамадскі, агульначалавечы сэнс - пастаянная рыса творчасці I. Шамякіна, і ў аповесці «Агонь і снег» яна выявілася з асаблівай сілай.</p><p>Ацовесць напісана ў форме дзённіка галоўнага героя Пятра ШапяТовіча. Выкарыстанне «дзённікавай» формы — новы прыём у творчасці I. Шамякіна. Ён сам сабой абяцаў адмову ад самага нязначнага прыгодніцтва, ад падкрэсленай, адкрытай літаратурнай апрацоўкі жыццёвага матэрыялу. Сапраўды, уся аповесць вытрымана ў строгім дакументальным стылі і стварае ўражанне выключнай аб’ектыўнасці мастацкага малюнка.</p><p>24 чэрвеня 1941 года… Трэція суткі ідзе вайна. Курсанты вучэбнай батарэі, дзе служыць Пятро Шапятовіч, упершыню трапілі пад бомбы ворага. Стралялі па варожых самалётах непрыцэльна ад разгубленасці і недастатковага ўмення. 3 пачаткам вайны змяняецца не толькі светаадчуванне курсантаў, іншым становіцца погляд на ворага. I. Шамякін заўважае вельмі праўдзівую перадваенную рысу ў адносінах маладых савецкіх байцоў да немцаў у Еўропе: «Мы нават крыху захапляліся іх аперацыямі. Я асабіста, ды, напэўна, і мае сябры таксама не адчувалі асаблівай нянавісці. Больш было слоў, гучных фраз, чым пачуццяў». Напад ворага выхоўвае пачуццё нянавісці, а яно выклікае надзвычайную засяроджанасць на выкананні вайсковага абавязку.</p><p>Непрыхарошаны паказ пачатку вайны і першых паядынкаў з варожымі самадётамі быў важнай заслугай пісьменніка, бо часта ў празаічных творах тых гадоў якраз замоўчвалася суровая, трагічная праўда пра першапачатковы перыяд вайны, што перашкаджала рэалістычнаму погляду на ход усіх ваенных падзей, а калі-нікалі не дазваляла паказаць ва ўсёй велічы нябачаны гераізм савецкіх салдат у першыя дні вайны.</p><p>Асабліва ўражліва, псіхалагічна дакладна апісаны першы бой батарэі з нямецкімі самалётамі. Бой непаспяховы. Батарэя страляла па самалёце-разведчыку. I калі артылерыстам ужо здалося, што вораг валіцца на зямлю, нямецкі самалёт спакойна аддаляўся, не змяніўшы нават курсу. «Ён быццам смяяўся з нас, не звяртаючы ўвагі на разрывы, што цягнуліся па яго следу».</p><p>Але расце майстэрства артылерыстаў, павышаецца узладжанасць усіх службаў, мацнее прага бою і помсты ворагу - вось на рахунку артылерыстаў першы збіты самалёт.</p><p>У Пятра Шапятовіча ёсць сябра Сеня Пясоцкі. Яны — тыповыя прадстаўнікі свайго пакалення, якому ў юнацкія гады давялося ўступіць у вайну, прыняць на сябе ўсе яе цяжкасці. Яны і ў вайну захоўваюць лепшыя душэўныя рысы, выхаваныя школай, усім савецкім ладам. Жорсткасць вайны не зрабіла іх чэрствымі, раўнадушнымі і эгаістычнымі. Выпрабаванні вайны яшчэ больш умацоўваюць адчуванне калектывізму. Цесная спайка паміж героямі ўмацоўваецца не толькі таму, што само ваеннае жыццё вымушае кожнага байца шукаць падтрымкі ў таварыша, спадзявацца на ўзаемавыручку ў баі. Такі «калектывізм» сустракаўся і ў варожай арміі. Савецкія воіны былі калектывістамі па духу, па перакананнях, па светаадчуванню.</p><p>У аповесці ёсць цікавы і дужа паказальны эпізод, калі ў самым пачатку вайны пасля першых перажытых баёў Шапятовіч і Пясоцкі ідуць да камбата Сеўчанкі і чытаюць у яго зямлянцы вершы на памяць. Чытаюць Шаўчэнку, Блока, Ясеніна, Маякоўскага. Гэта патрэбна ім не для таго, каб забыцца пра вайну пад уздзеяннем прыгожых паэтычных вобразаў... Наадварот, змест прачытаных уголас вершаў вялікіх паэтаў умацоўвае іх душэўную стойкасць, абуджае тонкае адчуванне каштоўнасці жыцця, яго духоўных глыбінь, нараджае ўнутраную ўпэўненасць у сапраўднай далучанасці кожнага да вялікіх тайнаў свету. Менавіта ў гэту хвіліну душэўнай адданасці высокай паэзіі героі глыбей спасцігаюць сэнс падзей і ўсяго жыцця, сэнс вайны. «Гэта — як дзіўны сон. Незразумелае, але і ў незразумелым ёсць цудадзейная сіла і хараство».</p><p>Не толькі Шапятовіч, Пясоцкі, палітрук і камандзір, людзі адукаваныя, адчуваюць у такі страшны час унутраную патрэбу заглыбіцца душой у тайны мастацтва. Усе салдаты цягнуцца да яго. На батарэі з вялікім поспехам прайшоў канцэрт мастацкай самадзейнасці.</p><p>Шапятовіч і Пясоцкі даверлівыя да людзей, цэняць і у людзях сапраўдныя чалавечыя якасці, а не паказныя. Яны здатныя адчуць шчырасць і сумленнасць у паводзінах таварыша. Вось чаму паміж гэтымі персанажамі і Сцяпанам Кідалам не магла не ўзнікнуць непрыязнасць і варожасць. Сцяпан Кідала належыць да таго ж самага пакалення, што і Шапятовіч з Пясоцкім, вучыўся адначасова з імі, з Шапятовічам нават у адным тэхнікуме. Але гэта зусім іншы чалавек. Ён эгаістычны ў сваіх паводзінах, самалюбны, жорсткі да іншых, прытворшчык і кар’ерыст. Гэтыя адмоўныя рысы характару небяспечныя заўсёды, а ў ваенных умовах, калі людзі штохвілінна рызыкуюць жыццём, такія, як Сцяпан Кідала, становяцца злавеснай сілай, якая перашкаджае ваяваць з ворагам.</p><p>Сцяпан Кідала — гэта ўвасабленне ўсяго паказнога і фармальнага ў паводзінах. Ён стараецца выперадзіць іншых, каб быць навідавоку, але робіць справу няшчыра, не па душэўнаму пабуджэнню, а з разлікам, каб яго заўважылі і павысілі ў званні. 3 пачаткам вайны на першым жа мітынгу Кідала гаворыць ружова-аптымістычную прамову і выказвае ўпэўненасць, што ўсе самалёты ворага, якія толькі з’явяцца тут, «будуць збіты трапным агнём нашых батарэй», але сам ён не вельмі разбіраецца ў ваеннай справе. Ён адразу ўзненавідзеў Сеню Пясоцкага за тое, што той ведае больш за яго, хоць Сеня радавы курсант, а сам Кідала займае пасаду нампаліта. Кідала нават робіць спробу абвінаваціць Пясоцкагаа ў паражэнчым настроі, зрабіць з яго фашысцкага агента толькі на той падставе, што Сеня добра ведае нямецкую мову і можа распазнаваць усе маркі нямецкіх самалётаў. А калі адразу расправіцца з Пясоцкім не ўдалося, нампаліт стаў чакаць зручнага выпадку, каб адпомсціць.</p><p>Выключэнне Пясоцкага з камсамола, арганізаванае Кідалам у самым пачатку вайны,— прыкрая з’ява, якая раскрывае некаторыя адмоўныя рысы ў псіхалогіі асобных людзей перадваеннага часу. У маладых салдат не хапае грамадскага вопыту, і таму яны вераць Кідалу. І гэта самае страшнае. Шапятовіч прызнаецца: «Я не асуджаю сваіх таварышаў. Але мне зрабілася холадна, калі я прачытаў у іх вачах знявагу, нават гнеў да Сені». А дагэтуль усе яны былі сябрамі, разам спалі і елі, разам абмяркоўвалі адны кнігі і падзеі. I ніхто з іх не выступіў у абарону Сені, акрамя самога Шапятовіча. У паводзінах маладых салдат пісьменнік бачыць не толькі няспеласць грамадскай свядомасці, а нешта яшчэ больш прыкрае. Камандзір і палітрук маюць немалы жыццёвы вопыт, але яны лічаць патрэбным абвінаваціць і пакараць Пясоцкага. Яны баяцца Кідалы, бо спалоханы ўжо душэуна. А гэта не можа не садзейнічаць шкодным, кар’ерысцкім намерам.</p><p>Кідала — кар’ерыст: хітры, ён нават не пазбаўлены адвагі. Калі блізка ад батарэі аказалася нямецкая авіябомба, якая не разарвалася, ён на вачах начальства кідаецца памагчы Сеню Пясоцкаму аднесці бомбу далей ад баявой пазіцыі. Сцяпан Кідала тут рызыкаваў жыццём, хоць і не вельмі: можна было здагадацца, што калі бомба не ўзарвалася пры падзенні, то наўрад ці яна магла ўзарвацца пры пераносцы. Але ўсё ж рызыкаваў. Здавалася б, гэты выпадак, калі і Сеня, і ён, Сцяпан, пабылі разам у смяртэльнай небяспецы, павінен быў прымірыць іх. Атрымалася б справядліва і натуральна, калі б пачуццё нядобразычлівасці змянілася захапленнем і павагай, бо менавіта Сеня Пясоцкі першы кінуўся да бомбы. Але не такі Кідала, каб цаніць людзей па іх сапраўдных заслугах і вартасцях. У яго іншы крытэрый — перашкаджае ці не перашкаджае яму чалавек у яго кар’ерысцкіх намерах. Сеня перашкаджае яму не нейкімі пэўнымі дзеяннямі, накіраванымі супраць Кідалы, а проста сваёй прысутнасцю побач, сумленнай лініяй паводзін. Асоба Пясоцкага быццам люстэрка, у якім відаць ганебны, пачварны твар Кідалы. Як пазней акажацца, Кідала здольны на самыя ганебныя амаральныя ўчынкі, не пагрэбуе нават звычайным марадзёрствам. Ён загадвае Пясоцкаму сказаць палоннаму нямецкаму лётчыку, каб той зняў наручны гадзіннік. Але Пясоцкі адмаўляецца: «Я… я не магу гэта перакласці… Хочаце — забярыце самі. Ён зразумее без слоў…» Кідала раз’юшаны, але не знаходзіць нічога лепшага, як абвінаваціць Сеню ў спачуванні ворагу: «Вы што, Пясоцкі? Не выконваць загаду? У баявых абставінах? Так-так-так… Фашыста пашкадавалі? Сваячка знайшлі? Так…» Кідала імкнецца ўсякімі сродкамі пазбавіцца ад сумленнага салдата і чалавека.</p><p>Кідала з Пясоцкім дабіраліся да НП (назіральны пункт), які размешчаны быў далёка ад батарэі. У дарозе Сеня выбіўся з сіл і за тры-чатыры кіламетры да НП зусім не здолеў ісці. «Кідала прапанаваў яму пасязець, адпачыць… а сам пабег на НП, каб вярнуцца ўдвох ці ўтрох і забраць яго». Сказаў пасля, што вярнуўся праз гадзіну, але Сеня быў ужо мертвы, замёрз. Шапятовіч не верыць Кідалу і крычыць перад камандзірам і камісарам: «Хлусіць ён! Хлусіць, сволач, Кідала гэты! — раптам вырвалася ў мяне.— Ён знарок… знарок пакінуў Сеню!.. Ён не любіў яго… Помсціў… Не веру я, што ён вярнуўся праз гадзіну! Не можа чалавек за гадзіну замерзнуць. Не такі мароз».</p><p>Да Шапятовіча даходзяць чуткі, што «камандзір узвода спачатку паабедаў на НП, потым пайшоу з разведчыкамі па Пясоцкага». Тады ён адкрыта абвінавачвае Сцяпана ў забойстве Пясоцкага і ў час сутычкі, калі раззлаваны Кідала выхоплівае пісталет, Шапятовіч б’е яго табурэткай. Кідалу разжалавалі да старшага сяржанта, але і Шапятовіча пакаралі, перавялі на далёкі пост. Шапятовічу пагражала большая кара, бо ён падняў руку на афіцэра, але ў часці знайшліся людзі, якія зразумелі шчырасць яго гневу і паспачувалі яму.</p><p>Шапятовіч — добры, дысцыплінаваны салдат і камандзір, Ён, безумоўна, ведаў, што нельга біць вышэйшага камандзіра, што вайсковыя законы, асабліва ў ваенны час, жорстка караюць за такі ўчынак. I тым не і менш зрабіў такое. Вядома, ён быў узрушаны, кіраваўся пачуццямі, не стрымаўся. Але пайшоў на такі ўчынак і свядома, ад пераканання, што ганебныя паводзіны не могуць заставацца не пакаранымі хоць бы маральна.</p><p>Тут службовы абавязак героя ўступае ў супярэчнасць з прынцыпамі маралі. Шапятовічу даводзіцца выбіраць паміж чалавечнымі паводзінамі, пакараннем за парушэнне афіцыйных прадпісанняў, з аднаго боку, і скарэннем перад службовым абавязкам, змірэннем з несправядлівасцю — з другога. Шапятовіч выбраў першае.</p><p>Хто вінаваты ў смерці Сені Пясоцкага? Вядома, перш за ўсё Кідала. Але не адзін ён. Калі б Кідала адчуваў і ведаў, што Сеню цэняць і падтрымліваюць, а да яго адносяцца з асуджэннем і пагардай, наўрад ці ён асмеліўся б на ганебны ўчынак, які прывёў да трагедыі. Пясоцкі гаварыў пра Кідалу; «…Я баяўся яго. I ненавідзеў. I гэта, разумееш, як было цяжка?.. Гэта блытала мае пачуцці. А я хачу, каб у іх была поўная яснасць... Вораг ёсць вораг, і ўся мая нянавісць павінна скіравацца туды.— Ён махнуў на той бок заліва.— А чалавек, які са мной разам страляе па ворагу, наш чалавек, яго я павінен... абавязаны любіць… ну, паважаць хаця б, верыш яму… А я баяўся яго і ненавідзеў, хадзіў і азіраўся… Чорт ведае, якая неразбярыха была тут».</p><p>Ідзе жорсткая вайна, варожыя самалёты сеюць смерць, але і ў гэтых умовах сапраўдныя людзі застаюцца людзьмі, патрабавальна і чалавечна адносяцца да сяброў, застаюцца вернымі высокім маральным прынцыпам савецкага грамадства.</p><p>Доўгая росстань і вайна выпрабоўваюць таксама вернасць кахання. У Шапятовіча закахалася ваенфельчар Антаніна. Яна таксама падабаецца яму. Паддаўшыся першаму пачуццю сімпатыі да Антаніны, Шапятовіч робіць неабдуманы ўчынак, але пасля перажывае і каецца. Ён шчыра гаворыць Антаніне, што хоча застацца верным жонцы, хоць гэта жорстка ў адносінах да ваенфельчара.</p><p>Аповесць закацчваецца тым, што на далёкі пост, куды пераведзены служыць Шапятовіч, ноччу налятаюць варожыя салдаты. У цяжкім баі Шапятовіча модна параніла.</p><p>У творы выразна прадэманстравана вялікае ўменне абагульняць жывыя нагляданні ў дасканалых мастацкіх формах. Аказалася, што дакументальныя факты зусім не перашкаджаюць стварэнню маштабных вобразаў, не прытупляюць вастрыні сюжэта.</p><p>Шмат у творы апісанняў і малюнкаў, якія захапляюць мастацкай выразнасцю і дакладнасцю. Пісьменніку трэба было ўбачыць поўнач уласнымі вачамі, зжыцца з ёю, каб так уражліва сказаць пра яе выгляд: «Снежная пустыня… Цішыня. Такая цішыня, што робіцца жудасна; мімаволі часам пачынаеш гаварыць шэптам, а то раптам хочацца закрычаць так, каб пачулі за сотні, за тысячы кіламетраў — там, дзе людзі, дзе вайна і жыццё». Або: «Калі ўсходзіць сонца, возера слепіць сваёй белізной. Не, не белізной — блакітнай іскрыстасцю. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Цяпёр ен заўсёды то ружовы, то блакітны, то сіні, то нават жоўты».</p><p>Назва аповесці — зрокавы ўспамін пісьменніка пра перажытае ў час вайны: «Снег і агонь… Агонь і снег… Агонь на зямлі ад выбухаў бомбаў, бясконцых залпаў гармат. Калі яны на нейкі час сціхаюць, снег усё адно гарыць - свеціцца блакітным водбліскам ад пажараў, што шугаюць у горадзе».</p><p>Крытыка аднадушна вельмі высока ацаніла аповесць «Агонь і снег» і справядліва прызнала яе вялікім укладам у развіццё беларускай прозы. I. Навуменка зазначае: «Ёсць тут пільная ўвага, асабліва ў кнізе «Агонь і снег», да духоўнага свету радавога ўдзельніка вайны, да яго акопнага побыту, будняў»</p><empty-line/><p><strong>4. «ПОШУКІ СУСТРЭЧЫ»</strong></p><p>Аповесць «Агонь і снег» заканчваецца тым, што Шапятовіч, лечачыся ў шпіталі пасля цяжкага ранення, сустракаецца выпадкова з земляком-партызанам Кастусём і просіць, каб той узяў яго з сабою ў тыл ворага. Кастусь абяцае пахадайнічаць за яго. I вось у новай, чацвёртай аповесці «Пошукі сустрэчы» (1959) Шапятовіч апынаецца ў родных мясцінах.</p><p>Такі паварот у агульным сюжэце цыкла з’явіўся рэзкім адыходам ад творчай манеры аповесці «Агонь і снег». Зноў парушаўся аўтабіяграфічны прынцып. Як вядома, пісьмённік усю вайну праваяваў на фронце і ў партызанскім руху не ўдзельнічаў.</p><p>У аповесці «Пошукі сустрэчы» строгая адпаведнасць мастацкіх малюнкаў жыццёвай рэальнасці часта парушаецца, праўдзівае лёгка замяняецца толькі верагодным, у сюжэце ўзрастае прыгодніцкі элемент, з’яуляецца шмат шчаслівых выпадковасцей. Сапраўды, «адпраўляючы» свайго героя да партызан, пісьменніку давялося праз многае пераступіць, шмат чым ахвяраваць, каб ажыццявіць гэту творчую задачу. «Няўвязкі» пачынаюцца ў самым пачатку аповесці. У тыл ворага праз фронт пасылалі звычайна ваенных сцецыялістаў або людзей, якія атрымлівалі адпаведную падрыхтоўку. Таму наўрад ці маглі б даць Шапятовічу дазвол на пералёт лініі фронту.</p><p>Тым не менш па волі аўтара страснае жаданне Шапятовіча ажыццявілася. Яму пашэнціла дабрацца да роднай вёскі Сашы, дзе яна жыве ў час вайны. Заходзіць нават на панадворак і бачыць там… Лялькевіча. Аслеплены рэўнасцю, ён са словам «Прысмактаўся, сукін сын? Вайну выкарыстаў?» б’е Лялькевіча па пераносы і ўцякае ў лес. Саша яго шукае. А Шапятовіч па дарозе, вяртаючыся ў партызанскі атрад, кідае гранату у будынак школы, дзе размешчана казарма немцаў. Яго паранілі, і ён трапляе ў бальніцу, якой загадвае маці Сені Пясоцкага — Марыя Сяргееўна. Яна ратуе Пецю, даглядае і лечыць, выдаючы яго за паліцэйскага. У бальніцы і знахадзіць яго Саша. Па яе просьбе Лялькевіч з партызанамі выкрадаюць адтуль Шапятовіча.</p><p>Нават з беглага пераказу падзей відаць іх літаратурная перабольшанасць, схематызацыя сюжэтнага развіцця і яго адарванасць ад жывой рэчаіснасці. Крытыка часта тлумачыла гэтыя недахопы аповесці толькі адступлецнем пісьменніка ад прынцыпу аўтабіяграфізму. Сапраўды, не перажыўшы на ўласным вопыце тых падзей, якія паказаны ў «Пошуках сустрэчы», пісьменнік часта не адчувае іх характару і таму карыстаецца рацыяналістычна накрэсленымі сюжэтнымі збудаваннямі. Усё гэта праўда. Але ж, як вядома, прынцып аўтабіяграфізму не абавязковы ў мастацтве. Выдатныя творы могуць з’яўляцца і насуперак гэтаму прынцыпу, на аснове чыстай і паслядоўнай мастацкай выдумкі.</p><p>Крытыкі, тлумачачы ўсе недахопы аповесці парушэннем аўтабіяграфізму, не паставілі пакуль што больш важнага пытання: чаму I. Шамякін у аповесці «Пошукі сустрэчы» адступіў ад рэальных падзей, перажытых ім самім? Няўжо дзеля таго, каб папрактыкавацца ў стварэнні вострых прыгодніцкіх сітуацый? Здаецца, найглыбей з усіх крытыкаў адчуў творчую задуму аповесці «Пошукі сустрэчы» Н. Пашкевіч, які заўважыў, што «ідэя аповесці не бяссэнсавая», што «па задуме аповесць «Пошукі сустрэчы» павінна была стаць апошцім і самым магутным акордам у развіцці галоўнай тэмы «Трывожнага шчасця» — тэмы кахання і вернасці». Можна пагадзіцца з думкай Н. Пашкевіча, бо дзякуючы ёй сапраўды знаходзіцца апраўданая матывацыя з’яўлення Шапятовіча побач з Сашай і Лялькевічам. Гэта жаданне пісьменніка унесці больш драматызму ў раскрыццё тэмы кахання і вернасці, каб яшчэ глыбей выявіўся яе сацыяльны і гуманістычны змест.</p><p>Праходзячы разам з усёй савецкай прозай шлях творчага адлюстравання вайны ад даволі схематычнага і зададзенага ўяўлення пра яе ход да павышэння эстэтычнай вагі асабіста ўбачанага, I. Шамякін у аповесці «Агонь і снег» дасягнуў высокага ўмення паказваць адзінкавае як тыповае. Аднак відавочна, што пры ўсім поспеху дакументальнай манеры засяроджанасць на ўласна перажытым у нечым і абмяжоўвала абагульняючую сілу вобразаў. Нагадаем, што ў «Трывожным шчасці» пісьменнік паставіў перад сабой задачу адлюстраваць лёс цэлага пакалення. I хай сабе ў асабістым лёсе герояў «Трывожнага шчасця» Пеці і Сашы, бясспрэчна, адбіваецца лёс усяго пакалення, усё ж гэты адбітак недастаткова поўны. Адзінкавае, якое б яно характэрнае ні было, усё ж толькі частка масавага, распаўсюджанага. Ваенныя гады былі для ўсіх, хто належаў да пакалення Пеці і Сашы, трывожнымі і цяжкімі — гэта праўда. Але ж Пеця і Саша засталіся жывымі. Многіх жа іншых не мінула трагедыя. Мільёны людзей не вярнуліся з вайны, мільёны закаханых рассталіся навекі. Героі ж «Трывожнага шчасця» перажылі вайну, можна сказаць, шчасліва, бо яны ўсё ж сустрэліся. У гэтым моманце зместу твора асабліва добра відаць некаторая вузкасць абагульнення, паколькі ў яго аснову пакладзены прыватны, выпадкова шчаслівы чалавечы лёс.</p><p>Сапраўды, Н. Пашкевіч заўважыў правільна: праз усе аповесці «Трывожнага шчасця» пісьменнік правёў ідэю вернасц каханню, над якім не мелі улады ні доўгая ростань, ні цяжкасці вайны. Але ж у жыцці было і іншае. У многіх людзей была здрада і нявернасць. Не ва ўсіх каханне вытрымала выпрабаванне вайной. Пісьменнік якраз і паставіў перад сабой задачу данесці да чытача гэтую думку. Але як гэта зрабіць? Яго героі — увасабленне вернасці і чысціні. Увесці іншых герояў з нешчаслівым лёсам? Але гэта змяніла б структуру ўсяго твора. I тады пісьменнік ідзе па лініі драматычнага ўскладнення жыцця сваіх герояў. Ён усякімі праўдамі і няпраўдамі пасылае Шапятовіча туды, дзе жыве Саша і Лялькевіч, каб ён пераканаўся у «здрадзе» жонкі. I хай сабе гэта здрада уяўная, непраўдзівая, усё ж яна выклікае ў Пеці тую думку, якую і хацеу выказаць пісьменнік, каб падкрэсліць складанасць жыцця, унікнуць адназначнасці ў трактоўцы праблемы кахання і вёрнасці у час вайны. Ўбачыўшы каля хаты, дзе жыве Саша, Лялькевіча, Пеця пасля змрочна думае: «Усё нішчыць вайна. Гінуць людзі… Чарсцвеюць сэрцы ў жывых… Руйнуецца любоў і вернасць… Разбураецца сям’я…» I ў гэтых думках — таксама праўда жыцця: не яго асабістая, а людская.</p><p>Пісьменнік тут больш намякае, чым паказвае. Чаму? А таму, відаць, што ў той час, калі пісалася аповесць «Пошукі сустрэчы», паказ рэальнага факта здрады мужу, які ваюе з ворагам, быў для I. Шамякіна і для ўсёй беларускай прозы яшчэ псіхалагічна залішне цяжкім і складаным. Таму пісьменнік вымушаны задаволіцца толькі намёкам на гэту важную праблему.</p><p>У аповесці сцвярджаецца ідэя вернасці каханню. Саша, жывучы разам з Лялькевічам у адным доме, выдаючы яго перад людзьмі за мужа, ведаючы, што ён кахае яе па-сапраўднаму, усё ж не здрадзіла сваймў каханню да Пеці, хоць доўга не ведала, ці жывы ён. Так сталася ў Сашы, але ў іншых магло быць інакш. Пісьменнік дапускае такую магчымасць, паказваючы, што Пеця перажывае прысутнасць Лялькевіча ў жончыным доме як яе здраду. Чытач ведае, што на самай справе здрады не было. Усе спробы Лялькевіча выклікаць каханне Сашы, стаць яе сапраўдным мужам яна рашуча адводзіла. Але змест аповесні пазваляе меркаваць, што «здрада», хоць і міжвольная, усё ж адбылася.</p><p>Жывучы разам, у адной хаце, з’яднаныя аднымі бытавымі клопатамі, аднымі і тымі ж інтарэсамі барацьбы, жывучы на самай справе адной сям’ёй, героі аповесці Саша і Лялькевіч не маглі не зблізіцца душэўна. 3 цягам часу Лялькевіч міма яе волі, нават насуперак яе жаданню стаў для Сашы вельмі блізкім і дарагім чалавекам. Да гэтага прывялі ўмовы жыцця. I хай сабе праз усю вайну Саша і Лялькевіч заставаліся фіктыўнымі жонкай і мужам, яны сталі блізкімі людзьмі ўнутрана, душэўна. «Здрада» адбылася, бо Лялькевіч ўаняў у сэрцы Сашы вялікае месца і нашмат адцясніў «далёкага» Пецю. Гэта логіка жыцця, непазбежнасць, ад якіх не ўхіліцца.</p><p>У аповесці «Начныя зарніцы» Саша яшчэ спрабуе супраціўляцца гэтаму дыктату абставін. Калі Лялькевіч толькі што заявіўся ў хаце ў ролі яе мужа і сястра Сашы Поля паднесла для знаёмства «бацьку» малую дачку, ён пацалаваў яе і сказаў: «Дачка мая». Рэакцыя Сашы на ўсё гэта дужа адмоўная. Яна адчувае ў словах чужога ёй чалавека нібы святатацтва. «Саша уздрыгнула, пачуўшы гэта… Уся неяк сціснулася, напружылася і раўніва сачыла за кожным рухам Лялькевіча, гатовая ў любую хвіліну кінуцца і адабраць у яго дзіця. Якая яна яму дачка!» Але ўжо і тады, на балі з нагоды вяртання «мужа», вымушаная, толькі для людзей шчырасць Сашы пераходзіць у сапраўдную шчырасць: «Саша падняла галаву і глянула на Лялькевіча, позіркі іх сустрэліся. У яго запалых вачах бліснулі расінкі слёз. Ён выцер іх пальцамі. Саша кіўнула яму, як блізкаму чалавеку, і працягнула сваю насавую хустачку. Ён узяў яе і выцер вочы. Удзячна ўсміхнуўся ў адказ…» Дачка Лена называе Лялькевіча «татам», і Саша скараецца перад гэтым фактам. Аднойчы ў Сашы ўзнікла нават думка, што, «калі, не дай божа, з Пецем што здарыцца, Уладзімір Іванавіч, безумоўна, пасватаецца да яе, а Поля і Данік памогуць пераканаць, што толькі з ім яна знойдзе свае другое шчасце». Пасля таго як Саша знайшла Пецю ў бальніцы, яна думае і трывожыцца пра іх дваіх — Пецю і Уладзіміра Іванавіча.</p><p>Так пад націскам ваенных абставін у жыццё Сашы насуперак яе волі ўвайшоў блізкім чадавекам Лялькевіч. Значыць, «здрада» адбылася. Марыя Сяргееўна, калі пачула ад Сашы пра яе жыццёвую гісторыю, сказала: «О божа! Як яна наблытала, вайна!»</p><p>Такім чынам, ідэя аповесці «Пошукі сустрэчы» накрэсліваецца даволі выразна: вайна пераблытала лёсы, ускладніла ўзаемаадносіны нават у тых людзей, якія заставаліся непарушна сумленнымі і вернымі ранейшым сардэчным прыхільнасцям і пачуццям. Што ж казаць пра астатніх. Ідэя гэта вельмі глыбокая, важная і надзённая нават для сучаснай літаратуры, бо ўсё яшчэ з’ляяюцца творы, у якіх героі пасля доўгай росстані і ваенных выпрабаванняў сустракаюцца нават без разгубленасці, быццам развіталіся ўчора. На самай справе ў жыцці так не было. Вайна была доўгай, і абставіны яё жорсткія. Яны няўмольна перакройвалі лёсы людзей, ірвалі ці паслаблялі ранейшыя інтымныя узаемаадносіны і выклікалі з глыбінь чалавечай душы новыя. Гэта важная думка, яна ўносіць каштоўны штрых у разуменне складанасці ваеннай рэчаіснасці.</p><p>Праўда, у аповесці «Пошукі сустрэчы», хоць і пераважаюць прыгодніцкія моманты ў разгортванні дзеяння, пастаўлены і іншыя сур’ёзныя праблемы ваеннай рэчаіснасці. Шматзначны этычна і складаны з ваеннага пункту погляду канфлікт паміж Лялькевічам і камісарам брыгады Капытковым. Капыткоў характарызуецца не вельмі станоўча, у яго ёсць кар’ерысцкія замашкі. Але яшчэ не вядома, хто з іх мае рацыю: Капыткоў, які не адабрае рашэння Лялькевіча выкрасці Шапятовіча з бальніцы, бо рызыка вялікая, могуць загінуць людзі, ці Лялькевіч, які адважыўся на гэта, адчуваючы абавязак перад Сашай і сваім сумленнем, Згадзіся ён з Капытковым — і Саша можа падумаць, што ён робіць так знарок, каб яна засталася з ім. Але ж, выходзіць, ён рызыкуе жыццём іншых у асабістых інтарэсах. Аднак усё абышлося добра: Пецю выкралі, і ніхто не загінуў.</p><p>Сустрэча Пеці з Сашай быццам бы адбылася, але разам з тым і не адбылася. Саша дачакалася Пеці, але душэуна, унутрана яны нанава не злучыліся. На гэта трэба час і, мабыць, немалыя намаганні. Пецю перавезлі цераз раку на бераг, дзе яго чакала Саша, аде, каб ім быць шчаслівымі, трэба пераадолець яшчэ раку неразумення, падазронасці і рэальных душэўных страт, якая пралягла паміж імі за доўгія гады росстані і выпрабаванняў. Пра гэта наступная, апошняя аповесць «Трывожнага шчасця».</p><empty-line/><p><strong>5. «МОСТ»</strong></p><p>Аповесць «Мост» (1965) — пра сапраўдную ўжо сустрэчу Пеці і Сашы пасля вайны, калі Пеця, вярнуўшыся з фронту, стаў настаўнікам і сакратаром сельсавецкай партарганізацыі ў той вёсцы, дзе Саша працуе загадчыцай фельчарскага пункта. Пайшлі першыя мірныя дні пасля перамогі.</p><p>Пасляваенныя гады былі надзвычай цяжкімі ў жыцці беларускай вёскі. Гэта вельмі выразна і адкрыта паказана ў творы. Калі ў раманах «У добры час» і «Крыніцы» нястачы і побытавыя цяжкасці ў нейкай меры прыглушаны, то ў аповесці «Мост» створаны рэалістычны малюнак вясковага побыта пасляваеннага часу. Нельга сказаць, што у папярэдніх творах пісьменніка замоўчваліся пасляваенныя нястачы і цяжкасці. Даволі нагадаць, як у рамане «У добры час» Маша, чакаючы, што Максім прыйдзе ў госці, бяжыць пазычаць чаго лепшага з яды. Але справа ў тым, што ў названых творах унутраны стан чалавека не вызначаецца тым, што ён галодны. Эмацыянальна, псіхалагічна і тыя героі, якія недаядаюць, паказваюцца нібы пад’еўшымі. У аповесці ж «Мост» — ужо інакш. Шмат якія паводзіны не толькі вучняў, але і іх настаўніка Шапятовіча тлумачацца недаяданнем, амаль пастаянным адчуваннем голаду.</p><p>Наколькі паглыбілася праўдзівасць аўтарскай пазіцыі ў аповесці «Мост» у параўнанні з раманам «У добры час», можна меркаваць па тым, што ў рамане скаргі на недахоп коней, тэхнікі выказаны вуснамі адмоунага персанажа Шаройкі, а ў аповесці пра тое ж самае гаворыць разумны і талковы чалавек, сумленны камуніст і былы франтавік-танкіст Панас Грамыка. Раней адкрыта і шчыра гаварыць пра недахопы лічылася ў літаратуры прыкметай дрэннага тону. У час жа напісання аповесці «Мост» чалавек, які не бачыў рэальнага стану рэчаў у жыцці, не мог прэтэндаваць на станоўчасць. Няздатнасць разбірацца ў ходзе падзей, непраўдзівы погляд на характар гэтых падзей ужо расцэньваліся толькі як адмоўныя рысы.</p><p>Прычым недахопы і нястачы пасляваеннага жыцця паказваюцца ў аповесці «Мост» не самамэтна, нават не толькі дзеля таго, каб стварыць праўдзівы малюнак вясковага побыту тых гадоў. Яны ўваходзяць у агульную сацыяльную атмасферу тагачаснага жыцця народа і цесна звязаны з лёсам людзей, з іх псіхалагічным і грамадскім абліччам.</p><p>Вось Пеця купляе ў лесніка напавер пуд 6уль6ы, бо ў халоднай хаце, дзе яны жывуць, яшчэ і голадна. Зарплата выплачваецца неакуратна. Сама працэдура пазычкі маральна не вельмі прыемная. У дадатак сітуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што ляснік замест пуда сыпле добрыя два з-за павагі да Сашы, якая лечыць яго хворую жонку. «Быццам кінуў костку, як жабраку ці даў хабар». Страшней за ўсё тое, што нястачы і голад змушаюць зніжаць патрабаванні да саміх сябе. «Сашына праца, стаўленне да людзей, да іх гора, нягодаў, адносіны да мужа — усё подзвіг штодзённы… Каб лепш накарміць дачку і яго — паранена ж лёгкае, і яна, медык, ведае, чым гэта пагражае, калі галадаць,— Саша часам вымушана прымаць ад цётак, якіх лечыць, гладышык малака, галачку масла ці яйка». Гэта непрыемна. Шапятовіч думае: «Суровае жыццё! Як часта яно вымушае рабіць тое, чаго нельга рабіць не толькі па закону, але супраць чаго пярэчыць уласнае сумленне!» Старшыня калгаса Грамыка кажа пра Пятра і Сашу: «Ох, недарма мая цешча называе вас святымі! У наш час пры такой святасці загінеш ад холаду і голаду».</p><p>Галадаюць і пакутуюць ад беднасці амаль усе ў вёсцы. «За зіму Пятро звыкся з беднасцю людзей. Быў частым госцем у хатах, у якіх дзеці спалі на голых дошках, у зямлянках, дзе — ні стала, ні табурэткі, елі на бярозавай калодцы. I ў ім расло спачуванне і мацнела любасць да людзей, ён амаль радаваўся, што дзеліць з імі ўсе цяжкасці пасляваеннага жыцця».</p><p>Асабліва моцна пакутавалі дзеці. Ад недаядання страчвае прытомнасць пасля выдатнага адказу лёйшая вучаніца шостага класа, любіміца ўсіх настаўнікаў, Таня Нізавец. Шапятовіч імкнецца дапамагчы неяк ёй і яе сям’і, але зрабіць гэта нялёгка. Аказваецца, Таню і ў камсамол не прымуць, бо яе бацьку перад вайной арыштавалі як ворага народа. Аднак Шапятовіч настойвае, каб дапамога была аказана. Праўда, пра яго клопаты аб сям’і Нізаўца сакратар сельсавета Капыл, былы фашысцкі прыслужнік, дакладвае ў раённае аддзяленне КДБ, і Шапятовіча чакаюць непрыемнасці.</p><p>Аповесць «Мост» шмат у чым паўтарае тэматыку і праблематыку раманаў «У добры час» і «Крыніцы», але яна яшчэ больш набліжана да рэальнай плыні жыцця. Гэтай аповесці зусім, бадай, не ўласціва літаратурная ўмоўнасць, якая ўсё ж адчувалася ў папярэдніх раманах. Героі яе многа думаюць, разважаюць, аналізуюць падзеі і факты. I ў гэтым сэнсе Шапятовіч нашмат вышэй Лемяшэвіча, галоўнага героя рамана «Крыніцы». Па творчых прынцыпах і стылістыцы аповесць «Мост» найбольш блізкая да аповесці «Агонь і снег».</p><p>Пісьменнік не ўтойвае таго факта, што пасляваенныя цяжкасці і запушчанасць у гаспадарцы ставілі ў тупік і прыгняталі душэўна нават людзей вытрыманых, якія шмат пабачылі ў жыцці, як, напрыклад, франтавік старшыня калгаса Грамыка. У спрэчцы аптыміста Шапятовіча і рэаліста Грамыкі праўда больш на баку Грамыкі, бо ў пачатку твора аптымізм Шапятовіча залішне легкаважкі, пусты і ружовы, хоць аптымізм — гэта прызнае і Грамыка — патрэбен у жыцці.</p><p>«— Калі гэта мы, Андрэевіч, разбагацеем?</p><p>— Разбагацее-ем! Не такое адужалі!</p><p>— Зайздрошчу я тваёй веры. Заплаціў за пуд дзвесце рублёў і марыш пра камунізм. Такія хлопцы першыя кідаліся ў атаку. Не заўсёды разумна, праўда. Таму мала вас асталося. Шкада…»</p><p>Сапраўды, шкада, што гэтак шмат загінула на вайне самых лепшых, самых сумленных, самых адданых народу людзей, бо іх гарачыя сэрцы вельмі патрэбны былі б у цяжкім пасляваенным часе, калі асабліва многа значылі маральная стойкасць, непадкупнасць і чалавечнасць.</p><p>Шапятовічу цяжка працаваць сакратаром партарганізацыі, бо ён пра людзей павінен клапаціцца, хоць магчымасці яго не вялікія, і выконваць распараджэнні з раёна, якія не заусёды ў першыя пасляваенныя гады ўлічвалі рэальнае становішча ў вёсцы. Шапятовіч вучыцца паступова той «тонкай» палітыцы вопытных мясцовых кіраўнікоў, якія ўмеюць не вельмі раздражняць раённае начальства і адначасова клапаціцца пра інтарэсы калгаса, сельсавета. Вельмі цікавы і характэрны ў гэтым сэнсе эпізод, калі з раёна прыязджаюць упаўнаважаныя загадчык фінаддзела Рабіновіч і начальнік райаддзела КДБ Булатаў з мэтай пракантраляваць пасяўную і «падагнаць» здачу малака. Клопат раённага начальства, каб калгасы раней сеялі, зразумелы, бо коней і трактароў зусім мала і таму пасяўная можа расцягнуцца на месяцы, што пагражае пры сухім надвор’і стратай насення і ўраджаю. Але і сеяць яшчэ рана, бо зямля халодная. I вось старшыня сельсавета Бабкоў пад націскам упаўнаважанага лёгка абяцае, што заўтра ўсе выедуць ў поле, хітра падміргваючы Грамыку, што азначае: трэба абяцаць — абы адчапіліся, а там відаць будзе. Бабкоў нават называе колькасць плугоў, якія заўтра будуць араць на палях кожнага калгаса. Шапятовіч ведае, што ўсё, нагаворанае Бабковым,— падман, «ліпа», і хістаецца, сказаць пра гэта перад упаўнаважанымі ці змаўчаць. Разважлівасць бярэ верх — Шапятовіч змаўчаў, але змаўчаў не дзеля таго, каб не псаваць добрых адносін з Бабковым, з якім жыве па суседству. Ён адчувае — так лепш для справы: упаўнаважаныя заспакояцца, а Грамыка зробіць па-свойму, як трэба. Нават самы строгі ўпаўнаважаны Булатаў хутчэй за ўсё здагадваецца, што Бабкоў маніць і хітруе, але таксама маўчыць.</p><p>Калі ж пайшла размова пра малако, Шапятовіч не вытрымаў, выступіў, сказаўшы, што нельга патрабаваыь цяпер, каб здавалі малако, бо не толькі каровы галодныя, галодныя самі людзі. Але капітан Булатаў спыняе яго выступленне пытаннем, ці ёсць у Шапятовіча радыёпрыемнік, намякаючы гэтым самым, што ён распаўсюджвае варожую прапаганду.</p><p>У цяжкіх умовах асабліва важна, каб кіраўніцтва жыццём было дакладным, эфектыўным і рэалістычным. I Шапятовіч, і Грамыка разумеюць, што першачарговая задача ўсёй іх дзейнасці — накарміць людзей хлебам. Але як дасягнуць гэтага? Мясцовыя органы часта атрымліваюць такія распараджэнні, інструкцыі і загады з раёна, змест якіх дазваляе думаць, што яны напісаны з пункту погляду, быццам вёска топіцца ў багацці. Зыходзячы з гэтага, Грамыка кажа Шапятовічу: «А я табе прызнаюся па сакрэту, пра што часам думаю: не ведае бацька, што робіцца ў сяле, як нас вайна падкасіла і як людзі жывуць. Каб знаў, то ўжо нешта прыдумаў бы. Ленін, калі бачыў усё пасля грамадзянскай, то адразу знайшоў, як выйсці з разрухі». Не адразу, унутрана супраціўляючыся і хістаючыся, аптыміст і ідэаліст Шапятовіч прымае цвярозыя развагі разумнага чалавека, патрыёта і грамадзяніна Грамыкі. Не, Грамыка не думае, што можна адным махам узняць разбураную гаспадарку, «каб за год пацяклі малочныя рэкі». Ён ведае, што наперадзе шмат працы. Ён толькі супраць таго, каб закрываць вочы на цяжкасці, бо не ўлічваць цяжкасці — значыць прымаць няправільныя рашэнні. Ён кажа: «У тым-то і бяда, што ў выступленнях усе — ад яго да любога ўпаўнаважанага — абяцаюць заўтра ж малочныя рэкі. А што рабіць, як зрабіць, каб я ведаў і людзі бачылі і верылі - вось гэтага ніхто яшчэ толкам не сказаў». I, як былы танкіст, марыць пра такія парадкі, якія былі ў арміі і прыводзілі да перамогі: «…А ідзём мы — не ідзём, а тыцкаемся, як сляпыя… Без компаса, без разведкі… Ніхто разумнай каманды не можа даць…»</p><p>Грамыку, як старшыні калгаса, шмат што відаць з вышыні практычнага вопыту кіраўніцтва гаспадаркай. Як добры гаспадар, ён ведае, што чарговая кампанія з нарыхтоукай попелу і торфафекаліяў, якой заняты ўсе кіруючыя органы, адчувальнай карысці не прынясе - попелам і торфафекаліямі можна ўдобрыць усяго некалькі гектараў удзірванелага поля. «Праводзім нарады ў вобласці, у раёне, сходы ў калгасах… А людзі слухаюць і… смяюцца. Смяюцца, Андрэевіч!» — кажа Грамыка. Як былы франтавік, ён адчувае не толькі гаспадарскі, але і маральна-сацыяльны аспект гэтай несур’ёзнай кампаніі. Яму крыўдна за сваіх сяброў-франтавікоў: «Скажы сыну Лявоніхі, Івану: ідзі ў калгас, будзеш мець добрую працу — нарыхтоўваць торфафекалій. Ён паў-Еўропы прайшоў, гарматным разлікам камандаваў, ордэнаў да пупа навешаў… Я ўжо не кажу пра тое, што я магу паабяцаць яму за такую працу, якую плату. Палачку ў табелі? Колькі камуністаў вярнулася з арміі, а колькі засталося ў калгасе? Я ды Пеця Аўчароў. Ды і той па няшчасцю — маці не ўстае з ложка, даканала старую другая пахавальная. 3 трох сыноў адзін вярнуўся. Вось так, Андрэевіч…»</p><p>Не, Грамыка не сузіральны «крытыкан». Ён асабіста гатовы да гераічнай працы, але толькі не ведае, з чаго пачаць, дзе тое галоўнае звяно, ухапіўшыся за якое можна падняць сельскую гаспадарку. Таму ён кажа ў адрас кіраўнікоў: «Мабілізуйце нас для ўдару на галоўным напрамку! Толькі пакажыце, дзе яно, месца гэтага галоўнага ўдару, ад якога залежыць поспех на ўсім нашым калгасным фронце. Вы ж генералы. Вам адтуль, з каманднага пункта, відней. Расстаўце вы свае баявыя палкі! I мы табе такі гераізм пакажам!»</p><p>У словах Грамыкі абагульнены зусім рэальныя адносіны да ўзроўню кіраўніцтва аднаўленнем калгасаў, уласцівыя многім разумным і дзелавым людзям у першыя пасляваенныя гады. Праўда часу была і ў тым, што такое можна было сказаць толькі таму чалавеку, якому верылася, як самому сабе. Гэта разумев Грамыка. Пачынаючы размову з Шапятовічам, ён нездарма трывожыцца, ці адны яны і азіраецца, ці не падслухоўвае хто.</p><p>Маладому і яшчэ недастаткова воцытнаму парторгу Шапятовічу вельмі карыснай аказалася сустрэча і размова з Грамыкам. Нельга сказаць, што пачутае ім з вуснаў старшыні калгаса было вялікім адкрыццём. «Нічога новага Грамыка не гаварыў. Усё гэта Пятро чуў ужо неаднойчы за тыя месяцы, як вярнуўся з арміі». Але размова менавіта з Грамыкам яго асабліва ўзрушыла, усхвалявала, прымусіла сур’ёзна задумацца над навакольным жыццём, праверыць свае адносіны да людзей і да сваіх абавязкаў. Дагэтуль ён не адзін раз выступаў перад людзьмі непрадумана, казённа, не ўлічваючы іх сапраўднага становішча. Шапятовіч здзіўлены і захоплены сур’ёзнасцю думак Грамыкі, якія вынашаны, прадуманы, перажыты і таму асабліва пераканаўчыя. «Але ніхто яшчэ не выказваўся перад ім вось так — прадумана, спакойна, доказна. Гэта — не рэпліка, не раздражнёны выкрык на сходзе. Гэта цэлая сістэма поглядаў. Па абавязку яму, Пятру, належала пярэчыць шмат якім думкам старшыні. Але ён не мог. Ён раптам адчуў, як разбураецца створаны ім вельмі прывабны малюнак бліжэйшай будучыні. Не кажучы гэта адкрыта, Грамыка як бы даводзіў: усё, што гаворыць ён, сакратар, на сходах,— тое ж абяцанне «малочных рэк», якія нібыта пацякуць ад таго, што будзе добра збірацца попел ці фекалій. Пятра агарнула незразумелая трывога. I смутак».</p><p>Думкі Грамыкі ў такой ступені сур’ёзныя і жыццёвыя, што яны патрабуюць ад Шапятовіча змены светаадчування, нейкай новай пазіцыі. А гэта азначае адмовіцца ў значнай ступені ад сябе ранейшага, стаць трохі іншым чалавекам, што нялёгка. Таму Шапятовіч спачатку ўнутрана супраціўляецца ўздзеянню слоў Грамыкі, імкнецца развеяць уражанне, створанае імі. Але гэта яму не ўдаецца. Ён вымушаны прызнаць вялікую сілу іх уздзеяння: «Ох, Панас, Панас, добры ты чалавек, але гутарыць з табой вось так, з вока на вока і душа ў душу, небяспечна. Можаш ты загнаць вожыка ў мазгаўню». Паступова адбываецца істотная пераарыентацыя жыццёвых уяўленняў Шапятовіча з улікам цвярозай, выпакутаванай пазіцыі старшыні калгаса, і гэта істотна павышае якасць працы сакратара сельсавецкай партарганізацыі. На пасяджэнні сельскага актыву, дзе прысутнічаюць раённыя ўпаўнаважаныя, у час падпіскі на заём або пры сустрэчы з жанчынамі ў полі, якія самі цягнуць плуг, Шапятовіч ужо трохі іншы.</p><p>Па глыбіні і шырыні сацыяльнага малюнка першых гадоў пасляваеннага жыцця калгаснай вёскі, па тыповасці сітуацый, праўдзівасці і каларытнасці чалавечых характараў аповесць «Мост» не мае роўнага сабе твора ва ўсёй тагачаснай беларускай прозе. Бясспрэчная ўдача I. Шамякіна — вобраз сельскага партыйнага кіраўніка настаўніка Шапятовіча. Гэта вобраз жывы, не ідэалізаваны, з чалавечымі маленькімі слабасцямі. Аднойчы Шапятовіч напіўся. Вельмі каларытная сцэна, як на вялікдзень сем’і старшыні калгаса, старшыні сельсавета і сакратара партарганізацыі сабраліся пачаставацца ў цешчы Грамыкі, але якраз у гэты час наехаў першы сакратар райкома Анісімаў. Няўдачлівым пачастоўшчыкам Грамыку і Бабкову давялося ратавацца на гарышчы, а Шапятовіч выйшаў да сакратара, каб «прыкрыць сяброў, «прыняць агонь на сябе».</p><p>Вельмі важная асаблівасць характарыстыкі Шапятовіча як партыйнага кіраўніка — думка пра яго не толькі раённых кіраўнікоў, якія яго цэняць, але і вясковых людзей, з якімі ёй працуе. I калі калгаснік, інвалід вайны Рыгор Прышчэпа, якога Шапятовіч абараніў ад турмы, хоць рызыкаваў тым, што сам мог трапіць туды па міласці Булатава, кажа Сашы, падняўшы вялікі палец, «во… Шура, які хлопец ваш Шапятовіч», то гэта ацэнка не толькі чалавечых якасцей героя, але і яго здольнасцей партыйнага кіраўніка.</p><p>Крытыка высока ацаніла аповесць «Мост». 3 разгорнутым, вельмі прыхільным водгукам выступіў пісьменнік В. Быкаў, які асабліва падкрэсліваў праўдзівасць зместу гэтага твора. Ён пісаў: «Праўда жыцця вымагала ад аўтара пэўнай рызыкі і пэўнай мужнасці, яна ж патрабавала немалое «аддачы» аўтарскага таленту, яна ўрэшце з’явілася тым пробным каменем, на якім Івану Шамякіну яшчэ раз давялося прадэманстраваць свае мастацкія здольнасці. I зрабіў ён гэта з поспехам». В. Быкаў зазначае, што вобразы аповесці «вылеплены ўпэўненай рукой мастака».</p><p>Падрабязна, з глыбокім пранікНеннем у змест разгледзеў аповесць «Мост» крытык Н. Пашкевіч. Ён справядліва заўважаў: «Так, звяртаючыся да разнастайных сродкаў мастацкай выразнасці, I. Шамякін стварае ў аповесці «Мост» яскравы, насычаны жывым дыханнем часу малюнак пасляваеннай вёскі. Але ці толькі «вясковы» гэта малюнак па свайму сэнсу, па сваіх абагульненнях? Вядома ж, не. Канфлікты і праблемы аповесці, узнікаючы і развіваючыся ў канкрэтна-гістарычных умовах першага пасляваеннага года — ужо даўняга мінулага,— звернуты сваім пафасам да нашых дзён».</p><p>Н. Пашкевіч убачыў у аповесці твбрча ажыццёўленыя новыя магчымасці ўсёй беларускай прозы, «сведчанне таго, што наша літаратура выходзіць на рубяжы па-грамадзянску ўсхваляваных, дакладных і патрабавальных адносін да жыцця».</p><p>Не цяжка заўважыць, аднак, што аповесць «Мост» разглядалася крытыкай як самастойны твор, ізалявана ад парярэдніх аповесцей «Трывожнага шчасця». Гэта можа тлумачыцца толькі тым, што яна не заўважыла ўнутранай ідэйна-эстэтычнай сувязі аповесці «Мост» з ранейшымі часткамі «Трывожнага шчасця». Сапраўды, апошняя, пятая частка была ўспрынята ўсімі, хто пісаў пра яе, як твор пра мірнае жыццё савецкіх людзей, які праблемна ўжо мала звязаны з вайной. Крытыкі, вядома, адзначалі ўвагу пісьменніка да вялікіх нястач, выкліканых вайной, да людскіх страт, памяць па якіх яшчэ балюча жывая ў сэрцах. Але не толькі ў гэтым сувязь зместу аповесці «Мост» з тэмай вайны. Сувязь працягваецца і па лініі лёсу галоўных герояў «Трывожнага шчасця», па галоўным накірунку ідэі. Інакш пісьменнік напісаў бы асобны твор.</p><p>У аповесці, бясспрэчна, створаны глыбокі, яскравы і ўражлівы малюнак пасляваеннай беларускай вёскі, прычым малюнак не толькі бытавы, але і сацыяльны,— з дакладным паказам псіхалагічнага і маральнага стану тагачаснага грамадства. Гэта бясспрэчная і высокая вартасць твора. Але чаму аповесць называецца «Мост»? Які сэнс хаваецца ў назве? Ніякага моста ў аповесці не будуюць, ды ён і не патрэбен у той мясцовасці, дзе адбываецца дзеянне твора.</p><p>Крытыкі не заўважылі адной вельмі важнай, на нашу думку, акалічнасці. «Трывожнае шчасце» ў цэлым — гэта твор не столькі пра жыццёвыя абставіны, у якія траплялі героі Пятро і Саша, колькі пра іх саміх, пра іх узаемаадносіны, пра вялікія душэўныя выпРабаванні, што выпалі на іх долю праз вайну. Калі ў папярэдніх чатырох аповесцях «Трывожнага шчасця» цэнтральнай, вядучай праблемай была праблема вернасці, то, напэўна, у аповесці «Мост» яна таксама вызначае галоўнае развіццё дзеяння і атрымлівае сюжэтнае завяршэнне. Нагадаем, што ў папярэдняй аповесці «Пошукі сустрэчы» паказаны менавіта пошукі сустрэчы герояў, а не сама сустрэча. Аповесць «Мост» і з’яўляецца тым творам, у якім выпрабаванні герояў на працягу доўгіх ваенных гадоў заканчваюцца нарэшце сапраўднай сустрэчай. Вось чаму нельга змест і праблематыку аповесці «Мост» разглядаць і ацэньваць у адрыве ад узаемаадносін паміж Пятром і Сашай. На гэта якраз і нё звярталася ўвагі. Уражлівы, сацыяльна дакладны і глыбокі малюнак агульнай хады пасляваеннага жыцця засланіў нейкія дробязныя, як здавалася крытыкам, непаразуменні паміж гёроямі.</p><p>У папярэдняй аповесці — «Пошукі сустрэчы» - сумеснае жыццё герояў было зусім непрацяглым. Пасля бальніцы Пятро зноў пайшоў на фронт. Ростань працягвалася. I толькі пасля заканчэння вайны адбылася іх сапраўдная сустрэча.</p><p>Пасля вайны Пятро і Саша зноў разам, бо на працягу доўгіх гадоў ростані заставалася жывым іхняе каханне. Але ростань, як ужо адзначалася вышэй, пакінула свой след у іхніх душах. Не так і лёгка ім пачаць новае сумеснае шчаслівае жыццё, бо паміж імі стаіць душэўная блізкасць Сашы да Лялькевіча і знаёмства Пятра на фронце з ваенфельчарам Антанінай. Патрэбен час, каб яны зноў шчыра паверылі, зноў сталі душэўна неабходнымі адно другому. I не толькі час тут зробіць усё, але і асабістая ўнутраная здольнасць герояў адчуць душу блізкага чалавека і настроіцца самому на нешта самае важнае, самае істотнае ў жыцці.</p><p>Ужо на першых старонках аповесці «Мост» адчуваецца, што, нягледзячы на знешнюю прыстойнасць, не ўсё добра ва ўзаемаадносінах паміж героямі. Несучы бульбу ад лесніка, Пятро ў думках звяртаецца да Сашы і быццам хоча ў нечым пераканаць сябе і яе: «Што нам трэба, Сашок? Хіба тое, што я вярнуўся жывы і не вельмі пакалечаны, і ты жывая, і Ленка здаровенькая і расце,— не найвялікшае шчасце? Колькі людзей палягло! А мы жывыя. I любоў наша жыве. I нічога нам больш не трэба. Хіба кавалак хлеба ды чыгунок вось гэтай бульбы».</p><p>Аднак гэтага, як акажацца, мала, каб вярнуць сапраўднае шчасце. Яно залежыць ад таго, якімі выйшлі людзі з вайны. Пра герояў «Трывожнага шчасця» таксама нельга сказаць, што яны сустрэліся пасля вайны такімі, якімі разлучыліся. I ў іх душах адбыліся змены.</p><p>I ім трэба новае ўнутранае збліжэнне.</p><p>Нездарма Пецю часта сніцца мост. Ён ведае, што будаўніцтвам мастоў ніколі ўжо займацца не будзе. Але мост усё роўна сніцца. «…Ажурны, лёгкі, ён узнімаёцца над крутым берагам, павісае над шырачэзнай ракой — у сне непамерна больш шырокай, чым Дняпро. Прычым мост гэты ўяўляецца яму якраз на тым месцы Дняпра, дзе ён пераязджаў яго некалі, разлучыўшыся з Сашай.</p><p>Хутка выяўляецца, што хоць Пеця і Саша жывуць разам, але няма паміж імі сапраўднага ўзаемаразумення. Пеця думае: «Саша! Чаму мне здаецца, што ты часам як бы не верыш, сумняваешся, што я люблю цябе па-ранейшаму? Не, люблю мацней, глыбей, адданей! Чаму ў цябе з’яўляецца гэтая дзіўная незнаёмая і нейкая нядобрая скептычная ўсмешачка, калі кажу табе пра сваю любоў? Чаму ты здаешся мне часам не такой?.. Не такой, якой была ў тую нашу першую, непаўторную вясну…» А далей — як крык душы: «Дык няўжо ж нельга вярнуць яе, нашу маладосць? Давай вернем,! Саша! Давай вернем!..»</p><p>Але дзесьці ў глыбіні душы Шапятовіч адчувае, што жыццё не вяртаецца назад. Яно можа зноў стаць шчаслівым, але ўжо будзе не такім, а іншым, бо іншымі сталі яны самі.</p><p>Становішча ўскладняецца тым, што Антаніна, збіраючыся разыходзіцца са сваім мужам Сцяпанам Кідалам, напісала Пятру ліст, які яму з пошты прыносіць Саша. Яна даведваецца, што Пеця сустракаўся з Антанінай у канцы вайны, і рэўнасць яе ўспыхвае з новай сілай. Пеця ў сваю чаргу працягвае раўнаваць жонку да Лялькевіча. Вайна ўсё яшчэ раз’ядноўвае іх, як раз'ядноўвае шырокая плынь два берагі ракі. Такім чынам, аповесць «Мост» — не толькі пра першы год мірнага пасляваеннага жыцця. Яна і пра вайну таксама.</p><p>Дзе ж выхад для герояў? Варта падзівіцца надзвычай тонкай чуйнасці пісьменніка да жыцця, ён не сфальшывіў у раскрыцці гэтай важнай і складанай сітуацыі. Калі героі прагнуць узаемаразумення, то іншы аўтар кінуў бы іх у абдымкі, паліліся б словы прызнання ў каханні, вернасці, пасыпаліся б клятвы. Але ўсё гэта было б сентыментальна і павярхоўна. У аповесці I. Шамякіна нічога падобнага няма.</p><p>Вядома, Пеця расказаў Сашы ўсю праўду пра ўзаемаадносіны з Антанінай. Гэта не толькі сумленна, але і адзіны шлях да новага шчасця. Без праўды наогул не могуць існаваць блізкія ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Аднак не толькі гэта прывяло герояў аповесці да канчатковага прымірэння і ўзаемаразумення. 3 цягам часу кожны з іх на канкрэтных падзеях штодзённага вясковага жыцця пераконваецца, што яны сапраўды блізкія людзі, бо аднолькава адчуваюць жыццё, аднолькава ацэньваюць падзеі, аднолькава з глыбокім болем адносяцца да людскіх бед. Само жыццё пацвяржае пасля доўгай ростані, што яны на самай справе ролныя па духу. І пачуццё кахання паміж імі ўзнікае нібы нанова. Яно цяпер, бадай, яшчэ больш моцнае, чым у юнацкую пару, бо жыццё ўзважыла і даказала яго сапраўднасць.</p><p>Ёсць у аповесці вельмі паказальны эпізод. Члены выканкома сельсавета зачыніліся ў кабінеце старшыні, каб размеркаваць сярод тых, хто мае найбольшую патрэбу, адзенне, абутак і дзве тоны ячменю, выдзеленыя райвыканкомам. Перад сельсаветам адразу сабраліся інваліды вайны, каб нагадаць, што яны маюць права на дапамогу ў першую чаргу. Выпіўшы перад гэтым дзеля смеласці, яны ўсчынаюць цэлы гармідар, лаюць сельсавецкае начальства, сумняваюцца ў тым, што яно справядліва падзеліць дапамогу. Старшыня сельсавета Бабкоў злуецца і пагражае пазваніць у міліцыю. Тады Шапятовіч адчыняе дзверы і запрашае інвалідаў зайсці і памагчы размяркоўваць дабро. Інваліды разгубіліся, але зайшлі. Гэты душэўна шчыры, дэмакратычны ўчынак Пятра бачыць жонка. «Саша хораша кіўнула яму галавой, яўна ўхваляючы яго запрашэнне, і, захінуўшы халат, каб не сарваў вецер, пайшла ў вёску, відаць, на візіт да хворага, бо з чамаданчыкам».</p><p>Гэтак у працы, у цяжкіх штодзённых клопатах пра людзей, у імкненні зменшыць хоць трохі іх гора і бяду зноў мацнеюць пачуцці глыбокай унутранай блізкасці паміж героямі. Менавіта ў час размовы пра каханне Саша кажа мужу: «Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам». Іх новае каханне патрабавальнае. Кожны з іх дапамагае другому лепш зразумець свой абавязак перад людзьмі. Саша папракае Пятра, што ён недастаткова смела абараняў партызана Андрэя Запечку, які змагаўся з фашыстамі ў Францыі і якога пасля звароту дамоў нізавошта пасадзіў у турму Булатаў. Пятро ў сваю чаргу кажа Сашы, што яна несправядліва адносіцца да Вольгі, якая нібыта сама, добраахвотна паехала ў Германію на працу, а на самай справе зрабіла высакародны ўчынак — падмяніла сяброўку, якая паехаць не магла.</p><p>На гэтай жа аснове — на аснове глыбокай чалавечнасці і аднолькавага разуменя жыцця, аднолькавых трывог за кірунак яго развіцця — адбываецца пераадоленне непрыязных адносін Шапятовіча да Лялькевіча. Аднойчы вечарам Саша, вярнуўшыся дамоў, кажа мужу: «Пеця! Там, у сельсавеце, мосціцца на начлег Уладзімір Іванавіч… Лялькевіч. Няёмка, ведаеш, каб наш партызанскі таварыш спаў на сталах. Ідзі запрасі…» Рэўнасць Пятра зноў заварушылася, але ён стрымлівае сябе. Для Сашы вельмі важна, «што ён адкажа. Не зводзіла вачэй». Ён згаджаецца, нагадаўшы сабе сказанае Сашай: «Чалавек заўсёды павінен быць чалавекам». Саша, вядома, рада, кажа яму: «Ты — слаўны. Я люблю цябе». А калі ў размове з Лялькевічам Шапятовіч пераконваецца, што гэта разумны чалавек, не выхваляка і ганарлівец, а патрабавальны да сябе кіраўнік, які не баіцца прызнацца, што ён таксама не разумее нечага ў жыцці, у яго ўзнікае давер да госця і павага. Лялькевіч можа сказаць пра сябе і такое: «Кіраўнік я, па нашым часе, пасрэдны — мяккі, ліберальны. Але вось іменна праз тое, што мнагавата чэрствасці, камандавання, такі чалавек, як я, патрэбны ў райкоме». Але гэта не самалюбаванне, а разуменне рэальнай сітуацыі. Ён кажа: «Я хачу, каб вы правільна зразумелі. Неяк так склалася, што многія работнікі ўвогуле і людзі нядрэнныя, працуюць… ну, як бы гэта сказаць?.. для справы, для дакладаў, а не для людзей. Усё гэта нават цяжка растлумачыць…»</p><p>Змены ў душэўным стане Шапятовіча псіхалагічна апраўданыя: прызнанне Лялькевіча за чалавека і аднадумцу канчаткова развейвае яго рэўнасць. «Адчуўшы ў Лялькевіча такога ж летуценніка і барацьбіта, Пятро захацеў, каб яны па-сапраўднаму пасябравалі, бо нішто так не збліжае людзей, як еднасць думак, поглядаў, імкненняў».</p><p>Толькі ў самым канцы аповесці «Мост» адбываецца ўжо сапраўдная душэўная сустрэча герояў, да якой яны ішлі праз цяжкія жыццёвыя перашкоды і выпрабаванне саміх сябе. Булатаў заводзіць «справу» на Шапятовіча і хоча пасадзіць яго ў турму, бо яму не падабаецца прынцыповасць Шапятовіча, яго справядлівасць, чалавечнасць, адчуванне ўласнай годнасці. Але райком абараняе Шапятовіча ад Булатава. Яшчэ слабая ад хваробы, спакутаваная перажываннямі за лёс мужа, у райком прыбягае Саша. І вось яны шчаслівыя вяртаюцца дадому. Зноў Пятру мроіцца мост: «…Замест карункаў хваёвай галіны на фоне блакіту перад ім паўстае казачна прыгожая арка незвычайнага моста — такога доўгага, што той, другі, бераг, куды перакінута гэтая дзівосная вясёлка, расплываецца, як у тумане». Але мост усё ж злучыў два берагі, як жыццё зноў злучыла надзейна два чалавечыя лёсы. Мост і з’яўляецца ў аповесці I. Шамякіна сімвалічным вобразам сустрэчы, яднання. Пра гэта і напісаны сам твор. Доўга ішлі Пятро і Саша да гэтага моманту свайго жыцця (недарма мост — доўгі), аднак прыйшлі.</p><p>Героям І. Шамякіна ўдалося пабудаваць свой «мост» пачуццяў. Яны зноў сталі шчаслівымі. А колькі людзей у рэальным жыцці, вярнуўшыся з вайны, не здолелі аднавіць сваіх разбураных «мастоў»! Яны панеслі па сваіх мірных жыццёвых дарогах гаркату адзіноцтва і непрыкаянасці, не здолеўшы пераадолець душэўную драму вайны. Як многа сказана у «Трывожным шчасці» I. Шамякіна пра ваенныя нягоды!</p><p>Закончаны твор пра вялікую жыццёвую эпапею маладых герояў — тыповых прадстаўнікоў пакалення, якому давялося шмат вынесці, шмат перажыць, панесці велізарныя ахвяры ў барацьбе з ворагам.</p><p>Вайна прынесла не толькі фізічныя пакуты і страты. З твора вынікае, што вайна была такой падзеяй у гісторыі народа, якая надоўга пакінула сур’ёзны след у псіхалогіі і маралі грамадства.</p><p>«Трывожнае шчасце» — твор, у якім, бадай, найбольш разнастайна выявілася творчая натура I. Шамякіна як празаіка. Пісьменнік выпрабаваў у ім розныя стылі і мастацкія падыходы: ціхую лірычную стрыманасць у «Непаўторнай вясне», завастрэнне сюжэтнага дзеяння дзеля агалення маральных праблем у «Начных зарніцах» і «Пошуках сустрэчы», дзённікавую форму падачы жыццёвага матэрыялу ў «Агні і снезе», востры сацыяльна-псіхалагічны аналіз у «Мосце». Творчы вопыт, набыты пісьменнікам у працы над «Трывожным шчасцем», узняў яго мастацкае майстэрства на новую вышыню.</p><p>I. Навуменка, прааналізаваўшы «Трывожнае шчасце», зрабіў вельмі правільную выснову адносна майстэрства пісьменніка: «Яго пяро стала больш стрыманым, зрок — праніклівейшым, роздум — глыбейшым, мова — багацейшай».</p><p>3 усіх твораў I. Шамякіна «Трывожнае шчасце» найбольш блізкае да жыццёвага вопыту аўтара, да яго асобы, да перажытага і знойдзенага ім самім. Таму зразумела, чаму гэты твор асабліва дарагі аўтару. У аўтабіяграфіі ён прызнаецца: «...Калі на канферэнцыях наіўныя чытачы часам задаюць пытанне, якую з сваіх кніг сам я больш люблю, я адказваю зусім сур’ёзна: «Трывожнае шчасце».</p><empty-line/><p><strong>IX. ПАФАС ГРАМАДСКІХ ПЕРАЎТВАРЭННЯЎ</strong></p><empty-line/><p>Адначасова з працай над апошнімі аповесцямі «Трывожнага шчасця» I. Шамякін пісаў раман «Сэрца на далоні» (1963) — пра жыццё гарадской інтэлігенцыі.</p><p>У рамане «Сэрца на далоні» вельмі шырока і падрабязна паказаны побыт герояў. Але I. Шамякін — не чысты бытапісец. Ён перакананы, што ў побыце раскрываецца не толькі характар чалавека, але і яго грамадскае аблічча. Зразумела, што па гэтай прычыне ў рамане па-мастацку даследуецца не побытавая плынь, а такія побытавыя сітуацыі, якія сацыяльна выразныя па сэнсу. Некаторыя як быццам звычайныя, надзённыя здарэнні ўздымаюцца нават да алегарычнага абагульнення тых працэсаў, якія адбываліся ў грамадскім жыцці.</p><p>Раман «Сэрца на далоні» напісаны пра час, калі савецкае грамадства пасля ўсенароднай крытыкі адступленняў ад ленінскіх прынцыпаў партыйнага кіраўніцтва жыццём перажывала важныя працэсы абнаўлення ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці. Адзін з галоўных герояў Шыковіч кажа: «Адбыліся такія падзеі! Пераварот у мазгах, у сэрцах».</p><p>У рамане «Сэрца на далоні» — новы ўзровень адносін да жыцця. Хоць і ёсць некаторае падабенства асобных вобразаў з вобразамі рамана «Крыніцы» (Бародка — Гукан), аднак нельга сказаць, што пісьменнік паўтараецца. Раман «Сэрца на далоні» ўспрымаецца як новая ступень у мастацкім адлюстраванні сучаснасці.</p><p>Развіццё дзеяння разгортваецца паволі. Першыя старонкі твора… Прыгожая дача ў лесе, ля ракі. Тут жывуць сем’і двух сяброў — пісьменніка Кірылы Шыковіча, супрацоўніка абласной газеты, і вядомага ў горадзе хірурга Антона Кузьміча Яраша.</p><p>Героі рамана заслугоўваюць таго, каб захапляцца імі. За ўзор можна ўзяць у іх шмат якія ўчынкі і думкі. Але гэта жывыя людзі, а не маральныя схемы дабрачыннасці. Ім уласцівы чалавечыя слабасці, у іх ёсць рысы і звычкі, ад якіх яны імкнуцца пазбавіцца. Яраш — самаадданы працаўнік. У працы ён знаходзіць вялікае маральнае задавальненне, бо яна вельмі патрэбна людзям. Тыя мясціны ў рамане, дзе хірург паказаны ў працы, успрымаюцца як хвала чалавеку-творцу. Але, падпарадкаваўшы ўсё сваё жыццё прафесійнаму занятку, аддаўшы ўсяго сябе людзям, ён даходзіць да крайнасці, якая пагражае ператварыць святы абавязак служыць грамадству ў сваю супрацьлегласць. Прафесійнае ўменне стала ў нейкай ступені чалавечай абмежаванасцю. Незаўважна для самога сябе Яраш адгарадзіўся ад грамадства, ад людзей, за што яго і папракае Шыковіч.</p><p>Праўдзіва паказваючы адносіны Яраша да жыцця, пісьменнік праводзіць важную думку, што для перадавога чалавека нашага часу зусім недастаткова толькі добрасумленна выконваць працоўныя абавязкі. Перадавы чалавек павінен быць духоўна актыўным, гэта значыць ён павінен умець назіраць жыццё і глыбока яго асэнсоўваць. Толькі на аснове ведання і разумення жыцця ўзнікае сапраўдная грамадская актыўнасць.</p><p>Магчыма, па той прычыне, што Ярашу не заўсёды ўласціва духоўная мэтанакіраванасць, яго адносіны да іншых людзей недастаткова прынцыповыя.</p><p>Ёсць у яго непаслядоўнасць у паводзінах, дваістасць унутранага жыцця. Ён кахае жонку і пераконвае сябе і ўсіх іншых, што заляцанні доктаркі Тамары Гаецкай яму непрыемныя. Але тым не менш сустракаецца з ёй, хоць гэта выклікае шматлікія непаразуменні.</p><p>У мінулым Яраш не быў інертны і палахлівы. Ён - былы падпольшчык, які выконваў цяжкія заданні, штодзённа рызыкаваў жыццём, быў сапраўдным героем.</p><p>Сябар Яраша Шыковіч больш прынцыповы і актыўны ў грамадскім жыцці. Пасля з’яўлення вядомых партыйных рашэнняў па аздараўленню ўсіх сфер жыцця ў краіне Кірыла Шыковіч перажывае творчы ўздым, многа і паспяхова працуе. У яго цікавыя планы. Ён ірвецца ў бой з Гуканам, якому ён некалі дапамагаў пісаць кнігу пра гарадское падполле, не ведаючы, што Гукан скажаў і падтасоўваў факты. Цяпер Шыковіч хоча насуперак Гукану ўзнавіць праўдзівую гісторыю гераічнага змагання. Ён вырашыў схапіцца з Гуканам у адкрытай спрэчцы, для чаго запрашае яго прыехаць на абед. Цікава, што ў прысутнасці Гукана яго смеласць адразу ж прападае. Псіхалагічна гэта тлумачыцца нерашучасцю, непаслядоўнасцю Шыковіча.</p><p>Героі рамана «Сэрца на далоні» вельмі зацікаўлены гісторыяй падполля. Імкненне ўстанавіць праўду тых дзён — іх страсць.</p><p>I. Шамякін, як пісьменнік сучаснай тэмы, добра ведае, што сучаснасць — гэта працяг мінулага, а мінулае — пачатак сучаснасці. Каб яшчэ глыбей пранікнуць у праблемы бягучага дня, пісьменнік вельмі ўважлівы да таго, што стала гісторыяй. Наглядаецца своеасаблівае «чаргаванне» яго ўвагі то да сучаснасці, то да мінулага як ва ўсёй творчасці, так і ў межах аднаго твора. Раманы, аповесці, апавяданні на сучасную тэму нібы суправаджаюцца, абрастаюць творамі «спадарожнікамі» пра мінулае. У рамане «Сэрца на далоні» партызанскае мінулае Яраша вылучана нават кампазіцыйна, пададзена як асобны раздзел «Расказ Антона Яраша».</p><p>Увага да мінулага і яго вывучэнне, выбар традыцый заўсёды складаюць галіну сучаснага жыцця, і вельмі важную галіну. «Лепшы прарок будучыні — мінулае»,— сказаў Дж. Байран. У сувязі з вяртаннем да ленінскіх прынцыпаў грамадскага развіцця, сучаснасць востра паставіла праблему традыцый — традыцый палітычных, дзяржаўных, эканамічных і эстэтычна-літаратурных. Зрабіўшы адной з асноўных сюжэтных ліній свайго твора барацьбу за аб’ектыўнае асвятленне народнай гісторыі, I. Шамякін паказаў сябе пісьменнікам вельмі сучасных інтарэсаў. У рамане «Сэрца на далоні» адносіны да гісторыі падполля сталі мерай вартасцей чалавека, важнай прыкметай яго поглядаў, імкненняў, маральнай і грамадзянскай сутнасці.</p><p>У час вайны Гукан пасля выканання задання хаваецца ў доме вядомага доктара Савіча, які звязаны з савецкімі патрыётамі, і выратоўваецца. Акупанты раскрылі сувязі Савіча з падполлем і забілі яго, абвясціўшы, што быццам бы з ім расправіліся партызаны за адданую службу фашыстам. Нават наладзілі пышнае пахаванне. Дачку ж доктара Зосю вывезлі ў канцлагер. Калі пасля вайны Зося вяртаецца ў родны горад, Гукан, збаяўшыся, што яго абвінавацяць у сувязях з Савічам, не толькі не гаворыць нікому праўды пра тое, хто быў Савіч на самай справе, але яшчэ і даносіць на Зосю. I Зосю ссылаюць.</p><p>Займаючы высокую пасаду, Гукан здолеў уласную версію падпольнай барацьбы ў горадзе зацвердзіць як афіцыйны погляд. Гэта дае яму магчымасць доўгі час выступаць супраць тых людзей, якія хацелі ўстанавіць праўду.</p><p>Здарылася вялікая несправядлівасць - той, хто шмат зрабіў для перамогі і ахвяраваў сваім жыццём дзеля шчасця і волі народа, абвёшчаны яго ворагам. Гэта злачынства не толькі перад тымі, хто загінуў, але і перад усёй краінай.</p><p>У артыкуле крытыка С. Гусака «Падзенне Гукана» добра раскрыта эвалюцыя гэтага літаратурнага героя ад звычайнага байзліўца да злавеснай фігуры прыстасаванца, які валодае значнай сілай і ўладай. Крытык правільна заўважыў, што «больш поўнаму раскрыццю Гукана садзейнічае паказ яго акружэння», бо без такіх людзей, як несумленны Сізоненка, зайздроснік Рагойша, баязлівец Тукала, Гукан не меў бы той сілы, якая ў яго ёсць.</p><p>Праўда ўласнай гісторыі патрэбна народу як неабходная ўмова яго існавання.</p><p>Адносіны да падполля маюць у рамане I. Шамякіна вельмі практычны сэнс, Калі чалавек абыякавы да мінулага, ён абыякавы і да сучаснасці. А абыякавых умеюць выкарыстоўваць гуканы. Не, Гукану не ўсё роўна, якія традыцыі будуць уплываць на ход сучаснага жыцця. I таму ён хлусіць, запалохвае, двурушнічае. Ён прымае грамадскія змены толькі на словах, а на самай справе хоча кіраваць па-старому.</p><p>Больш за ўсё Гукан баіцца ініцыятывы людзей, іх грамадскай самадзейнасці. Усе гуканаўскія метады кіраўніцтва — метады бюракратычныя, беззаконныя, і склаліся яны, па сутнасці, ад страху перад масамі, ад жадання адгарадзіцца ад іх. Як толькі людзі актывізаваліся, Гукан усё часцей і часцей трапляе ў непрыемнае становішча. Таму змены ў жыцці здаюцца яму трагедыяй грамадства. «Ох, распусцілі вас. Спахопіцеся!» — прарочыць ён савецкім людзям.</p><p>Заўважым, гэта вельмі лагічна, што права чалавека на ўласную ініцыятыву Гукан называв «распустай» і «анархізмам». Ён прывык лічыцца толькі з уласнай персонай або жаданнем начальства і заўсёды ігнараваў волю народа. За яго абвінаваўчымі словамі «распуста» і «анархізм» хаваецца вельмі выразная мэта — падаўленне асобы чалавека. I тут Гукан таксама робіць вялікае адступленне ад прынцыпаў сацыялізма.</p><p>Раскрыць праўду падполля не толькі маральны абавязак перад тымі, хто загінуў, забыты або незаслужана абвінавачаны ў здрадзе. Для герояў раман I. Шамякіна - гэта нешта большае. Не могуць людзі імкнуцца да добрых спраў і адначасова мірыцца з несправядлівасцю. Гэта выключана. Віза ў будучыню даецца толькі таму, хто ідзе туды з праўдай і цвёрдымі законамі справядлівасці. Такім чынам, высвятленне с праўдных абставін падпольнай працы стала арэнай вострай барацьбы паміж праўдай і дэмагогіяй, паміж чалавечнасцю і бюракратычнай абыякавасцю, паміж імкненнем наперад і бяздзейнасцю.</p><p>Чым жа скончылася гэта барацьба ў рамане? Нарэшце Шыковіч выкрыў Гукана як кар’ерыста і нягодніка. Гэта не была асабістая помста. Ісці насуперак Гукану падказаў яго грамадзянекі абавязак. Шыковіч разумее, што асабіста Тукану мала што пагражае, хоць злачынства яго перад грамадствам вялікае: «Мы на дзіва добрыя. Самае большае яго пашлюць на пенсію. Дзеля будучыні народа гуканаўшчына павінна была ліквідавана як з’ява — такое перакананне Шыковіча.</p><p>Праўда, Шыковіч непаслядоўны ў барацьбе з гуканаўшчынай. Абураны паводзінамі старшыні гарсавета, злосны Шыковіч рашуча накіроўваецца на сустрэчу з ім, каб расквітацца за ўсё. Але не даходзіць да мэты, хутка астывае і пачынае разважаць прымірэнча: «Галоўнае, што маральна ён прыкончаны, выкрыты».</p><p>Бясспрэчна, вельмі важна выкрыць Гукана маральна. Але не менш важна пазбавіць яго адміністратыўнай сілы, уплыву на грамадскія справы, бо, захаваўшы за сабой гэту сілу, ён зробіць усё, каб стварыць спрыяльную для сябе маральную атмасферу.</p><p>Такім чынам, у некаторых выпадках герой пасуе перад сваім праціўнікам, бо ён сам нейкай часткай душы яшчэ звязаны з тымі часамі, якія ўзвысілі Гукана. У тым і складанасць барацьбы з ім, што перш за ўсё яна азначае пераадоленне самога сябе — уласнай нерашучасці, няўмення, бяздумнасці — усяго таго, што дапамагала існаванню гуканаў.</p><p>У рамане «Сэрца на далоні» востра пастаўлена праблема выхавання моладзі. Менавіта праблема. Не заўсёды наяўнасць вобраза маладога хлопца ці дзяўчыны ў творы азначае, што ў ім даследуецца праблема ролі моладзі ў грамадстве. У рамане I. Шамякіна яна складае значны элемент зместу твора.</p><p>Славік — выразны тып стылягі. Пісьменнік вырашыў пачаць спачатку: захацеў разабрацца, чаму з’яўляюцца стылягі і які іх сапраўдны ўнутраны воблік. I тады аказалася, што не ўсе стылягі безнадзейныя людзі. Сярод іх ёсць і Славікі. Славік вядзе «стыльны» лад жыцця, але гэта не азначае, што ён захапляецца буржуазнай культурай і ўсім замежным. Наадварот. Ён трапляе у турму на пятнаццаць сутак за сутычку з зарубежнай дэлегацыяй моладзі. Бывае у рэстаранах, але няпраўда, што гулянкі — мэта яго жыцця. Ён разважае бескампрамісна, часта аднабакова, але цвяроза, імкнецца да лепшага. Ён атэстуецца аўтарам як «не дурны хлопец».</p><p>Узнікае пытанне: чаму лёс Славіка гэтак хвалюе пісьменніка? У першую чаргу, відаць, таму, што адносіны такіх людзей да жыцця ненармальныя. Яго розум, яго здольнасці пакуль што бяздзейнічаюць, яны «беспрацоўныя». А калі энергія чалавека прападае без карысці для людзей, гэта не можа не трывожыць свядомых членаў грамадства.</p><p>Ёсць у Славіка востры позірк, дасціпнасць, якія сведчаць аб жывым розуме, таварыскасць — усё гэта паказвае яго з добрага боку, хоць ён бывае залішне калючы, эмацыянальна нястрыманы, нават жорсткі. У душы Славіка не было моцных крытэрыяў, выпрацаваных уласным жыццёвым вопытам, якія засцераглі б яго ад разрыву з калектывам. Некаторыя ўчынкі яго адкрыта і цынічна эгаістычныя. Але гэта крайнасць, і яна не можа скампраметаваць незалежнасць як маральную вартасць чалавека. Чалавек як асоба і пачынаецца з незалежнасці. Здольнасць не паддавацца мёртвай інерцыі, смеласць пайсці насуперак агульнапрынятаму, калі яно ўстарэла,— рыса, якая азначае здаровую самастойнасць, веру ў свае сілы.</p><p>Іншым з’яўляецца другі прадстаўнік маладога пакалення — Тарас. Калі Славік часта бывае залішне самаўпэўненым, дык Тарасу не хапае незалежнасці. Ён больш верыць іншым, чым сабе, лёгка паддаецца ўсеагульнай плыні і рэдка аналізуе чужыя дзеянні, асабліва калі гэта дзеянні грамады. Для яго ўсякая група людзей — калектыў. Таму ён заўсёды залежны ад іншых і безыніцыятыўны.</p><p>Адзнакі сапраўднай незалежнасці, якая можа прывесці ў будучым да карысных, наватарскіх спраў, ёсць у Славіка. Тым не менш Славік носіць ў сваёй душы вялікі цяжар расчаравання ў людзях, які вельмі яго прыгнятае. Ён сам кажа: «Уся бяда ў тым, што я нічога не хачу». Праўда, нельга сказаць, што Славік зусім абыякавы да жыцця. Яго прываблівае ўсё новае і грандыёзнае: «Адзінае, хіба - у космас куды-небудзь паляцець».</p><p>Кірыла Шыковіч адчувае і бачыць, што жыццё сына складваецца не гэтак, як трэба. Ды не толькі яго сына, але і пэўнай часткі моладзі таксама. Ён хоча разабрацца ў гэтай прыкрай з’яве, хоць не заўсёды ў яго хапае здольнасці адшукаць усе прычыны яе ўзнікнення. Ясна адно: дрэнныя рысы Славіка не прыроджаныя. Яны ўзніклі нядаўна і пад уплывам нейкіх знешніх фактараў. Відаць, толькі пасля школы ён стаў па-сапраўднаму мысліць, але глыбока разумець жыццё яшчэ не навучыўся. I ў гэтым яму трэба дапамога. Разбірацца ў жыцці не памаглі сур’ёзна ні бацькі, ні школа. Яму чыталі толькі мараль, у якой не было якраз таго, што яму трэба,— сур’ёзнай парады. Таму ён шчыра ўсклікае: «Мама, не трэба мне маралі!»</p><p>Выходзіць, канфлікт пакаленняў? Канфлікт бацькоў і дзяцей? Не. I. Шамякія усім зместам свайго твора даводзіць: няма канфлікту паміж пакаленнямі, паміж бацькамі і дзецьмі. Але заўсёды былі і будуць бацькі і дзеці, заўсёды была і будзе праблема выхавання дзяцей бацькамі. Будучыня дзяцей надзвычай трывожыць Кірылу Шыковіча: «Я працую. I ты працуеш! — крыкнуў ёй жонцы.— Дык чаму нашы дзеці не навучыліся працаваць? Чаму растуць эгаістамі? Вось што мяне хвалюе…» Шыковіч адчувае, што не можа знайсці сакрэт правільнага выхавання, не можа дастаткова грунтоўна адказаць на тыя «чаму?», якія ён ставіць перад сабою і перад прысутнымі. Спачатку ён робіць спробу ўхапіцца за любы аргумент. Ён успомніў тое, што казана-пераказана: «Я толькі адзін магу зрабіць вывад: залішне многа выгод даём мы дзецям. Відаць, трэба даваць менш. Як мой бацька нам…»</p><p>Аднак Шыковіч будзе жорстка пакараны за гэту паспешлівасць. На пасяджэнні бюро гаркома, куды яго выклічуць за непрыгожы, хуліганскі ўчынак сына, ён пачуе тыя ж самыя словы з вуснаў... Гукана, свайго праціўніка, які вельмі стараецца, каб скарыстаць гэтыя словы супраць Шыковіча. Гукан усяляк навязвае ўсім перакананне, што дабрабыт псуе моладзь. Гэта антыгуманістычная «тэорыя». Калі верыць Гукану, то выходзіць, што маральную чысціню па-сапраўднаму вартуе і беражэ толькі беднасць. Дабрабыт жа вядзе да распусты. Трэба абавязкова быццам бы выбіраць: або багацце, або маральнае здароўе. Гукан не толькі апраўдвае матэрыяльныя нястачы. Ён узводзіць іх у закон жыцця. Практычна «выхаваўчы» прынцып Гукана зводзіцца да таго, каб не даваць моладзі ініцыятывы, каб трымаць яе ў абцугах. Ён баіцца баявога запалу моладзі.</p><p>У рамане супраць гуканаўскай «тэорыі» выхавання палемічна накіраваны словы малой Ярашавай дачкі. І хай у яё дзіцячай непасрэднасці ёсць перабольшанне, Наташа правільна гаворыць: «Дзецям трэба даваць усё! На тое яны дзеці».</p><p>Натуральна, на бюро гаркома ўзнікае пытанне: хто нясе адказнасць за выпадкі ненармальных паводзін сярод модадзі? Справа надзвычай складаная. Яна патрабуе роздуму, аналізу, вывучэння. Для Гукана ўсё проста: вінаваты бацькі тых дзяцей, якія зрабілі дрэнныя учынкі. Для Гукана і яго аднадумцаў такі падыход да выхавання вельмі выгадны. Калі ўскласці віну за дрэннае выхаванне дзяцей на якога-небудзь аднаго канкрэтнага чалавека, тады знімаецца складанасць праблемы, усё становіцца лёгкім. Ён, Гукан, асабіста не закрануты, а для кар’ерыста гэта заўсёды важна. Акрамя таго, не трэба думаць, мудрагеліць: дастаткова вынесці строгую вымову бацьку такога Славіка — і можна спакойна пайсці дамоў.</p><p>Кірыла Шыковіч адчувае, што Гукан разважае і робіць няправільна, што ён абыякавы да сутнасці справы. Шыковіч кажа: «У тым, што мой сын вырас, на жаль, не такім, якім. бы хацелася і мне і грамадству,— не толькі віна бацькоў… Думаецца, што ўсе разам мы робім у гэтай важнейшай справе сур’ёзныя промахі…» Але бяда ў тым, што, не прымаючы падазроных «тэорый» Гукана, Шыковіч не можа пакуль што знайсці нічога ўзамен. Ад бяссілля прыдумаць што-небудзь дзейснае, ён упадае ў роспач, нават страчвае кантроль над сабой. Ён злуецца і крычыць, а аднаго разу, не вытрымаўшы прысутнасці Славіка, які сваімі паводзінамі заўсёды напамінаў яму пра яго педагагічную бездапаможнасць, нават «з усяго размаху садануў правай рукой у сківіцу» сыну. Такі непрывабны, дзікі ўчынак Кірылы псіхалагічна не з’яўляецца нечаканым. Бездапаможнасць часта кідае чалавека ў неабдуманыя крайнасці. Біць — гэта, па сутнасці, рэпрэсіўная мера, якраз тое, чаго патрабаваў у скрытай форме Гукан. Шыковіч тут зрабіў па-гуканаўску. Што гэта значыць? Ці не прымірэнне гэта праціўнікаў і апраўданне метадаў Гукана? Не. Пісьменнік праводзіць тут вельмі важную думку: мала асуджаць устарэлыя парадкі, як гэта робіць Шыковіч, трэба ўмець ствараць новае. Інакш логіка жыцця адкіне назад, верне пад уладу старых звычак нават чалавека самых лепшых намераў.</p><p>Антон Яраш яшчэ меней думае пра будучыню моладзі, хоць і ён адчувае, што ў яго таксама няма моцнай унутранай сувязі з маладым пакаленнем. Ён прызнаецца, што не ведае добра яго: «Але што ён, Яраш, ведае пра гэта пакаленне? Належаць да яго Тарас і Маша… Але ёсць і Славік Шыковіч… Як і чым жыве Маша? Тарас? Што хвалюе Славіка? Як далёка ён, нядаўні камсамолец Яраш, адышоў ад гэтага пакалення!» Гэтыя думкі Яраша, думкі самакрытычныя, сцвярджаюць ідэю наральнага яднання двух пакаленняў у нашым грамадстве.</p><p>I Шыковіч, і Яраш аказаліся няздольнымі глыбока асэнсаваць самыя неадкладныя задачы выхавання. Яны не знайшлі патрэбнага накірунку, хоць ён у рамане падказваецца жыццёвай лініяй самога Славіка. Такога сапсутага хлопца, як Славік, можа вылечыць толькі цікавая, па сэрцу праца, якая выклікае глыбокую актыўнасць душы, дае радасць і задавальненне. Аб такой працы Славік марыць.</p><p>Аказваецца, у гэтага непаслядоўнага, капрызнага і калючага, але здольнага, разумнага і развітога хлопца жыве мара пра вялікую працу, дзе ён мог бы паказаць сябе актыўным, умелым і таленавітым, дзе маглі б развівацца ўсе яго стваральныя сілы. У яго ёсць здаровая зайздрасць да чужой умелай працы, да поспеху. Ён кажа: «Яраш усё ўмее».</p><p>Славік прымае толькі паўнакроўнае жыццё, калі ёсць магчымасць сцвярджаць сябе як чалавека-творцу, чалавека-пераўтваральніка. Ён працуе на заводзе ахвотней і лепш, чым працаваў на тэлестудыі. Тонкая работа зборшчыка складаных станкоў захапіла яго, але не задаволіла поўнасцю. I ён працягвае марыць аб жыццёвым занятку, які патрабуе вялікай ініцыятывы і ўнутранай самааддачы.</p><p>I. Шамякін не спрашчае задачу выхавання моладзі ў працэсе працы. Раман «Сэрца на далоні» не належыць да тых даволі шматлікіх твораў, дзе праца выконвае ролю нейкага цудадзейнага чысцілішча, з якога адмоўныя героі заўсёды выходзяць ружовымі.</p><p>Але, можа, Славік і не заслугоўвае таго, каб моцна трывожыцца за яго лёс? Можа, тое, што здарылася з ім, усяго толькі заслужаная расплата за ўнутраную неарганізаванасць і бяздумнасць? Славік жа з тых, якія могуць апусціцца яшчэ ніжэй, хоць у яго і ёсць нешта добрае ў душы.</p><p>Аднак справа не толькі ў станоўчых рысах героя. У рамане паказваецца, што псіхалагічны тып, надобны да Славіка, нягледзячы на ўсе свае недахопы, якія заслугоўваюць толькі асуджэння, усё ж такі займае патрэбнае месца ў жыцці. Яго, гэты тып, нельга так лёгка, без жалю выкінуць з жыцця. Гэта добра раскрыта праз узаемаадносіны трох герояў: Тараса, Машы і Славіка.</p><p>Маша — дзяўчына надзвычай сімпатычная, воблік якой заўсёды напамінае аб жыццёвай красе. Яе кахаюць і Тарас, і Славік. Пакуль што яна прыглядаецца да іх абодвух, хоць збіраецца выходзіць замуж за Тараса. Канчатковай згоды яна яшчэ не дала і на Тарасаву прапанову адказала, што падумае да Новага года. Яна сама яшчэ не ведае, ці кахае Тараса. Ёй не ўсё падабаецца ў ім. Маша бачыць яго залішнюю паслухмянасць, пакору, просталінейнасць. Яна кажа: «Тарас, напэўна, будзе найлепшы муж. Але ён вельмі правільны». I далей: «Вось я зараз падумала. Каб пасватаўся такі шалапут, як Славік Шыковіч… Хоць які з яго муж, дзіця горкае, і не з ветрыкам, а з завірухай у галаве! Але я, напэўна, адразу згадзілася б. Замуж дык замуж. Як у палонку. Адразу. 3 галавой. Бух - і ўсё».</p><p>Як відаць, Маша і раней думала пра Славіка, нават прызнаецца, што выйшла б за яго замуж. Пасля аварыі яна выразней адчула, што пачынае кахаць Славіка. «I я цябе люблю»,— адказвае яна на яго прызнанне, хоць пакуль што кажа гэтыя словы як брату. Убачыўшы Тараса, яна думае: «Я ведаю, ты будзеш цудоўны муж. I я пайду за цябе. Толькі не цяпер. Не патрабуй адразу, хоць Новы год і настаў». Замужжа цяпер. чамусьці не хвалявала яе. Невядома яшчэ, як складзецца лёс гэтых герояў у далейшым, аднак несумненна адно: Маша аддае ў нечым вельмі важным перавагу Славіку перад Тарасам.</p><p>Унутраную патрэбу высветліць, што здарылася са Славікам, вельмі добра адчувае Валянціна Андрэеўна, яго маці. «Я хачу разабрацца…» — кажа яна і здагадваецца, што адной з прычын няшчасця быў недавер бацькі да сына. 3 горкім дакорам яна пытае ў Кірылы: «Як пасля ён мог даверыцца табе, калі ты не верыў яму?»</p><p>Аднак боль сэрца, папрокі жонкі прымушаюць і бацьку ўдумацца ў становішча рэчаў: ён «спрабаваў даць адказы на гэтыя «чаму?» — жончыны і свае ўласныя. Ён думаў шырока і самакрытычна, што ў яго таксама, як і ў тых, каго ён асуджае, часам жыве абыякавасць да чалавека, нават блізкага».</p><p>Такім чынам, мінулае і сучаснае, грамадскае і асабістае ў рамане «Сэрца на далоні» маюць складанае ўзаемадачыненне, як і ў жыцці. Шыковіч думае: «Як усё пераплялося — старое і новае, вялікае і малое, гераічнае і будзённае, коснае і перадавое!»</p><p>Перадавое нараджаецца нялёгка. У барацьбе за праўду мінулага і радасць сучаснасці, якая вядзецца ў рамане, асаблівае значэнне мае жыццёвы лёс Зосі Савіч. Менавіта раздзелы, прысвечаныя гэтай гераіні, больш, чым іншыя, звязаны з галоўнай ідэяй твора - ідэяй дзейснага гуманізму. Пасля вайны Зосі жылося вельмі цяжка. 3 застарэлым парокам сэрца яна трапляе ў бальніцу да доктара Яраша. Ёй робяць аперацыю.</p><p>Вобраз Зосі Савіч абагульнены ў рамане. Яна — прадстаўніца народа, адна з тых, хто служыць Радзіме самааддана і бескарысліва. Аўтар спецыяльна падкрэслівае, што яна «да незапамінальнасці звычайная з твару». Незапамінальнасць якраз і азначае абагульненасць яе вобліку. Што ў вобразе Зосі пісьменнік абагульняе вельмі многае, відаць па загалоўку рамана. Гэта СЭРЦА Зосі НА ДАЛОНІ хірурга. Ад выніку аперацыі залежыць яе будучыня: ці жыць ёй шчасліва, ці зноў пакутаваць.</p><p>Такім чынам, назва рамана алегарычная. Што ж азначае гэта алегорыя? Яе сэнс можна зразумець, удумаўшыся ў тое, што бачыць Шыковіч, углядаючыся ў Зосін твар, калі яна ляжыць на аперацыйным стале: «Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём і хваробай… Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамі прыгажосць, абаяльнасць і… мужнасць. Усё гэта цяпер - толькі ў яе вачах, у яе позірку».</p><p>Значыць, аперацыя — таксама алегорыя. Гэта сэрцы ўсіх людзей на далоні часу-хірурга. Мэта аперацыі — зберагчы лепшыя якасці чалавечай душы: прыгажосць, актыўнасць духу, мужнасць.</p><p>I вось Зося рэабілітавана і вылечана. Але Яраш вельмі добра разумее, што гэтым не заканчваюцца ўсе яе парахункі з цяжкім мінулым. Ён хоча, каб Зося пачала новае жыццё — «новае ва ўсім (аб гэтым ён паклапоціцца)». Яраш кажа Кірылу: «Ты думаў, аперацыяй усё канчаецца? Аперацыя толькі пачатак барацьбы…»</p><p>I Яраш, і Шыковіч усё зрабілі для таго, каб рэабілітаваць і вярнуць да жыцця Зосю Савіч. Не здолелі яны толькі да канца паклапаціцца, каб яе жыццё стала новым ва ўсім, хоць Яраш і абяцаў сабе зрабіць гэта.</p><p>Зося ўцякае ад сваіх добразычліўцаў. Яна ўдзячная ім за многае, але на пэўным этапе ўзаемаадносін наступае крызіс, выкліканы іх нясмеласцю і няўменнем разабрацца ў жыццёвай сітуацыі.</p><p>Характэрна, што пасля аперацыі Шыковіч і Яраш дапамагалі Зосі крадком, не адважваючыся на адкрытае прызнанне блізкай дружбы. Яраш хаваў ад жонкі свае сяброўскія сустрэчы з Зосяй. Гэта была палавінчатая, непаслядоўная пазіцыя. Доўга так не магло працягвацца. Жыццё прымусіла герояў зрабіць выбар.</p><p>Сябры не здолелі ўтрымаць Зосю ля сябе — і гэта іх віна. Віна ў першую чаргу Яраша, які адступіў перад мяшчанскімі дамаганнямі жонкі — адступіў, каб толькі мець спакой. Цяпер ён будзе жыць без эксцэсаў і скандалаў, але і без прыгожых, высакародных парыванняў. Праўда, ён адчувае цану страты: «Сорам! Які сорам!» — усклікае Антон Кузьміч. Больш таго, Зося становіцца для яго зоркай, пра якую ён марыць, увасабленнем усяго лепшага ў жыцці, сімвалам сапраўднага шчасця. «Яго мозг у той міг быў радыётэлескопам, які шукаў згублёную зорку.</p><p>Дзе яна?</p><p>Куды знікла?».</p><p>Аўтар пакідае свайго героя на раздарожжы. Практычна Яраш здаўся, зрабіў крок у напрамку да мяшчанства. Але не ўсё скончана. Падымаючы тост на Новы год, калі ўсе думаюць пра шчасце, «за добрых дзяцей і за добрых людзей», Яраш «зноў падумаў пра Зосю». Ці будзе ён яе шукаць, пакажа будучыня.</p><p>«Сэрца на далоні» — раман, у якім шмат хвалюючага жыццёвага зместу. У гэтым творы ў жывых інтанацыях гучыць голас сучаснасці.</p><p>Крытыка — беларуская, усесаюзная, сацыялістычных краін — высока ацаніла раман «Сэрца на далоні», падкрэслівала яго шматпраблемнасць, сацыяльную заглыбленасць і вастрыню. I. Навуменка пісаў, што «ацэнка, суд сённяшняга над мінулым складае асноўны канфлікт твора, рухае яго сюжэт, надае раману той зарад займальнасці, які не пакіне раўнадушным чытача». Балгарскі крытык Георгій Вылчаў адзначаў мэтанакіраваны і страсны пафас сучаснасці, уласцівы творчай пазіцыі аўтара ў гэтым творы: «Пісьменнік выступае ў рамане нястомным адкрывальнікам новага стану, думак і перажыванняў сучаснікаў… Ён падае тое, што яшчэ не на ўсю сілу загучала ў беларускай літаратуры — сучаснасць». П. Дзюбайла лічыць «Сэрца на далоні» самым чытабельным творам пісьменніка ў параўнанні з усімі папярэднімі: «Аднак творам, які стаў найбольш папулярным і прынёс I. Шамякіну шырокую славу, з’яўляецца раман «Сэрца на далоні»… Раман адпавядае той атмасферы, якая створана ва ўсім нашым грамадскім і духоўным жыцці ў апошні час. Ён прасякнуты гуманізмам, нецярпімасцю да ўсяго таго, што прыніжае і абражае савецкага чалавека. У рамане — хвалюючыя праблемы нашага часу, жыццё ў ім паказана ў руху, развіцці, у розных вымярэннях (падзеі вайны, сучаснаець а праекцыяй на будучыню)». Ва ўсесаюзным друку заўважана была важная асаблівасць майстэрства I. Шамякіна — уменне аб’ядноўваць глыбокім маральным пачуццём шматпланавасць рамана. Вось думка крытыка В. Аскоцкага: «Сюжэтныя лініі рамана «Сэрца на далоні», хоць часам і здаюцца паралельнымі, якія не перасякаюцца, якія не маюць пунктаў судакранання,- усе яны збліжаны тым «адзнствам самабытных маральных адносін аўтара да прадмета», якія, па Л. Талстому, і ёсць «цэмент», што звязвае «ўсякі мастацкі твор у адно цэлае».</p><p>У рамане «Сэрца на далоні» пастаўлены самыя надзённыя, самыя важныя праблемы народнага жыцця, якія хвалявалі ў пачатку 60-х гадоў усё савецкае грамадства: сувязь праўды мінулага і праўды сучаснасці, адносіны паміж пакаленнямі, выхаванне моладзі, неабходнасць станаўлення чалавека як асобы і іншыя. Яны не страцілі свайго вялікага сацыяльнага і этычнага значэння і сёння. I. Шамякін у гэтым творы паказаў знутры праўдзівае аблічча ўсяго грамадства ў пэўны перыяд яго развіцця — аблічча не ідэалізаванае, менавіта такое, якое ён разгледзеў і асэнсаваў. Героі рамана імкнуцца да праўды, схіляюцца да новых прынцыпаў узаемаадносін паміж людзьмі, хоць у сваіх перадавых імкненнях яны часта яшчэ непаслядоўныя. Але ў гэтым была праўда жыцця, якую ўмее распазнаваць, цаніць і эстэтычна ўзважваць I. Шамякін.</p><empty-line/><p><strong>X. МАРАЛЬНАЕ АБНАЎЛЕННЕ ЧАЛАВЕКА</strong></p><empty-line/><p>Ствараючы шматпланавы малюнак глыбокіх змен у грамадскім жыцці, I. Шамякін паказваў у той ці іншай ступені таксама і змены ва ўнутраным свеце чалавека, якія адбываліся дзякуючы новай атмасферы ўзаемаадносін паміж людзьмі. У творах I. Шамякіна маральнае і сацыяльнае цесна спалучаны, маральнае часта набывае сацыяльны маштаб, сацыяльнае ж існуе у непарыўнай і адкрытай сувязі з маральным пачаткам жыцця. Грамадская характарыстыка герояў рамана «Сэрца на далоні» як Яраша і Шыковіча, так і Гукана часта ўзнікае на аснове маральнай ацэнкі іх паводзін. Думка, што не можа стаць сапраўдным грамадзянінам той, у каго няма развітай і цвёрда засвоенай этычнай сістэмы адчўванняў і ўяўленняў — сумленнасці, шчырасці, праўдалюбства і павагі да чалавека,— праводзіцца ў творах I. Шамякіна паслядоўна і выразна.</p><p>Аднак у складаным і шырокім сацыяльна-бытавым малюнку жыцця, які разгортваецца ў яго раманах, на першы план усё ж часцей выступае сацыяльная канцэпцыя чалавека, а маральнае толькі прасвечваецца ў вобразе, Так і павінна быць, дарэчы, у буйных эпічных творах, якія даюць шырокія жанравыя магчымасці для мастацкага «зрэзу» сацыяльных пластоў жыцця. Калі раманы I. Шамякіна будуюцца на выразных сацыяльных задумах, то ў жанрах малой эпічнай формы — апавяданнях і аповесцях — ён засяроджваецца ў асноўным на маральнай праблематыцы.</p><p>Апавяданне «Вячэрні сеанс» (1960) — аб унутранай няўвазе чалавека да іншых, нават блізкіх людзей. Няма ўзаемаразумення паміж мужам і жонкай. Ён, выкладчык ВНУ, у такой ступені перакананы ў сваёй перавазе над жонкай, што яго не цікавіць, як яна думае пра яго і якімі душэўнымі інтарэсамі жыве наогул. Наспявае глыбокая ўнутраная адчужанасць людзей.</p><p>У апавяданнях «Непрыгожая» (1960), «Дзеці настаўніцы» (1960), «Аксана» (1965) паэтызуюцца чалавечая дабрата і глыбокае разуменне душы другога чалавека.</p><p>I. Шамякін закранаў вострыя праблемы маралі і ў драматургічных творах. П’еса «Выгнанне блудніцы» (1961) прысвечана праблеме этычнай непрымірымасці паміж высокім усведамленнем абавязку і беспрынцыповасцю, паміж выхаванай стрыманасцю натуры і мяшчанскай усёдазволенасцю. У калгас прыязджае вучыць музыцы дзяцей і дарослых, а таксама кіраваць хорам выкладчыца музыкі Яўгенія Любаміраўна, добры спецыяліст, на якога вёсцы проста пашанцавала. Але, аказваецца, усё жыццё Яўтеніі Любаміраўны падпарадкавана адной мэце — уладкавацца так, каб жыць багата і спакойна. Яна патрабуе павялічыць ёй зарплату, хоць атрымлівае дзве стаўкі дырэктара школы, робіць спробу «адбіць» у даяркі Галі яе мужа, дырэктара школы Яснікава, калі даведваецца, што ён перспектыўны вучоны, хоць не любіць яго. У канцы п’есы, напалоханая тым, што яе хацеў пабіць сукаватым кіем дзед Піліп, які выступае ў творы як увасабленне адвечных цвёрдых і чыстых прынцыпаў народнай маралі, адчуваючы ўсеагульны байкот сваей персоны, яна ўцякае з калгаса.</p><p>Асаблівае месца ў мастацкай распрацоўцы маральнай праблематыкі належыць аповесці «Ах, Міхаліна, Міхаліна» (1966), напісанай востра і смела, з глыбокім пранікненнем у сутнасць канфлікту.</p><p>Аповесць гэта і па тэме, і па праблематыцы ў нейкай ступені паўтарае п’есу «Выгнанне блудніцы». Пісьменнік адчуў неабходнасць зноў вярнуцца да пытання аб мяшчанстве і бездухоўнасці, магчыма, хочучы паглыбіць уласную творчую канцэпцыю, бо з цягам часу стала асабліва заўважацца, што аблічча мяшчанства ў п’есе «Выгнанне блудніцы» асуджалася некалькі плакатна, а канфлікт яе залішне адкрыты.</p><p>Вастрыня праблемы, якая стала зместам аповесці «Ах, Міхаліна, Міхаліна», падкрэсліваецца ў дадатак тым, што аповесць напісана на спецыфічным жыццёвым матэрыяле. Яе героі — настаўнікі, а ў педагагічным асяроддзі, як вядома, асаблівая патрабавальнасць да маральных якасцей чалавека. Жыццё настаўнікаў заўсёды навідавоку дзяцей, і настаўнікі выхоўваюць вучняў не толькі тым, што гавораць у класе, але і кожным сваім штодзённым, будзённым учынкам. Таму ўсякая палавінчатасць, няяснасць, недагаворанасць у інтымных узаемаадносінах паміж настаўнікамі з’яўляюцца самі па сабе амаральнымі і недапушчальнымі. Перад судом тых, хто ўступае ў жыццё, свет пачуццяў у настаўнікаў павінен мець гранічную яснасць і адкрытасць.</p><p>Настаўніца Міхаліна працуе ў вясковай школе, вядзе ўрокі беларускай мовы, мае мужа Генадзя, які працуе ў той жа школе настаўнікам, і трохгадовага сына Сашку. Жыве яна ў добрым, прыгожым доме. Дом належыць маці Генадзя, разумнай жанчыне, інтэлігентнай і вопытнай настаўніцы Антаніне Аркадзьеўне. Свякруху Міхаліна заве мамай. Паміж імі добрыя адносіны.</p><p>Усё было спакойна ў сям’і, пакуль не з’явіўся ў школе новы завуч Аляксандр Дзямідавіч. Ён прыехаў з сям’ёй, у яго двое дзяцей. Міхаліна закахалася ў гэтага чалавека, як кажуць, з першага позірку, хоць Аляксандр Дзямідавіч нічым прыкметным не вылучаўся, каб адразу ім можна было захапіцца. Ён таксама пакахаў Міхаліну.</p><p>Чаму так здарылася? Перш за ўсё, напэўна, таму, што Міхаліна не кахала мужа. Яна прызнаецца пасля: «Генадзя мне падаравала звычайнае жыццё. Я не марыла пра яго нават пасля таго, калі мы пазнаёміліся на трэцім курсе і пачалі сустракацца, хадзіць у кіно, у тэатр, на вечары. Я люблю людзей увогуле, мне цікава з кожным чалавекам, і мне цікава было з ім, з Генадзем. I я пераканала сябе, што люблю яго. Хіба я ведала, якая яна, любоў?»</p><p>Замужжа з Генадзем было памылкай Міхаліны, самападманам, гэта быў хай сабе і несвядомы, але разлік неяк уладкавацца ў жыцці. Яна выходзіць замуж за Генадзя, паддаўшыся на ўгаворы сябровак, маці і сястры. Аргумент іхні чыста разліковы: «Пашлюць у такую глухамань, як наша, дык ніякага жаніха не знойдзеш. За трактарыста выйдзеш».</p><p>I вось Міхаліна расплачваецца за тую жыццёвую памылку, расплачваецца няшчасцем.</p><p>Праўда, у тым, што здарылася, вінаваты і Генадзь, Яму не хапіла ўнутранай чуйнасці ўлавіць душэўны настрой жонкі, зразумець яе складаную натуру, адчуць жыццёвыя імкненні. Ён проста няздатны на гэта, бо залішне будзённы ў сваіх жыццёвых інтарэсах. У яго ні парыванняў, ні мар. Генадзь не адчуў, што Міхаліна зусім іншая, што яна яго не кахае, і таму нічога не зрабіў, каб выклікаць яе сапраўдныя пачуцці да сябе. Нават маці скажа яму пасля: «Завошта яна будзе любіць цябе? Ты сам… сам ва ўсім вінаваты! Сляпы, самаўлюбёны эгаіст!»</p><p>У аповесці не раскрыты ў поўнай меры характар Аляксандра Дзямідавіча, не паказана духоўная прывабнасць яго ўнутранага свету. Але па некаторых учынках і выказваннях можна меркаваць, што ён — настаўнік падрыхтаваны, чалавек тактоўны, унутрана развіты. Новы завуч, відаць, не заспакойваецца на дасягнутым, да працы адносіцца творча, піша нават дысертацыю. За гэта яго таксама цэніць Міхаліна. Яна адразу адчула, што ён — з яе мары, «з той дзявочай, калі ўпершьшю пачынаеш думаць пра таго, хто павінен прыйсці ў тваё жыццё, узяць за руку і павесці за сабой…»</p><p>Міхаліна спачаткў не здагадваецца, што яе адносіны да новага завуча — гэта каханне. «…Мне проста было хораша, весела. Весела жылося, весела працавалася. I — далібог жа — за ўсе пяць месяцаў ні разу не з’яўлялася думка, што гэта — каханне і што яно можа разбурыць нашу сям’ю, зрабіць няшчасным Генадзя, Сашку, Антаніну Аркадзьеўну…» Але адбываецца прызнанне ў каханні, а пасля некалькі патаемных сустрэч.</p><p>Гераіня аповесці — чалавек сумленны. Адчуваючы, што яна і яе каханы знаходзяцца ў двухсэнсоўным становішчы, Міхаліна спыняе сустрэчы і збіраецца сказаць пра сваё каханне да Аляксандра Дзямідавіча мужу. Але нечакана выбухнуў скандал. Нехта падгледзеў іх сустрэчу, і хутка пра гэта стала вядома ўсім. Грубая душой жонка Аляксандра Дзямідавіча прыбягае да Міхаліны дадому і лае яе ў прысутнасці мужа і свякрухі апошнімі словамі. Генадзь абураны, кідаецца біцца да Міхаліны. Тая, узяўшы з сабой сына, пакідае дом.</p><p>Сітуацыя вельмі вострая і складаная. Адносіны да таго, што здарылася, якраз і характарызуюць найбольш поўна людзей з маральнага боку, раскрываюць сапраўдную чалавечую сутнасць кожнага з іх.</p><p>Міхаліна ў гэты драматычны момант свайго жыцця аказваецца на вышыні і як чалавек, і як педагог. Калі яна прыйшла ў клас, то здагадалася, што вучні таксама ведаюць пра ўсё, і, як выхавацель, прыняла адзіна правільнае рашэнне — быць шчырай, сумленнай і праўдзівай да канца. Міхаліна сказала сваім вучням: «Я ведаю, што вы чулі і яшчэ пачуеце, і праўду і плёткі. Плётак будзе больш, як заўсёды пры такіх гісторыях. Вы ўжо дарослыя людзі, і мне хочацца, каб вы ўмелі разабрацца і зразўмець без абывацельскіх забабонаў… Ведайце адно, адну праўду ва ўсім гэтым: я кахаю Аляксандра Дзямідавіча». Вучням не магла не спадабацца такая шчырасць і адкрытасць настаўніцы, і яны нават заапладзіравалі.</p><p>Разам з тым Міхаліна шчыра спачувае мужу, перажывае, што яму балюча, шкадуе, што так здарылася.</p><p>Знаходзіцца яшчэ адзін чалавек, які ўспрыняў тое, што здарылася, гэтак жа мужна, як і сама Міхаліна, з сапраўдным чалавечым разуменнем яе паводзін,— гэта Антаніна Аркадзьеўна, хоць, ёй гэта даецца нялёгка. Пазіцыя Антаніны Аркадзьеўны нічога агульнага не мае з бязвольным і беспрынцыповым усёдараваннем: маўляў, у жыцці ўсякае здараецца, а таму з усім трэба мірыцца. Не. Яна разумее іншае: жыццё з чалавекам, якога не кахаеш, амаральнае само па сабе, бо яно не толькі выклікае адчужэнне, нараджае ў душы чэрствасць, але і штодзённа штурхае на дробязнае прытворства, няшчырасць, развівае эгаізм. Таму Антаніна Аркадзьеўна стрымлівае боль і абразу за сына, умешваецца ў канфлікт, каб ён не набыў абразлівых для чалавечай годнасці формаў. Гэта яна першая апамяталася, калі жонка завуча Люба пачала, бэсціць нявестку: «Не крычыце, калі ласка! — сурова загадала яна Любе.- Вы не на базары. Вядзіце сябе прыстойна. Мы не прывыклі да такіх слоў… Пра ўсё можна сказаць па-чалавечаму…» А пасля, калі Люба ўсё ж робіць па-свойму, яна выганяе яе з хаты: «Ідзіце адсюль, прашу вас,— ветліва, але настойліва папрасіла раз’юшаную жанчыну Антаніна Аркадзьеўна.— Вы сваё зрабілі і — калі ласка... Мы самі разбяромся».</p><p>Калі Генадзь, даведаўшыся праўду, кідаецца біць Міхаліну, маці стрымлівае сына: «Не смей! Не смей! Я не дазволю, каб мой сын біў жанчыну! Не дазволю! Ганьба! Ганьба!» I пазней, пасля таго як Міхаліна пайшла з дзіцем з дому на кватэру, яна клапоціцца пра ўнука, сустракаецца з Міхалінай і дае парады. Антаніна Аркадзьеўна — увасабленне сапраўднай унутранай культуры, разважлівасці і чалавечнасці.</p><p>Генадзь паводзіць сябе эгаістычна. Адразу выявілася, што ў яго няма навыкаў культурнага чалавека і што ён наогул душэўна недалёкі і дробны. Такі чалавек сапраўды не заслугоўвае кахання, але ён прынамсі, заслугоўвае жалю і спачування, бо сэрца ў яго, як кажа маці, добрае і адыходлівае. А вось Люба не заслугоўвае і гэтага. Яна — увасабленне нізкіх душэўных парыванняў і бескультур’я. Люба і не думае, «каб хоць крыху стаіць ад людзей сваю драму», бо не разумее, навошта гэта патрэбна. Наадварот, яна пастаралася, каб пра тое, што здарылася, уведалі і райана, і райком. У яе адна мэта — утрымаць ўсімі сродкамі мужа. Яна прызнаецца: «Я за сваё — горла перагрызу!» Першае, што яна зрабіла,— насадзіла мужу сінякоў і падрапала твар.</p><p>Як жа вядзе сябе ў гэтай сітуацыі Аляксандр Дзямідавіч? Трэба адразу сказаць - не найлепшым чынам. Адседжваецца дома з падрапаным тварам. Ён не здолеў праявіць у такі складаны момант мужчынскі характар, характар чалавека, які мае ўласную годнасць. Нездарма настаўнік Павел Адамавіч кажа пра яго Міхаліне: «Адно шкадую: што ён — не герой. Аляксандр Дзямідавіч. Не. Не герой». Гэтак жа ацэньвае паводзіны завуча і Антаніна Аркадзьеўна. Сапраўды, у час выбару рашэння, ад якога залежыць яго ўласны лёс, лёс яго каханай, лёс дзяцей, у яго не хапіла смеласці і рашучасці.</p><p>Можна сказаць, што ў аповесці I. Шамякіна «Ах, Міхаліна, Міхаліна» ў нейкай ступені паўторана ў сучасных грамадскіх умовах сюжэтная сітуацыя аповесці I. Тургенева «Ася», дзе таксама ў рашучы момант жыцця гераіня аказалася па духоўнаму і маральнаму патэнцыялу вышэй за свайго абранніка, няздольнага да дзейснага, смелага кроку.</p><p>Так, Міхаліна вышэй за свайго абранніка пры ўсіх яго дадатных якасцях. Прычым Аляксандр Дзямідавіч здагадваецца пра гэта. У запісцы да Міхаліны ён прызнаецца: «…Праклінаю сам сябе, што я такі бязвольны і слабы. Не магу так, як ты». Міхаліна больш востра і больш глыбока перажывае ўласную драму, больш выразна бачыць яе маральныя вынікі. Яна ведае: да таго, што здарылася, трэба адносіцца вельмі сур'ёзна і прынцыпова. Інакш драма стане па сваёй сутнасці камедыяй. «А я не хачу камедыі! — кажа яна.— Не! Няхай лепш будзе драма!» Яе ж абраннік адразу апусціўся да камедыйнага становішча. Герой з падрапаным жонкай тварам — ужо не герой, а камедыйная фігура.</p><p>Каханне Міхаліны было бунтам супраць існуючай ненатуральнасці ў жыцці, супраць мяшчанскай паўзучасці (мужа Міхаліны Генадзя той жа Павел Адамавіч называе «малюскам»), нецікавага існавання. Гераіня нават пасля таго, як скандал ужо выбухнуў, прызнаецца: «А мне хацелася бунтаваць, як ніколі ў жыцці. Бунтаваць супраць усіх канонаў, законаў, традыцый, супраць людзей і абставін, якія стварылі людзі. Было і радасна і страшна ад гэтага свайго нечаканага бунтарства».</p><p>Бунт адбыўся, але не разгарэўся. Яго патушылі. Патушылі сам Аляксандр Дзямідавіч, дырэктар школы і большасць настаўнікаў, вышэйстаячыя інстанцыі, дзе Міхаліна вымушана была шукаць падтрымкі і разумення. Іх нерашучасць, насцярожанасць і недавер зрабілі сваю справу.</p><p>Выходзіць як быццам, што бунт гераіні нічога не даў і ўсё засталося так, як было? Не. Бунт не аказаўся дарэмным. Так або інакш ён паўплываў на лёс усіх герояў, а найбольш, вядома, на лёс самой Міхаліны. Яна стала іншым чалавекам і ўжо не змагла б быць такой, якой была, нават калі б вярнулася да мужа. А такая магчымасць існавала. Антаніна Аркадзьеўна ўгаварвала яе вярнуцца. I Міхаліна дзеля дзіцяці як быццам была згодна, але з адной умовай: «Каб наш саюз з Генадзем быў саюзам роўных і… вольных. Каб ён не паводзіў сябе ўладаром, як казалі раней, сваёй богам дадзенай палавіны. I каб ніколі нічым — ні словам, ні дзеяй — не абразіў гэтую маю любоў… Яна — святая… Для мяне... I, вы разумееце, я не дазволю, каб нехта караў мяне за яе… Згодзіцца Генадзь на такую ўмову?» I тут жа ўпэўнена сама адказвае: «Згодзіцца. Але ніколі не выканае. Для гэтага хіба такая трэба сіла волі, як у Генадзя! I незалежнасць ад людской думкі. I душэўная культура. Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі… А я гэтага не сцярплю… Я зноў мушу перабірацца з Сашкам да Уліты. I тады ўжо для людзей будзе камедыя».</p><p>Міхаліна застаецца адна з сынам. Выпрасіўшы сабе ў сакратара абкома права застацца працаваць у той школе, дзе працуе Аляксандр Дзямідавіч, даўшы клятвеннае абяцанне парваць з ім назаўсёды. Але яна працягвае кахаць яго («Я люблю яго нават мацней, чым раней»), ёй дастаткова проста бачыць яго.</p><p>Бунт Міхаліны і яе самаадданасць у каханні станоўча паўплываюць, напэўна, на пачуцці і свядомасць усіх, на чыіх вачах усё гэта адбывалася. Магчыма, нават Генадзь зробіць для сябе некаторыя вывады і хоць трохі стане інакшым. Усё жыццё будзе пакутаваць Аляксандр Дзямідавіч, але ўжо ніколі яму, запалоханаму і скаронаму, не суджана адгукнуцца на пачуццё каханай. Яго нават павысілі па службе — прызначылі, дараваўшы «грэх», дырэктарам школы.</p><p>Але не ўсё так безнадзейна ў жыцці для сапраўднага кахання, шчырасці і натуральнасці. Аповесць «Ах, Міхаліна, Міхаліна» - аптымістычная. Падрастае другі Сашка (думаецца, супадзенне імёнаў каханага і сына Міхаліны ў творы не выпадковае), і ён, выхаваны Міхалінай і Антанінай Аркадзьеўнай, хочацца спадзявацца, будзе больш адкрыты душэўна да ўсяго натуральнага і шчырага ў жыцці, чым яго папярэднік Аляксандр Дзямідавіч.</p><p>Як відаць са сказанага, сэнс усёй гэтай жыва і востра расказанай гісторыі вельмі значны, хвалюючы і надзённы. Аповесць «Ах, Міхаліна, Міхаліна» — пра маральнае абнаўленне сучаснага чалавека, пра яго імкненне жыць з пачуццём уласнай годнасці, пра нялёгкае, драматычнае вызваленне з-пад уціску звыклага цяжару мяшчанскага, бездухоўнага існавання.</p><p>Мараль заўсёды мае грамадскі аспект. Таму ў аповесці «Ах, Міхаліна, Міхаліна» ёсць выразны сацыяльны падтэкст. За чыста маральным канфліктам гэтага твора адкцываецца малюнак сацыяльных імкненняў і магчымасцей розных прадстаўнікоў нашага грамадства таго часу, калі стваралася аповесць.</p><p>Вобраз Міхаліны ўвасабляе ўсё непасрэдна пачуццёвае і бунтарскае, а вобраз Аляксандра Дзямідавіча — усё рацыянальна ўзважанае, інтэлектуальнае. Іх еднасць, блізкасць, трыумф аказаліся часовымі. 3-за баязлівасці аднаго з іх героі адступілі перад сілай і ўладай мяшчанства.</p><p>Крытыка ўспрыняла змест аповесці выключна як побытавую гісторыю, як каларытнае здарэнне тыпу «а яшчэ быў выпадак у жыцці», не адчула абагульняючай сілы вобразаў і, можна сказаць, прайшла міма твора. Сапраўды, не заўважыўшы глыбокага маральнага пафасу аповесці і яе сацыяльнай накіраванасці, нельга зразумець і яе мастацкіх вартасцей.</p><p>У гэтым творы вельмі адчуваецца тонкая выверанасць кожнай сюжэтнай сітуацыі і выразная абагульненасць сацыяльнага сэнсу ў паводзінах герояў, каб можна было лічыць яго звычайнай побытавай гісторыяй. Аповесць «Ах, Міхаліна, Міхаліна» — адзін з лепшых твораў I. Шамякіна, і па ідэйна-мастацкаму ўзроўню яна не ўступае яго раманам. У гэтым творы зроблена сур’ёзная спроба праз бытавую драму паказаць сэнс грамадскіх зрухаў, перажытых краінай на пэўным этапе свайго развіцця, а менавіта - у другой палове 50-х і пачатку 60-х гадоў.</p><empty-line/><p><strong>XI. ВЫХАВАННЕ АСОБЫ</strong></p><empty-line/><p>Раман «Снежныя зімы» (1968) з’явіўся новай творчай заваёвай I. Шамякіна ў асэнсаванні складаных грамадскіх працэсаў, у даследаванні магчымасцей асобы чалавека. I. Шамякін умее гэтак чуйна ўлоўліваць змены ў грамадскай атмасферы часу, што амаль адразу пасля выхаду чарговага рамана пісьменніка зноў пачынае хваляваць новая творчая задума, дзе сучаснік бачыцца яму ўжо ў іншых, змененых самім ходам часу сацыяльна-псіхалагічных сувязях з грамадствам і эпохай.</p><p>Дзеянне пачынаецца ў сюжэтным плане арыгінальна і нечакана. Галоўны герой твора былы партызанскі камандзір Іван Васільевіч Антанюк, які шмат гадоў займаў адказную пасаду ў кіруючай установе па сельскай гаспадарцы, супраць сваёй волі адпраўлены на пенсію і перажывае сваё няшчасце. Менавіта няшчасце, бо Антанюк яшчэ малады. Можна лічыць, што яго проста знялі з работы. Пісьменнік, які любіць вострыя сюжэтныя павароты, не выкарыстаў на гэты раз нават такога выйгрышнага заўсёды моманту, як паказ працоўнага канфлікту. Дзеянне развіваецца спакойна, «прыглушана». Канфлікт перанесены больш у душу героя. 3 усіх твораў I. Шамякіна раман «Снежныя зімы» найменш падзейны. У ім пісьменнік выявіў яшчэ глыбейшае майстэрства сацыяльна-псіхалагічнага раскрыцця асобы чалавека.</p><p>Падзеі часу адбіліся на лёсе героя вельмі відавочна і адкрыта. Іван Васільевіч пасланы на пенсію за тое, што не падтрымаў скараспелых пражэктаў, накіраваных супраць традыцыйнай у Беларусі практыкі травасеяння. Не баючыся абвінавачванняў ў кансерватызме і непрыемнасцей па службе, ён рашуча выступіў за травасеянне, даказваючы яго мэтазгоднасць, за што і быў пакараны. Пазней справядлівасць Івана Васільевіча была прызнана, але вярнуцца назад на работу яму не ўдаецца. Наогул выступленне героя за травасеянне, звальненне яго з пасады — усё гэта ужо знаходзіцца па-за рамкамі твора, непасрэдна ў рамане не паказваецца, складае як бы экспазіцыю ў экспазіцыі. Пра ўсё гэта чытач даведваецца з успамінаў героя.</p><p>Раман пачынаецца з апісання душэўнага стану Антанюка, які перажывае крыўду, прычыненую яму, носіць гэту крыўдў ў душы, як рану, хаваючы нават ад жонкі.</p><p>Вось Антанюк прыехаў на паляванне ў пушчу. Ён адчувае прыгажосць лесу. I там сустракае адзінокага зубра ў гушчары. Яму на момант здалося, што звер забраўся ў глухое месца паміраць. Дзіўныя асацыяцыі выклікае гэты адзінокі зубр у Івана Васільевіча: «І тут жа падумаў пра сваё, чалавечае: — А калі ты забраўся сюды, каб памерці, я цябе разумею, калі хочаш ведаць, нават зайздрошчу. Я хацеў бы таксама вось так… Тут. I адзін. I каб да апошняй хвілі на нагах».</p><p>Пазней аказваецца, што ў Антанюка ёсць важкія прычыны, каб насіць у душы сум і прагу адзіноты; нават пасля таго, як пацвердзілася, што справядлівасць за ім, ён працягвае хадзіць у пенсіянерах. Адсюль і думкі пра смерць. Але вельмі ж яны нейкія ўпарадкаваныя, быццам вычытаныя з кніг, каб іх успрымаць трагічна. І сапраўды, пройдзе ўсяго некалькі хвілін, як яму захочацца прэч ад адзіноты, і яго думкі аб смерці знікнуць у момант. Забудзецца ён і пра зубра, выгляд якога навеяў сумныя думкі, яго пацягне да людзей. Але не проста да людзей,— каб пазбавіцца адзіноты і адагнаць прыкрыя думкі. Ён чуе стрэлы і здагадваецца, што дзесьці блізка палюе дырэктар заказніка з высокім нахальствам — з міністрам. Менавіта туды імкне душа Івана Васільевіча. Учора ён адмовіўся ад прапановы дырэктара разам папаляваць, а цяпер перадумаў, пачуўшы стрэлы. Ад гэтых стрэлаў знікла і ўся хандра.</p><p>Адразу ўзнікае першая думка —перад намі герой супярэчлівы. Толькі што ён гуляў у прыгожыя мары аб смерці і тут жа лёгка адагнаў іх. Негарманічны, непаслядоўны характар? Так, гэта відаць добра. Застаецца як быццам папракнуць пісьменніка за тое, што ён не стварыў цэльны, закончаны, ідэальны характар свайго героя. Але ж у самім жыцці можа быць менавіта такі характар — непаслядоўны і раздроблены. Паказаць яго ва ўсёй глыбіні таксама вельмі важна. I. Шамякін у рамане «Снежныя зімы» ішоў ад жыцця, і яго Іван Васільевіч Антанюк — жывы тып.</p><p>Як развіваецца гэты вобраз? Калі Антанюк носіць у душы крыўду, то няма нічога дзіўнага, што ён спачатку адмаўляецца ад прапановы сяброў паехаць разам на паляванне. Маўляў, вы мяне хоць і не выракліся, але пакінулі аднаго, без сур’ёзнай падтрымкі, то і паляваць буду адзін. Тут, у лесе, калі ён апынуўся адзін на адзін з прыродай, крыўда на сяброў лёгка пераходзіць у пачуццё жалю да самога сябе. Адсюль такія журботна-сентыментальныя думкі пра сваю адзіноту і нават пра смерць. Але гэта ўсё ідзе хутчэй ад позы. Ён думае пра смерць вельмі ўмоўна. Нездарма пачутыя стрэлы ўзрушылі яго глыбей, чым думкі пра смерць, парушылі тую настраёвасць, якую ён хацеў сабе стварыць. Там, дзе стралялі, было ўсё такое знаёмае і звыклае яму, бо не адзін раз паляваў з кампаніяй. «Як учора хацелася адзіноты, так цяпер, немаведама чаму, пацягнула ў кампанію, дзе будуць «высокія навіны», жарты, добры абед». Такім чынам, гэта «немаведама чаму» не такое ўжо няяснае і праблематычнае.</p><p>Хутчэй за усё не толькі вясёлая кампанія і добры абед вабяць Івана Васільевіча. Хоць аб гэтым адкрыта не гаворыцца, але напэўна, што цягне Івана Васільевіча і звычайная цікаўнасць — там міністр. Можна дапусціць, што ёсць таксама недзе глыбока ў падсвядомасці — не, не разлік, не намер, не спадзяванне, а ледзь улоўная надзея пачуць ад міністра нешта такое, што прасветліць і яго лёс, яго будучыню. Ён далучаецца да кампаніі.</p><p>Напачатку сам з сабой Антанюк яшчэ гуляе ў прынцыповасць і амбіцыю. Ён пераконвае сябе: «Не спадзявайцеся, што я пайду па кругу і буду знаёміцца з вамі, буду першы працягваць руку. Не дачакаецеся, шаноўныя госці». Тут ён, трэба прызнаць, стрымаў зарок. Першы падаў яму руку яго сябар Будыка. Але ці такая гэта ўжо вялікая заваёва, тым больш, што ў далейшым герой поўнасцю паддаецца агульнай атмасферы, якая пануе ў паляўнічай кампаніі.</p><p>Яшчэ далёкі эмацыянальна ад радаснай атмасферы ўдачлівых паляўнічых, Антанюк дазваляе сабе зласлівыя думкі пра Будыку, дырэктара навуковага інстытута, бачачы, як той падхалімнічае перад міністрам: «Чаго ты мітусішся? Хто-хто, а я наскрозь цябе бачу. Усе мы прымалі гасцёй і часам падхалімнічалі перад тымі, хто над намі. Але ж мы — грэшныя чыноўнікі, а ты — вучоны». Назіральны і разумны бывае, як відаць, Іван Васільевіч. Псіхалогіі чыноўніка і вучонага сапраўды розняцца паміж сабою. Гэта заўважыў яшчэ Чэхаў. Для вучонага ўжо з-за аднаго таго, што праца ў яго творчая, пошукавая, не можа быць большага аўтарытэту, чым ісціна. Гэта і адрознівае яго ад чыноўніка, для якога самая вялікая ісціна — думка яго начальства.</p><p>Але варта Задумацца вось над чым — ну, а сам Антанюк? Ці трымаецца ён прыстойна і незалежна ў прысутнасці міністра, крытыкуючы ў думках іншых? На жаль, не. Самакрытычна Антанюк прызнае, што ён чыноўнік. Але ж такое выразнае разуменне самога сябе і свайго становішча абавязвае да самаўдасканалення. Калі ён такі свядомы і праніклівы, калі так прыдзірліва ацэньвае паводзіны іншых людзей, то сам таксама павінен трымацца тых этычных норм, якіх патрабуе ад іншых. Пры сустрэчы з міністрам на паляванні гэтага не здарылася.</p><p>Антанюк, трапіўшы ў кола знаёмых людзей, унутрана заняты прысутнасцю міністра, на нейкі час зусім забываецца пра сваю крыўду. Прынамсі, мала думае пра яе. Ён памагае смаліць і разбіраць дзіка, гуляе з міністрам у більярд. Адным словам, адчувае сябе не горш за ўсіх. Праўда, у час вячэры Антанюк яшчэ разок паказаў калючкі свайго характеру, сказаў, хоць і ў сваю талерку, ні да кога не звяртаючыся, але ўсё ж сказаў: «Не бачу галоўнага паляўнічага — егера». Гэта быў дзёрзкі выпад супраць усіх прысутных, бо егер сапраўды быў галоўнай фігурай гэтага палявання. Не хто іншы, як ён, арганізоўваў усё. Спачатку па яго збіраліся заехаць, каб запрасіць на вячэру. «Але не заехалі. Забыліся. Загаварыліся».</p><p>Вось так: на большае, чым на рэпліку, Антанюк не адважыўся. Пасля рэплікі «Іван Васільевіч піў вельмі стрымана, быў добры, нікому настрою больш не псаваў, наадварот, весяліў паляўнічымі расказамі». Змірыўся, выходзіць.</p><p>Такім чынам, Антанюк як чалавек і асоба даволі дваісты, палавінчаты ў сваіх думках, пачуццях і ўчынках. Сам ён, вядома, не заўважае гэтага, хоць і здагадваецца часам: «Ніколі я не дваіўся, здаецца. Ды не, дваіўся ўсё-такі. Інакш пражыць цельга». Натуральна, яму хочацца, як і кожнаму чалавеку, думаць пра сябе лепш, чым ён ёсць на самай справе. Даволі часта Антанюк хваліцца сам перад сабой. Яму здаецца, што ён жыў так, як трэба: «Што ж, Іване, ты няблага пашумеў. Ва ўсякім разе, перад дзецьмі не сорамна». А сустрэўшы ў лесе зубра, самалюбіва гаворыць сам сабе кампліменты: «Ніколі ты, Іване, не ўцякаў ні ад якіх зуброў. Адступаць — адступаў…» I ў той жа дзень, літаральна праз некалькі гадзін, атрымаўшы нахабную вымову ад Кляпнёва за нястрыманасць перад міністрам, Антанюк не захацеў працягваць з міністрам размову пра недасканалыя аўтаматычныя лініі, якія незаслужана вылучаны на атрыманне Ленінскай прэміі інстытутам, дзе дырэктарам Будыка. «На якое ліха мне, заўчаснаму пенсіянеру, заядацца»,— пераконвае сябе Антанюк. Калі Іван Васільевіч думае, што гэта ўсяго толькі адступленне, то памыляецца. Палохаўся Іван Васільевіч, ды яшчэ як палохаўся! I добра б было — каб «зуброў», а то і Кляпнёва. А Кляпнёў — «лакейская душа». Яшчэ зусім нядаўна, калі Антанюк займаў сваю пасаду, той перад ім «хадзіў на задніх лапках».</p><p>Узнікае і яшчэ пытанне: ці так ужо «няблага пашумеў» за сваё жыццё Іван Васільевіч, як гэта яму здаецца? Ці мае ён поўнае права сказаць пра сябе: «Отшумела роща золотая»? Ці ёсць у яго дастатковыя падставы думаць так? Вядома, партызанства Антанюка — гэта той «шум», якім ён можа ганарыцца. I прынцыповая абарона травасеяння — смелы ўчынак, яго бясспрэчная заслуга. Ну, а астатняе жыццё? Іван Васільевіч працяглы час узначальваў высокую ўстанову па кіраўніцтву сельскай гаспадаркай. А ў гады паміж вайной і тым эпізодам, калі ён выступіў за травасеянне, было столькі складаных пытанняў у сельскай гаспадарцы. Якую пазіцыю займаў тады Іван Васільевіч? У рамане пра гэта нічога не гаворыцца. Сам Іван Васільевіч, хоць і вельмі схільны да ўспамінаў, нічога значнага з тагачаснай сваёй біяграфіі прыгадаць не можа. Выходзіць, ён тады не «шумеў», а паслухмяна падтрымліваў тое, што падтрымлівалі іншыя.</p><p>Сапраўды, узяць хоць бьг канфлікт Івана Васільевіча з сынам. Калі сына выключалі з універсітэта за арганізацыю калектыўнага пратэсту супраць лекцый недалёкага выкладчыка, ён яшчэ хадзіў у начальніках і катэгарычна асудзіў сынаў учынак, назваўшы яго распусным і анархічным. Знаходзячыся на пенсіі, ён паступова змяняе свой погляд, пачынае цвяроза ацэньваць паводзіны сына. Вось кірунак яго роздуму: «Але цяпер я думаю, калі, па сутнасці, вы мелі рацыю, то як інакш вы маглі выказаць сваё абурэнне супраць подласці і невуцтва? Хіба не гэтак жа запратэставаў я супраць чарговага глупства і невуцтва ў вядзенні гаспадаркі? Дык чаму — адкажы сам сабе ў гэтым пустым вагоне, пад стук колаў — чаму тое, што ты праз усё жыццё рабіў сам, у сына, у сяброў яго палічыў крамолай?»</p><p>Пісьменнік вельмі праўдзіва паказаў, як псіхалогія і погляды Антанюка часта знаходзяцца ў залежнасці ад становішча, якое ён займае. Трэба яшчэ ўзважыць, ці змяніліся б у Антанюка погляды на ўчынак сына, калі б ён не страціў пасады. Магчыма, гэта звычайная выпадковасць, але ж факт заетаецца фактам, што думкі пра сына і пачуццё віны перад ім абвастраюцца якраз у той час, калі ён пераканаўся, пахадзіўшы па начальству, што назад ранейшай пасады яму не аддадуць. Па ўсім відаць, што Антанюк у новым становішчы пенсіяяера стаў і больш чалавечным, і больш шчырым, праўдзівым, аб’ектыўным не толькі з сынам, але і з самім сабой.</p><p>Несправядлівае адлучэнне ад працы, страта пасады і заўчаснае пенсіянерства робяць такі паварот у свядомасці Антанюка, у выніку якога ён пачынае па-новаму глядзець на свет. Тое, што раней ён, напэўна, не заўважыў бы, цяпер кранае яго востра, абуджае трывогу. Прыехаўшы да сына ў вайсковую часць, ён заўважыў, што сын з былога «анархіста» ператвараецца ў вельмі пакорлівага і раўнадушнага чалавека. Яго палохаюць новыя адносіны сына да жыцця. Сын страціў рашучасць, смеласць, ініцыятыву і на папярэджанне бацькі паводзіць сябе ў арміі стрымана адказвае: «Не бойся. Не сарвуся. Навучаны ўжо…»</p><p>Аднак стаць зусім іншым чалавекам, вольным ад умоўных поглядаў, ад умоўнай маралі, Антанюк не здолеў і пасля таго, як пайшоў на пенсію. Ён стаў больш назіральны, больш разважлівы, цвярозы ў думках, менш прыкметнай стала дваістасць яго натуры, але ўсё яшчэ даволі часта ён падыходзіць да жыццёвых з’яў па старой інерцыі павярхоўна. I, магчыма, самае паказальнае ва ўсім гэтым тое, як Антанюк рэагуе на сваю бяду. Ён востра перажывае несправядлівасць, учыненую над ім, носіць крыўду ў душы, але сур’ёзна і глыбока не задумваецца над тым, як такое магло здарыцца, які грамадскі сэнс гэтай падзеі. Ён не вельмі і дабіваецца, каб яму вярнулі ранейшую пасаду, быццам змірыўся з несправядлівасцю, быццам наперад ведае, што з яго дамаганняў нічога не атрымаецца.</p><p>Заўважаецца, што нават добрыя намеры Антанюка не заўсёды прыводзяць да тых вынікаў, якіх ён чакае, бо ён часам не ўмее ўлічваць усю складанасць жыццёвых сітуацый. Так здарылася з яго названым бацькоўствам. Ён вырашыў выдаць сябе за роднага бацьку Віты, Надзінай дачкі, хоць яму вядома, што сапраўдны бацька Віты — паліцэйскі. Дарэчы, зноў-такі, ці асмеліўся б Антанюк на такое да таго, як пайсці на пенсію? Але як бы там ні было, робіць ён гэта з самых лепшых пабуджэнняў, тым больш, што Віта яму не зусім чужая, яна — дачка Надзі, яго колішняй каханай. Антанюк хоча зрабіць жыццё Віты больш лёгкім, бо лічыцца дачкой вядомага партызанскага камандзіра — вялікі гонар.</p><p>Ды і павага людзей да Віты будзе адпаведная. Праз гэты ўчынак свайго героя пісьменнік не толькі характарызуе яго як добрага і высакароднага чалавека. I. Шамякін ставіць важную грамадскую праблему сучаснага жыцця — праблему маральнай спадчыннасці, унутрана выпрацаванай людзьмі ў цяжкай барацьбе.</p><p>Віта, дачка паліцэйскага, усёй душой аддана савецкаму ладу, працуе сумленна і самааддана. Яна нават не ведае, што яе бацька — паліцэйскі. I калі Іван Васільевіч называе Віту роднай дачкой, партызанскай дачкой, то ў гэтым ёсць не толькі адчуванне маральнай і гуманістычнай неабходнасці. Учынак яго значны ў грамадскім сэнсе. Не трэба, вядома, забывацца, што ў вайну былі паліцэйскія, але сёння няма і не можа быць паліцэйскіх дзяцей. Усе дзеці вайны — дзеці радзімы.</p><p>І. Шамякін на прыкладзе ўчынку свайго героя тут жа завязвае новую надзённую праблему грамадскага жыцця. Становішча Віты пасля таго, як яна даведалася, што яна ніякая не партызанская дачка, мае важны сэнс: нават тады, калі мана здаецца бясспрэчна выгаднай, калі мэты ў яе самыя высакародныя і прыгожыя, нельга маніць, бо вынік адзін - яшчэ большае ўскладненне жыцця, яшчэ глыбейшыя трывогі і няшчасці. Так атрымалася ў Антанюка з Вітай. Здаецца, куды ж ужо высакародней — назвацца родным бацькам дзяўчыны, якая і па свайму маральнаму абліччу гэтага заслўгоўвае. Вынік атрымаўся адваротны намеру. Жыццё Віты ўскладнілася да крайнасці. Антанюк думае пасля горкага вопыту: «Нельга хаваць праўду. Ніякую. Якая б суровая яна ні была. Нявыгадная. Небяспечная. Асабліва нельга хаваць ад дзяцей. Асабліва». Гэта абагульненне гучыць у рамане I. Шамякіна як універсальны вывад, як асноватворны жыццёвы прынцып.</p><p>Хоць намер героя рамана быў і высакародны, і неабходны, і грамадска значны сваім сэнсам, але шлях яго ажыццяўлення выбраны няправільна. Герой недаацаніў значэння праўды.</p><p>Раскрыццё маральнага і грамадзянскага аблічча галоўнага героя рамана «Снежныя зімы», а таксама характарыстыка значнасці ідэйнага зместу рамана будуць няпоўныя, калі не высветліць яшчэ такое пытанне — адкуль узяліся ў героя пры ўсёй дваістасці і непаслядоўнасці яго характеру ўнутраныя сілы на мужны ўчынак, каб адстойваць свае погляды на праблемы сельскай гаспадаркі і не скарыцца перад чужой несправядлівай воляй? Можа, гэты ўчынак — усяго толькі выпадковасць у біяграфіі героя? Або кароткачасовае «завіхрэнне» яго непастаяннай душы, псіхалагічны вывіх, капрыз начальніцкай самаўпэўненасці, вера ў беспакаранасць за ахвоту здзіўляць вышэйшае начальства і сяброў? Ці ў яго ўчынку ўсё ж ёсць разам з непасрэднасцю і пераконанасць, выяўляецца заканамернасць працяглага маральнага развіцця асобы, вынік непаспешлівай унутранай работы душы?</p><p>Дзеля гэтага варта прасачыць біяграфію героя больш падрабязна. Пра яго дзіцячыя гады сказана ў рамане вельмі скупа: «Не было яно бязвоблачнае, але і больш горкага, балючага ў ім не так ужо многа». Па сутнасці, біяграфія галоўнага героя рамана «Снежныя зімы» пачынаецца з Айчыннай вайны. У партызанах Антанюк, заўважым гэта, застаўся па сваёй ахвоце, нават самавольна. Райком прызначыў яго, калі пачалася вайна, адказным за эвакуацыю жывёлы, а ён, паспеўшы адправіць у тыл сям’ю, застаўся на месцы, каб партызаніць. Праявіў відавочную непаслухмянасць, парушыў партыйную дысцыпліну. Выходзіць, Антанюк даўно меў схільнасць ісці за сваімі непасрэднымі адчуваннямі, любіў дзейнічаць самастойна, не вельмі задумваючыся, робіць ён правільна ці памыляецца.</p><p>Больш таго, партызанскім камандзірам Антанюк быў асаблівым, не вельмі дысцыплінаваным. Ён паддаўся, калі можна так сказаць, партызанскай вольніцы, бо любіў ўсё рабіць па-свойму, паводле свайго адчування і разумення. Ён выконваў толькі тыя загады, якія і яму самому здаваліся правільнымі і мэтазгоднымі. Адным словам, настрой партызанскай вольніцы проста адпавядаў характару Антанюка. Пасля таго як атрад панёс першыя страты — немцы павесілі на станцыі траіх хлопцаў,— у камандзіра ўзнікла жаданне самому паглядзець на іх. Яго адгаворвалі і нават «сабралі партыйную групу і забаранілі» ісці на рызыку, Антанюк не паслухаў. Яму трэба было глянуць на павешаных хлопцаў, каб вырашыць нешта важнае для сябе, што неабходна было яму як чалавеку і камандзіру. Ён у думках палемізуе з таварышамі, якія прынялі пастанову, каб не дазволіць камандзіру атрада дарэмна рызыкаваць. «Не дазволіць… Хто можа дазвоЛіць ці не дазволіць памерці?» I ў гэтай палеміцы ён абараняе права чалавека на самастойны выбар шляху ў жыцці.</p><p>I праз дваццаць гадоў пасля перамогі Антанюк не баіцца прызнацца, што ў пачатку вайны ён зазнаў і роспач, і разгубленасць: «Цяпер партызанскія камандзіры ўсе пішуць мемуары. I вынікае з гэтых кніжак, што ўсё было проста з пачатку да канца. Безумоўна, былі цяжкасці, нястачы, страты, але, маўляў, ніхто з іх, вялікіх стратэгаў, ні на хвіліну не сумняваўся ў моцы Чырвонай Арміі, у гераізме народа, у мудрасці партыі, а гэтая вера іх перадавалася кожнаму партызану.</p><p>Я — грэшны.</p><p>Я таксама верыў у партыю і народ. Але я бачыў адступленне арміі. Я слухаў радыё. У атрадзе было два прыёмнікі. I, на маю бяду, Валька Будыка ведаў нямецкую мову».</p><p>Як камандзір Антанюк адносіўся да людзей чалавечна. Ён не выгнаў з партыванскага лагера, не расстраляў Надзю, жонку паліцэйскага, паверыў у яе шчырасць, калі яна прыйшла ў лес, хоць і рызыкаваў многім. Адпусціў палоннага абмарожанага немца. Для Антанюка важна было застацца на вайне яшчэ і гуманістам. Ён разважаў так: «Я — камандзір і ажыццяўляю Савецкую ўладу ў захопленым ворагам раёне. Ваенныя законы суровыя. Барацьба насмерць. Але і ў гэтых законах павінны быць увасоблены найвышэйшая мудрасць, гуманнасць і справядлівасць майго народа».</p><p>Больш таго, у Антанюка хапала смеласці пасылаць за фронт у Маскву начальніку партызанскага штаба радыёграмы такога вострага зместу, ад якога бялелі іншыя камандзіры. Ён умеў настаяць на сваім, калі быў перакананы ў сваёй справядлівасці. А калі і памыляўся, адстойваючы сваю пазіцыю, то і ў памылцы яго быў нейкі хоць адзін разумньгрэзон. Вось у выкліканы з-за фронту для раненых самалёт Антанюк вырашае пасадзіць дзяцей з дзіцячага дома, выратаваных партызанамі. Каралькоў даказвае, што выгадней адаслаць самалётам раненых. У доказах Каралькова ёсць пераканаўчасць, цвярозасць: «I раптам здарыцца, што вам прыйдзецца адступіць. Вайна ёсць вайна, асабліва партызанская. Дзяцей можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаць за сваіх. Ды хто будзе дзяцей шукаць? А раненыя… Куды ты падзенеш раненых?»</p><p>Зразумела, калі б справа абстаяла так, каго ратаваць першымі — дзяцей ці раненых, то і размовы не павінна было б быць ніякай. Вядома ж, дзяцей. Аднак у разважаннях Каралькова ёсць цвярозы практычны сэнс. Калі дзяцей можна ўратаваць, раздаўшы па вёсках, то чаму тады і не зрабіць гэтак. У той канкрэтнай сітуацыі праўда хутчэй на баку Каралькова, а не Антанюка.</p><p>I ўсё ж камандзір настойвае, каб самалётам у першую чаргу былі адпраўлены дзеці, настойвае, ідучы напралом, нават пагражаючы зброяй. Антанюк успамінае: «…Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых.</p><p>«Як упаўнаважаны цэнтра, я адхіляю вас ад камандавання брыгадай. Таварыш Лагун, прыміце камандаванне!»</p><p>Я спакойна паказаў яму дулю. Ён мяне будзе адхіляць! Дзе ты быў у сорак першым? Каралькоў схапіўся за кабуру. Але ў мяне пісталет быў бліжэй».</p><p>Магчыма, у дадзенай, сітуацыі бескампраміснасць Антанюка лішняя. Ён пайшоў усё ж насустрач Каралькову. Разам з дзецьмі на самалёт пагрузілі пяцярых цяжка параненых партызан. Але адчуваецца, што апантаная цвёрдасць героя, з якой ён абараняе сваё рашэнне, грунтуецца на нейкім вышэйшым жыццёвым і чалавечым прынцыпе, чым меркаванне, што будзе лепей, а што горай для атрада. Хутчэй за усё герой тут пакутуе ад неўсвядомленага, але моцнага пачуцця віны дарослых перад дзецьмі за тое, што вайна зайшла так далёка, што небяспека смерці наблізілася і да іх. У яго парыванні абараніць перш за ўсё дзяцей ёсць годнасць сапраўднага салдата. Дарэчы, Каралькоў паскардзіўся на Антанюка, і праз нейкі час яго выклікалі ў Маскву. Здагадваючыся, чаго яго клічуць, Антанюк дазваляе сабе ігнараваць выклік, сімулюючы хваробу.</p><p>Як відаць, з Антанюка атрымаўся камандзір, далёка не ўзорны па дысцыплінаванасці. У яго свой характар, свае норавы. Калі гаварыць пра партызанскі перыяд жыцця героя, то дваістым, непаслядоўным яго нельга назваць.</p><p>Пасля заканчэйня вайны Антанюк не стаў адразу другім чалавекам. Не, былая «партызанская» жылка адчуваецца і ў яго мірнай працы. Вось які ў яго бывае настрой перад важнай справай: «Адчуваў, што прыйдзецца трымаць бой… Але менавіта гэта і ўзрушыла, узбадзёрыла, узняло настрой. Такі ён быў перад кожным боем там, у партызанах, дзе ў баі лілася кроў, і пасля ў бяскроўных баталіях на калегіях, нарадах, пленумах». I ўсё ж у пасляваенны час былы партызанскі камандзір паступова змяняўся. Як партызанскі камандзір, Антанюк меў шырокую самастойнасць, яго асоба выяўлялася тады больш моцна і непасрэдна. Пасля вайны, у мірны час, яго дзейнасць увайшла, натуральна, у больш рэгламентаванае рэчышча. Але галоўнае не ў гэтым. Галоўнае, што змяніўся ён сам. I ён адчувае гэта. Калі Надзя кажа яму: «Ты ўсё яшчэ партызан…», то ён шчыра адказвае ей; «Наўрад ці той я. ужо, які быў». У гэтых словах Антанюка не столькі сціпласць, не толькі ветлівае непрыяцце кампліментаў. Сапраўды, ён змяніўся. Здараліся, вядома, баі, баталіі на калегіях, пленумах, але такія дробязныя, нязначныя, што ўспамінаюцца сумарна. Ён страціў не столькі баявітасць, колькі ініцыятыўнасць, рашучасць, інтуіцыю.</p><p>Гэта адбілася і на яго ўзаемаадносінах з сынам. Толькі пазней Іван Васільевіч прызнае сваю памылку: «Тады я моцна ўзлаваўся на Васіля: мамчын сынок, качаўся як сыр у масле, і яшчэ незадаволены, пратэстуе… Супраць чаго? А цяпер разумею — супраць чаго. Мы, старыя, патроху звыкаемся з глупствам, подласцю, ханжаствам». Кажучы так, ён асуджае і самога сябе.</p><p>Аднак Антанюк у нечым і не змяніўся, усё ж не зусім «укатали Сивку крутые горки». Жыццёвы вопыт партызанскай самастойнасці не прапаў без следу. Надзя ў нейкай меры кажа праўду, угадваючы закаханым сэрцам у ім, цяперашнім, былога партызана. У некаторых яго схільнасцях прадаўжае жыць, хоць і захаваны глыбока, дух партызанскай вольніцы. Антанюку, па яго ўласнаму прызнанню, даводзілася, займаючы высокую пасаду, рабіць шмат глупства — выконваць распаражэнні некампетэнтных людзей. Аднак адчуванне жыцця не было страчана. Адзін раз у яго душы на ўвесь рост падняўся былы няўрымслівы партызан. Вельмі ж важнае было пытанне, каб ён мог змаўчаць або схлусіць. Неразумны, неправераны практыкай пражэкт «біў» па ўсёй сельскай гаспадарцы краіны. Іван Васільевіч не стрываў, выступіў за травасеянне і дорага заплаціў за сваю шчырасць і адкрытасць. Выходзіць, што ўсё-такі асоба смела заявіла пра сябе ў гэтым учынку героя I. Шамякіна.</p><p>Такім чынам, асноўны канфлікт рамана «Снежныя зімы» — гэта канфлікт паміж усвядомленай адказнасцю і службовай абыякавасцю, паміж безасабовасцю, узведзенай у прынцып, і асабовасцю сапраўднай.</p><p>Калі правільнасць поглядаў Антанюка на праблемы сельскай гаспадаркі пацвердзілася афіцыйна, ён хоча вярнуцца на працу, бо знерваваўся, напакутаваўся ўнутрана і ад незаслужанай крыўды, і ад бяздзейнасці. Жонка ўстрывожана яго душэўным станам. «Я сапраўды хачу працаваць»,— прызнаецца ён Сямёну Сямёнавічу, які выклікаў Антанюка для размовы якраз наконт працы. Сямён Сямёнавіч, які з’яўляецца ўвасабленнем маралі прыстасавальніцтва і безасабовасці, прапануе Івану Васільевічу працу, але з умовай, што ён зойме іншую пасаду, а не тую, якую займаў раней. У гэтай прапанове няма ніякіх меркаванняў, звязаных з інтарэсамі справы, а ёсць асабісты карыслівы разлік. Не хто іншы, а Сямён Сямёнавіч з сябрамі і здымаў Антанюка з пасады. I здымаў не за перакананне, што травы карысныя. Ён сам ведаў, што гэта так. Здымаў яго за «народніцкія» замашкі, за няўрымслівасць, урэшце, за смеласць і самастойнасць паводзін. I назад не прымае па гэтай жа прычыне: няма гарантыі, што Іван Васільевіч «выправіўся», зжыў партызанскія звычкі. Наадварот, заганарыўшыся сваёй перамогай, ён можа яшчэ больш асмялець. Не, Сямён Сямёнавіч не супраць зноў прыняць Івана Васільевіча на працу, але на ніжэйшую пасаду і пад кіраўніцтва Каралькова, з якім у Івана Васільевіча былі сутычкі яшчэ ў партызанах і якога ён не любіць як чалавека. Адным словам, ад яго патрабуюць заспакаення і пакорлівасці. I ён адмаўляецца.</p><p>Адмовіцца, вядома, не лёгка. Жонцы, якая папракае Івана Васільевіча за яго капрыз, што ён, не згаджаючыся на новую пасаду, нібыта выкідвае «конікі», ён адказвае: «Вольга, гэта не «конікі». Есць прынцыпы». I калі жонка вельмі ўжо раздражняе яго сваімі слязамі, ён кідае са злосцю: «Не рабі з сябе пакутніцу! Брыдкая роля! Лепш ужо крычы, бі талеркі! Упікай за ўсе грахі! Я буду цярпець. Але ні ты, ніхто не прымусіць мяне кланяцца Каралькову ці Сямёну».</p><p>Нарэшце да Антанюка зноў вярнуўся настрой партызанскага мінулага, у якім былі часам і самавольства, і капрыз, але ж было і адчуванне ўласнай годнасці. У канцы рамана Іван Васільевіч едзе працаваць па сваёй ініцыятыве ў саўгас галоўным аграномам. Ён не здаўся, абараніў сябе як чалавека і асобу. I хоць гэты паварот у сюжэце твора, у лёсе героя мае выразны «раманны» характар — амаль усе аўтары «старых» раманаў пасылалі сваіх герояў куды-небудзь: у манастыр, у падарожжа па краіне ці за мяжу, на барыкады ці на вайну,— эпілог завастрае і паглыбляе ідэю твора.</p><p>I вось Антанюк у саўгасе, ён хоча даказаць сабе і іншым, што яму рана яшчэ на пенсію, што ён можа працаваць і не абы-як. Нібыта ён перамог — перамог маральна. Але ж у гэтай перамозе «для сябе» ёсць горыч фактычнага паражэння, бо выйшла ўсё так, як хацеў Сямён Сямёнавіч. Быць Івану Васільевічу аграномам у саўгасё ніхто не забараняе. Абы ён быў далей ад таго месца, куды павінен быў па справядлівасці вярнуцца, адкуль можна ўплываць на гаспадарчую палітыку ў шырокім маштабе, бо толькі на сваёй ранейшай пасадзе Антанюк быў для Сямёна Сямёнавіча небяспечным.</p><p>Аднак тое, што галоўны герой рамана вымушаны ўцякаць далей ад таго месца, дзе камандуе і распараджаецца Сямён Сямёнавіч, мае вельмі выразны сэнс. Усё сумленнае і здольнае, усё разумнае і дзелавое, усё чалавечнае, звязанае з асабовасцю, не ўжываецца з бюракратычна-прыстасавальніцкай, мараллю.</p><p>Хоць герой рамана I. Шамякіна церпіць фактычнае паражэнце ад Сямёна Сямёнавіча, пісьменнік паказаў, як шмат значыць у сучасным грамадскім жыцці развіццё асобы савецкага чалавека.</p><p>Крытыка адзінадушна адзначала павышэнне аналітычнага і мастацкага майстэрства пісьменніка ў рамане «Снежныя зімы». 3 вялікай увагай разглядаўся твор на старонках усесаюзнага друку. А. Аўчарэнка пісаў, што «Шамякін апавядае пра жыццё, не хаваючы яго рэальных цяжкасцей».</p><p>У артыкуле з характэрнай назвай «Эстафета чалавечага» А. Метчанка падрабязна разгледзеў змест рамана «Снежныя зімы» ў суаднясенні з гуманістычнымі асновамі сучаснай савецкай літаратуры. Ён заўважыў выразную антымяшчанскую накіраванасць твора, выкрыццё разнавіднасці «інтэлектуальнага» мяшчанства, тыповым прадстаўніком якога з’яўляецца ў рамане Булыка, былы сябар і таварыш Антанюка па партызанскай барацьбе, які стаў, па сутнасці, перараджэнцам.</p><p>«Гэта катэгорыя людзей,— піша А. Метчанка,— паўстае і ў рамане, як кажуць цяпер, «на розных узроўнях» і ў розных варыяцыях. Паказваючы яе, праводзячы паралелі з тымі, супраць каго вялася свяшчэнная вайна, аўтар нагадвае: змаганне за чалавека не скончылася, але полем бою сталі маральныя перакананні, прынцыпы» ю.</p><p>I А. Аўчарэнка, і А. Метчанка ўказвалі на незакончанасць рамана,. але гэта не ўпушчэнне пісьменніка. І. Шамякін з вялікім даверам адносячыся да жыцця, часта адлюстроўвае яго працэсы ў незавершаным развіцці, бо сам час не прывёў яшчэ гэтыя працэсы да канчатковж пэўнасці, да заключнага этапу.</p><p>Развітае адчуванне сучаснай літаратурай магчымасцей асобы ў грамадстве — гэта яе здольнасць разумець сам час. Але толькі бачыць гэтыя магчымасці недастаткова. Яе задача — п’аказаць, што быць асобай — самы прыгожы стан чалавека на зямлі, гэта значыць камуністычны стан.</p><empty-line/><p><strong>XII. ГУМАНІСТЫЧНАЯ ВЕЛІЧ РЭВАЛЮЦЫІ</strong></p><empty-line/><p>Як ужо адзначалася, важнай стылявой рысай многіх, асабліва жанрава буйных, твораў I. Шамякіна стала філасофскае, ідэйнае, праблемнае суаднясенне сучаснага і мінулага з мэтай глыбейшага раскрыцця гістарычнага сэнсу падзей у плыні часу. Пісьменнік выразна бачыў сувязь сучаснага грамадскага развіцця з духоўным станам народа перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Але ў жыцці Савецкай краіны сувязь часоў мае яшчэ глыбейшы выток — Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. Менавіта тады, у гады рэвалюцыйнага змагання, пачыналі фарміравацца маральныя, духоўныя, ідэйныя асновы новага грамадства, якія наследуюцца і развіваюцца ў сучасную эпоху. У беларускай літаратуры за апошнія два дзесяцігоддзі відочна ажывілася ўвага да тэмы рэвалюцыі. 3-пад пяра I. Шамякіна таксама выйшла некалькі твораў, прысвечаных рэвалюцыйным падзеям, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі.</p><p>Тэма рэвалюцыі арыгінальна раскрыта ў апавяданні «Хлеб» (1969). Гэта твор пра Леніна, пра рэвалюцыйны гуманізм, пра паглыбленне веры працоўных людзей у ідэалы сацыялістычнай будучыні.</p><p>У гэтым апавяданні, як і ў многіх іншых творах I. Шамякіна, лёс народа, лёс дзяржавы, узаемаадносіны класаў паказаны на прыкладзе жыцця простых людзей. Жыве ў Маскве рабочая Аксіння Кўзьмянкова. 3 ёю яшчэ малая дачка Аня і сын-падлетак Вася. Муж на фронце — ідзе грамадзяйская вайна. Горад галадае. Ад голаду і холаду хварэе Аня, недаядаюць Аксіння з сынам. I вось у такі цяжкі перыяд жыцця ў сям’ю прыходзіць радасная навіна. Аксіннін брат напісаў з вёскі, што хутка прывязе сабраныя раднёй тры пуды мукі. У сям’і Аксінні чакаюць гэтага дня з вялікім нецярпеннем, асабліва хворая Аня, якой ноччў сніцца пахучы печаны хлеб. I вось родзіч прыехаў — але якое расчараванне! Ён прыйшоў у кватэру з пустымі рукамі. На прапускным пункце ў яго канфіскавалі муку, не паверыўшы, што ён не спекулянт і што вязе сваю муку. Вялікае гора перажываюць усе разам. Брат Аксінні кажа, што ён паспрабаваў бы яшчэ раз прывезці мукі, але яе, напэўна, зноў забяруць. I тады Аксіння рашаецца ісці за справядлівасцю да самога Леніна.</p><p>Апавяданне перадае суровую атмасферу першых паслярэвалюцыйных гадоў. У ім няма прыхарошвання і спрошчанасці падзей. Не хаваецца і той факт, што ў складаных абставінах, калі ішла барацьба з ворагамі рэвалюцыі, маглі пакрыўдзіць і невінаватага чалавека. Але і тады, калі асабліва цяжка, работніца Аксіння верыць у праўду рэвалюцыі. Сумняваецца толькі яе брат — селянін. Аксіння ідзе да Леніна яшчэ і з таго меркавання, каб даказаць сваю правату брату, які не верыць, што яе пусцяць да кіраўніка дзяржавы. Яна адчувае: гэта вельмі важна, каб селянін паверыў, што рабочая ўлада не абыякавая да інтарэсаў працоўнага чалавека.</p><p>Аксіння дабіваецца, што яе прымае Ленін. У апавяданні падкрэсліваецца выдатная рыса Леніна як правадыра пралетарскай рэвалюцыі - ён умее чэрпаць ідэі агульнадзяржаўнага значэння з канкрэтнага жыцця працоўнага чалавека. Аказалася, што гэта сустрэча патрэбна была не толькі Аксінні, але і Леніну. Ад Аксінні Ленін даведваецца, што не ўсе дзеці чырвонаармейцаў, якія ваююць на фронце, ходзяць у школу, што многія з іх хварэюць. I ён аддае загад камісару аховы здароўя ўзяць на ўлік усіх хворых дзяцей горада і лячыць іх. Так з тэтай сустрэчы простай работніцы і кіраўніка нарадзілася важнае гуманістычнае агульнадзяржаўнае мерапрыемства.</p><p>Ленін папрасіў прыслаць на кватэру Аксінні доктара, сказаў, каб лячылі Аню бясплатна, і выдаў дазвол на правоз мукі. Пасля гэтага і брат Аксінні — селянін, які звык верыць толькі фактам, а не словам, паверыў у бальшавіцкую праўду, сказаўшы: «Значыцца, праўда ўсё, што расказваў нам камісар».</p><p>Аповесць «Першы генерал» (першапачатковая назва — «Лёс майго земляка», 1970) — пра лёс беларускага хлопчыка, які драматычнымі падзеямі першай імперыялістычнай вайны быў выкінуты з бацькоўскай хаты і закруціўся па свеце, стаўшы, нягледзячы на дзіцячы ўзрост, салдатам рускай арміі. Піліп Жменька не толькі ахвяра падзей. Пад націскам абставін ён сам вымушаны ўдзельнічаць у гэтых падзеях. У выніку ён сталее розумам і душой. I хоць нялёгка Піліпу, малапісьменнаму сялянскаму сыну, разбірацца ў тым, што адбываецца вакол яго, усё ж набыты ім жыццёвы вопыт і класавае адчуванне беднага сына вёскі дапамагаюць яму ў адказны момант, калі выбухнула пралетарская рэвалюцыя, рашуча стаць на яе бок. I ён аказаўся патрэбным ёй, рэвалюцыі. Дапытлівы розумам і прагны вучобы, Піліп Жмёнька стаў першым савецкім генералам.</p><p>Твораў на такую тэму напісана шмат. I ўсё ж аповесць I. Шамякіна вылучаецца на іх фоне паказам сапраўднай жыццёвай складанасці таго шляху, якім ішоў Піліп Жменька ад палітычна непісьменнага і палахлівага вясковага хлопца да свядомага барацьбіта за народную справу.</p><p>Пачынаючы з 20-х гадоў беларуская проза набыла значныя традыцыі ў мастацкім асэнсаванні рэвалюцыйнай тэматыкі. Пераадольваючы спрошчаныя сацыялагічныя ўяўленні аб характеры рэвалюцыянера і аб ходзе падзей, яна паступова сцвярджала праўду гісторыі, замацоўвала і паглыбляла погляд на ўдзельніка рэвалюцыі як на жывога чалавека, якому ўласцівы не толькі рэвалюцыйны энтузіязм, але і хістанні, і памылкі, і адступленні. У. I. Ленін пісаў, што новае грамадства нараджалася ў пакутах.</p><p>Аповесць «Першы генерал» у гэтым плане працягвае развіццё лепшых традыцый беларускай савецкай прозы.</p><p>Даволі ўстойлівым у мастацкай літаратуры на гістарычную тэму з’яўляецца дагматычнае ўяўленне аб расстаноўцы класавых сіл у рэвалюцыі, якое зводзіцца да таго, што быццам бы толькі інтэлігенту даводзілася пакутліва шукаць шляхоў у рэвалюцыю, а рабочы і бедны селянін нібыта адразу ведалі, дзякуючы класаваму адчуванню, дзе іхняе месца ў барацьбе старога і новага свету. Між тым яшчэ ў рамане М. Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі» (1927) абвяргалася гэта схема і паказвалася, што, напрыклад, у шмат якіх выпадках інтэлігент з сялян Лясніцкі займае больш правільную і ідэйна вытрыманую пазіцыю, чым яго сябар з рабочых Андрэй. Вядома, рабочыя ці бедныя сяляне, як правіла, хутчэй прыходзілі да ўсведамлення сваіх класавых інтарэсаў, але абавязковай заканамернасці не было. Акрамя таго, шлях у рэвалюцыю рабочага і беднага селяніна таксама не заўсёды складваўся легка і проста.</p><p>Заслуга I. Шамякіна як аўтара аповесці «Першы генерал» у тым, што ён стварыў сацыяльна і псіхалагічна пераканаўчы малюнак няпростага жыццёвага лесу бедняка сялянскага хлопца, паказаў шляхі станаўлення чалавека і барацьбіта ў грозную эпоху вялікіх пераўтварэнняў.</p><p>Падлетак Піліп Жменька, бацька якога мабілізаваны ў царскую армію, пасля таго як кайзераўскія войскі занялі ягоную вёску, пераходзіць лінію фронту, каб сказаць рускім, дзе размешчаны цяжкія нямецкія гарматы. Ідзе ён на гэты ўчынак, кіруючыся пачуццём страху за бацьку: калі ён на гэтым участку фронту, то снарады ад страшна вялікіх гармат могуць забіць яго. Дапамагае Піліпку перайсці фронт дзядзька-інвалід, былы салдат руска-японскай вайны, з пачуцця салідарнасці з арміяй, у якой ён таксама ваяваў. Але галоўнае — хлопец спадзяецца сустрэцца за фронтам з бацькам. За звесткі ён хоча папрасіць узнагароды — сустрэчы з бацькам: «Паглядзяць генералы ў спісы: у якім палку служыць Рыгор Жменька? І павязуць туды Піліпку. Як здзівіцца і як узрадуецца бацька! Хоча ён парадаваць і бабулю, і маці з малымі. «Але яшчэ больш выразна ўяўлялася хлопцу сустрэча дома — з дзядзькам Ціханам, з маці, з бабуляй, з сёстрамі і братамі. Во дзе будзе мора шчаслівых слёз, калі ён раскажа, што страчаўся з бацькам, жывым, здаровым. Малыя будуць зайздросціць на боты… Боты ўсё-такі яму павінны даць!»</p><p>Псіхалогія, эмацыянальны свет дзіцяці ў складаных абставінах жыцця раскрыты пераканаўча і цікава. Піліпка не ведае, што бацькі ён не сустрэне і доўга-доўга не ўбачыць роднай хаты. Праўда, нешта і збываецца з яго салодкіх мар. Яго абмундзіравалі і далі боты, хоць спачатку жаночыя. Хлопец не радаваўся б, калі б усё разумеў, калі б здагадаўся, адкуль гэтыя боты. Фельдфебель кажа: «3 сястры міласэрнай сцягнуў». Але Піліп яшчэ не ведаў сапраўднага аблічча вайны. Ён «уявіў, як сястра (бачыў іх, калі нашы адступалі), у белай касыначцы, з чырвоным крыжыкам над ілбом, маленькая, кволая, не хацела аддаваць боты і як вусаты фельдфебель паваліў яе і сцягнуў боты». I героем Піліп Жменька стаў. Яго паказваюць генералу, пра яго ўчынак як пра подзвіг распісалі газеты, праўда, зусім не так, як было на самай справе, і яго ўзнагародзілі нават Георгіеўскім крыжам. Спачатку Піліп знаходзіцца на сёмым небе ад шчасця. Тым больш, што афіцэр Залонскі, да якога Піліпа прызначылі дзеншчыком, і іншыя афіцэры падаграюць яго ганарлівыя пачуцці. Невядома, куды б завялі наіўнага вясковагу хлопца славалюбныя мары, калі б ён не сустрэўся з салдатам Іванам Свірыдавічам Галадушкам, чалавекам не толькі разумным. Галадушка вядзе рэвалюцыйную работу сярод салдат на фронце, належыць да бальшавіцкай партыі. Ён астуджвае патрыятычныя пачуцці хлопца, нагадвае, што немцы могуць даведацца з газеты, што яму памагаў дзядзька, і пакараць дзядзьку смерцю.</p><p>Але не адразу Піліп збліжаецца з Галадушкам. Вабіць яго і іншы шлях — яму падабаецца быць у асяроддзі афіцэраў, хоць і дзеншчыком. Калі генерал камандуючы фронтам Эверт уручае яму ўзнагароду, то ён ужо быў «спакойны і ўпэўнены, нават… трохі нахабны — гэткая сумесь кароткай лакейскай вывучкі і сялянскай хітрасці…» Піліп, маладзенькі салдат у добра пашытым спецыяльна для яго абмундзіраванні, з крыжыкам на грудзях, з прозвішчам, перамененым са Жменькі на Жмянькова, хутка прывыкае да таго, што на яго ўсе звяртаюць увагу, і цешыцца. Ён не супраць падыграць панам. Пасля ўручэння узнагароды хлопец гаворыць патрыятычную прамову, напісаную для яго Залонскім: «Ваша правасхадзіцельства! Я дзякую гасудару імператару, бацьку нашаму. Дзякую вам, ваша правасхадзіцельства, і ўсім вам, вашы благароддзі, дамы і паны! За веру, цара і айчыну не пашкадую свайго маладога жыцця!» Калі ў яго пытаюць, што ён рабіў бы, калі б сустрэў немца, ён брава адказвае: «Даў бы ў грудзі — не пікнуў бы. Вінтоўку — з рук». Паны дзівяцца і цешацца: «Ах, які малайчына! Во дзе сіла народная!»</p><p>Паводзіны, псіхалагічны стан і эмацыянальны настрой героя зусім зразумелыя. Сын цёмнай вёскі, які ніколі не бачыў вялікага свету, павінен быў прайсці праз спакусу бліскучага жыцця, праз спакусу пабыць цацкай у панскіх руках. Тым больш, што капітан Залонскі адносіўся да яго добра, быў дэмакратычны. Нават Галадушка кажа пра Залонскага так: «У яго служыць лёгка — друг народу».</p><p>Але слава Піліпа аказалася кароткай. Хутка салдаты і афіцэры прывыклі да «вялікага патрыёта» і «нацыянальнага героя», Георгіеўскі крыжык ужо не рабіў ніякага ўражання. Гэта балюча біла па дзіцячаму самалюбству, але разам з тым вымушала думаць над жыццём. Асабліва вучыла цвярозасці само ваеннае жыццё. Ён бачыць атакі, смерць салдат і ледзь апрытомнівае ад крывавага відовішча. Уражвае яго і пахаванне забітых. Іх скідваюць без дамавін у яму, якую заліло вадой. Суправаджаючы капітана ў адпачынак, Піліп бачыць на вакзале галодную дзяўчынку, якая жабруе, дзівіцца са смеласці салдат, якія рашуча ідуць на сутычку з жандарамі. Усё гэта таксама выклікае ў яго роздум.</p><p>Настае такі момант, калі Піліп расчароўваецца ў панах, якім аддана служыў. Паблякла ў яго ўяўленні і аблічча камандзіра Залонскага. Калі Залонскі просіць Піліпа шпіёніць сярод салдат, бо, бачыце, «камандаваць батальёнам нялёгка», то дзяншчык ужо не выконвае гэтай просьбы, хоць і не адважваецца адкрыта сказаць «не».</p><p>Але на фронце наспяваюць падзеі, якія захопліваюць у свой кругаварот і Піліпа. Распрапагандаваныя Галадушкам і яго сябрамі салдаты адмаўляюцца ісці ў наступленне. Піліп нават дапамагаў Галадушку, быў яго пасыльным. Галадушку і яго сяброў судзіць ваенна-палявы суд. Залонскага пераводзяць у Смаленск у школу, якая рыхтуе прапаршчыкаў. 3 ім пераязджае і Піліп Жмянькоў.</p><p>Ускладняюцца адносіны Піліпа са сваім камандзірам. Калі раней сэрца яго разрывалася паміж Іванам Свірыдавічам і Залонскім, то, убачыўшы, як вёў сябе Залонскі ў адносінах да салдат, якія не пайшлі ў атаку, Піліп пачынае адчуваць няшчырасць яго дэмакратызму. «Друг народа» крычаў: «Быдла! Смярдзючая чэрнь! Вошы акопныя! Перастраляю, сукіных сыноў! Вас кулямёты прымусяць пайсці ў атаку! У атаку! — і ўдарыў дулам рэвальвера салдата па галаве».</p><p>Але гэта не азначае, што ў Піліпа зніклі ўсе добрыя пачуцці да свайго пана. Залонскі па-ранейшаму ўважлівы і спагадлівы да свайго дзеншчыка, хоць і ведае пра яго дружбу з Галадушкам. Абяцае таксама капітан, калі скончыцца вайна, уладкаваць Піліпа вучыцца — ці ў афіцэрскую школу, ці за ветэрынара, ці за фельчара. I ўпарта вядзе барацьбу за свядомасць свайго дзеншчыка, за кірунак яго думак. Ён характарызуе Галадушку не толькі як ворага Расіі, але і як авантурыста, несумленцага чалавека, які дзеля сваіх уласных эгаістычных мэт гатовы наклікаць бяду на іншых. «Я не скарджуся,— кажа Залонскі Піліпу,— але ж баліць, што ў той час, калі я праяўляў хрысціянскую дабрату, Галадушка і яго сябры капалі магілу. Сабе. Мне. I табе. Падумай, Жмянькоў, пра гэта. Калі хочаш стаць чалавекам. Я шчыра хачу памагчы табе знайсці месца ў жыцці». Жмянькоў думае, але прыгожыя словы капітана хутка блякнуць.</p><p>Настае расчараванне — Піліпу хочацца кінуць усё і ўцячы дадому: «Як ніколі, заныла сэрца па дамоўцы, па маці, малых, дзядзьку Ціхану». Але наплывае новы вір падзей — скінулі цара, пачалася рэвалюцыя. Залонскі, які меў славу дэмакратычнага і прагрэсіўнага афіцэра, пасля Лютаўскай рэвалюцыі пайшоў угору. У званні падпалкоўніка ён становіцца камандзірам палка, гаворыць перад салдатамі рэвалюцыйныя прамовы.</p><p>Піліпа Жмянькова вельмі пацягнула ў гэты час да эсэра Свірскага, які ўмеў палымяна выступаць, двойчы сядзеў у турме за рэвалюцыйную дзейнасць. Час быў складаны, і нялёгка было хлопцу ў шаснаццаць гадоў, з двума класамі адукацыі разабрацца ў сутнасці падзей. Піліп успамінае; «Разоў колькі бачыў я ў салдат «Правду»,«Рабочий путь». Але з тымі, хтб набываў гэтыя газеты, не было ў мяне блізкіх адносін, таму чытаў я іх выпадкова, урыўкамі. Трэба ўлічваць і тое, што бальшавікі, якія траплялі у полк, відаць, не вельмі давяралі Георгіеўскаму кавалеру, які чысціў камандзіру боты і круціўся каля эсэра — старшыні палкавога камітэта».</p><p>Такім чынам, у аповесці І. Шамякіна «Першы генерал» праведзена выразная думка, што шлях чалавека да бальшавіцкай праўды не заўсёды быў лёгкі і прастой. Піліпу пашанцавала: ён зноў сустрэў Івана Свірыдавіча Галадушку ў час падаўлення Карнілаўскага мяцяжу пад Петраградам. І ўсё ж хлопец не кідае служыць Залонскаму, які таксама ўдзельнічае ў баях з карнілаўцамі. Але яго ўсё больш і больш цягне да Івана Свірыдавіча, што было заўважана Залонскім. Адбываецца высвятленне адносін, але ўжо не толькі асабістых:</p><p>«— Жмянькоў, што цябе цягце да гэтага чалавека?</p><p>— Да якога, Усевалад Аляксандравіч?</p><p>— Да бальшавіка гэтага… Галадушкі.</p><p>Я сумеўся: што адказаць?</p><p>— Ён добры. I разумны, ён як бацька.</p><p>— А я не здолеў замяніць табе бацьку?</p><p>— Вы добры, пан падпалкоўнік.</p><p>— Вельмі дзіўна — праніклівым позіркам, ніколі, бадай, так не глядзеў — прасвідраваў ён мяне наскрозь, расчаравана працягнуў:</p><p>— М-да, Жмянькоў,— і, апусціўшы вочы ў талерку, дадаў:— Відаць, іх Ленін мае рацыю».</p><p>Многа чаго яшчэ здаралася ў жыцці Піліпа Жмянькова: ён слухаў прамовы і за бальшавікоў, і супраць іх, вельмі шкадаваў, што не ўбачыў, як адбывалася на вуліцах Петраграда Кастрычніцкая рэвалюцыя, бо паслухаўся каханай Катрусі, якая казала не выходзіць на вуліцу ў небяспечны час, быў арыштаваны чырвонагвардзейцамі па падазрэнню, што ён пераапрануты юнкер і афіцэрскі шпіён, бо ад яго пахла булачкай, якую ён сапраўды з’еў на кухні ў Залонскіх.</p><p>Гэта булачка ў аповесці — не выпадковая дэталь. Яна — алегорыя выпадку, жыццёвай дробязі, якія ў той складаны час маглі драматычна паўплываць на лёс чалавека: «Ірваўся я ў полк, да Івана Свірыдавіча, каб рабіць рэвалюцыю, а апынуўся пад арыштам, як контррэвалюцыйны афіцэр ці буржуй. Во што значыць не ў час з’есці свежую булачку, якая так доўга пахне!»</p><p>І ўсё ж Піліп Жмянькоў знаходзіць правільную дарогу ў жыцці. Ён сустракаецца з Леніным, які раіць яму ісці ў вучэбную каманду Чырвонай Арміі — правобраз будучай школы чырвоных камандзіраў. Там і стаў вырастаць будучы савецкі генерал Жмянькоў. Ён ваяваў у грамадзянскую вайну ў якасці камандзіра эскадрона супраць белых.</p><p>Залонскі ўсё ж не прыняў улады працоўных, прыстаў да Дзянікіна і ваяваў супраць бальшавікоў, камандуючы дывізіяй, падпісваў загады на расстрэл людзей, якія спачувалі Саветам.</p><p>За гэтымі двума складанымі лёсамі — беднага сялянскага хлопца Піліпа Жменькі і багатага афіцэра Залонскага — ёсць праўда часу і праўда гісторыі.</p><p>Аповесць «Браняпоезд «Таварыш Ленін» (1970) — пра падзеі грамадзянскай вайны на Гомельшчыне — радзіме пісьменніка. У творы па-мастацку, з выкарыстаннем дакументальных пацвярджзнняў раскрываецца легенда, што быццам бы на Гомельшчыне ў час рэвалюцыі людзі, якія змагаліся за Саветы, вызвалялі Леніна ад немцаў. Аказалася, што у аснове легенды ляжыць рэальны факт — рэвалюцыйныя войскі разам з партызанскімі атрадамі ў 1918 годзе адбілі ў немцаў захоплены імі раней браніраваны цягнік «Таварыш Ленін».</p><p>У аповесці паказана палітычная складанасць часу. У Брэсце падпісаны мірны дагавор Савецкага ўрада з Германіяй. Існуе загад спыніць усе ваенныя дзеянні і не і ўвязвацца ў бой нават тады, калі немцы будуць ісці на правакацыі. За выкананнем дырэктыў урада павінен наглядаць камісар Маскоўскага пралетарскага палка Елісей Арэф’еў. I гэта зрабіць нялёгка, бо партызанскія атрады рвуцца ў бой. У іх ёсць на гэта важная прычына, якую таксама нельга не ўлічваць,— немцы занялі вёскі, дзе жывуць партызанскія сем’і. Партызаны хочуць выгнаць акупантаў з родных вёсак, таму падрыхтавалі ліст у Маскву, дзе пісалі: «Ваш загад аб спыненні баявых дзеянняў з немцамі ў месцах Расійскай Федэрацыі Рэспублікі не можа аднесціся да нас, мы — партызаны, і таму Ваш загад нас не датычыць. Каб мы выканалі загад і не пайшлі за працоўнымі масамі, тады мы больш не рэвалюцыянеры». Але змест гэтага ліста азначаў не што іншае, як непадпарадкаванне дырэктыве цэнтральнай улады, што пагражала зрывам мірнага дагавора. На падобныя намеры Арэф’еў адказвае: «Я забараняю ўсялякія дзеянні, якія могуць справакаваць наступленне немцаў. Хто парушыць,— буду патрабаваць рэвалюцыйнага суда і расстрэлу».</p><p>Становішча ўскладняецца тым, што Арэф’еў для партызан з’яўляецца недастаткова аўтарытэтнай фігурай. Яны падазраюць яго у старарэжымных звычках, здзекліва заўважаюць, што «ён прымярае пагоны». Па ўяўленню некаторых партызанскіх камандзіраў, рэвалюцыйная армія - гэта партызанская армія.</p><p>Немцы пайшлі ўсё ж на правакацыю — сталі абстрэльваць з браняпоезда пазіцыі чырвоных. Арэф’еў увесь у роздуме і сумненнях: «Няўжо мір зноў сарваны? Зноў вайна? Армія распушчана. Новая яшчэ не створана. Сілы няма. Адным энтузіязмам такіх, як Лагун, Бахцін, немцаў не стрымаеш. А да Масквы ўсяго шэсцьсот вёрст». У адказ на тэлеграму Арэф’ева са Смаленска прыйшоў рашучы загад: «Выкоцвайце загад галоўнакамандуючага аб спыненні ваенных дзеянняў. На правакацыі не адказвайце. Па магчымасці ўступіце з праціўнікам у перагаворы. Да вас выехаў член ваеннай калегіі». Але немцы зноў ідуць на правакацыі, пачынаюць наступленне. Бой, па сутнасці, ужо ідзе. «Што рабіць? Што рабіць? Чый загад, чыю волю ён, камісар, бальшавік, павінен выконваць?» — пакутліва думае Арэф’еў. Рызыкуючы трапіць пад трыбунал, ён не вытрымлівае і аддае загад аб наступленні (у палоне ж у ворага велізарная для кожнага рэвалюцыянера каштоўнасць — цягнік, які носіць імя Леніна!), у выніку якога і быў адбіты ў немцаў браняпоезд «Таварыш Ленін». Учынак камісара Арэф’ева апраўдваецца ў аповесці, гэтым самым сцвярджаецца думка, што сапраўдны рэвалюцыянер павінен не толькі выконваць загады зверху, але і ўлічваць мясцовыя ўмовы, праяўляць уласную ініцыятыву, умець прымаць дакладныя і правільныя рашэнні. Ён, урэшце, павінен рызыкаваць уласным становішчам, калі гэтага вымагаюць інтарэсы справы, за якую ён змагаецца.</p><p>Змест кінааповесці «Эшалон прайшоў» (І971) таксама звязаны з падзеямі часоў грамадзянскай вайны на Беларусі. Асновай для задумы твора I. Шамякіну паслужыла тэлеграма У. I. Леніна камісару станцыі Орша Івашчанку з падзякай за пропуск у Германію трыццаці шасці вагонаў з хлебам для рускіх ваеннапалонных.</p><p>Пісьменнік пісаў аб небывалым натхненні, з якім ён працаваў над ленінскай тэмай наогул і над кінааповесцю «Эшалон прайшоў» у прыватнасці. «Шукаеш тое, што бліжэй па матэрыялу, па геаграфіі, па тваіх творчых схільнасцях… I вось тэлеграма:</p><p><emphasis>«Камісару станцыі Орша Івашчанку.</emphasis></p><p><emphasis>Дзякую за пропуск 36 вагонаў у Германію: гэта для нашых бедствуючых ваеннапалонных. Прашу абвяргаць усе гнюсныя паклёпы і помніць, што мы павінны памагаць нашым палонным з усіх сіл.</emphasis></p><p><emphasis>Старшыня Саўнаркома ЛЕНІН»</emphasis></p><p>Мяркую, што кожнаму, нават далёкаму ад гісторыі і літаратўры, чалавеку ясна, што такая тэлеграма не можа не звярнуць увагі, пісьменніка тым больш. Асабіста мяне, калі я ўпершыню прачытаў яе, быццам гарачай хваляй абдало. Гэта ж скарб. У скупых словах тэлеграмы — яркая і глыбокая праява ленінскага гуманізмуі»</p><p>Прапусціць вагоны было не лёгка. Вакол разруха, нястачы, голад, а тут новая ўлада перадае немцам, войскі якіх стаяць пад самай Оршай, трыццаць тысяч пудоў хлеба. Пра гэта ведае народ, і не ўсе могуць зразумець гуманістычную сутнасць і палітычны сэнс такой акцыі. Гэта выкарыстоўваюць левыя эсэры, яны арганізуюць дэманстрацыю жыхароў горада і навакольных сёл з лозунгамі пратэсту («Ні грама хлеба нямецкім імперыялістам!», «Далоў ганебны мір!», «Нашы дзеці галадаюць», «Няхай жыве сусветная рэвалюцыя!»). Быў зроблены напад на эшалон, а сам камісар станцыі арыштаваны. I ўсё ж эшалон прайшоў на захад.</p><p>Змест гэтага твора нібы дапаўняе праблематыку аповесці «Браняпоезд «Таварыш Ленін». Для сапраўднага рэвалюцыянера важны як уласная ініцыятыва ў барацьбе, так і стойкасць, няўступлівасць. Як зрабіць — гэта залежыць ад моманту, ад сітуацыі. А вызначыць характер моманту і сітуацыі — найцяжэй.</p><p>Усе творы I. Шамякіна пра рэвалюцыйныя падзеі на Беларусі — гэта творы пра адказны выбар рэвалюцыйнага дзеяння. Як зрабіць, каб выйграла рэвалюцыйная справа, каб была карысць народу, працоўнаму чалавеку — гэта пастаянны, неадменны разумовы і душэўны клопат рэвалюцыянера ўсіх часоў, а таксама перадавога чалавека нашых дзён,</p><p>Творы I. Шамякіна, прысвечаныя тэме Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, раскрываюць праўдзівы і складаны працэс станаўлення новага грамадства, паказваюць няпростыя шляхі, якімі людзі ішлі ў рэвалюцыю. Ідэйна і праблемна гэтыя творы сугучны сучаснасці, бо ў іх змесце ўвасоблены першапачатковыя прынцыпы новай маралі, ад якіх вядзе свае вытокі светапогляд сучаснага савецкага чалавека.</p><empty-line/><p><strong>ХІІІ. НА КІМ ТРЫМАЕЦЦА СКЛЯПЕННЕ СВЕТУ?</strong></p><empty-line/><p>Характэрная адзнака амаль усіх буйных твораў I. Шамякіна на тэму сучаснага жыцця - абавязковая наяўнасць героя, які ўбірае ў сябе перадавыя імкненні часу і ўсёй сваёй няўрымслівай натурай пратэстуе супраць звыклых умоўнасцей, нават дапускае такія «выбрыкі», якія здзіўляюць людзей, няздатных выйсці ў сваіх паводзінах за межы прадпісанага пасадай і становішчам.</p><p>У рамане «Атланты і карыятыды» (1974) I. Шамякін таксама вывеў на сцэну героя, які бунтуе супраць распаўсюджаных канонаў паводзін, шукае магчымасці вольнага, натуральнага, творчага служэння справе, выбранай на ўсё жыццё, прагне шчырых, сумленных узаемаадносін з людзьмі.</p><p>Пачынаецца раман з падзеі, здавалася б, вельмі асабістага характару. Галоўны архітэктар горада на партыйнай канферэнцыі адвёў сваю кандыдатуру пры выбарах новага складу гаркома. Зрабіў ён гэта, не тлумачачы свайго ўчынку, але прычына такіх паводзін, вядома, ёсць. Яна чыста асабістая: Максім збіраецца разводзіцца з жонкай і не хоча, каб на члена гаркома партыі падаў хоць бы малы цень ад гэтай непрыемнай судовай справы, якая сведчыць, што ён не здолеў пабудаваць шчаслівую сям’ю і захаваць яе. Вось так і звязалася адразу ў адно грамадскае і асабістае.</p><p>Скупымі, але рэзкімі, выразнымі рысамі характарызуе піьменнік тое асяроддзе, да якога нядаўна належаў Карнач і з якім цяпер уступае ў канфлікт і барацьбу. Тое, што Максім Карнач адвёў сваю кандыдатуру ў камітэт,— учынак не радавы. Наглядаецца такое рэдка. Не дзіва, што адны Карначовы знаёмыя абураны, іншыя здзіўлены і азадачаны.</p><p>Рэакцыя знаёмых і сяброў на ўчынак Карнача глыбока характарызуе іх унутраны свет. Яны зацікаўлены не сэнсам учынку, але тым, як усё гэта будзе выглядаць на фоне звыклага ходу жыцця, як адгукнецца ў той сістэме ўзаемаадцосін, якую яны прывыклі ўспрымаць толькі ў выглядзе іерархічнай лесвіцы пасад. Адсюль здзіўлейне, шок і нават злосць, што самі няздатныя на нешта падобнае.</p><p>Пасля канферэнцыі Максім упершыню застаўся адзін. «Адны знаёмыя прашмыгвалі міма, робячы выгляд, што не бачаць, другія хутка развітваліся, ветліва дакранаючыся пальцамі да капелюшоў».</p><p>Але самыя цяжкія выпрабаванні героя яшчэ наперадзе. Яго здымуць з пасады за смелую абарону ўласных поглядаў, што некаторымі людзьмі расцэньваецца як фанабэрыстае пражэкцёрства, і за непрыстойныя быццам бы паводзіны ў сям’і.</p><p>Шмат каму не падабаецца няўрымслівасць натуры галоўнага архітэктара горада, яго няўступчывасць, баявітасць. З’яўляюцца і зайздроснікі. На бюро гаркома, дзе разглядалася асабістая справа Карнача, яго ніхто не падтрымаў.</p><p>Асабістая драма героя раскрыта псіхалагічна глыбока і пераканальна.</p><p>Разрыў з жонкай — гэта першы бескампрамісны бой Карнача са светам мяшчанства. Хутчэй — не бой, а імкненне ўхіліцца ад уладных прэтэнзій мяшчанства захапіць чалавека ў сваю арбіту, Падпарадкаваць сваёй злавеснай сіле. Максім не прымае жыцця, заснаванага на няшчырасці, эгаізме і бездухоўным практыцызме.</p><p>Гэта даўняя, прывабная асаблівасць творчасці I. Шамякіна: ён не ідэалізуе станоўчых герояў, не паказвае іх як бездакорных барацьбітоў, рыцараў «без страху і папроку». Яго станоўчыя героі — радавыя людзі, якія не нашмат узвышаюцца над сваім асяроддзем і часам маюць тыя ж недахопы, што і іншыя людзі. Але такая творчая пазіцыя пісьменніка — і гэта варта асабліва падкрэсліць - не ёсць зніжэнне духоўнасці, не ёсць паэтызацыя духоўнай заніжанасці, бо сам герой адчувае свой унутраны ўзровень, усведамляе свае магчымасці, глядзіць на сябе крытычна. Ён адчувае неабходнасць перамен і імкнецца ім насустрач. I ў гэтым галоўнае.</p><p>Сям’я - гэта надзвычай чалавечная «арганізацыя» людзей. Яе разбурэнне — амаль заўсёды сімптом таго, што, акрамя кахання, там бракуе чалавечнасці. Трагедыя Максіма і Дашы — таксама ў гэтым. Прычым выяўленне чалавечнасці мае розныя ўзроўні. Бадай што, элементарным патрабаванням чалавечнасці ўзаемаадносіны Максіма і Дашы адпавядалі. Абое яны не такія і дрэнныя ў побытавым жыцці людзі. I галоўнае — яны, нягледзячы ні на што, кахаюць адно другога. Людзям іншай катэгорыі гэтага было б зусім дастаткова, каб пабудаваць моцную сям’ю. У герояў жа рамана «Атланты і карыятыды» сямейнай згоды не атрымалася. Іхняе сумеснае жыццё патрабуе чалавечнасці, заснаванай на большай унутранай культуры, на ўмовах духоўнасці.</p><p>Да такога жыцця па сваіх душэўных якасцях перш за ўсё няздатная Даша. Не ўмеючы ці не хочучы ўсёй істотай увайсці ў важную для сябе і для іншых справу, не знайшоўшы такой справы, яна ўсю энергію траціць на самасцвярджэнне ў сям’і. Не на сям’ю, а менавіта на самасцвярджэнне. Але, будучы эгаісткай і чалавекам мізэрнай унутранай культуры, яна задавальняецца становішчам проста прыгожай жанчыны. Будуючы ўсё сваё жыццё вакол гэтага цэнтра, яна церпіць паражэнне, бо вымушана сцвярджаць сябе за кошт жыццёва важных інтарэсаў іншых, у першую чаргу — мужа. Пачынаецца яе няўхільнае падзенне ў прорву мяшчанства, спыніць якое ёй ужо е па сіле.</p><p>Эгацэнтрызм, памцожаны на бездухоўнасць,— самы вялікі недахоп натуры Дашы. Заўважаецца нават, што яна не гэтак дрэнна думае пра мужа, як кажа яму ў вочы. Але сказаць праўду і кіравацца ёю, паразважаць адкрыта над уласнымі ацэнкамі, часам, магчыма, і шчырымі, азначае, па яе перакананню, прынізіць сябе. Гэта гульня, якая захапіла ўсю яе істоту.</p><p>Гераіня рамана I. Шамякіна «Атланты і карыятыды» забаўляецца лёсам блізкага ей чалавека. Ёй не важна, дзе праўда ў жыцці, а дзе няпраўда. Абы была знешняя верагоднасць у яе сцвярджэннях. Прычына тая ж — духовая пасіўнасць, унутраная «незанятасць». А пасля як вынік — няздатнасць адчуць сапраўдны сэнс жыцця і пагоня за спажывецкімі ідэаламі. Гульня пераходзіць паступова ў хваравітасць: «…Даша проста даўно шукала прычыну для сваркі і пакутавала, што не знаходзіла, ён гэта добра бачыў. Знайшоўшы такую прычыну, яна проста ажыла і мела паталагічнае задавальненне, калі крычала на вуліцы». Максім кажа Шугачову пра Дашу: «Гэта нейкі псіхоз, хвароба. Я бяссільны перад ёй. Але жыць так я больш не магу».</p><p>Што ж выходзіць — Даша дрэнны чалавек, мяшчанка, а Максім добры, разумны, стрыманы, паслядоўны праціўнік мяшчанства? Не. У тым і справа, што не. У жыцці ўсё складаней. Пісьменнік вельмі пераканальна паказаў усе ступені ўнутранага аддалення сваіх герояў адно ад аднаго, і ў гэтым іхнім адчужэнні ёсць немалая доля віны і Максіма. Даша таксама ў нечым не памыляецца, калі кажа пра яго: «Заваражыць ён можа. Усіх, хто яго дрэнна ведае».</p><p>Сапраўды, Максім Карнач абаяльны часам толькі знешне, у асобных выпадках яму таксама не хапае глыбокай унутранай культуры.</p><p>Аднак пры ўсіх мінусах у характары і паводзінах ён нашмат узвышаецца ўнутрана над Дашай і над многімі сваімі калегамі і знаёмымі. Яго вылучае ў параўнанні з імі праўдзівы погляд на самога сябе, усведамленне і сваёй віны ў тым, што адбываецца ў сям’і. «Але ён, магчыма, таксама вінаваты: у яго неставала ранейшага такту, далікатнасці, мяккасці. Ён пачаў размаўляць з ёй іншай мовай - груба». I яшчэ: у яго ёсць спачуванне да Дашы, адчуванне, што нелады ў сям’і — іх супольная бяда і віна, ёсць скруха і жальба, сумненне, ці правільна ён робіць, жаданне дабра ёй у будучым: «Ці мае права ён вініць адну Дашу? Але рашуча адкінуў сваё імгненнае сумненне, сваю хвілінную слабасць.</p><p>«Не, не позна! У сорак гадоў яшчэ можна пачаць жыць спачатку, больш разумна. Сябе я караю не менш, бо мушу пачаць новае жыццё у сорак сем. Але я не баюся. Мне сапраўды шкада цябе, Даша. Але адступаць няма куды. Позна».</p><p>На падобныя думкі і адчуванні няздатная Даша. Яна заклапочана толькі тым, каб зрабіць мужу, які ідзе ад яе, найбольш непрыемнасцей.</p><p>Праўда, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што Максіму лягчэй, чым Дашы. У яго ёсць любімая праца, творчасць. Гэта яго апора, а ў крытычныя хвіліны — засцярога ад жыццёвых непрыемнасцей і бур. Нездарма Даша пачынае ненавідзець і яго працу, стараецца абразліва гаварыць пра яе. Адтуль ёй яго не выманіць, хоць яна і хацела б гэтага, бо тады ён з’явіўся б перад ёю без сваіх ахоўных даспехаў, стаў бы безабаронны перад яе мяшчанскімі дамаганнямі і, магчыма, верх застаўся б за ёй. Гэтак здаўся Макаед перад сваёй жонкай Нінай, бо яму няма куды ўцякаць, няма прыстанішча ў творчасці, і жонка «ўе з яго вяроўкі».</p><p>Даша — злы ахоўнік, чорны анёл Максіма, здольны толькі загубіць яго як чалавека, урэшце, як архітэктара з творчымі магчымасцямі, без чаго Максім не можа жыць.</p><p>Перажыванні Карнача ў сувязі з разбурэннем сям’і — гэта прэлюдыя да не менш складаных выпрабаванняў на працы. Сямейныя справы якраз і паслужылі пачаткам усіх яго бед. Максім таму і выступіў на канферэнцыі з самаадводам, што ў сям’і нелады. Ён перакананы: чалавек, выбраны ў партыйныя органы, павінен мець бездакорную маральную рэпутацыю. Аднак яго не зразумелі. Шмат пасадзейнічала гэтаму Даша, якая, помсцячы яму, напісала ліст у высокую партыйную інстанцыю, дзе вінаваціла яго ў амаральнасці. За гэта ўхапіліся ўсе непрыяцелі Карнача. Яны зайздросцілі яго таленту і скарысталі момант, каб расправіцца з ім ці хоць бы прынізіць. Карнача вызваляюць ад пасады галоўнага архітэктара горада.</p><p>Лёс Максіма Карнача шмат ў чым залежаў ад пазіцыі першага сакратара гаркома Ігнатовіча, з якім Карнач быў раднёй: яны жанатыя на родных сёстрах. Спачатку Ігнатовіч аднбсіцца да Карнача з сапраўднай сімпатыяй. Ён ганарыцца, што ў яго такі таленавіты, разумны, дасціпны, абаяльны, смелы родзіч. Гэта Ігнатовіч некалі назнаёміў Максіма з Дашай, а пасля прапанаваў яму пасаду галрўнага архітэктара горада. Іх дружба цягнецца датуль, пакуль Максім не выкінуў «фартэль» з самаадводам. Самаадвод — падзея выключная. Сакратар трывожыцца, каб учынак Карнача не паўплываў дрэнна і на яго службовае становішча, бо ўсе ведаюць, што ён падтрымліваў Карнача, і таму вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся ад Максіма пра сапраўдную прычыну самаадводу. Баяўся, што прычына іншая. «А так — усё проста і зразумела. I ні на каго, акрамя самога Карнача, не падае цень. Сямейныя адносіны — цёмны лес, ні адзін суд яшчэ ў іх належным чынам не разабраўся, ні адзін псіхолаг і пісьменнік, Леў Талстой блытаўся».</p><p>I вось Ігнатовіч з адчуваннем, што гара звалілася з плячэй, звоніць першаму сакратару абкома Сасноўскаму, які чакае ад яго тлумачэнняў адносна ўчынку Карнача. Але Сасноўскаму чамусьці не спадабалася тлумачэнне, і ён папракае Ігнатовіча, што той дрэнна ведае людзей. Настрой Ігнатовіча адразу змяняецца, змяняюцца і адносіны да Карнача. «3 Сасноўскага злосць яго перакінулася на першапрычыну — Карнача… Архітэктурны геній! Карбюзье! Распусцілі мы цябе». Гэта злосць пасля паўплывае на вырашэнне асабістай справы Карнача.</p><p>Адносіны Ігнатовіча да Максіма Карнача кар’ерысцкія, гэта значыць таксама мяшчанскія. Дзесьці ў самай глыбіні яны супадаюць з Дашынымі адносінамі. Таварыскасць, сяброўства, блізкасць у іх грунтуюцца, бадай, на аднолькавых прынцыпах: чалавек цэніцца і прымаецца толькі на аснове аднаго крытэрыю — наколькі выгадны і да якога часу выгадны ён асабіста для другога. У Дашы і ў Ігнатовіча адносіны да Максіма не грунтуюцца на самаахвяраванні, а сапраўднай дружбы не можа быць без гатоўнасці аддаваць — не толькі браць. I часам зусім недастаткова хацець зрабіць гэта. Трэба яшчэ ўмець. I ўменне гэта душэунае, унутранае.</p><p>Ігнатовіч, як і Даша, пачынае паступова пераходзіць ад захаплення творчымі здольнасцямі Максіма да іх непрымання. Яны раздражняюць яго. Карнач падначалены Ігнатовічу, але не выклікае ў таго поўнага даверу. Менавіта таму, што ён яшчэ і творчая асоба. Максімам кіруюць, акрамя абавязку па службе, страсці і эмоцыі творчасці. Ён не да канца дысцыплінаваны. У той ці іншы момант можа ўспыхнуць, загарэцца, махнуць рукой на ўсе ўмоўнасці і зрабіць па-свойму, кіруючыся толькі сваім разуменнем справы. Рэакцыя Ігнатовіча, які адчуў, што Карнач можа стаць небяспечным для яго асабіста, таксама жорсткая. Ён ідзе на падаўленне асобы Карнача, помсціць яму за асабовасць.</p><p>У справу Карнача ўмешваецца першы сакратар абкома Сасноўскі, чалавек, які ўмее разумець людзей. Ён просіць Карнача застацца на ранейшай пасадзе, здагадваецца, што яму не лёгка прыняць такую прапанову пасля усяго, што здарылася. «Што яму адказаць? ліхаманкава думаў Максім.— Адразу згадзіцца?»</p><p>Не, не мог. Але і адмовіцца баяўся».</p><p>Сасноўскі папраўляе Ігнатовіча, раіць яму перагледзець рашэнне бюро гаркома, папрасіць Карнача застацца на рабоце.</p><p>«- Папрасіць? — прашаптаў Ігнатовіч і сам спалохаўся, што так недарэчна выдае сябе і гэтак нерашуча, як вучань, паводзіць. Не, зараз ён будзе аспрэчваць, не згаджацца! Няхай вяртаюць Карнача, але без яго! Ён не пойдзе на такое прыніжэнне!</p><p>У голасе Сасноўскага пачуўся смех: гэты стары зубр і праз тэлефонную трубку бачыць кожны яго рух, выраз на твары.</p><p>— Добра. Дазваляю. Папрасі ад майго імя. Так табе будзе лягчэй. Дамовіліся?»</p><p>Гэты эпізод, якім заканчваецца раман, цікавы не толькі ў сувязі з лёсам Карнача. Псіхалагічна ён вельмі паказальны для характарыстыкі ўзаемаадносін двух кіруючых работнікаў, іх стылю кіраўніцтва. Дарэчы, у рамане «Атланты і карыятыды» праўдзіва і шырока паказана жыццё савецкіх і партыйных устаноў на сучасным этапе. Прыёмныя, кабінеты, калідоры гэтых устаноў - не проста фон для дзейнасці галоўных герояў. Тут, як і ўсюды, кіпіць жыццё, адбываюцца канфлікты, пачуццё абавязку сутыкаецца з разлікам і баязлівасцю, перастрахоўкай, справа і творчасць прабіваюцца праз раўнадушша, эгаізм і зайздрасць. I галоўнае - тут менавіта сённяшні дух грамадскіх узаемаадносін, да якога заўсёды быў чулы I. Шамякін як пісьменнік. Вобразы партыйных і савецкіх кіраўнікоў у яго творчасці не спрошчаныя, не адназначныя, не прыхарошаныя, а складаныя — такія, якімі іх бачыць пісьменнік у жыцці.</p><p>Вось, здаецца, прахадны эпізод — размова Сасноўскага з Карначом, эпізод, які толькі падводзіць да галоўнай тэмы гутаркі. Тым не менш тут шмат сказана пра сённяшні дзень нашага жыцця, пра характар узаемаадносін з людзьмі, пра стыль кіраўніцтва імі. Сасноўскі кажа Карначу:</p><p>«— Не іранізуйце з нашага брата. Мы — не універсалы. I не багі. Мы — людзі, і кожны з нас можа памыліцца.</p><p>— Я не іранізуто.</p><p>- Па нашым самалюбстве і гонары б’юць часам мацней.</p><p>— Я ведаю».</p><p>Напэўна, Карнач вернецца на працу.</p><p>Такім чынам, Карнач здольны настаяць на сваім, давесці абарону ўласных поглядаў да канфлікту, а магчыма — і да перамогі. Па натуры ён змагар.</p><p>Праўда, Карнач такі змагар, які дапускае кампрамісы. Але гэта тыя кампрамісы, якія з боем вырывае ў яго мяшчанскі свет. У жыцці бываюць і перамогі, і адступленні, але заўсёды важны ўнутраны вынік кампрамісу, адступлення. Часам кампраміс, нават паражэнне, нясуць з сабой такі цяжкі і павучальны вопыт, што становіцца навукай на будучае, пераадоленнем самога сябе, падрыхтоўкай перамогі.</p><p>Хто ж Атлант у рамане? Хто трымае на сабе цяжкае скляпенне свету? Максім Карнач — звычайны чалавек, а не Атлант. Але ж і атланты ў архітэктуры маюць звычайнае чалавечае аблічча. Максім Карнач таксама адважваецца нямала ўзяць на сябе ў жыцці. Так, якраз такія людзі, як герой рамана I. Шамякіна, трымаюць на сабе свет, бо яны ахоўваюць у жыцці сумленнасць, праўду, справядлівасць. У рамане тытанаў няма. Але затое ёсць звычайныя людзі, якія ў калектыўных намаганнях робяць тытанічную справу сцвярджэння свету на пачатках дабра і справядлівасці. Яны і ёсць атланты і карыятыды.</p><p>Усе ўчынкі станоўчых герояў рамана асветлены глыбокім унутраным парываннем. Канфлікт гэтага твора хоць і нагадвае канфлікт папярэдніх раманаў I. Шамякіна, але ён у большай ступені вынесены ў духоўную сферу. Тут таксама сутыкаюцца дзелавыя меркаванні, яны таксама ўплываюць на ўзнікненне і развіццё канфлікту, але ў цэнтры рамана — сутыкненне маральнае, духоўнае.</p><p>Як і папярэднія буйныя творы I. Шамякіна, раман «Атланты і карыятыды» выклікаў сутыкненне думак, ажыўленыя спрэчкі, даў цікавы матэрыял для крытычных абагульненняў. Часопіс «Литературное обозрение» правёў абмеркаванне гзтага твора, у якім прыняў удзел і архітэктар А. Швідкоўскі. Ён пацвердзіў, што пісьменнік добра вывучыў жыццё архітэктараў, улавіў надзённыя праблемы, якімі жыве сучасная архітэктура. «Сітуацыя, апісаная ў рамане, сапраўды характэрная, - зазначыў ён. Выказваючы ацэнку мастацкіх вартасцей рамана, другі ўдзельнік дыскусіі В. Шапашнікаў пісаў пра штучнасць «галоўных сюжэтных ліній, усю іх надуманасць і «старамоднасць». Думаецца, што В. Шапашнікаў не адчуў важнасці і надзённасці канфліктных сітуацый рамана. Правільна сказаў Ю. Пшыркоў: «Новы твор Шамякіна не вытворчы раман. Прафесійныя адносіны паміж людзьмі адлюстроўваюць у ім грамадскія ўзаемаадносіны».</p><p>Больш шырока прааналізаваў праблематыку рамана «Атланты і карыятыды» і яго мастацкія асаблівасці Ю. Сураўцаў у артыкуле «Людзі мастацтва і навукі ў сучасным рамане». Ён адзначае: «Часам здаецца, што ў рамане Шамякіна… узята залішне шмат праблем, ад чаго твор уяўляецца нечым накшталт перанаселенай камунальнай кватэры. Але… чым больш удумваешся ў расстаноўку дзеючых асоб, тым больш пераконваешся ў натуральнасці і апраўданасці такой кампазіцыі шамякінскага рамана, бо тут сама задума - паказаць паўнату жыццёвага патоку, у якім плыве, а часам і бяссільна барахтаецца галоўны герой рамана архітзктар Максім Карнач». І далей: «Разнастайнасць месц дзеяння, уменне адчуць і перадаць розныя канфлікты, характэрныя для сённяшняга жыцця, цяга да амаль заўсёды завостранага, «крутога», дынамічнага сюжэта — гэтыя якасці Шамякіна-празаіка, вядомыя нам і па ранейшых раманах, дапамагаюць аўтару маляваць фігуры герояў не плоскасна, а рознабакова, у натуральнай іх супярэчлівасці, а часам і ў рэальнай заблытанасці, непаслядоўнасці ўчынкаў і перажыванняў».</p><p>Раман Івана Шамякіна ўдзельнічае ў актывізацыі сучасных духоўных імкненняў да высокіх ідэалаў жыцця, якія адпавядаюць мэтам камуністычнай будучыні.</p><empty-line/><p><strong>XIV. ЭКЗАМЕН НА ПРАВІЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ</strong></p><empty-line/><p>Час ад часу I. Шамякін звяртаецца да драматургічнага жанру. Яго п'есы, як і празаічныя творы, вострыя сюжэтна, населены акрэслена характэрнымі дзеючымі асобамі, маюць змястоўныя дыялогі, надзённую сацыяльную праблематыку. Асабліва вызначаюцца гэтымі якасцямі драмы «Экзамен на восень» (1972-1973), «I змоўклі птушкі» (1977).</p><p>П'еса «Экзамен на восень» пачынаецца з таго, што Тамаш, вучань дзесятага класа, рыхтуючыся да выпускнога экзамену па літаратуры, завучвае на памяць верш М. Багдановіча:</p><p>Ў душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны;</p><p>Ці мне крыніцай слёз сваіх яго заліць</p><p>I плугам цяжкага мучэння сэрца ўзрыць?</p><p>Мо ўзыдуць там надзеі зёрны!..</p><p>Куды ж ісці і што рабіць?</p><p>Не цяжка здагадацца, што гэтыя радкі філасофскага верша маюць значэнне эпіграфа да зместу п’есы і перш за ўсё да жыццёвага лёсу Тамаша. Верш М. Багдановіча — пра цяжкую, пакутлівую душэўную працу, пра пошукі надзейнай апоры ў жыцці, пра расчараванне і ўсплёск надзеі, урэшце, пра выбар жыццёвага шляху: «Куды ж ісці і што рабіць?» Змест вершаваных радкоў вельмі адпавядае душэўнаму стану Тамаша і адказнаму моманту ў яго жыцці: ён таксама перад выбарам жыццёвай дарогі. Але верш завучваёцца цяжка, што і зразумела. Тамаш запамінае яго механічна, бо ў яго няма яшчэ такога жыццёвага і душэўнага вопыту, які зліўся б са зместам верша. Усё гэта яшчэ наперадзе.</p><p>Тамаш мае цвярозы, хоць яшчэ і дзіцячы, розум, ён усё правярае нанава ўласным аналізам. Нездарма яму далі мянушкі Хама няверуючы і яшчэ Дэльфін — за тое, што ён добры і разумны. Нават ад сваёй маці Ульяны Паўлаўны ён патрабуе доказаў, калі сумняваецца: «Дакажы! Давай доказы. Я нічога не прынімаю на слова». Але аказваецца — не ўсё падвяргае Тамаш праверцы розумам і аналізам. Ён прымае на веру словы Светы, у якіх прыступае адкрыты разлік, чаго хлопец проста не заўважае. Але здараецца так таму, што Тамаш закаханы ў Свету.</p><p>3 горада прыязджае брат Тамаша Віця — па прафесіі мастак. Прыязджае з былым партызанам, добрым знаёмым маці, цяпер міністрам Сяргеем Цітавічам Грачанікам і Францам Пятровічам Бармуцкім, таксама былым партызанам і падпольшчыкам, цяпер прафесарам, доктарам навук. У Віці і Бармуцкага ёсць практычны інтарэс да Ульяны Паўлаўны. Сын просіць маці, былую партызанскую сувязную, пацвердзіць партызанскі стаж Бармуцкага з 1941 года, хоць для гэтага няма дастатковых падстаў. Пацверджанне патрэбна Бармуцкаму дзеля таго, каб яго біяграфія ў энцыклапедыі, якая рыхтуецца да друку, выглядала больш гераічнай і прыгожай. Віктар за свае паслуті прафесару спадзяецца атрымаць з яго дапамогай лепшую працу. Ды і маці ён абяцае за гэта выгаду.</p><p>«В і к т а р (даганяе маці). Мама! Я хачу сказаць, каб ты ведала. Гэта вельмі патрэбны чалавек…</p><p>У л ь я н а П а ў л а ў н а. Каму патрэбны?</p><p>В і к т а р. Мне. I табе. Можа, цяпер нават больш табе.</p><p>У л ь я н а П а ў л а ў н а (здзіўлена). Мне?</p><p>В і к т а р. Тамашу. Бармуцкі паможа яму паступіць ва універсітэт.</p><p>У л ь я н а П а ў л а ў н а. Віця! Пра што ты кажаш! Ні Тамашу, ні мне, ні табе не патрэбны такія пратэкцыі. Няўжо ты не ведаеш, як я стаўлюся да гэтага?</p><p>В і к т а р (крыва ўсміхаецца). Ты - вясковая ідэалістка. Ты думаеш, калі я паступіў без усялякага ўсяго… дык я меў хоць якое дараванне. А такія матэматычныя геніі, як Тамаш, бетонны раствор падаюць. Медаля ж у яго не будзе. Зрэжацца на першым экзамене. Як Радзіён».</p><p>З прыездам сына Віктара ў доме вясковай настаўніцы Ульяны Паўлаўны ствараецца зусім іншая атмасфера і гучаць словы, да якіх Тамаш не прывык. Віктар — увасабленне сучаснага ваяўнічага мяшчанства. Ён — эгаістычны і прагны да выгады.</p><p>Сацыяльнае аблічча Бармуцкага як мешчаніна больш складанае, чым аблічча Віктара. Бармуцкі ваяваў, быў падпольшчыкам і партызанам. Праўда, у п’есе ёсць намёк, што ваяваў ён дрэнна. Але ж ваяваў, рызыкаваў жыццём, а гэта павінна было пакінуць у яго душы нейкую выразную маральную пераконанасць, якая служыла б асновай усіх яго паводзін. Магчыма, такая пераконанасць нейкі час у яго і была, але ён хутка пазбавіўся ад яе ў пагоні за дабротамі жыцця, за штучна створаным прэстыжам у грамадстве.</p><p>У драме «Экзамен на восень» раскрыта агрэсіўная сіла сучаснага мяшчанства, якое імкнецца або перацягнуць да сябе маладое пакаленне, падначаліць яго свайму ўплыву, або падавіць, зламаць яго волю да супраціўлення скажоным жыццёвым мэтам. У п’есе прадстаўнікамі маладога пакалення з’яўляюцца Тамаш і Света. Аднаму і другому з іх давялося востра сутыкнуцца твар у твар са страшным абліччам мяшчанства.</p><p>У адрозненне ад цвёрдага і прынцыповага Тамаша, Света яшчэ ў школе дзейнічала часам з разлікам, хай сабе і дробненькім. Перад выпускным экзаменам яна завучвае на памяць такі верш, які абавязкова павінен спадабацца настаўніку, бо ў змесце верша можна падкрэсліць моманты, якія будуць намякаць на пэўных асоб, да якіх настаўнік мае антыпатыю. Тамаш асуджае яе за гэта.</p><p>Схільнасць Светы да камбінавання, хай сабе на першы погляд і зусім наіўнага, нявіннага, схільнасць бачыць у дзеяннях людзей толькі практычную зацікаўленасць і зрабіла яе няўстойлівай перад дамаганнямі мяшчанства. Віктар адчуў гэту блізкую яму асаблівасць у характары Светы, і хутка дзяўчына стала ахвярай яго падману. Хоць і позна, але Света зразумела, што яе жорстка падманулі, што яе заманілі на шлях, які сумленнага чалавека вядзе ў тупік. Невядома, ці зможа яна акрыяць душэўна пасля ўсяго, што з ёю здарылася. Яе словы, шчырыя, даверлівыя, самакрытычныя, даюць падставу спадзявацца, што яна здолее вынесці патрэбны ўрок са сваёй жыццёвай памылкі. Яна збіраецца паехаць з дому ў вялікі свет і там шукаць душэўнае прыстанішча.</p><p>Тамаш больш разумны, праніклівы і баявіты ў параўнанні са Светай. Ён адразу, як толькі брат Віктар з’явіўся з гасцямі ў доме, адчувае ненатуральнасць яго паводзін і слоў, злуецца, што ён бесцырымонна заляцаецца да Светы, а тая прымае яго заляцанні. Тамаш скандаліць. Сапраўднае ж сутыкненне з Віктарам адбываецца ў горадзе, куды Тамаш паехаў са Светай здаваць уступныя экзамены. Але, замест таго каб трапіць на экзамены, Тамаш трапіў у турму за сутычку з Віктрам. Ён учыніў скандал, даведаўшыся, што брат падмануў Свету. Тамаш вяртаецца дадому з іншым настроем, ён таксама пасталеў у жыццёвых выпрабаваннях. Вось калі ўсплывуць у памяці Тамаша радкі з верша Багдановіча («Ў душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны») не як нешта далёкае ад яго жыцця, а як уласна перажываемае і вельмі знаёмае.</p><p>Віктар і Тамаш пры звароце адзін да другога то жартоўна, то з іроніяй называюць адзін аднаго то «брат мой — сябар мой», то «брат мой — вораг мой». У гэтым ёсць важны ідэйны сэнс. Ён у тым, што мяшчанства не з’яўляецца нечым далёкім ад кожнага чалавека, яно побач, яно вакол нас, блізка, як брат. Таму яно асабліва небяспечнае. Сапраўды, брат мой — і сябар мой, і вораг мой. Таму патрэбна вялікая пільнасць, пастаянная ўнутраная насцярожанасць, каб не зблытаць брата-сябра і брата-ворага і не стаць самому мешчанінам.</p><p>Тамаш вытрымлівае жорсткую барацьбу з братам-ворагам, застаецца самім сабой. Хоць гэта нялёгка. Жыццёвая філасофія брата здаецца на першы погляд не толькі прываблівай, але і правільнай, нават гуманістычнай: ісці насўстрач людзям, іх пажаданням. Але Віктар не разумее, што людскія жаданні маюць розныя маральныя катэгорыі і ўзроўні. Больш таго, маральныя прынцыпы наогул яму перашкаджаюць. Ён цынічна кажа: «Чалавецтва ўсё яшчэ ніяк не вылечыцца ад адной хваробы - прынцыпаў. Гэта — як псорыяз: не баліць, але свярбіць. I ніхто лячыць не ўмее».</p><p>Тамаш усё ж выстаяў, не зламаўся перад цяжарам складанасцей жыцця, якія раптам наваліліся на яго: канчатковае расчараванне ў браце, здрада каханай, крах мары пра вучобу ў ВНУ. Нарэшце, ён даведваецца, што яго маці Ульяна Паўлаўна не родная яму, як не родная яна ўсім яго братам. Ён застаецца верным запавету шукаць сэнс жыцця. Пытанне «Куды ж ісці і што рабіць?» застаецца галоўным і вядучым у яго жыцці.</p><p>Каханая Тамаша Света — гэта нібы ўвасабленне яго будучыні. Нездарма ў яе былі школьныя мянушкі Княжна, Прынцэса. Але «будучыня» здрадзіла яму. Няма больш Княжны і Прынцэсы. Яна ўкрадзена братам-ворагам. Засталася, як кажа пра сябе сама Света, «дурніца, набітая мякінай». Будучыня ўкрадзена братам-мешчанінам. Праўда, Тамаш працягвае кахаць Свету. Яму давядзецца яшчэ змагацца за сваю будучыню.</p><p>Ёсць у Тамаша недахоп, на які справядліва ўказвае Віктар, калі гаворыць пра каханне Тамаша і Светы. «Змірыся з думкай, што не кахала яна цябе… Не заваяваў ты яе сэрца. Чым ты мог заваяваць? Фама! Будзь рэалістам!» Сапраўды, чым мог заваяваць сэрца Светы хлапчук, зусім яшчэ наіўны, які пакуль не разабраўся ў жыцці? Света кажа яму: «Не крыўдуй, Тамашок. Ты хоць Спіноза, але хлапчук. Хіба ты ведаеш жыццё? Нічога ты не разумееш…» Вартым вялікай будучыні Тамаш стане толькі тады, калі знойдзе для сябе адказ на пытанне: «Куды ж ісці і што рабіць?»</p><p>Галоўнай станоўчай дзеючай асобай у драме «Экзамен на восень» з’яўляецца маці Ульяна Паўлаўна. Яна — увасабленне лепшых маральных традыцый таго пакалення, якое вынесла на сваіх плячах вайну.</p><p>Вобраз Ульяны Паўлаўны ў асноўнай сваёй сутнасці належыць да вядомых ужо вобразаў тых герояў пісьменніка, якія і ў пасляваенны час зберагаюць у сэрцыі памяць пра партызанскую зямлянку не проста як пра важную частку сваёй біяграфіі, а як пра духоўную вышыню, якая пануе над усім жыццём чалавека, вядзе яго наперад, прасвятляе шляхі, робіць па-грамадзянску відушчым.</p><p>Ульяна Паўлаўна цікавіцца ходам калгасных спраў, крытыкуе старшыню калгаса Драмашку за тое, што ён недастаткова клапоціцца пра людзей, дабіваецца высокіх вытворчых паказчыкаў цаной непасільных намаганняў калгаснікаў. Яна кажа Драмашку: «А гэта каму патрэбна? Энтузіязм такі. Не на вайне. Мы і на вайне людзей сцераглі».</p><p>Клопат пра людзей, пра іх штодзённыя інтарэсы — клопат чалавечны, партыйны. Гэтага не разумее старшыня калгаса Драмашка — тыповы прадстаўнік той часткі кіраўнікрў, якім важна дасягнуць мэты, не зважаючы на сілы і магчымасці людзей. Гэта небяспечны накірунак думак і дзеянняў. Ён вядзе нават да людскіх ахвяр. Смерць даяркі Любы падкрэслівае грамадскую небяспеку занядбання чалавечнасці ў кіраўніцтве. Драмашка перакананы нават, што дабрата уласціва, хутчэй, хрысціянскай рэлігіі, чым сучасным грамадскім уяўленням пра жыццё. Ён кажа Ульяне Паўлаўне: «3 вашай хрысціянскай любоўю вам трэба было ўступіць у секту, а не ў партыю». Ульяна Паўлаўна рашуча не прымае такой пазіцыі, калі чалавечнасць адлучаюць ад партыйнай лініі.</p><p>Асабліва асуджае яна з пазіцый свайго мінулага мяшчанскае перараджэнне людзей, іх адыход ад высародных прынцыпаў жыцця, эгаістычную пагоню за матэрыяльнай выгадай. Яна скардзіцца Грачаніку, свайму баявому сябру, якога кахае: «Мне сумна, Сяргей. Сёння мне здалося, што я дарэмна пражыла жыццё! (Грачанік глядзіць на яе са здзіўленнем.) Віктар са сваёй філасофіяй… Бармуцкі… Былы партызан… Наш таварыш… Ён нават не аспрэчваў мэту, на якую спатрэбілася даведка… Цешыцца, што яго распішуць у энцыклапедыі. Божа мой! Ці пра гэта мы думалі?»</p><p>Вобраз Ульяны Паўлаўны надзелены пераканальнымі рысамі жывога чалавека. Але разам з тым гэта вобраз-сімвал. Ульяна Паўлаўна — увасабленне гераічнага мінулага народа. Як канкрэтны, жывы чалавек, яна магла мець і сына Віктара, бо ўсякае здараецца ў жыцці. Калі ж у вобразе Ульяны Паўлаўны ўвасоблена чысціня ідэалаў гераічнага пакалення, то родным яе сынам Віктар быць не можа. У яго не тыя душэўныя вытокі. Таму ў творы ён усяго толькі прыёмны яе сын. Прыёмныя і два другія сыны — Тамаш і Радзіён. Хоць яны не такія, як Віктар, аднак і яны не могуць прэтэндаваць па зместу сваёй натуры на ролю тыповага перадавога чалавека нашага часу, прамога пераемніка жыццёвых прынцыпаў маці. Тамаш яшчэ залішне інфантыльны (і ў канцы п’есы не ведае, «куды ж ісці і што рабіць?»), а Радзіён - залішне непатрабавальны, згодзен на кампрамісы з жыццём, схільны ісці за жыццёвым выпадкам, а не перамагаць яго супраціўленне. Радзіён з тых, для каго ніякіх праблем не існуе, калі яны самі добра ўладкаваны ў жыцці.</p><p>Такім чынам, усынаўленне мае ў п’есе важнае ідэйнае абагульненне. Ніводзін з маладога пакалення - ні Тамаш, ні Радзіён, ні тым больш Віктар — не з’яўляюцца прамымі спадчыннікамі сваіх бацькоў, іх баявой славы. Права на спадчыну бацькоў трэба заслужыць.</p><p>3 гэтага як быццам вынікае, што Ульяна Паўлаўна сапраўды, як сама яна кажа, «дарэмна пражыла жыццё». Сыны, нават калі яны і добрыя сыны, як Тамаш з Радзіёнам, не здолелі пераняць ад яе ўсяго комплексу адносін да жыцця, уласцівага яе гераічнаму пакаленню. Але драма заканчваецца аптымістычна. Ульяна Паўлаўна вырашае ўдачарыць маленькую дзяўчынку Наташку. Малая Наташка і з’яўляецца ўвасабленнем яшчэ больш прыгожай будучыні. Магчыма, яна і стане тым чалавекам, які пяройме спадчыну маральнай і грамадзянскай стойкасці маці.</p><p>Узнікае пытанне: чаму аўтар вызначыў жанрава свой твор як драму? Перш за ўсё таму, што жыццёвы шлях некаторых герояў атрымаў драматычную завязку (перажыванне здрады каханай Тамашом, перажыванне ўласнай памылкі Светай). Але ёсць драматычны зыход ва ўсім развіцці п’есы: многія яе героі аказаліся не на вышыні патрабаванняў часу.</p><p>Драма «Экзамен на восень» - пра ўменне жыць згодна з высакароднымі ідэаламі савецкіх людзей, якія склаліся ў барацьбе за існаванне сацыялістычнай Радзімы, а таксама ў працоўным подзвігу. Дзеючыя асобы п’есы — прадстаўнікі маладога пакалення — пакуль што не здалі экзамену на ўменне жыць. Іхні экзамен адкладваецца. Але ён абавязкова адбудзецца.</p><p>Па ідэйнаму зместу і па сутнасці праблем да драмы «Экзамен на восень» вельмі блізка прымыкае драма «I змоўклі птушкі». Гэты твор I. Шамякіна — таксама пра ўменне правільна жыць, якое правяраецца строгім экзаменатарам — народным сумленнем.</p><p>Найбольш поўна ўвасоблена народнае сумленне ў душы доктара Наталлі Фадзееўны, жанчыны добрай, спагадлівай, разумнай. Як заўсёды ў творчасці I. Шамякіна, гэта галоўная дзеючая асоба - канкрэтны чалавек, жонка, маці, гаспадыня ў доме, участковы ўрач і адначасова яна - сімвалічная фігура. Наталля Фадзееўна — дачка Маці, забітай у час вайны, ад якой яна пераняла ў спадчыну трывогу і клопат пра дабро, справядлівасць і чалавечнасць. Яна — добры ангел-ахоўнік усяго сучаснага жыцця.</p><p>Самааддана распасцёрла Наталля Фадзееўна крылы сваёй чулай душы над роднымі дзецьмі, над усімі блізкімі і знаёмымі людзьмі. Да ўсяго ёсць ёй справа, усё кранае Яе спагадлівае сэрца. Ніхто ёй не дапамагае, ніхто яе добра не разумее, акрамя хіба хворай нявесткі Нэлы. Муж Наталлі Фадзееўны Анатоль Іванавіч хоць нядрэнны чалавек, але не памочнік. Ён залішне заняты сабой, залішне раўнадушны да ўсяго, што не звязана са службай, акрамя футбола. Ён — не адкрыты мешчанін, але з-за сваёй абыякавасці непатрабавальны і таму памяркоўны з мяшчанствам, закончаным увасабленнем якога з’яўляецца пляменнік Кірыла. Анатоль Іванавіч — абмежаваны і таму чужы для сваёй жонкі чалавек.</p><p>Наталля Фадзееўна ў клопатах пра дзяцей і людзей надрываецца адна. А жыццё складанае. Дачка Галя пакахала Васю, сына таго паліцэйскага, які ў вайну забіў маці Наталлі Фадзееўны, Маці з вялікай літары. Калі Васю сказалі, якая перашкода пралягла паміж ім і Галяй, ён трапляе пад машыну. Наталля Фадзееўна робіць усё, каб выратаваць яго ад смерці.</p><p>Немалы клопат у яе і з сынам Раманам. Яна загадвае яму нёкалькі гадоў трымацца далёка ад дому, каб выздаравела канчаткова ад псіхічнага захворвання яго жонка Нэла, бо яна, відаць, захварэла па віне Рамана. Нэле гавораць, што Раман у камандзіроўцы ў Афрыцы, хоць ён на самай справе працуе на поўначы. Але Раман не хоча слухацца маці, эгаістычна думаючы толькі пра сябе. Ён нават збіраецца развесціся з жонкай. Яму надакучыла бадзяцца па свеце, надакучыла пісаць лісты жонцы з «Афрыкі», і ён заяўляецца дадому насуперак забароне маці. Раман таксама мешчанін.</p><p>Не вытрымаўшы жорсткіх выпрабаванняў, Наталля Фадзееўна траціць прытомнасць і памірае. Па сутнасці, яе забівае раўнадушша, нячуласць і эгаізм тых людзей, з якімі яна жыла. Яе забівае мяшчанства.</p><p>Як і ў «Экзамене на восень», у драме «I змоўклі птушкі» выразна праводзіцца думка, што мяшчанства — вельмі небяспечны вораг. Нездарма ў п’есе «Экзамен на восень» прыёмны сын Ульяны Паўлаўны, ваяўнічы мешчанін Віктар, апрануты ў плашч, нагадвае ёй фашысцкага карніка часоў вайны («А ты скінь гэты дурацкі плашч! Ненавіджу! У такіх плашчах ішлі карнікі, калі мяне раніла…»). У драме «I змоўклі птушкі» таксама устанаўліваецца сэнсавая паралель паміж смерцю Маці, якой выстраліў у спінў паліцэйскі, калі яна прыйшла ратаваць дзяцей, і смерцю Наталлі Фадзееўны, забітай сучасным мяшчанствам, калі яна засцерагала і ратавала ад бяды дзяцей і ўсіх добрых людзей. Вельмі цікавы і новы ў беларускай драматургіі вобраз Нэлы. Гэта маладая жанчына псіхічна хворая ад нейкага моцна перажытага ўзрушэння, выкліканагя няправільнымі паводзінамі ў мінулым яе мужа Рамана, якога яна ўсё роўна кахае. Ёй ужо ідзе на папраўку, яна амаль нармальная, таму ў яе адчуваннях і словах ёсць здаровы, рэальны сэнс навакольнага жыцця, хоць ён і выказваецца ёю яшчэ экстравагантна або з дзіцячай непасрэднасцю.</p><p>Нэла ўнутрана вельмі чуйная да ўсяго, што адбываецца ў доме. Усім сэрцам горнецца яна да Наталлі Фадзееўны, адчуваючы яе дабрату і розум, называе яе маці. Дзесьці ў глыбіні душы ў часіны найбольшага прасвятлення яна здагадваецца, што яе з нейкай мэтай падманваюць. Але Нэла, ужо атрымаўшы адзін удар лёсу, баіцца праўды жыцця. Ёй хочацца верыць, што яе муж у Афрыцы, быццам ён мужны, смелы. Не раз сніць Нэла, што Раман палюе на львоў. Яна баіцца за яго жыццё, перажывае.</p><p>Хоць хвароба Нэлы — гэта яе бяда у няшчасце, але менавіта дзякуючы асабліваму стану псіхікі яна першай прадчувае ў навакольнай атмасферы нейкую незвычайную нацружанасць, прыкметы нечага новага. Спачатку Нэла даведваецца, што «на востраве Лусон на гары Бінаратан змоўклі птушкі». На гэта Наталля Фадзееўна адказвае: «Я чытала, што птушкі змаўкаюць перад землетрасеннем ці ўраганам». Нэла першая заўважае, што і тут, на роднай зямлі, змоўклі птушкі.</p><p>«Н э л а (глядзіць у акно, вельмі заклапочана). Чаму змоўклі птушкі?”</p><p>К і р ы л а. Якія птушкі?</p><p>М а р ы н а Ф а д з е е ў н а. Птушкі спяваюць раніцой. А ўжо вечар. I, напэўна, будзе навальніца».</p><p>Разам з Нэлай асабліва востра адчувае надыход навальніцы яе лепшы душэўны сябар Наталля Фадзееўна, адчувае проста фізічна, па рэакцыі свайго арганізма. Яна кажа сястры Марыне Фадзееўне: «У мяне таксама спазма. Будзе навальніца. Будзе навальніца…» I яшчэ: «Будзе навальніца. Так нахмарыла».</p><p>Так і памерла Наталля Фадзееўна, не дачакаўшыся ні нальніцы, ні дажджу. Вярнуўся Раман, які паблытаў усе яе планы па ўладкаванню жыцця. Цяпер усё будзе залежаць ад яго. Або ён застанецца такім, якім быў, і Нэла, канчаткова пераканаўшыся, што яна памылілася ў ім, упадзе ў глыбейшае паўзабыццё, або Раман схамянецца душэўна, усвядоміць рэальнае становішча рэчаў і пойдзе насустрач Нэле. Канцоўка п’есы дае падставу трактаваць вырашэнне канфлікту аптымістычна. На зварот да яго Нэлы «Раманка… а на гары Бісаратан змоўклі птушкі» ён просіць у роспачы: «Не трэба, Нэлачкаі Не трэба! Прашу цябе». У гэтай роспачы, можа, страх, а можа, і разуменне жыцця.</p><p>Такім чынам, назва драмы «I змоўклі птушкі» і раскрыццё вобразнага сэнсу гэтай назвы яшчэ больш падкрэсліваюць горкую думку пісьменніка пра распаўсюджанасць мяшчанства, пра здольнасць яго забіваць лепшыя парыванні чалавечай душы. Калі змоўклі птушкі, то гэта трывожны знак ненармальнасці. Ад усіх грамадзян разам і ад кожнага чалавека паасобку залежыць, каб зноў заспявалі птушкі.</p><p>Драмы «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» — найвышэйшае дасягненне I. Шамякіна як драматурга.</p><p>Калі ў некаторых папярэдніх п’есах («Выгнанне блудніцы») пры ўсёй надзённасці праблематыкі ўсё ж наглядалася часам залішняя адкрытасць канфліктных сутыкненняў, празмерная ўвага да знешняга фону дзеяння, то ў драмах «Экзамен на восень», «I змоўклі птушкі» ёсць унутранае дзеянне, унутраная ідэя, спецыфічна драматургічны прынцып тыпізацыі вобразаў і падзей. Як па зместу, так і па мастацкіх вартасцях яны належаць да лешпых твораў сучаснай беларускай драматургіі.</p><empty-line/><p><strong>XV. ДЗЕЦІ I ЖАНЧЫНЫ НА ВАЙНЕ</strong></p><empty-line/><p>Ва ўсіх творах I. Шамякіна пра вайну, калі не лічыць першага апавядання «У снежнай пустыні», вялікае месца займаюць персанажы жанчын і дзяцей. Адна ўжо гэта акалічнасць драматызуе змест твора. Сапраўды, становішча жанчын і дзяцей на вайне — спецыфічная тэма, яна набывае выразны гуманістычны аспект, бо ў такой сітуацыі, як ні ў якой іншай, выяўляецца жорсткасць і антыжыццёвая сутнасць вайны.</p><p>Тыповая фігура ўсіх твораў пісьменніка на ваенную тэму — жанчына з дзіцем на руках. Гэта фігура з’яўлялася асноўнай у «Глыбокай плыні» і ў «Трывожным шчасці». Яна стала нават сімвалам чалавечых пакут на вайне.</p><p>У Вялікую Айчынную вайну дзеці таксама ваявалі. Складваліся такія сітуацыі, калі яны станавіліся салдатамі, бралі ў рукі зброю, гінулі ў баях. Удзел дзяцей у вайне даволі шырока адлюстроўваўся савецкай літаратурай пачынаючы з ваенных часоў (апавяданні М. Лынькова «Васількі» - 1942, аповесць В. Катаева «Сын палка» - 1945). I. Шамякін на гэту тэму напісаў гераічную драму «Дзеці аднаго дома» (1966-1967).</p><p>Сюжэт п’есы ўзяты з рэчаіснасці. У аснову яго пакладзена вельмі распаўсюджаная сітуацыя пачатку вайны: выхаванцы дзіцячага дома, які эвакуіруецца на ўсход, былі перахоплены ў дарозе варожымі войскаміі і вымушаны застацца на акупіраванай тэрыторыі. Будучы патрыётамі, яны ствараюць дзіцячы партызанскі атрад.</p><p>У некаторых дзіцячых творах беларускіх пісьменнікаў паказ гераізму на вайне набыў непажаданы аспект дагматычнай спрошчанасці і парушэння гуманістычнай пазіцыі савецкай літаратуры. Гераічныя подзвігі дзяцей у падобных творах апісваліся такім чынам, быццам прысутнасць іх на вайне і ўдзел у ёй — натуральная, звычайная, нават неабходная і карысная сцрава, быццам без дзяцей і абысціся нельга было. Грунтуючыся на гэтай літаратурнай «канцэпцыі», некаторыя пісьменнікі сталі выкарыстоўваць сітуацыі, калі дарослыя пасылалі дзяцей на небяспечныя заданні, дзе тыя гінулі або маглі загінуць. I чым больш небяспечныя былі заданні, тым больш гераічнымі павінны былі выглядаць іхнія ўчынкі на вайне.</p><p>Падобны падыход да праблемы «дзеці і вайна» супярэчыць гуманістычным асновам савецкага грамадства, усёй яго маралі. У час вайны дзеці часта знаходзіліся побач з дарослымі, якія ваявалі, таму і яны вымушана траплялі ў складаныя баявыя сітуацыі, павінны былі брапца за зброю. Але нешта зусім іншае атрымліваецца, калі Ў творы паказваецца, як дзеці спецыяльна, абдумана накіроўваюцца на небяспечныя заданні, бо на дзяцей варожыя салдаты менш звярталі ўвагі. Такія ўчынкі дарослых маюць сумніцельную маральную аснову.</p><p>У лепшых творах савецкіх пісьменнікаў, у якіх паканы дзеці на вайне, дарослыя трымаюць ля сябе малыз не дзеля таго, каб яны ўдзельнічалі ў баях, а каб выратаваць іх ад голаду, пазбавіць ад беспрытульнасці, замяніць родных і блізкіх. Аповесць В. Катаева так і называецца — «Сын палка». I калі пачынаецца сур’ёзны бой, то камандзір адсылае хлопчыка ў тыл. На вайне, вядома, здаралася і так, што дзеці здзяйснялі подзвігі. Як, напрыклад, у апавяданні М. Лынькова «Васількі». Але калі там хлопчык кідае гранату ў немцаў, то побач з ім дарослых няма. Інакш яны пастараліся б зрабіць гэта за яго.</p><p>У драме «Дзеці аднаго дома» пазіцыя пісьменніка ў адносінах да праблемы «дзеці і вайна» гуманістычная, маральна патрабавальная. Гэты твор не з тых, якія пішуцца па «прынцыпу» — пабольш дзіцячых подзвігаў.</p><p>3 дзецьмі засталася выхавацельніца Ніна Барысаўна, і яна, калі даведваецца пра іх баявыя намеры, у адчаі, спрабуе адгаварыць ад задуманага: «Хлопчыкі, ды вы звар’яцелі! Што вы думаеце сабе? Што гэта вам — цацкі, гульня? Не, не, не! Я не дазволю! Я не дазволю! Я засталася адна з выхавацеляў, і я адказваю за вас». Пачуўшы пра баявыя справы малых змагароў, камандзір мясцовага партызанскага атрада Валоўнікаў прыкладае шмат намаганняў, каб узяць іх ў свой атрад, а пакулЬ строга наказвае: «Не рызыкуйце. Я прашу вас. Як старэйшы таварыш. Як бацька». Драма заканчваецца тым, што пасля няўдалай спробы акупантаў акружыць дзіцячы партызанскі атрад, пасля гібелі ў нямецкай турме камандзіра атрада, ужо камсамольца, Алёшы Трубача і іншых яго сяброў дзеці ідуць у партызанскі атрад да дарослых.</p><p>I ўсё ж найцяжэй у вайну было жанчыне з малым дзіцем на руках. Трывога за дзяцей, мацярынскае жаданне ўратаваць іх і суровая неабходнасць удзельнічаць у барацьбе складалі своеасаблівую і вельмі драматычную сітуацыю, якая патрабавала страшнага напружання ўсіх душэўцых сіл, неімаверна цяжкіх рашэнняў.</p><p>У аповесцях «Шлюбная ноч» (1975) і «Гандлярка і паэт» (1976) I. Шамякін зноў звярнуўся да паказу таго, як жанчына ўдзельнічала ў вайне, шмат што асэнсаваўшы па-новаму, глыбей пранікнуўшы ў сутнасць самой праблемы. Абедзве новыя аповесці праблемна блізкія з раманам «Глыбокая плынь», аповесцямі «Начныя зарніцы» і «Пошукі сустрэчы». Пісьменніка не пакідае даўняя цікавасць да важнага і гуманістычна вельмі акрэсленага моманту - жанчына ў ваенных абставінах. У творчасці пісьменніка гэта праблема заўжды ставілася шырока і па свайму зместу азначала праблему «жанчына на вайне», «жанчына і вайна».</p><p>У новых аповесцях ідэйна-мастацкае асэнсаванне жаночай прысутнасці на вайне стала галоўным, вызначальным пафасам іх зместу. Вастрыня і маштаб аўтарскай увагі да гэтай праблемы падкрэслены нават назвай твораў. Сапраўды, цяжка нават уявіць больш жыццёва алагічную, сэнсава неадпаведную назву аповесці пра вайну, як «Шлюбная ноч» або «Гандлярка і паэт». Але ў гэтай парадаксальнасці ёсць свая важная ідэя - спалучэнне кантрастных жыццёвых з’яў выступае як асаблівасць і закон вайны.</p><p>Паказваючы ў аповесці «Шлюбная ноч» трагічную супярэчнасць паміж небяспечнымі ўмовамі ваеннай рэчаіснасці і актыўнай баявой прысутнасцю жанчыны ў гэтай рэчаіснасці, I. Шамякін раскрыў галоўную ідэію твора публіцыстычна, карыстаючыся шматлікімі выпрабаванымі сродкамі з «Начных зарніц» і «Пошукаў сустрэчы», уключаючы прыгодніцкае завастрэнне сюжэта.</p><p>Сюжэт «Шлюбнай ночы» пабудаваны на рэальнай сітуацыі партызанскага жыцця. Партызанка Валя вядзе ў горад да падпольшчыкаў скінутую з самалёта на парашуце савецкую разведчыцу, такую ж, як і сама, маладую дзяўчыну Машу. Валя перажывае, бо легалізаваць Машу павінен у горадзе каханы Валі Сцяпан. Становішча яшчэ больш ускладняецца, калі дзеля канспірацыі падпольшчыкі вырашаюць фіктыўна пажаніць Сцяпана і Машу. Валя вымушана прысутнічаць на гэтым «вяееллі». Яе апаноўвае рэўнаець і адчай. Былі «толькі смяртэльная туга і роспач. I жаданне памерці. Упершыню такое жаданне». Гэта ўнутраная стомленасць гераіні ад цяжару вайны, яе складанасці разрывае ёй душу. Гінуць Маша і Сцяпан. Застаецца жыць Валя, але самае дарагое ў яе звязана з тым часам, калі яна ваявала.</p><p>Аповесць «Гандлярка і паэт» заглыблена ў не кранутыя яшчэ літаратурай пласты народнага жыцця. Яна адкрывае такія сітуацыі і падзеі, якія амаль не заўважаліся папярэдняй прозай, таму і вырашэнне самой праблемы набывае глыбейшы сацыяльны падтэкст і вялікі гуманістычны пафас.</p><p>Заслуга I. Шамякіна перш за ўсё ў тым, што ён на гэты раз выбраў за галоўнага героя твора пра вайну нават не звычайнага, радавога чалавека, як гэта рабіў раней, а пайшоў яшчэ далей углыб народнага жыцця і паставіў у цэнтры сюжэта персанажа з самых нізкіх і духоўна адсталых пластоў народнага асяроддзя. Чаго дасягнуў гэтым самым пісьменнік? Вельмі многага. Зроблены крок у напрамку далейшай дэмакратызацыі літаратурнага героя ў беларускай прозе пра вайну.</p><p>У аповесці «Гандлярка і паэт» апавядаецца пра гарадское |падполле. У цэнтры твора - лёс жанчыны, якой давялося жыць у Мінску ў час акупацыі. Вольга Ляновіч не толькі не гераічная натура. Яна з тых, хто належыць да ўстойлівага мяшчанскага асяроддзя, неадукаванага, карыслівага, эгаістычны жорсткага. 3 пачаткам вайны, апынуўшыся у акупіраваным горадзе, яна, натуральна, ні пра якую барацьбу з ворагам не думае. Ёй, адзінокай жанчыне з дзіцем, без мужа, які на фронце, пражыць бы як-небудзь. Ды яна і не ўсведамляе неабходнасці барацьбы, з’яўляючыся чалавекам палітычна не развітым. Адным словам, Вольга - тыповая камароўская гандлярка, не больш.</p><p>І ўсё ж менавіта яна, Вольга Ляновічыха, стала галоўнай станоўчай гераіняй аповесці. Права ёй на гэта дало тое, што яе характар не закончаны, а ўнутраны свет рухомы. У канцы аповесці яна зусім не такая, якой была ў пачатку. Заслуга I. Шамякіна як пісьменціка яшчэ і у тым, што ён адкрыў грамадскую цікавасць і паэзію ў лёсе жанчыны з ардынарным на першы погляд душэўным складам.</p><p>У канцы аповесці Вольга становіцца ўдзельніцай падпольнай групы, хоць яе шлях да гэтага рубяжа складаны і цяжкі. У Вялікую Айчынную вайну змагаліся з ворагам, ахвяравалі жыццём блізкіх і ішлі на смерць не толькі свядомыя, ідэйна выхаваныя людзі, якія адразу ведалі, што яны будуць рабіць, але і тыя, хто спачатку не збіраўся ўступаць у якія-небудзь канфлікт з акупацыйнымі ўладамі, а пасля быў уцягнуты ў барацьбу ходам самога жыцця, пад націскам ставін, дзякуючы звычайнай выпадковасці або паддаўшыся голасу ўласнага сэрца памагчы некаму, хто трапіў у вялікую бяду.</p><p>Нешта падобнае здарылася і ў жыцці Вольгі. Калі пачалася вайна, гэта спачатку яе «не вельмі спалохала. Нават пра мужа і брата яна падумала не адразу. Перш-наперш прыгадала матчыны расказы, што ў вайну вельмі даражэюць прадукты». Вось якая Вольга!</p><p>I ў тыя дні, калі савецкія войскі адступаюць з горада, а немцы яшчэ не занялі яго, яна заклапочана толькі тым, каб назапасіць больш прадуктаў. Разам з самымі сквапнымі жыхарамі горада яна цягае да дому з магазінаў і складаў усё, што трапляе пад руку. Яна нават свіснула па-хлапецку, па-разбойніцку ўслед тром легкавым аўтамабілям, на якіх паспешліва выязджала з горада нейкае начальства.</p><p>Як і належыць гандлярцы, Вольга кіруецца ва ўсіх дзеяннях і ўчынках толькі ўласнымі інтарэсамі. I глядзіць яна на свет і падзеі выключна з гэтага пункту погляду. Лене Бароўскай, камсамолцы, якая страшыць, што яе расстраляе «ўлада Савецкая. Армія», яна адказвае: «Няхай Армія немца спыніць - тады я грабіць не буду!»</p><p>Хутка прыстасоўваецца Вольга і да акупацыйнага рэжьшу, умее апраўдаць свае ўчынкі выгадай, павярнуць у сваю карысць усё, што здараецца навокал. «Урэшце,— думае яна, - і пры немцах жыць можна, калі не быць дурнем, гандлёвай справе нават большы прастор, чым пры Саветах».</p><p>Учынкі гераіні ў аповесці ні ў якім разе маральна не апраўдваюцца, але падаюцца з той доляй жыццёвай аб’ектыўнасці, якая дазваляе ўспрыняць характар чалавека неадназначна. Гэтым самым падкрэсліваецца велізарная складанасць побытавага і маральнага жыцця ў час вайны.</p><p>Урэшце, ці так ужо няправільна робіць Вольга, калі бярэ тавары з пакінутых магазінаў? Хіба лепш, калі народнае дабро застанецца акупантам? Выключныя абставіны вайны не адмяняюць маральных прынцыпаў, але ўдакладняюць іх. Відаць, цвярозы разлік таксама можа мець нейкую маральную цану.</p><p>Вельмі хутка аказалася, што без дапамогі Вольгі, яе жыццёвай спрактыкаванасці, без тых харчовых запасаў, якія маюцца ў яе, не можа абысціся Лена, робячы першыя крокі ў падпольнай барацьбе. Жыццё паказала, што ёсць такія сродкі барацьбы, якія па сіле толькі Вользе, напрыклад, выкупіць за золата, гарэлку і каштоўныя прадукты патрэбнага чалавека з лагера для савецкіх ваеннапалонных. Праўда, Вольга не адразу згаджаецца. На патрыятычныя ўгаворы Лены, што гэта патрэбна народу, Вольга адказвае: «Што мне думаць пра народ! Народ пра мяне не думае…» Урэшце, яна згаджаецца, але не таму, што імгненна змянілася сама ці паддалася агітацыі Лены. Не. Яна кіруецца сваімі асабістымі інтарэсамі: у такі страшны час, калі ўзяць мужчыну ў хату, жыць будзе смялей і надзейней. Калі Вольга з Ленай прыйшлі ў лагер, патрэбнага ваеннапалоннага там ужо не аказалася: ці памёр на марозе, ці расстралялі яго. I тады Вольга, уражаная пакутамі людзей у лагеры, вырашае ўзяць іншага ваеннапалоннага, выдаўшы яго за свайго мужа (немцы спачатку адпускалі часам з лагераў тых ваеннапалонных, якіх знаходзіла сям’я). Пашкадавала яна добрым жаночым сэрцам не барадатага, які сам просіцца, каб яго ўзялі, і абяцае быць добрым работнікам («Жанчына, вазьмі мяне, я ўсё ўмею рабіць, сталяр, слесар, шавец»), а толькі «гэтага, які кашляе і ўвесь свіціцца, як святыя мошчы, і які, безумоўна, яшчэ аднае ночы ў гэтым халодным пекле не пражыве». Быццам выпрабоўваючы яе, ён кажа: «Мяне не бяры. Я нічога рабіць не ўмею». Магчыма, гэтыя яго словы і вырашылі ўсё. «Тады яна закрычала, як спрасонку, ажно вартавы, страціўшы свой спакой, імкліва павярнуўся да яе:</p><p>- Адась! Адасечка! Родненькі мой! Што з табою сталася? Гаротнічак мой! А цябе ж дочачка дома чакае! - і паказала вартавому так, як вучыла яе Лена: — Пан, пане, муж. Муж!»</p><p>Так у хаце камароўскай гандляркі Вольгі Ляновічыхі, салдаткі, з’яўляецца паэт Саша Гапанюк, па псеўданіму Алесь Шпак, адукаваны і інтэлігентны малады чалавек, з выгляду зусім юнак, за якога Вольга аддае ахове лагера, не лічачы гарэлкі і прысмакаў, два тыя царскія чырвонцы і завушніцы.</p><p>Чалавечая дабрата і спагадлівасць Вольгі сталі, такім чынам, саюзнікамі Ленінай ідэйнай мэтанакіраванасці, паслужылі таксама падпольнай дзейнасці супраць ворага, бо Саша, як толькі выздараўлівае, адразу шукае сувязі з падпольшчыкамі і актыўна ўключаецца ў барацьбу з ворагам. Асабістыя турботы Вольгі па ўладкаванню ўласнага жыцця нечакана супалі, зліліся з усенародным імкненнем змагацца з фашызмам. Вольга спачатку не разумее, што здарылася. Ёй здаецца, што ў вайну ёй пашэнціла ў асабістым жыцці — усяго толькі. На самай жа справе яна, дзякуючы свайму ўчынку, прылучылася да таго малазразумелага пакуль што і небяспечнага для ўсяго яе жыцця свету, з якім звязана Лена. I паправіць яна ўжо нічога не можа, бо моцна пакахала Сашу-Алеся. Яго ўнутраны свет і жыццёвыя імкненні паступова сталі блізкімі і ёй.</p><p>Сіла супраціўлення ворагу толькі тады і становіцца магутнай і пераможнай, калі ў агульным патрыятычным напрамку дзейнічаюць і ідэйная перакананасць усяго народа, і індывідуальная воля асобных людзей, звязаная з іх штодзённымі, практычнымі інтарэсамі. Гэта заўважыў Л. Талстой у «Вайне і міры», аналізуючы ўмовы поспеху рускіх войск супраць французаў у вайне 1812 года: «Апавяданні, апісанні таго часу ўсе без выключэння кажуць толькі пра самаахвярнасць, любоў да айчыны, адчай, гора і гераізм рускіх. У сапраўднасці ж гэта так не было. Нам здаецца гэта так толькі таму, што мы бачым з мінулага адну агульную гістарычную зацікаўленасць таго часу і не бачым усіх тых асабістых людскіх інтарэсаў, якія былі ў людзей таго часу. А між тым у сапраўднасці тыя асабістыя інтарэсы сучаснасці ў такой ступені больш значныя за агульныя інтарэсы, што з-за іх ніколі не адчуваецца (зусім не заўважаецца нават) зацікаўленасць агульная. Большая частка людзей таго часу не звярталі ніякай увагі на агульны ход спраў, а кіраваліся толькі асабістымі інтарэсамі сучаснасці. I гэтыя людзі былі самымі карыснымі дзеячамі таго часу».</p><p>Абараняючы любімае ім філасофскае палажэнне пра гістарычную непазбежнасць, якая пракладвае сабе дарогу незалежна ад таго, што робяць вялікія людзі, Л. Талстой у нейкай ступені палемічна завастрыў думку. Аднак гэта сапраўды так: ніякая вялікая грамадская справа не разаўецца да ўсенароднага значэння, пакуль не супадзе з асабістымі жаданнямі большасці людзей.</p><p>Супраціўленне фашызму і яго разгром таксама сталі магчымымі дзякуючы таму, што агульная справа барацьбы з ворагам, узначаленая партыяй, злілася з асабістымі жаданнямі мільёнаў савецкіх людзей. Не ва ўсіх, як і у гераіні аповесці I. Шамякіна, такое сталася адразу, але жыццё рухалася ў гэтым напрамку.</p><p>Спачатку Вольга выратавала ўсяго толькі аднаго байца, выратавала менавіта таму, што ён патрэбен ёй асабіста як абаронца і гаспадар у хаце. «Вольга дала яму адзенне мужа». Здрада мужу-франтавіку? Так. Але справа ў тым, што для Вольгі паняцце вернасці як адцягнены маральны прынцып доўгі час не існуе. Яна кіруецца ў жыцці практычнай патрэбай. Ёй сапраўды смялей з мужчынам у хаце. Кватэра на ўскраіне горада. Ноччу пад акном тупат, крыкі, стрэлы. Кожную хвіліну могуць увайсці чужыя людзі. Хіба адзінокай жанчыне з «малым дзіцем не страшна? Вольга клала на крэсла ля акна сякеру — ад рабаўнікоў. Гэты страх — таксама вайна. Страх быў пастаянным падсуседам, падселеным у хату с вайной, ад якога не пазбавіцца. Шмат якія жанчыны, чые мужы ваявалі на фронце, бралі сабе ваеннапалонных. Узяла і Вольга.</p><p>Гандлярка і паэт… Супрацьлеглыя светы. Калі б не вайна, якая руйнуе межы паміж усталяванымі ўзроўнямі жыцця, перамешвае ўсе яго сферы, хутчэй за ўсё яны, Вольга і Алесь, ніколі б не сустрэліся. Бадай, маглі сўстрэцца толькі на рынку, дзе ён быў бы выпадковым пакупніком яе тавару. Як ніколі б не сустрэліся на адной і той жа жыццёвай роўніцы, калі б не вайна, П'ер Бязухаў і Платон Каратаеў з «Вайны і міру» Л. Талстога. Вайна і тады, у 1812 годзе, перамешвала высокамаральнае, духоўнае, пастаянную настроенасць на страсныя пошукі сэнсу жыцця з унутранай непатрабавальнасцю і змірэннем.</p><p>Лёгка заўважыць, што ў душэўным свеце Вольгі ёсць нямала каратаеўскага: тыя ж роўныя, неглыбокія да ўсіх адносіны, здольнасць без вялікіх сардэчных і псіхалагічных бур прыняць усе змены ў жыцці, невысокі ўзровень разумення жыцця. I ўсё ж Вольга багацейшая натура. Калі Платону Каратаеву ў дні вялікага народнага гора не па сіле ўнутрана скалануцца, скінуць з сябе цяжар застарэлай сялянскай няўцямнасці, то Вольга — чалавек іншага часу. Яна вучылася ў школе і мае шырэйшы жыццёвы далягляд.</p><p>Калі па мужу Вольга не вельмі бядуе, як і Платон Каратаеў па жонцы, то ўжо Алесь ёй дарагі. 3 ім яна не можа разлучыцца без жалю і засмучэння. I не толькі таму, што пакахала яго. Яна ўпершыню ў жыцці адчула нейкую іншую, дагэтуль невядомую ёй прыхільнасць да чалавека. Інакшым стала і яе каханне, якое ўяўлялася ёй раней нейкім вельмі ж простым, зразумелым, спрадвечна прыродным, як гэта і звыклі ўяўляць у яе асяроддзі. Калі яшчэ хворы Алесь стаў чытаць уголас вершы пра каханне, то «вершы такія спачатку не кранулі, яна падумала з грубаватай гарэзлівасцю: «Бач ты, на ладан дыхае, а пра любоў думае». У яе разуменні каханне яшчэ непасрэдна звязваецца з фізічным здароўем.</p><p>Хоць гераіня аповесці і належыць да самых нізавых пластоў народа, яна аказваецца здатнай да духоўнага росту. Гэта адбываецца дзякуючы ўздзеянню асобы Алеся. Адбываецца павольна, бо не можа адразу перамяніцца душа чалавека.</p><p>Дакладна і псіхалагічна тонка паказаў I. Шамякін першыя прадвесці новага светаадчування гераіні, якія ўзніклі дзякуючы пачутай сапраўднай паэзіі. Як ні дзіўна, але менавіта вершы пра каханне змусілі яе засяродзіцца душэўна на ўсім сваім жыцці, яны «абуджалі ўспаміны маленства, пасля ўспомніліся ўсе блізкія, родныя, ніколі яны так не ўспаміналіся ёй, каб усе адразу: і бацькі-нябожчыкі, і Адась, і Павел — франтавікі (ці жывыя яны?)». Вольга супраціўляецца ўнутрана ўздзеянню паэзіі, бо адчувае, здагадваецца, што вершы, калі імі захапіцца глыбока, перайначаць яе істоту, што небяспечна для яе жыцця: «А ёй такая мяккацеласць зусім без патрэбы, тут толькі пакажы слабасць, дык цябе адразу з’ядуць, бо навокал ваўкі, каб з імі жыць, трэба па-воўчаму выць, па-воўчаму агрызацца, як яна на паліцаяў, а не пырхаць салавейкам і не залівацца песнямі». Яна разумее, што тады страціцца таксама яе сіла, яе ўлада — сіла і ўлада Ляновічыхі, бо — так думае Вольга — Алесь знаходзіцца каля яе толькі таму, што яна такая, якая ёсць цяпер: «Колькі іх, такіх, як ён, святых? Кароткае ў іх жыццё ў такі жорсткі час. Як у матылькоў. Толькі пад крылом яе мяшчанскім ён можа пражыць даўжэй».</p><p>Алесь, чытаючы вершы і шукаючы ў паэзіі душэўнай апоры ў такі складаны і страшны час, калі перавярнулася ўсё яго жыццё і імкне невядома куды, дадае ім уласную сілу пачуцця. Ён нібы хоча пераканацца, што не перавярнуўся дагары нагамі свет, што ў ім засталіся тыя ж духоўныя каштоўнасці, дзеля якіх жыло і змагалася чалавецтва дагэтуль. Паступова паддаецца ўладнай прывабнасці паэзіі і душа Вольгі. Спачатку яна рэагуе толькі на тыя радкі, дзе, як ёй здаецца, ёсць намёк на яе лёс. Але хутка ёй адкрываецца і больш глыбінны сэнс паэзіі:</p><p>Отмстить малодушным, кто жил без огня,</p><p>Кто так унижал мой народ и меня!</p><p>«Божа мой! — падумала Вольга.— Гэта ж ён пра нас, пра сябе і пра мяне… што мы пра рознае думаем… і па-рознаму пражыць хочам…»</p><p>Гэта не азначае лёгкасці: маўляў, паслухала цёмная жанчына вершы і адразу ажыла духам, прасвятлілася. Само жыццё яе ішло ўжо ў гэтым кірунку. Важнымі перадумовамі павароту да прасвятлення былі ўбачаныя ёю ў лагеры пакуты ваеннапалонных, яе ўласны высакародны, хоць яшчэ і карыслівы, учынак з выкупам Алеся, уплыў яго багатай натуры і цвёрдай, сумленнай, прынцыповай пазіцыі Лены, а таксама каханне да Алеся.</p><p>Каханне, бадай, аказалася вызначальным фактарам у працэсе духоўнага абуджэння гераіні. Дарэчы, яна супраціўляецца каханню, як і паэзіі, бо адчувае, што і яно запатрабуе ад яе нейкай вялікай унутранай перабудовы, пасля якой яна стане другім чалавекам, у нечым падобным душэўна да Алеся. Яна яшчэ хоча «выратавацца», вярнуцца назад, таму абражае яго, крычыць яму ў твар, калі ён пачаў гаварыць пра барацьбу з акупантамі: «Зараза! Бальшавіцкі вырадак!» Але гэта ўсяго толькі нутраны ўскрык страху перад новым этапам жыцця. Хутка яна скажа яму: «Я люблю цябе! Люблю, дурненькі ты мой...» І ўжо няма ёй «паратунку». Яна хоча спыніцца на паўдарозе і не можа. Вядома, Вольга моцна горнецца да Алеся ўсё яшчэ і па той прычыне, што баіцца зноў застацца адна ў хаце. Але ёсць у яе душы ўжо нешта мацнейшае за гэта. «Можа галўнае ў тым, што з ім яна пачула сябе як бы багацейшай і... чысцейшай. Душэўна чысцейшай».</p><p>Каханне Вольгі да Алеся зусім інакшае, чым да жа. Ды і ці кахала яна мужа? Мабыць,: не, хоць ^ 1 раўнавала яго звыкла, як гэта прынята ў жанчын Яе1 жыццёвага далягляду. Яна нават хадзіла некалі скарЯ дзіцца да начальства на тых жанчын, якія былі залішнД ўважлівыя да яе мужа.</p><p>Кахаючы Алеся, Вольга ўсё больш і больш пранікаецца яго жыццёвымі інтарэсамі і паступова ўсё мацней уцягваецца ў падпольную барацьбу. Аддае падпольшчыкам гэтак патрэбны ім радыёпрыёмнік, Алесю — прыпасены на ўсякі выпадак пісталет. Праўда, робячы так, яна кіруецца адначасова і засцярожлівым разлікам: хаваць дома радыёпрыёмнік небяспечна. Аддаючы радыёпрыёмнік, яна спадзяецца таксама пазбавіцца ад наведванняў Лены, бо тая, з’яўляючыся актыўнай падпольшчыцай, можа навесці ў хату бяду. Ды і раўнуе яна Алеся да Лены. Ёй усё яшчэ думаецца часам, што яна збочыць з таго шляху, на які ступіла, як-небудзь перажыве страшны час, тамў ледзь не просіцца ў падпольшчыкаў пакінуць яе ў спакоі: «Не, не хачу! Усё! Усё! Што вы робіце са мной? Жаласці ў вас няма да людзей». Але жыццёвая логіка зробленага ёю раней непазбежна вядзе яе да наступнага важнага кроку ў збліжэнні з падпольным рухам.</p><p>Зноў і зноў праз нейкі час бунтуе былая натура гераіні, бунтуе інстынкт маці, бо яна ведае, якая небяспека пагражае і дзіцяці. Тады Вольга зласліва ўпікае Алеся: «Калі не думае пра сябе, няхай падумае пра яе, пра дзіця. Хоць што яму чужое дзіця? Яму Сталін даражэй, маці не ўспамінае так часта, як Сталіна, загады яго». Паміж ёю і Алесем успыхвае сварка, але гэта ўжо ўсяго толькі апошні ар’ергардны бой яе новага сумлення з учэпістым насяданнем адкінутай учарашняй натуры. Вольга змяняецца як чалавек, яе здзіўляе вывад, адкрыты ёю: «Ажно выходзіць, ёсць нешта больш моцнае за сыты харч, за цёплую пасцель. Яе захапляе, што ён такі, непадобны на ўсіх людзей, якіх яна ведала дагэтуль».</p><p>І калі падпольшчыкі даюць Вользе адказнае заданне, хоць яна і адмаўляецца («Куды вы мяне цягнеце? На шыбеніцу? У мяне дзіця… Дзіця ў мяне! 3 кім жа яно застанецца?»), таргуецца («А вернеце Сашу?»), лаецца («То пайшлі вы к чорту, такія дабрадзеі!»), яе гэта адмова, торг і лаянка фармальныя, унутрана яна гатова згадзіцца. I згаджаецца, каб памагаць Алесю і яго сябрам.</p><p>Сэнс пачутых некалі вершаў становіцца зразумелым, ператвараецца ў душэўную апору:</p><p>Я сам свою жизнь сотворю</p><p>И сам свою жизнь погублю.</p><p>Я буду смотреть на зарю</p><p>Лишь с теми, кого полюблю.</p><p>Вольга хутка становіцца адным з самых карысных і актыўных членаў падпольнай арганізацыі, умелай і смелай сувязной. Яна гіне на заданні.</p><p>Характар Вольгі моцны, яго карэнні ў спрадвечнай народнай здатнасці прыстасавацца да самых цяжкіх умоў, выжыць. I яна, напэўна, выжыла б, каб засталася такой, якой была раней. Але так ужо склаўся лес, што яе зорны час жыцця выпаў на вайну. I. Шамякін з вялікай верай у народ паказаў, што ў самых абмежаваных, неразвітых, бездухоўных сферах грамадства дрэмле патэнцыя духоўнага абуджэння. Вайна палярызавала і гэтыя сферы. Частка людзей або заставалася пасіўнай, або ішла служыць ворагу за выгаду, як паліцэйскі Друцька, а другая частка праз хістанні, сумненні, часовыя адступленні ўзнімалася ўнутрана да ўсведамлення неабходнасці барацьбы з ворагам.</p><p>Беларуская проза ў першыя пасляваенныя гады паказвала ўжо (і I. Шамякін таксама), што вайна мела свой побыт, у якім не замерла канчаткова асабістае жыццё чалавека. Людзі кахалі, нават жаніліся. Але ў папярэдняй літаратўры кахаліся толькі партызан і партызанка, падпольшчык і падпольшчыца. Такія людзі, як гандлярка і паэт, у ролі закаханых на літаратурных шляхах вайны дагэтуль не сустракаліся. Аповесцю «Гандлярка і паэт» I. Шамякін унёс важны штрых у агульны малюнак складанай ваеннай рэчаіснасці, дзе ўсё перамяшалася і дзе маральная каштоўнасць людскіх учынкаў як бы атрымлівала новую шкалу адліку. Менавіта адліку, а не ацэнкі. Вайна ў параўнанні з мірным часам ставіць чалавека ў такія сітуацыі, калі агульны сэнс маралі і вышыня патрыятызму застаюцца неадменнымі, але сама жыццёвая аснова ўчынку патрабуе ўліку яе выключнасці. I гэта не можа не ўнесці пэўных дадатковых акцэнтаў у разуменне маральнага і амаральнага, чалавечнага і бесчалавечнага на вайне. Узяць хоць бы максімалісцкую маральную патрабавальнасць да паводзін чалавека. Сапраўды, маральна ці не маральна паводзіў сябе Алесь, калі даўся выкупіцца з лагера і, па сутнасці, разбурыў сям’ю такога ж, як і сам, франтавіка? Хто-хто, а разумны і адукаваны Алесь павінен быў ведаць, што адбываецца, калі Вольга пераапранае яго ў адзенне мужа.</p><p>У прынцыпе ўчынак Алеся прыстасавальніцкі. Але ж вайна за кожным прынцыпам паставіла вельмі высокую цану — жыццё і смерць, Жыццё і смерць чалавека, народа. У патрыятычна настроенага чалавека імкненне да барацьбы і перамогі становіцца ўсё вызначальным. Не, гэта не значыць, што дзеля перамогі можна ўжыць любы сродак, незалежна ад таго, маральны ён ці амаральны. Але ж і дагматычны максімалісцкі прынцып маральнай патрабавальнасці шкодны. Нельга сказаць Алесю: трэба было паміраць у лагеры. Мала таго, што падобны прынцып супярэчыць чалавечай існасці, ён сапраўды уступае дзесьці ў канфлікт з інтарэсамі перамогі.</p><p>Вось чаму не мае рацыі крытык А. Рагуля, які, рэцэнзуючы аповесць «Гандлярка і паэт», падышоў да вобраза Алеся з максімалісцкімі патрабаваннямі. Лёс Алеся нельга асуджаць з абстрактных меркаванняў, не ўлічваючы цяжкасці і складанасці абставін, ў якія трапіў герой. Ён заслугоўвае разумення, а не асуджэння.</p><p>Прыпісваючы Алесю «рафініраваную свядомасць», А. Рагуля мае на ўвазе толькі юнацкую душэўную нявопытнасць, ад якой той паступова пазбаўляецца. Бачыць ва ўсіх паводзінах Алеся «дробязныя інтарэсы індывідуаліста - тым больш несправядліва. Сапраўды, Алесь шмат што робіць няўмела, але адкуль яму ведаць, як трэба было рабіць? Гэта веданне магло прыйсці толькі з новым баявым і душэўным вопытам. Набываючы ж патрэбны вопыт у складаных умовах вайны, цяжка было пазбегнуць і памылак, якіх, дарэчы, Алесь нарабіў няшмат.</p><p>Катэгарычна асуджаючы Алеся за анархічны ўчынак — забойства нямецкага афіцэра, якое паставіла пад пагрозу жыццё Вольгі і яе дачкі і якое дорага абышлося гарадскому падполлю, бо ў час аблавы ў рукі гестапа трапілі многія патрыёты, А. Рагуля, думаецца, няправільна тлумачыць унутраныя імпульсы гэтага ўчынку героя. Наўрад ці тут было індывідуалістычнае жаданне самасцвердзіцца ў жыцці. Калі і можна адчуць у Алеся імкненне да самасцвярджэння, то яно, хутчэй, тлумачыцца нецярпеннем зноў паверыць у свае сілы пасля перажытага. Можна пагадзіцца, што ўчынак Алеся няправільны і шкодны, але адважыцца на яго героя штурхае, хутчэй, не індывідуалістычная самаўлюбёнасць, якой у яго і няма, а страх перад самім сабой, што ён нічога не робіць для барацьбы з ворагам. Якраз унутраная боязь выклікае безразважлівасць, непатрэбную рызыку, і такі яго душэўны стан выкліканы засвоеным пераважна праз кнігі, даволі спрошчаным разуменнем свайго абавязку ў час вайны: сустрэў ворага — бі, інакш могуць падумаць, што ты баязлівец, калі не здраднік. I Алесь страляе ў афіцэра. «Калі мінулай ноччу планаваў сваю акцыю - як заб’е фашыста, як будзе адыходзіць — каб ні двухногія, ні чацвёраногія сабакі не пайшлі па следзе,— ён прыгадваў і выкарыстоўваў шмат што з прачытанага».</p><p>Не, не індывідуаліст перамагае ў характары Алеся. Гэта Алесь пад націскам рэальных жыццёвых абставін перамагае ў сабе наіўныя і спрошчаныя ўяўленні пра вайну. А з душой у яго ўсё ў парадку. Вольга кажа: «У яго душа моцная». I ёй можна верыць.</p><p>Перад Алесем былі толькі два шляхі - змірыцца з хуткай гібеллю, бо ўцячы з лагера ён ужо не мог з-за фізічнай слабасці, або падманам, пад выглядам чужога мужа, вырвацца адтуль і працягваць барацьбу. Які з гэтых шляхоў мае глыбейшую маральную аснову? Вядома, першы. Але другі шлях больш карысны для роднай справы, таму ў ім таксама ёсць пэўная маральная апраўданасць. Больш таго, узаемаадносіны жыцця і маралі на вайне паварочваюцца так, што першы шаг выгадны ворагу. Гітлераўцы ў прапагандысцкіх мэтах нават усю падпольную барацьбу і партызанскі рух супраць іх падводзілі пад рубрыку «амаральнай вайны», даказваючы, што такая вайна быццам бы вядзецца не па правілах, што яна карыстаецца як сродкам барацьбы падманам — салдат выдае сябе за цывільнага і г. д.</p><p>Такім чынам, I. Шамякін у аповесці «Гандлярка і паэт» пераканальна паказаў, што вайна патрабавала ад чалавека многага, ламала некаторых людзей унутрана. На вайне цяжка было застацца паслядоўна прынцыповым, рыцарам «без страху і папроку», нават калі гэтага вельмі хацець. Дарэчы, падобная сітуацыя ёсць у «Вайне і міры» А. Талстога. П’ер Бязухаў — гэты высокаадукаваны рускі дваранін, выхаваны ў лепшых правілах чалавечай маралі, чалавек перадавых поглядаў, смелы (ён намерваўся нават забіць Напалеона) — не вытрымлівае выпрабавання смерцю. Змучаны фізічна ў палоне, стомлены і прыгнечаны дўшэўна, ён, па сутнасці, адцураўся ад Платона Каратаева. Платон, ужо не мог ісці далей з калонай ваеннапалонных і здагадваўся, што яго застрэляць на дарозе канвойныя французскія салдаты, «глядзеў на П’ера сваімі добрымі, круглымі вачыма, зацягнутымі цяпер слязой, і, відаць, клікаў яго да сябе, хацеў сказаць нешта». Але П’ер не падышоў. «…П’еру вельмі страшна было за сябе. Ён зрабіў так, як быццам не бачыў яго позірку, і паспешліва адышоў». Вядома, гэта не азначае, што паводзіны П’ера — мяжа чалавечых магчымасцей, тым больш — яны не з’яўляюцца маральным узорам. Наадварот. Можна не сумнявацца, што Андрэй Балконскі ў такой сітуацыі зрабіў бы інакш. I ўсё ж П’ер не з’яўляецца адмоўным персанажам у рамане Л. Талстога.</p><p>У аповесці «Гандлярка і паэт» наказаны подзвіг як маральнае і духоўнае выспявацне, пачынаючы ад нулявога ўзроўню, калі чалавек яшчэ стаіць на каленях, і канчаючы гордым азарэннем, якое падымае чалавека з зямлі і азначае гатоўнасць да подзвігу.</p><p>Аповесць І. Шамякіна «Гандлярка і паэт» — пра цяжкі час людскіх выпрабаванняў, пра сілу і мужнасць народа, пра глыбінныя крыніцы яго духу. Яна значна пашырае ідэйна-мастацкія ўяўленні беларускай прозы пра Вялікую Айчынную вайну і накіравана супраць дагматычнага разумення патрыятычнага абавязку, супраць заніжаных гуманістычных крытэрыяў паводзін чалавека на вайне.</p><empty-line/><p><strong>XVI. ПРАБЛЕМНАСЦЬ — ДУША МАСТАЦКАГА ТВОРА</strong></p><empty-line/><p>Калі вызначаць характар творчасці I. Шамякіна па нейкай адной асаблівасці, то гэтай асаблівасцю, несумненна, будзе праблемнасць. Прычым праблемнасць яго раманаў, аповесцей і апавяданняў вострая, надзённая і глыбокая. Гэта не павярхоўнае філасофстваванне, не кан’юнктурнае паспешлівае імкненне ўлавіць чарговы распаўсюджаны паварот грамадскай думкі. За кожнай праблемнай жыццёвай канцэпцыяй пісьменніка адчуваецца напружаны мастацкі роздум і поніукавая засяроджанасць пачуцця. Здавён вядома, што не толькі грамадская важкасць, але і мастацкі ўзровень творчасці вызначаюцца перш за ўсё культурай і глыбінёй праблемнага мыслення пісьменніка.</p><p>Як цісьменнік сацыяльнага асэнсавання жыцця I. Шамякін рос разам са сваім часам. Ён здолеў шмат што сказаць людзям пра свой час і эпоху. Гэта эпоха паўстае з яго твораў у рэальным сваім абліччы, з яе небывалым гераізмам, шматлікімі складанасцямі, велізарнымі цяжкасцямі, радаснымі перамогамі і прыкрымі паражэннямі чалавечага духу. Яго творчасць — гэта адбітак жывой хады часу.</p><p>І. Шамякін найвастрэй адчувае такія моманты і сітуацыі ў жыцці чалавека, калі ён знаходзіцца на пакутлівым раздарожжы выбару: «Куды пайсці і што рабіць?» Звыклыя абставіны і пачуцці часта штурхаюць яго героя на выбар такога жыцця, якім жывуць усе,— спакойнага, уладжанага, бестурботнага. І ўсё ж герой вырываецца з учэпістай улады мяшчанскіх абставін, бунтуе супраць наканаванага ім жыццёвага шляху, прагне свайго зорнага часу.</p><p>Жыццёвы шлях героя І. Шамякіна — гэта заўсёды адбітак пэўных тэндэнцый у грамадскіх настроях і імкненнях. Ён, гэты шлях, у асноўных момантах абагульняючы. І разам з тым герой — жывы чалавек, якога, бывае, спасцігаюць няўдачы. Ён, здараецца, ідзе на невялікія кампрамісы і адступае, але толькі часова. Ідэал жыцця сумленнага і шчырага, вартага сапраўднага чалавека, не страчваецца ім ніколі.</p><p>Многія героі твораў І. Шамякіна падобны адзін на аднаго і характарам, і жыццёвым лёсам. Але гэта не значыць, што станоўчы герой пісьменніка статычны, што ён пераходзіць з твора ў твор з нязначнымі варыяцыямі ўжо адкрытага псіхалагічнага тыпу паводзін. Падабенства гэта тлумачыцца аб'ектыўнай пераемнасцю часоў, гістарычнай паслядоўнасцю ў змене грамадскіх рубяжоў, законам наследавання лепшых духоўных здабыткаў мінулага сучасным пакаленнем людзей.</p><p>Герой І. Шамякіна ўнутрана, псіхалагічна, эмацыянальна вельмі цесна зрошчаны са сваім часам. Яго душа — гэта люстэрка сучасных грамадскіх трывог, прадчуванняў і намераў. Але ўзровень яго душэўнага стану разам з тым і апраўдвае жыццё, можа служыць для сучасніка прыкладам, узорам, можа павесці за сабой. Для творчасці І. Шамякіна характэрна, аднак, тое, што герой, ідучы наперадзе, не нашмат абганяе звычайнага, радавога чалавека, ніколі не адрываецца ад яго ў такой ступені, каб страціць дыстанцыю блізкасці і ператварыцца ў ідэальнага героя. Гэтай набліжанасцю да інтарэсаў шырокіх мас, сваім жывым цялесным вобразам герой зразумелы і сімпатычны людзям.</p><p>Яго тыповае аблічча складаецца пераважна пад уздзеяннем часу, і таму паслабляюцца яго эмацыянальныя сувязі з карэннямі, глебай. А. Гардзіцкі правільна заўважыў: «У большасці пісьменнікаў ёсць свая прывязанасць да тых ці іншых мясцін, свой родны свет. У Кузьмы Чорнага, напрыклад, ён злакалізаваны ледзь не да адных Цімкавічаў, хоць вядома, глыбіня характару яго герояў ад гэтага нічога не страціла. Пра творы Івана Шамякіна можна сказаць, што ў іх, што ні мясцовасць, то новы герой, што ні герой — то новае шырокае поле яго дзейнасці».</p><p>Пісьменнік часта выступае ў прамовах і артыкулах за праблемную літаратуру, за страсны роздум над бягучым момантам жыцця. Ён наказвае: «І каб была ў творы не простая інфармацыя, а філасофія часу. А гэта самае цяжкае». Сучаснасць для яго не самамэта. Справа не ў тым, як неаднойчы падкрэсліваў пісьменнік, каб паказаць абавязкова сучасніка. Крытыкуючы слабыя, бяздумныя, павярхоўныя творы на тэму сучаснасці, І. Шамякін з сумам зазначае: «...Калі і з'яўляецца сучаснік, то, як правіла, жыццё яго паказваецца не ў тым, галоўным, што магло б выявіць сутнасць чалавека новага грамадства».</p><p>Праблемнасць — душа мастацкага твора. Якімі б стылявымі ўпрыгожаннямі ні вызначалася мастацкая рэч, яна акажацца недастаткова дзейснай, калі не будзе ўтрымліваць сур'ёзнай праблематыкі. Праблемнасць — гэта жывая ўнутраная думка твора, якая тыпізуе сэнс адлюстраванага жыцця ў яго дыялектычнай супярэчлівасці і зменлівасці. Только тая ўнутраная ідэя, якая ўзнікае як мастацкае асэнсаванне пэўных зрухаў у народным жыцці, мае сапраўдную эстэтычную каштоўнасць і можа прэтэндаваць на рэальнае значэнне ў развіцці сучасных грамадскіх уяўленняў.</p><p>Характар ідэйна-мастацкіх праблем у творчасці І. Шамякіна звязаны пераважна з барацьбой за духоўнае існаванне чалавека. Пры вельмі шырокім сацыяльна-бытавым фоне адлюстраваных падзей, пры наяўнасці шматлікіх працоўных канфліктаў паміж героямі ўсё зводзіцца да галоўнага цэнтра — супрацьстаяння духоўнасці і бездухоўнасці, асабовасці і безасабовасці. «Талент у Івана Шамякіна,— піша І. Навуменка,— шырокі, шматгранны і, хочацца сказаць, светлы».</p><p>На шляху станоўчага героя пісьменніка стаіць злавесная фігура чалавека эгаістычнага, сябелюбівага, які здабывае з грамадскай справы сваю асабістую выгаду. Стыль яго жыцця — мяшчанскі, і сваёй дзейнасцю ён нараджае і падтрымлівае мяшчан. Гэта вораг усякай жывой думкі і ўсякага сумленнага дзеяння. Шматлікія абліччы ў гэтага героя, але сутнасць іх адна — заняпадбанне народных інтарэсаў.</p><p>Змяняецца час — змяняюцца героі пісьменніка. Тыя, чый дух не спіць, набываюць большы сацыяльны вопыт, гартуюцца ўнутрана. Час працуе супраць тых, хто прагне спакою і даброт толькі для сябе, хто падаўляе ініцыятыву іншых, каб узвысіцца самому. Праўда, адмоўныя героі І. Шамякіна таксама адчуваюць змену часу і прыстасоўваюцца знешне да новага дня, каб захаваць сваю ранейшую выгадную пазіцыю. Але чым больш змен, чым глыбей яны, тым цяжэй трымацца адмоўным героям за сваё.</p><p>Праблемнасць — адзін з самых важных крытэрыяў і паказчыкаў якасці. Вядомы савецкі крытык Л. Навічэнка зазначае: «...Галоўныя крытэрыі літаратурнай якасці ляжаць на роўніцы зусім не тэхналагічнай, не на тых «паверхах», дзе хутчэй даводзіцца гаварыць пра бойкую знешнюю майстравітасць. Не так ужо шмат прыбытку для літаратуры і для чытача, калі бедны па думцы, схематычны твор будуецца згодна з моднымі канонамі тонкай «свабоднай» кампазіцыі, багата аснашчаецца ўнутранымі маналогамі і масай пачэрпнутай са спецыяльных выданняў «інтэлектуальнай», пазнавальнай інфармацыі».</p><p>Глыбіня мастацкага адкрыцця — гэта сама сутнасць літаратурнай творчасці, яе пастаянная, неперародная якасць, гэта адвечная ўнутраная мэта мастацтва. Заслуга І. Шамякіна ў тым, што ён нашмат узбагаціў мастацка-выяўленчыя магчымасці беларускай прозы, накіраваўшы асноўную сілу свайго таленту на даследаванне сучаснасці. Сучаснасць у творах І. Шамякіна — гэта поле напружанага супрацьдзеяння спрадвечных катэгорый чалавечага быцця: духоўнасці і бездухоўнасці, шчырасці і двудушнасьці, сумленнасці і маральнай нявытрыманасці, смеласці і баязлівасці. Гэта поле барацьбы за камуністычныя ідэалы жыцця.</p></section></body></FictionBook>